Таемны госць: ежа з заплюшчанымі вачыма

Адзначаем сярэдзіну лета новым тэкстам ад Альгерда Бахарэвіча, у якім наш таемны госць робіцца вегетарыянцам і закусвае гарэлку баклажанам.

 

Добры дзень, мяне завуць Альгерд Бахарэвіч, і я вегетарыянец.

Як Гітлер.

Ці як Франц Кафка.

Ці як Піфагор, які нібыта сказаў, што нельга есці нікога, хто мае два вока (таму нават на апетытны букецік «анюціных глазак» рот разяваць нельга, а то падавішся). Ці як Плутарх, які прыйшоў да высновы, што ад мяса людзі тупеюць. Ці як Памэла Андэрсан. Дый ці мала нас на свеце, адважных пажыральнікаў траваў і карняплодаў.

Ужо цэлую вечнасць (дзесяць дзён) мы з жонкай не ядзім мяса і адчуваем сябе цудоўна. Зрэшты, усе траваядныя адчуваюць сябе цудоўна, пакуль мірна пасвяцца на сваіх зялёных лугах, – а потым прыходзіць суворая рэальнасць.

Паглядзім.

Учора ў нас быў камін-аўт перад маімі бацькамі. Мы прыехалі да іх у госці на сямейную вячэру і горда адмовіліся ад запечанай пад маянэзам свініны. Адна справа – ціха займацца вегетарыянствам дома, і зусім іншая – рабіць гэта публічна. Асабліва перад людзьмі, з якімі столькі мяса з’едзена, што з яго можна пабудаваць горад…

У мамы сваё ўяўленне пра вегетарыянства: «Ну курыцу ж вам можна?» – з надзеяй запыталася яна, спадзеючыся, што гэта ў нас такі чарговы бзік. «Гэта абсалютна выключана», – адказаў я, закусваючы гарэлку баклажанамі і адчуваючы сябе так, быццам мне зноў дваццаць пяць.

«Учора ў нас быў камін-аўт перад маімі бацькамі. Мы прыехалі да іх у госці на сямейную вячэру і горда адмовіліся ад запечанай пад маянэзам свініны»

Кажуць, што менавіта ў гэтым узросце людзі часцей за ўсё робяцца вегетарыянцамі, веганамі і сыраедамі. Прычыны ў іх розныя, і здароўе тут ні пры чым, моладзь адмаўляецца ад мяса ідэйна. Камсамольцы, блін. Хаця ніякай еднасці паміж імі насамрэч няма. Дый якая еднасць – галоўнае: наеднасць.

Мая жонка адмовілася ад мяса, бо яна супраць забойства жывёлаў. Я таксама, скажам так, за перагляд стаўлення чалавека да братоў нашых меншых, але ў мяне былі і свае высокамастацкія прычыны. Мяса мне надакучыла. Яго так шмат, што яно зрабілася папросту нудным. Яно паўсюль, ягоны лішак фармуе нашае мысленне, мы ад яго залежым. Мы ўсё мераем мясам, нават калі кажам пра любоў. Раней я жэр яго кожны дзень. Самы час спыніцца.

Паглядзець у вочы таму, што не мае вачэй, і сказаць: «Я хачу цябе. А мяса – не хачу».

 

 

Сучасны чалавек увесь час штосьці кідае.

Штосьці ці кагосьці.

Прымаць наркотыкі, піць алкаголь, курыць, глядзець порна, лаяцца матам, чытаць «Нашу ніву», пісаць вершы і глядзець БТ.

Ён кідае мабільнікі (хто далей), ён кідае людзей, звычкі, смецце і заклікі да сябе падобных быць такім, як ён, бо толькі ён ведае, як жыць правільна.

Чалавеку мінулага гэта ўсё было практычна незнаёма. Чалавек мінулага быў збіральнікам і паляўнічым. Ён мог кінуць адразу Усё і сысці ў манастыр – але кідаць нешта адно было не ў ягоных правілах. Чалавек мінулага не любіў эксперыментаваць над сабой. Перад ім была неабдымная і загадкавая прырода, якую ён перамагаў, і яму патрэбныя былі сілы, каб змагацца і каб расслабляцца. Але мінулае скончылася. Запас таго, што можна кінуць без стратаў для сябе, зрабіўся такі, што з-пад яго нас ужо амаль не відаць. Адны вочы свецяцца з гэтай агромністай кучы. Свецяцца галодным бляскам – але і гэта ўсяго толькі бляск звычкі.

Я тут не буду казаць пра тое, колькі людзей у свеце галадае, пакуль у іншых людзей лішак мяса на стале і менскія вароны ядуць раскіданыя пад лаўкамі беляшы. Я зараз не пра гэта. Я пра нас, тых, хто мае досыць грошай, каб чытаць гэты тэкст на сваім тэлефоне.

Кінуць можна ўсё. Мне, скажам, у тысячу разоў цяжэй кінуць курыць, чым есці мяса. А камусьці, можа, наадварот…

 

 

Мая бабуля, даўно ўжо нябожчыца, усе праявы нестандартных паводзінаў спісвала на баптызм. Пасля вайны яна перабралася ў Менск з вёскі і вясковую філасофію захавала да самага скону. Мужык не курыць? Баптыст. Не п’е? Баптыст. Не лаецца матам – ну дакладна баптыст. Вось і цяпер я быццам бы чую яе добры і маркотны голас: «Што ж ты, унучак, у баптысты запісаўся? Як жа ты жыць будзеш, без мяса, га?»

Раней я дазваляў сабе смяяцца з вегетарыянцаў (ды і цяпер не супраць – смяяцца можна з чаго заўгодна). Бывала, паглядзеўшы на празрыста-бледную вегетарыянку, што пагойдвалася на ветры, як маладая асіна, і скардзілася на «усеагульную млявасць і абыякавасць да жыцця», я мог уголас сказаць: «Лухта! Усё, што табе трэба, гэта добры кавалак свежыны, каб кроў і тлушч капалі, каб у зубах застравала, каб дымілася – і ўсё прайдзёт! Уся дурасць з галавы выйдзе! Умомант!»

Цяпер, бадай, я так ужо не скажу. Па-першае, у гэтым ёсць нейкі брыдкі мясны сэксізм, а па-другое, мы з жонкай сядзім у «Счастье здесь», менскім вегетарыянскім бары, і гаворым зусім пра іншае.

Пра тое, ці праўда гэта такое ўжо шчасце. Перад табой – два ролы з гароднінай і соусам з арахісу і чылі, перада мной – таматнае гаспача з хлебам. Ролы проста фантастычныя на смак, брава кухару – праўда, мне б іх, каб наесціся, спатрэбілася б штук дзесяць, а зусім не парачка. Гаспача таксама цалкам уежнае: пасёрбаць талерку такога – як шклянку таматнага соку выпіць. Але дарагавата. Затое піва, гэты вечны залацісты гімн вегетарыянству, цалкам даступнае па кошце.

«Усё, што табе трэба, гэта добры кавалак свежыны, каб кроў і тлушч капалі, каб у зубах застравала, каб дымілася – і ўсё прайдзёт! Уся дурасць з галавы выйдзе! Умомант!»

Не, усё ж вегетарыянствам трэба займацца дома, думаю я, даядаючы гаспача. Толькі дурань адмовіўся б ад пасты, якую я нядаўна прыгатаваў. Усяго і спатрэбілася, што макароны, баклажан, часнык, цыбуля, трошкі кропу, рэшткі маянэзу, смятана, алей, праванскія травы, перац, мяккі сыр, морква, цытрына і «моладасць мая, bella ruccola». Плюс малдоўскае «Мэрло» за 5 рублёў. Pasta alla norma. А колькі яшчэ цудоўных адкрыццяў чакаюць нас, двух вегетарыянцаў пасярэдзіне чужога шашлычнага лета!..

Ці хочацца нам мяса? Ды не. Абсалютна. Нават само слова «мяса» ўжо не ўзбуджае – а мы людзі слова. Чаго хочацца, дык гэта рыбы. Крэветак. Марскіх гадаў. Дароў мора. У вочы ім не глядзеў бы.

 

 


COMMENTS (1)

Вегетарыянец больш за 3 года. На самой справе усе добра разумеюць. У кафэхах толькі мала страў. У Еўропе з гэтым прасцей. А здароў’е палепшылася. Калі цікава - пішыце. Пагутарым з аднадумцамі. ;)

8 0 +8