Таемны госць: пакемоны, go home!

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч разам з іншымі жыхарамі Менску выходзіць на шырокія вуліцы сталіцы, каб папоўніць запас пакеболаў і заарканіць прыгажуню Джынкс.

 

Яна стаяла каля Опернага тэатра. Там, дзе чырвоны шлагбаум.

Стаяла, глядзела мне проста ў вочы і махала рукамі.

Светлавалосая і смуглявая, падобная да турысткі са спякотных краін, яна нібыта хацела запытацца ў мяне, дзе тут найбліжэйшы «Макдональдс». Бяскрыўдная маленькая істота, якая нікому не жадала зла – максімум чызбургер і колу.

А я… Сорамна прызнацца. Я тыцкаў ёй пальцам проста ў лоб, кідаўся ў яе дурацкімі шарыкамі і шаптаў нехарошыя словы. Вось табе і менская гасціннасць, вось табе і хвалёная беларуская талерантнасць. У кожным геймеры жыве маленькі расіст. Але яна не сыходзіла, гэтая жанчына каля шлагбаума. Стаяла і ўсміхалася проста мне ў твар.

Яна.

Першая пабачаная мной у горадзе пакемонка.

Інтурыстка, інтэрдзевачка, інфекцыйная зараза, інсекта хрэнава! Як я яе толькі не называў… Куды падзеліся ўся мая культура, усё выхаванне! Вось так бывае: калупні пальцам экран жончынага смартфона – і намацаеш дно сваёй нікчэмнай асобы. Я намацаў.

«Пакемонавы Менск няпросты, непрадказальны і зусім някемпінскі»

Пакемонка пагардліва ўспыхнула і знікла.

Затое цяпер я ведаю, што гэта такое – лавіць пакемонаў у цэнтры Менску.

Потым высветліцца, што тыцкаць у яе пальцам было бессэнсоўна. Потым зробіцца ясна, што побач было яшчэ двое пакемонаў, яе суродзічаў, якія радасна ржалі з маіх няўклюдных спробаў, схаваўшыся на бяспечнай адлегласці. Потым я зразумею, што каля самага нашага дома ёсць запаветны модуль, дзе можна аднавіць запасы дурацкай зброі. Але тады мы з табой стаялі каля Опэрнага тэатра, там, дзе чырвоны шлагбаум і чыгунны паркан, і пілавалі позіркамі твой няшчасны смартфон, мы шукалі то нейкі люк, то сігнал GPS, то сэнс жыцця. З Опернага грымела нейкае рыгалета, з храмаванага менскага неба церусіў дробны дождж, а пакемонка ніяк не хацела саступаць.

 

 

 

«Что, заблуділісь?» – бадзёра спытаў тэатральны ахоўнік, якому надакучыла глядзець на нашыя бязладныя перамяшчэнні вакол шлагбаума.

«Ага», – адказалі мы, не падымаючы вочы ад экрана.

Не ведаю, як хто, а я дакладна заблудзіўся ў гэтым горадзе пакемонаў. Дзе мой стары добры Горад Сонца, у якім няма чаго лавіць, апрача помнікаў і таксі? Цяпер дастаткова мець крыху фантазіі і ўласны балкон, каб зірнуць на Менск зусім іншымі вачыма.

Пакемонавы Менск няпросты, непрадказальны і зусім някемпінскі. Дзе твой спакой, Пакеменск, Пакемінск, сталіца Рэспублікі Пакемусь? Архітэктару Асмалоўскаму і ў страшным сне не магло прысніцца, што сярод ягоных цудоўных дамкоў будуць жыць нейкія амерыканскія пачваркі і што мінчане і госці сталіцы марнавацьмуць на іх лоўлю час, грошы і розум.

Сапраўды, чым лавіць монстраў, лепш сачыць за лаўцамі. Яны пакуль што яшчэ нясмелыя, нешматлікія, трымаюцца зграйкамі па двое-трое і баяцца глядзець у вочы навакольнаму свету: бо калі стаіш на плошчы Якуба Коласа і ловіш пакемонаў, такое адчуванне, што ўся плошча рагоча з цябе і тваёй дурной забаўкі. Падымаеш галаву – і ўсе быццам адвярнуліся. Бачыш самотную постаць, занураную ў свой айфон, і хочацца зазірнуць праз плячо, бо цікава, чорт яго бяры, чым там чалавек займаецца сярод белага дня: няўжо і праўда пакемонаў ловіць? Ды ну, не можа быць. Менчукі не такія. Але характэрны жэст выдае лаўца з галавой. Яшчэ адзін нізкапаклоннік перад Захадам. Яшчэ адна ахвяра дурной моды. Пра такіх у 50-я пісалі ў «Вячэрнім Пакемінску» – «оні позорят наш город».

Але гэта – толькі пачатак.

Кажу вам: гэта толькі пачатак.

Пакемоны ідуць.

 

 

 

 

Рана ці позна яны дабяруцца і да літаратуры. Літаратура выдыхлася, яна з радасцю ўхопіцца за новую рэальнасць і сюжэты, якія тая прапануе. З’явяцца раманы на пакемонаву тэму – новы «Лавец у жыце», напрыклад, або «Дзікае паляванне на пакемонаў». Ці наогул: «Покемон звоніт в колокол». Паэзія таксама не захоча адставаць: я ўжо бачу «Песню пра Пакемона» новага Міколы Гусоўскага. Ёсць вядомае чатырохрадкоўе Віктара Жыбуля, якое лёгка перарабіць на новы лад:

«Я цэліўся з рагаткі ў пакемона,

А трапіў у міністра абароны.

Пачвараў шмат, міністраў мала,

Даўно мне так не шанцавала!»

Наогул у слове «пакемон» чуецца нешта вельмі роднае, сваё, беларускае. Мала таго што ў дыялектным слоўніку Габрусевіча слова «пакемон» азначае «самотнік, беспрытульнік, чужаніца; п’яніца». Дык яшчэ самі гукі гэтага слова наводзяць на роздум пра лёсы Бацькаўшчыны. Панямоньне ператвараецца ў «Пакемоньне». З тых, хто па ім гуляе, уткнуўшыся ў тэлефон, пакуль што пакепліваюць, а неўзабаве пачнуць памінаць кепскім словам… Пакемон быццам бы пакаёвы, а насамрэч паскудны, з пакемонам хочацца паквітацца, пакемону б’юць паклон, схіліўшы перад ім галаву, пакемон – нашая пакора перад чалавечай безнадзейнасцю, пакемон – нашы пакамечаныя душы, якія нагуляліся так, што ад новых гульняў проста ванітуе. Пакемон – гэта пакута расіста, які ня хоча нікому зла.

«Сёння, злавіўшы пакемона на вуліцы Кісялёва, я раптам адчуў сябе, як герой “Чужаніцы” Камю»

Вы чыталі «Чужаніцу» Камю?

Не здзіўлюся, калі чыталі. Я ўжо нічога не разумею: у адным горадзе мірна суіснуюць Асмалоўка і пакемоны, Камю і ўніверсам «Цэнтральны», а над усім гэтым праносіцца смерч-віхраслуп, вырываючы з каранямі дрэвы і бурачы дахі. Напэўна, гэта і ёсць апакаліпсіс. Зачыніць вокны, выключыць святло, апрануцца ва ўсё белае, легчы на падлогу і паўтараць колькі хопіць моцы:

Найлепшая камп’ютарная гульня – ФІФА-99.

Найлепшая камп’ютарная гульня – ФІФА-99.

Найлепшая камп’ютарная гульня – ФІФА-99.

І цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амэн.

 


COMMENTS (2)

Алена
Алена | 26.07.2016 15:57

Круты тэкст, вельмі спадабалася! А як Вы Рыгалета пачулі? Оперны ж зараз на вакацыях :)

2 0 +2
Стас
Стас | 21.07.2016 17:06

Пачваркі-та японскія, а не амерыканскія.

6 0 +6