Што трэба ведаць пра ВІЧ у наш час?

 

Пра ВІЧ-інфекцыю існуе багата чутак ды непаразуменняў. Расстаўляем усе кропкі над «і»: дзе і на якіх умовах можна здаць тэст, што рабіць, калі ты акажашся «пазітыўным», і якая зараз сітуацыя з ВІЧ у свеце.

 

Што такое ВІЧ-інфекцыя?

 

ВІЧ-інфекцыя – гэта марудна прагрэсоўная хвароба, якая заражае клеткі імуннай сістэмы чалавека. То-бок інфікаваныя паміраюць не ад самой хваробы, а ад іншых інфекцый, якія лёгка атакуюць не здольны абараняцца арганізм.

ВІЧ-інфекцыю можна падчапіць толькі праз неабаронены палавы акт з ВІЧ-пазітыўным чалавекам, праз перадачу крыві (пры ўжыванні ін’екцыйных наркотыкаў) ды дзіцяці ад ВІЧ-станоўчай маці. Калі ты пап’еш кавы з таго ж кубка, што й інфікаваны чалавек, – вірус не перадасца.

 

А чым ВІЧ адрозніваецца ад СНІДу?

СНІД – канчатковая стадыя ВІЧ-інфекцыі, гэта не хвароба, а стан арганізма, калі твайму імунітэту фактычна ўжо кранты. Лепей, канешне, не даводзіць яго да такога стану і звяртацца па лячэнне раней.

 

Якая цяпер сітуацыя з ВІЧ у свеце?

У сусветным маштабе ёсць усе перадумовы ў 2030-50-х тэму ВІЧ як сацыяльна значную закрыць. Пашыраецца даступнасць антырэтравіруснай тэрапіі, усе рэгіёны, нават Афрыка, адзначаюць зніжэнне як новых выпадкаў выяўлення хваробы, так і колькасці смерцяў, звязаных з ёй. Выключэнне на сённяшні дзень складаюць рэгіёны Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, асабліва Расія і Украіна: тут тэмпы эпідэміі толькі павялічваюцца. Гэта звязана з ростам колькасці наркаспажыўцоў, а таксама з адсутнасцю хоць якіх прафілактычных праграм, што працуюць з так званымі групамі рызыкі.

 

Хто ўваходзе у групы рызыкі?

Перадусім гэта ін’екцыйныя наркаспажыўцы, іх палавыя партнёры, мужчыны, якія практыкуюць сэкс з мужчынамі, і супрацоўнікі(-цы) сэкс-бізнэсу. Рыск заразіцца ў гэтых людзей узрастае ў 10 і болей разоў, таму менавіта з імі працуюць шматлікія грамадскія арганізацыі.

Згодна з даследаваннямі ЮНЭЙДС, лічыцца, што калі больш за 5% групы рызыкі маюць ВІЧ-інфекцыю, то яна выходзіць па-за межы папуляцыі і распаўсюджваецца на іншае насельніцтва. Менавіта так адбылося ў Беларусі. Не ў апошнюю чаргу таму, што на момант з'яўлення інфекцыі ў краіне прадпрынялі няправільныя меры: замест інфармацыйных кампаній неабходна было мяняць шпрыцы наркаспажыўцоў і праводзіць сярод іх экспрэс-тэставанне. Гэта пачало ажыццяўляцца толькі ў 2004 годзе, калі момант быў страчаны.

У Еўрапейскім звязе асноўная група людзей, схільная ВІЧ-інфекцыі, – мужчыны, якія практыкуюць сэкс з мужчынамі. У Беларусі – людзі, якія ўжываюць ін'екцыйныя наркотыкі.

 

Я хачу прайсці тэст на ВІЧ. Дзе гэта можна зрабіць?

У любой дзяржаўнай (у прыватных, на жаль, больш нельга) установе аховы здароўя, у якой ёсць працэдурны кабінет, можна бясплатна здаць тэст. Аналіз бярэцца з вены. Першы раз аналіз можна здаць ананімна, без спецыяльнага накіравання і пашпарта. Вынікі будуць вядомыя прыкладна праз 5-7 дзён, максімум праз два тыдні.

Перад самім тэстам цябе абавязкова пракансультуюць: распавядуць пра інфекцыю, працэдуру тэставання, пра тое, якім чынам пацвярджаецца вынік, і план дзеянняў пасля, у выпадку, калі інфекцыю знойдуць.

Таксама існуе экспрэс-тэставанне: выглядае як палачка з бавоўны са спецыяльным рэагентам, якая за 15 хвілін дазваляе даведацца, ці ёсць інфекцыя. Дакладнасць – 98%. Для дадзеных можна здаваць кроў альбо сліну. Найбольш часта гэты метад тэставання ўжываецца грамадскімі арганізацыямі пры працы з групамі небяспекі. Цяпер пачынаецца больш шырокае ўжыванне экспрэс-тэстаў, напрыклад, для цяжарных жанчын.

Экспрэс-тэст не ставіць канчатковы дыягназ, і пасля яго абавязкова трэба здаць пацвярджальны тэст (кроў з вены) у паліклініцы.

 

Што рабіць, калі знайшлі ВІЧ?

Калі вынік тэсту станоўчы, пацыента(-ку) выклікаюць у Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, дзе яго/яе кансультуюць і абавязкова бяруць распіску «Аб незаражэнні ВІЧ-інфекцыяй» у адпаведнасці з артыкулам 157 УК РБ.

Сто адсоткаў прыйдзецца распавесці пра неабароненыя сэксуальныя кантакты з партнёрамі, для таго каб медсупрацоўнікі маглі звязацца і пратэставаць гэтых людзей. Калі ВІЧ-станоўчы чалавек спажывае ін'екцыйныя наркотыкі, то, вядома, запытаюць, з кім дакладна ўжываў.

Пасля першага этапу ВІЧ-інфікаванага ставяць на ўлік у спецыяльным інфекцыйным шпіталі. Далей пацыент(-ку) рэгулярна абследуе доктар, а на больш позніх стадыях – прызначае лячэнне. У Беларусі лекі фінансуюцца за кошт міжнародных фондаў і дзяржаўнага бюджэту, таму плаціць не трэба.

 

Наколькі цяпер эфектыўнае лячэнне ВІЧ?

Вельмі эфектыўнае. Калі ў 20 гадоў чалавек даведваецца, што ён ВІЧ-інфікаваны, то сучасныя тэхналогіі дазваляюць яму пражыць больш за 50 гадоў. То-бок гэта супастаўна з працягласцю жыцця чалавека без інфекцыі. Калі раней неабходна было піць цэлую жменю таблетак «да, пасля і замест ежы», то цяпер дастаткова адной-дзвюх таблетак у дзень. Праводзяцца нават даследаванні, якія дазволяць рабіць адзін укол у месяц. Таксама праз лячэнне амаль да нуля зніжаецца верагоднасць заразіць іншага чалавека.

 

Як прыняць станоўчы ВІЧ-статус?

Прыняць ВІЧ складана, але трэба памятаць, што жыццё на гэтым не сканчаецца. Цяпер усюды на ВІЧ глядзяць не як на смяротнае захворванне, а як на марудна бягучую хранічную інфекцыю, якую цалкам можна кантраляваць і жыць з ёй доўгія гады.

У кожнай дзяржаўнай паліклініцы павінен быць псіхолаг альбо псіхатэрапеўт. Яны дапамогуць табе адаптавацца і прыняць новы статус.

Адзін з найбольш эфектыўных метадаў – праца з роўным кансультантам, чалавекам, які таксама мае ВІЧ-інфекцыю і можа распавесці пра нюансы ды асаблівасці жыцця з дыягназам. Сеткі роўных кансультантаў найчасцей працуюць у межах грамадскіх арганізацый, якія займаюцца прафілактыкай ВІЧ-інфекцыі і дапамогай інфікаваным. Сеткі ёсць у Менску, Светлагорску, Берасці, Віцебску, Пінску і Гомелі. Глядзі кантакты тут.

 

Прамільгнула навіна пра тое, што з 2018 года ў Беларусі спыніцца падтрымка Глабальнага фонду, што прывядзе да рэзкага павелічэння захворвання на ВІЧ, як гэта адбылося ў Расіі. Наколькі ўсё страшна?
 
«Глабальны фонд закрывае невялікую частку ўсёй праблемы. Большасць лекаў усё ж закупляецца дзяржавай, – кажа Дзмітрый Падута, намеснік галоўурача Менскай гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы. – То-бок казаць пра тое, што калі скончыцца праграма Глабальнага фонду, то прафілактычная праца ў Беларусі спыніцца, некарэктна». Дзяржава гатовая падтрымліваць і нізкапарогавыя сэрвісы для груп рызыкі на базе грамадскіх арганізацый, адзінае – кантроль фінансавых сродкаў і ацэнка эфектыўнасці, як кажа Дзмітрый, будуць вельмі строгімі.
 

 

 

Якія арганізацыі ў Беларусі займаюцца дапамогай ВІЧ-інфікаваным?

Адна з найбуйнейшых арганізацый – Беларуская супольнасць людзей, якія жывуць з ВІЧ. Асноўны кірунак дзейнасці гэтай арганізацыі – маральная падтрымка.

«Белсетка АнтыСНІД» аб'ядноўвае розныя арганізацыі, якія займаюцца дапамогай ВІЧ-інфікаваным.

«Пазітыўны рух» у асноўным працуе з наркаспажыўцамі. Займаюцца прафілактыкай, рэгулярна праводзяць экспрэс-тэсты і працуюць з маральнай дапамогай ВІЧ-пазітыўным людзям.

Інфармацыйнай кампаніяй займаюцца БРСМ, беларуская супольнасць «Чырвоны крыж» і г.д.

 

Што трэба рабіць, каб не захварэць на ВІЧ-інфекцыю?

Памятай, што кожны раз, калі ты займаешся сэксам без прэзерватыва з малазнаёмым чалавекам альбо спажываеш ін'екцыйныя наркотыкі з малазнаёмым чалавекам адным і тым жа шпрыцам, ты падвяргаеш сябе вялікай небяспецы.

 

 

У падрыхтоўцы матэрыялу ўдзельнічалі намеснік галоўурача Менскай гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Дзмітрый Падута і БГА «Пазітыўны рух». Дзякуй ім вялікі!

Ілюстрацыя by Sheeborshee

 


COMMENTS (1)

Maria Gulina | 1.12.2016 19:58

спасибо за материал! есть одно критически важное уточнение: "кожны раз, калі ты займаешся сэксам без прэзерватыва з малазнаёмым чалавекам" - не малознакомым, а человеком, вич-статус которого ты не знаешь. хотя самого человека можешь знать тыщу лет - это ещё ни о чём не говорит, у вич большой инкубационный период, плюс серонегативное окно - время, когда анализы ещё не показывают инфицирование. вот этот стереотип (презерватив только с малознакомыми) - это очень опасно, как и стереотип, что основные группы заболевших - потребители наркотиков и гомосексуалы. сейчас основным путём передачи становится гетеросексуальный (инфа от кафедры инфекционных болезней), так что все мы в группе риска.

13 1 +12