Што глядзець на «Лістападзе-2016»

  • 27.10.2016
  • Author: 34mag
  • 8428

Сёння стартуе продаж квіткоў на самы буйны кінаівэнт краіны. Цягам аднаго тыдня цябе чакае больш за сотню паказаў лепшага аўтарскага кіно, з любоўю адабранага арганізатарамі «Лістапада». Каб не згубіцца сярод кінематаграфічных леанідаў сёлетняга сезона, мы падрыхтавалі вытрымку лепшых карцін, на якія таксама будзем рваць квіткі праўдай або няпраўдай.

 

 

«Дні, што збілі з панталыку»
(Эстонія)

Рэжысёрка Трыін Руумет

Дзе і калі? 7 лістапада, 19:30, к/т «Цэнтральны»

Канец 90-х, спякотнае эстонскае лета. Галоўны герой Алар – 27-гадовы валацуга, які валэндаецца па правінцыяльных вечарынах у пошуках сэнсу жыцця. Канешне ж, шукаючы праўды, Алар сустракае каларытных фрыкаў і трапляе ў вельмі сумнеўныя гісторыі.

Удалы фільм пра 90-я ад рэжысёркі, якой (на дзіва) было толькі 12 год, калі гэтая эпоха скончылася. Бравая гісторыя, расказаная без мачызму і налёту НТВ і серыялаў пра мянтоў. Чыста, тэхнічна і ярка, касцюмы збіраліся па ўсіх гарышчах Эстоніі, а акцёры адпрацавалі на ўсе 100.

 

 

 

 

 

«Чырвоны павук»
(Польшча, Чэхія, Славакія)

Рэжысёр Марцін Кашалка

Дзе і калі? 7 лістапада, 17:00, к/т «Цэнтральны»

1967 год. Самы разгар камуністычнага рэжыму ў Польшчы. Звычайны хлопец з добрай сям’і Караль Крэмер скончыў школу і збіраецца паступаць у медычны ўніверсітэт. І ўсё б як ва ўсіх, але аднойчы Караль наведвае парк атракцыёнаў на ўскрайку горада, дзе выпадкова натыкаецца на цела забітага хлопчыка. Замест таго, каб пакінуць справу міліцыі, Караль вырашае самастойна пайсці па слядах забойцы.

Фільм заснаваны на гісторыі самага маладога польскага серыйнага маньяка па мянушцы Чырвоны павук. Рыхтуйся знямець ад невыносна прыгожых кадраў з харэаграфічнай сцэнаграфіяй і моцнымі тэйкамі, якія расказваюць гісторыю лепш за любыя тлумачальныя дыялогі. Фільм блізкі па жанры да слэшара, але ўся крывішча застанецца за кадрам. Жахліва стане, калі ты сам сябе адчуеш маньякам, а гэтa higly верагодна. Аўтар будуе стужку не на тым, што табе стромна ад рэкаў крыві, а як ты паступова атаясамліваеш сябе з маньякам. Гэта дэбютная гульнявая работа рэжысёра, які дагэтуль працаваў з выключна непрыдуманымі дакументальнымі гісторыямі пра смерць: кшталту гісторый працаўнікоў крэматорыя або актора, які запавёў свае органы медычнай школе ў якасці апошняй артыстычнай працы.

 

 

 

 

 

«Сьераневада»
(Румынія, Францыя, Боснія і Герцагавіна, Харватыя, Македонія)

Рэжысёр Крысці Пую

Дзе і калі? 10 лістапада, 17:00, к/т «Цэнтральны»

Паспяховы ўрач Лары прыязджае разам з жонкай у Бухарэст, каб пахаваць бацьку. Сям’я гатовая, чакаюць толькі святара. Але за тры дні да цырымоніі ў Парыжы адбыўся тэракт, і ўсе сабраныя пачынаюць спрэчку вакол гарачай тэмы. У выніку кожны імкнецца звесці рахункі з прысутнымі сваякамі, святар у шоку, памерлы бацька таксама.

Румынскі кінематограф – лепшае, што цяпер можа прапанаваць Еўропа ў плане кіно. Менавіта там без бюджэтаў і знешняй падтрымкі здымаецца вострае, сацыяльнае, лакальнае, але ўсеахопнае кіно пра ўсіх нас. І нездарма Крысці Пую і Крысціян Мунджыу трывала прапісаліся на фестывалях. Гэтаму фільму паўгода таму апладзіравалі ў Канах. Зараз ён у Менску. Хапай-бягі, калі хочаш быць at the edge сучаснага кіно.

 

 

 

 

 

«Я, Вольга Гепнарава»
(Чэхія, Польшча, Славакія, Францыя)

Рэжысёры Томаш Вайнрэб і Пётр Казда

Дзе і калі? 6 лістапада, 19:30, к/т «Цэнтральны»

Вольга Гепнарава – дзяўчына з Чэхаславакіі 70-х – жадала застацца ў гісторыі як помнік жорсткасці чалавечага соцыуму, які вымусіў яе закрыцца спачатку ад сям’і, потым – ад аднакласнікаў, пасля – ад кахання і ад усяго. А потым яна села за руль свайго грузавіка і пераехала некалькі чалавек на вуліцах Прагі. Гісторыя запомніла яе як апошнюю жанчыну ў Чэхаславакіі, якая трапіла пад смяротнае пакаранне.

А праца двух рэжысёраў-дэбютантаў, Томаша Вайнрэба і Пятра Казда, «Я, Вольга Гепнарава» расказвае яе гісторыю з боку самой Вольгі. Рэжысёры працавалі над фільмам з 2009 года і паклалі на яго шмат сілаў, часу і бюджэту. Вынік здзіўляе сваёй кінематаграфічнай сталасцю, выбівае дыханне, збівае з ног і вымушае ўглядацца ў галоўную гераіню – забойцу, псіхічку, інтэлектуалку, лесбіянку, – да якой чамусьці адчуваеш сімпатыю. Статычныя і манахромныя кадры, вышэйшая акторская праца маладой польскай актрысы Міхаліны Альшанскай ствараюць забойны мікс, ад якога цяжка адарвацца. Нездарма менавіта гэтым фільмам адкрывалася берлінская Панарама.

 

 

 

 

 

Рэшткавыя выявы»
(Польшча)

Рэжысёр Анджэй Вайда

Дзе і калі? 11 лістапада, пасля закрыцця фестывалю, к/т «Масква»

Апошні фільм славутага польскага рэжысёра Анджэя Вайды, даніна памяці рэжысёру, які сышоў у гэтым кастрычніку. Кіназнаўца Мірон Чарненка называў яго польскім нацыянальным паэтам і нечым сярэднім паміж прарокам і «нашым усім» польскага народа. Сам будучы антыкамуністам, Вайда здымае біяграфічную драму пра апошнія гады жыцця выдатнага беларуска-польскага мастака-авангардыста Уладзіслава Стшэміньскага. Пасля вайны «месія сучаснага мастацтва», якім майстра лічаць ягоныя вучні, выкладае ў Лодзі. Аднак неміласэрная эпоха сацыялістычнага рэалізму вымушае Стшэміньскага паміраць маргіналам. Абсалютны must see фестывалю!

 

 

 

 

 

 

«Мімозы»
(Іспанія, Марока, Францыя, Катар)

Рэжысёр Олівер Лакс

Дзе і калі? 6 лістапада, 12:00, к/т «Цэнтральны»

На экране – рэлігійны вестэрн. Караван суправаджае ў апошні шлях паміраючага шэйха, а ягоная апошняя воля – быць пахаваным побач са сваякамі. Караван вырашае скараціць шлях ды пайсці праз Атласкія горы, аднак ніхто не ведае дакладнага маршруту. Раптам да падарожнікаў далучаецца Шакіб, які кажа, што быў пасланы з іншага свету, каб дапамагчы знайсці месца для пахавання шэйха.

Усходні каларыт дзвюх эпох, роўд-муві з трупам наперавес, стрэлы, ачмуральныя горныя пейзажы і пара шарлатанаў, якая бярэцца весці караван праз горы. Без дзіваў не абышлося, а што там рэальнасць, што міфы – пайдзі здагадайся. Глядзець патрэбна таму, што з Блізкага Усходу не так часта прыходзяць добрыя стужкі (стужкі ўвогуле), а малады рэжысёр Лакс шукае свой стыль, і хто ведае, што знойдзе, бо у Канах фiльм (усяго-ткi другi у фільмаграфii рэжысёра) ужо атрымаў гран-пры Nespresso за лепшае кіно «Тыдня крытыкi». Калі выйдзеш з кінатэатра ў захапленні, паглядзі яшчэ making-of (фільм пра здымкі гэтага фільма), які ўразіць не менш, – «Неба дрыжыць, і зямля баіцца, і абодва вока не браты адно аднаму» Бэна Рыверса. Зубадрабілка памацней за саму стужку.

 

 

 

 

 

«Святы»
(Літва, Польшча)

Рэжысёр Андрыюс Блажавічус

Дзе і калі? 5 лістапада, 12:00, к/т «Цэнтральны»

У 2008-м літоўскі правінцыяльны горад спазнае ўсе ліхаманкі эканамічнага крызісу. Вітаса звальняюць з працы, і, шукаючы новы занятак, ён вырашае замуціць з Марыяй, мілавіднай супрацоўніцай мясцовай цырульні. Аднак тут яго таксама чакае фіяска. Тады Вітас вырашае гуляць па-буйному – адшукаць хлопца, які нібыта бачыў Ісуса ў іх раёне. З Хрыстом Вітасу шанцуе…

Маладога рэжысёра Андрыюса Блажавічуса разглядзелі пакуль што толькі самі літоўцы ды паспяхова ўключылыя ў праграму дэбютаў палякі на Варшаўскім кінафэсце, а таксама карэйцы з Пусанскага фестывалю. Ну і «Лістапад», вядома. Гэта першы поўнаметражны фільм рэжысёра, папярэднія ягоныя кароткаметражкі зацанілі на літоўскім фестывалі Scanorama сярод маладога кіно Літвы. Ну а гісторыя пра крызісы і пошук выйсця з іх нам здаецца актуальнай і для нашай краіны.

 

 

 

 

 

 

«Х’юстан, у нас праблема»
(Славенія, Харватыя, Германія, Чэхія, Катар)

Рэжысёр Жыга Вірц

Дзе і калі? 10 лістапада, 18:30, к/т «Мір»

Халодная вайна, космас і NASA на Месяцы – рэжысёр Жыга Вірц знаёміць нас з новымі матэрыяламі, якія тычацца тых падзей. Фільм-даследаванне міфа пра таемнае шматмільярднае набыццё Амерыкай засакрэчанай югаслаўскай касмічнай праграмы на пачатку 60-х.

Яшчэ адзін моцны рэжысёрскі дэбют. На гэты раз – у галіне дакументалістыкі. Жыга Вірц у 2010-м атрымліваў узнагароду за студэнцкую працу, потым працаваў над рэкламай і кароткім метрам. А гэтую стужку прадстаўляў адразу на «Трайбэцы». Сваёй працай рэжысёр хацеў даследаваць не толькі саму гісторыю халоднай вайны, аблепленую міфамі і тэорыямі змоў, але і ўплыў медыя, іх унёсак ва ўсю гэтую гісторыю з улюбёным прэзідэнтам Амерыкі, югаслаўскай праграмай засваення космасу. Пра ўплыў медыя атрымалася бездакорна. Вымысел так тонка і ўдала пераплятаецца з дакументальнай хронікай, экспертнымі інтэрв’ю (са Славоем Жыжэкам, між іншым), што пытанне «Дык ці была змова?» так і застаецца без адказу.

 

 

 

 

 

 

«Мой сябра Барыс Нямцоў»
(Расія)

Рэжысёрка Зося Радкевіч

Дзе і калі? 8 лістапада, 21:00, к/т «Мір»

Фільм «Мой сябра Барыс Нямцоў» пачаўся як рэдакцыйнае заданне Зосі Радкевіч, якой, па шчырасці, было ўсё роўна, каго здымаць і хто насамрэч такі Барыс Нямцоў. Аднак цягам здымак у яе атрымалася схапіць няўлоўнае пачуцце прысутнасці жывога чалавека. Усю стужку перад намі будзе сапраўдны чалавек, пра якога ў апошнюю чаргу падумаеш, што ён палітык. Таму і палітычныя тэмы раскрыты простымі словамі, а не праграмнымі спічамі, а Барыс Нямцоў, сапраўды, пакрысе становіцца вашым сябрам, па якім ты засумуеш, як толькі выйдзеш з кінатэатра.

 

 

 

 

 

«Гуляючы з агнём»
(Грэцыя)

Рэжысёрка Анэта Папатанасіу

Дзе і калі? 9 лістапада, 19:00, Музей кіно

Гісторыя афганскіх актрыс, якім хапае адвагі займацца мастацтвам, нягледзячы на пагрозы іх жыццю і бяспецы іх сем’яў. Грэчаскую рэжысёрку Анэту Папатанасіу Афганістан захапіў, здаецца, назаўжды. Свет, дзе жанчына рызыкуе сваім жыццём, калі хоча вучыцца або граць у тэатры, яна ўжо даследавала ў папярэдніх стужках «Німфы Гіндукуша» і «Qadir – Enas Afganos Odysseas». «Гуляючы з агнём» – не метафара. Акторкі сапраўды рызыкуюць бяспекай на карысць творчасці.

 

Поўную праграму фестывалю і інфармацыю пра квіткі шукай на сайце «Лістапада».
 

 

Тэкст by Mister Maria і Aleksasha