Rap Crew: голас менскіх вуліц

 
У Менску заўсёды неўтаймоўна віравала хіп-хоп тусоўка. Праўдзівы і шчыры рэп у дварах і завулках, крутыя графіці на сценах, няспынны рознакаляровы непаўторны флоў. Гэта вялікая тусоўка, што заўсёды гучала, мела свой стыль і аб’ядноўвала натоўп людзей, якія робяць хіп-хоп.
 

 

Пачатак

 

Гісторыя Rap Crew пачалася ў 2013 годзе, калі пад адным дахам streetwear-крамы Second Base аказаліся майстры менскага хіп-хопу Арцём Іnamess, Жора 359 (ён жа Гарашчы Жыраф) і Tracy Hip-Hop. Арцём, на той момант удзельнік гурта ALLTYPES, вылучаўся красамоўнасцю, мудрагелістасцю рыфмаў і моцнаю падачай, Жора – працяглымі гуллівымі і дзесьці нават сексуальнымі інтанацыямі, тэкстамі сапраўднага вулічнага гангстара. Цягу да хіп-хопу ён адчуў досыць рана – яшчэ ў 4-ым класе школы: «Я на сцэне чытаў вершы ў касцюме Аладына і ўжо тады зразумеў, што гэтыя шырокія шаравары і рыфмы вабяць мяне».

На вялікай сцэне Жора дэбютаваў дуэтам з Murovei на разагрэве ў The Chemodan Clan у клубе «Юла», быў 2010 год. Арцём жа ўпершыню аказаўся на сцэне падчас канцэрту «Кажэ Абоймы» ў легендарным «Рэактары» ў далёкім 2008-ым.

Хлопцы сябравалі ўжо даўно, але як творчы дуэт Inamess (тады яшчэ прадстаўнік банды ALLTYPES) і Гарашчы Жыраф (у складзе гурта Funtaste) сустрэліся ўвесну 2012 года на сцэне нейкага кобрынскага клубу. «Мы часта чыталі разам у дварах, мы амаль на памяць ведалі тэксты адзін аднаго, рабілі бэкі пад радкі ды хутка адчулі, што нашае гучанне цікава спалучаецца. Ужо тады мы спрабавалі запісвацца разам і яшчэ дакладна не ведалі, што мы – Rap Crew, але ўжо добра гэта адчувалі», – кажа Арцём. Улетку 2013-га хлопцы вырашылі аб’яднацца, каб даць больш моцы голасу менскіх вуліц.

 

 

 

Менскі стыль

 

Нявыдадзенага матэрыялу ў кожнага з рэпераў было дастаткова, каб выпусціць шэраг рэлізаў. «Ва ўласных гуртах мы былі асноўнымі рухавікамі, і ў пэўны момант чакаць ініцыятывы астатніх стала нецікава, – дзеліцца Жора. – У кожнага з нас было па некалькі недаробленых сольных ЕР, прыйшоў час аб’яднаць нашыя намаганні».

Праз спробы высветлілася, што галасы, якія кардынальна адрозніваюцца адзін ад аднаго ў гучанні, разам выдаюць непаўторны малюнак, імя якому Rap Crew. «Мы нядоўга думалі, як назвацца, – кажа Арцём, – нам няма сэнсу хітрыць, мы робім сапраўдны рэп, таму такая ёмкая назва атрымалася».

Для распаўсюду сваіх працаў рэперы выбралі фармат ЕР: першыя некалькі месяцаў рэлізы выходзілі амаль кожныя два тыдні. Над кожным трэкам працуюць такія бітмэйкеры, як Нікіта Sufiks, OneMoment, raDJin, на круцёлках вынасныя скрэтчы робіць DJ NoMork, а да розуму ўсё даходзіць праз майстарынг Вовы Sonic’а. EP публікуюцца на старонцы Rap Crew ва «УКантакце» з вокладкамі ад Atmo, а відэамэйкер і графітчык Tracy Hip-Hop здымае разрыўныя кліпы.

«Варта разумець, што Rap Crew – гэта не два чалавекі, гэта творчае аб’яднанне, тусоўка людзей, якія робяць у Менску хіп-хоп – ствараюць біты, пішуць графіці, здымаюць фота і відэа, танцуюць брэйк-данс. Гэта тыя людзі, якія даюць нам падсрачнікаў, каб мы нешта рабілі», – кажуць хлопцы. Сапраўдны менскі хіп-хоп стаіць на моцным падмурку сяброўства і ўзаемнага рэспекту, магчыма, менавіта таму ён атрымліваецца такі магутны і шчыры.

«Няма сэнсу хітрыць, мы робім сапраўдны рэп»

Хутка трэкі Rap Crew знайшлі свайго слухача – колькасць удзельнікаў суполкі ва «УКантакце» пераваліла за 7 тысячаў, прыхільнікі з нецярпеннем чакаюць выхаду чарговага EP. «Я не ведаю, як мусіць выглядаць наш слухач, – кажа Жыраф. – Я ўяўляю сабе такога маладога трушнага хіп-хопера, які разумее, што такое графіці ды брэйк-данс, а ў выніку атрымліваецца, што гэта можа быць і школьнік у пінжаку».

Сталічны хіп-хоп не ўпакаваны на продаж: ён па-свойму брудны, прасякнуты пахам менскіх вуліц і аэразольнай фарбы. «Галоўная фішка менскага рэпака ў тым, – разважае Арцём, – што мы не такія прыгожыя і крутыя, як некаторыя рускія рэперы. Нам не трэба будаваць кар’еру праз фіты са знакамітасцямі, вырабляць тое, што назавуць хітом. Калі трэба прадаць свой прадукт, зарабіць грошай з канцэртаў, каб пракарміць сям’ю сваім рэпам, з’яўляецца патрэбнасць выдушваць словы з сябе сілаю, каб падабацца слухачу. Мы нічога не намагаемся прадаць, не хочам быць самымі разумнымі ды цікавымі: мы такія, якія ёсць. Мабыць, менавіта таму атрымліваецца больш шчыра. У гэтым і ёсць менскі стыль».

 

 

 

In a mess

Стварэнне рэпу – досыць тонкі працэс. Трэкі пішуцца паводле прынцыпу «тут і цяпер», хлопцы не саромеюцца запісвацца на дыктафон у двары – гэта імпульс, якога нельга стрымаць: «Вядома, у нас ёсць магчымасць запісвацца і на абсталяванні за 20 тысяч баксаў, для гэтага нам трэба выдаткаваць толькі паўгадзіны на грамадскім транспарце. Але мы зразумелі, што нам важнейшыя людзі ды атмасфера, чымся абсталяванне».

Inamess прапускае праз сябе сітуацыі ды выпадкі, хапае найбольш шчырую і ёмістую думку, тэзісна запісвае яе. Асаблівасць у тым, што кожная з думак аформленая ў самастойную адзінку, такім чынам атрымліваецца структура бязладных думак. У непарадку – In A Mess. Майстэрству ён вучыўся паводле інструкцыяў Маякоўскага, адточваў тэхніку напісання, натуральнасць і шчырасць вершаў. Калі набіраецца дастаткова думак, каб сабраць модулі ў сістэму, Арцём пад адпаведны біт прэзентуе тусоўцы тое, што атрымалася: «Гэта неверагодна прыгожы працэс, калі ты ўпершыню ўжывую чуеш гэтыя аголеныя пачуцці ды нататкі ў вобразе рыфмаў».

Жора стварае рэп, збірае ўражанні ў асабістую скарбонку, дазваляе сабе часам прапускаць тэксты праз сваё альтэр-эга – гангстара Барадаўса, якога ён час ад часу выпускае пагуляць і потым бачыць у люстэрка. Барадаўс, гэткі Pimp, кароль вуліц, які заўсёды знойдзе прыгодаў на дупу. Напрыклад, адной з іх стала рэальнае абмежаванне волі тэрмінам на 2 гады за захоўванне ганжы. Але не для Барадаўса, а для самога Жоры.

«Як сапраўдны прадстаўнік хіп-хоп культуры, я не мог прапусціць такога этапу біяграфіі, як наведванне турмы, – пісаў Жыраф у лісце да прыхільнікаў. – Усім прывітанне з ІК-15!». Дарэчы, гэтая ж магілёўская калонія прымала ў сябе легендарнага рэпера Jah#Poniсa, які запісаў два альбомы на тамтэйшай студыі. Калі там аказаўся Жора, студыі ўжо не было, але гэта не спыняла рэпу. «Я пісаў рэп у сшытак, Нікіта Sufiks дасылаў мне дыскі з музыкаю, і я чытаў пад ягоныя біты. Яны хутка сканчаліся, таму я ўрубаў турэмны сінтэзатар і чытаў як пад метраном», – распавядае Жыраф.

 

Раз ён шмат часу праводзіў у мясцовым музычным пакоі, то трэба было рабіць выступы, каб апраўдаць сваё перабыванне там: «Гэта было вельмі дзіўна: поўная зала, больш за тысячу чалавек сядзяць, ніхто не рухаецца, паўсюль ахоўнікі, а я чытаю свае куплеты. Дзякуючы жахлівай якасці гуку ўсім падавалася, што я чытаў на французскай. Але гэта і добра: калі б міліцыянты разумелі, што я чытаю, я б хутка аказаўся ў ізалятары».

Са стылем Жоравых тэкстаў амаль нічога не здарылася падчас зняволення – дадалася толькі крыху іншая афарбоўка, а рэп стаў больш тэхнічны. У турме ён правёў каля года і нечакана для прыхільнікаў выйшаў на сцэну падчас выступу Rap Crew на канцэрце Murovei ў «Хулігане». Цяпер у яго ёсць цэлы сшытак тэкстаў, напісаных за кратамі, засталося злучыць іх з музыкаю. «Урэшце, з усіх 30–40 тэкстаў, што я там напісаў, выкарыстаю пяць – трэба знайсці належнае палатно для гэтых фарбаў!» – кажа Жора.

 

«Калі б міліцыянты разумелі, што я чытаю, я б хутка аказаўся ў ізалятары»

 

Арцём таксама плануе выдаць сольнік, кажа, гэта будзе «самы сумны альбом», маючы на ўвазе больш глыбокі, будзённа-пабытовы: у чымсьці дарослы голас з самага дна ціхага віру.

«Калі мы задумвалі Rap Crew, то хацелі, каб гэтую музыку было камфортна слухаць у навушніках. Асабіста мне даспадобы такое, калі сумней. Гэта ж горад такі, са смугою, таму і рэпак адпаведны», – Inamess разумее, што пад такое музло танчыць ніхто не будзе, але гэта ягоны выбар. У адным з тэкстаў ён чытае: «Я пишу свой вечный трек». Па сутнасці, так і ёсць, толькі музыка змяняецца. «Магчыма, нашым слухачам не спадабаюцца нашыя рэлізы, можа, яны таксама будуць казаць, што раней мы былі круцейшыя, але я ў гэта не веру. Я б хацеў, каб яны разумелі, што кожная новая песня мусіць быць вышэйшая за папярэднюю, больш шчырая, з лепшаю музыкай».

Графіці-райтэрам не цікава, што пра іхныя літары думае выпадковы мінак. Важней, што пра гэта кажуць іншыя графітчыкі. Тое ж самае і ў Rap Crew – вагу мае, калі гэты хіп-хоп даспадобы менавіта рэперам, тым, хто разумее, мае сваю публіку і можа сказаць: «Так, гэтыя хлопцы з Менску сапраўды крута валяць».

 

 

   INFO:  VK - RAPCREWMINSK

 


COMMENTS (1)

йо!
йо! | 18.04.2016 15:01

Сапраўдная рэпчына! Камон!

15 0 +15