Марго Лазаранкова, адна са стваральніц і стваральнікаў сталічнага лофта «Балкі», пратэсціла хабы Нямеччыны і, карыстаючыся сваім досведам і досведам іншых, расказала, як пераўтварыць закінутыя будынкі і месцы ў культурныя і культавыя крэатыўныя прасторы.
Да таго як пачаць нешта ствараць, трэба разабрацца ў сваіх глыбокіх жаданнях. Ты хочаш аб'яднаць розныя крэатыўныя ініцыятывы ды кампаніі на падставе ўзаемнай дапамогі і кааперацыі ці агульнага будынка? Калі на першым плане – развіццё суполкі, то віншаванні: ты будуеш не хаб, а кластар, і табе не заўсёды трэба мець фізічны будынак. Пачынай ужо сёння, стварай нефармальнае кам'юніці аднадумцаў дзеля развіцця ўсёй індустрыі. Калі справы будуць ісці паспяхова, то можна ўжо аформіцца на афіцыйных паперах і пачаць дзёрзка прасоўваць свае інтарэсы па мясцовых гарвыканкамах ды прадстаўляць Беларусь па свеце. Нехта ж мусіць гэта рабіць.
Калі ты ўсё ж такі марыш пра двух-, трохпавярховы камунальны лофт ці адразу некалькі будынкаў, а лепш раён з унутранымі вуліцамі і знешнім фінансаваннем, то парада адна: стартуй з маленькага. Два хлопцы з рабочага горада Вуперталь пачалі са ста квадратаў закінутай чыгуначнай станцыі, перш чым адваявалі ў банка ўвесь будынак цалкам і прымусілі ўлады замест друзлых чыгуначных рэек зрабіць роварную дарожку праз увесь горад.
Канцэпт
Абазнач у сваёй галаве канцэпцыю будучай прасторы. Распавядзі пра гэта ўсім (будзе лягчэй з наступным пунктам). Не хвалюйся, ніхто ў цябе яе не стыбзіць. Ідэя без рэалізацыі нават шматка сала сёння не каштуе: задумкі ёсць ва ўсіх – на паперы, за барнай стойкай, – але ж далёка не ўсе іх здзяйсняюць.
У Нямеччыне канцэпцый крэатыўных прастораў шмат: ад Impact Hab (хабаў для сацыяльных прадпрымальнікаў), мастацкіх сквотаў і студый-каворкінгаў з некалькімі рэзідэнтамі да раёнаў з вялікімі будынкамі сусветных карпарацый з крэатыўных індустрый.
Каманда
Адзін у полі не воін. Тым больш у крэатыўным полі Беларусі. Паспрабуй знайсці некалькі праектаў, якія таксама шукаюць дом. Знакаміты кластар «Тайга» ў Піцеры пачаўся менавіта так – не з квадратных метраў, а з розных кампаній з аднолькавым жаданнем знайсці для сябе стылёвае памяшканне.
Фінансаванне
Так-так, стартавы капітал табе патрэбны, без яго нікуды. Пытанне толькі ў колькасці. Напрыклад, комплекс «УтопіяШтадт» у Вупертале пачаўся з двух хлопцаў і крэдыту на 100 000 еўра, а крэатыўны квартал у Дортмундзе – з паступовага ўлівання двух мільёнаў еўра ад мясцовага муніцыпалітэту і Еўразвязу. Калі і першая, і другая сума для цябе – катастрофа, усё адно не пужайся, мы ж не ў Нямеччыне. «Балкі» мы адкрылі напапалам з партнёрамі, укінуўшы на пачатку толькі па 500 даляраў. На нашую другую прастору «Вежа», якую запускаем зараз з бізнэс-цэнтрам «Амега Таўэр», пайшло значна больш. Але зараз на будучы лофт-комплекс шукаем ужо знешняе фінансаванне, бо трэба выходзіць на новы ўзровень, і грошы там як паліва. Самай устойлівай фінансавай мадэллю мне падаецца наступная схема: саму прастору манетызаваць як мага больш (арэнда працоўных месцаў, арэнда пад мерапрыемствы, бар з віном), каб яна сама сябе акупала, а адукацыйныя і культурныя праекты рабіць з грантавай дапамогай ці з астаткаў прыбытку за арэнду.
Месца
Чаму будынак толькі на чацвёртым пункце? Ты ж разумееш, не ў будынку справа. Калі ёсць годны канцэпт і па-добраму шалёная і моцная каманда – ты ўсё зможаш, увесь горад ля тваіх ног, і знайсці закінутае месца недалёка ад асноўных гарадскіх артэрый руху будзе больш чым магчыма. Па-другое, жыццё крэатыўных прастораў не такое даўгое: у сярэднім 3-5 гадоў. Таму ты адразу мусіш настройваць сябе: асноўнае, што ёсць, – гэта вы самі, а не сцены, стол ды акенцы. Тады пераезд на новае месца будзе развіццём, а не «стрэс, гарэлка, адзінота».
Аўдыторыя
Здаецца, ідэя – супер, каманда ёсць, месца знайшлі і нават грошы аднекуль раптоўна зваліліся, што яшчэ трэба? Людзі. Аўдыторыя – самае каштоўнае для любога хаба. Гэта тыя, хто прыйдуць на тваё першае мерапрыемства, размесцяць першыя здымкі прасторы ў сваім інстаграме, гэта людзі, якія пойдуць за табой на іншае месца, калі што. Дык чаму б не пачаць працаваць з аўдыторыяй ад самага пачатку? Запрашай людзей на публічныя дыскусіі пра тое, што яны хацелі б пабачыць у новай прасторы, рабі з імі рамонт, краўдфандуй на першае мерапрыемства. Уключай іх у працэс, і тады аўдыторыя ператворыцца ў суполку (гэта вельмі і вельмі класна).
Запуск
Не важна, што ў цябе будзе на адкрыцці – дамашнія ліманады ці чылійскае віно. Важна, хто прыйдзе. Паклапаціся запрасіць загадзя тых, каму ў будучыні твая прастора будзе карыснай: арганізатараў мерапрыемстваў, фрылансераў, крэатыўны бізнэс. І не забывай паказваць прыклад астатнім: працуй у хабе, арганізоўвай курсы і маркеты, кінапрагляды і адкрытыя лекцыі. На этапе запуску важна паказаць, што ты ў віры працэсу.
Развіццё
Ніколі не спыняйся на дасягнутым, падарожнічай, дзяліся вопытам на канферэнцыях, сябруй з іншымі прасторамі ў сваім горадзе, запрашай гарвыканкам і мінкульт у свой хаб, спрабуй аб'яднаць розныя індустрыі пад сваім дахам, развівай анлайн-суполку твайго праекту і... ніколі не спыняйся на дасягнутым.
Интервью с создателем проекта letapis.by.
A story about (or no) cooperation between government representatives, NGOs and ordinary people that care.
A story about (or no) cooperation between government representatives, NGOs and ordinary people that care.
Javid Nabiyev speaks on arrests of gay people in Azerbaijan, explains the «fucking solidarity» term and the point of activism.
Joris Hanse, Dutch activist from the Doorbraak, speaks about the Netherlands not matching the stereotypes.
COMMENTS (1)
Марго, прекрасные советы! Дерзайте!