Як быць экспертамі ў кіно і жыць у краіне, дзе няма буйных кінапраектаў? Як арганізоўваць фестываль кінамастацтва, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, і з кожным годам набіраць абароты? Напярэдадні 23-й эдыцыі «Лістапада» мы пагутарылі з камандай арганізатараў, каб даведацца, хто стаіць за буйнейшым кінаівэнтам у краіне.
Ігар Сукманаў – дырэктар праграм гульнявога кіно, дырэктар конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік»
Ірына Дзям’янава – дырэктарка праграм дакументальнага кіно
Аляксандра Макарэвіч – памочніца дырэктара праграм гульнявога кіно
Вольга Рудак – памочніца дырэктаркі праграм дакументальнага кіно
Як вы трапілі ў каманду «Лістапада»?
Ірына Дзям’янава: Я не памятаю дакладна калі, але з «Лістападам» я пачала працаваць у якасці чальца прафесійнага журы кінематаграфістаў. Тагачасная дырэктарка фестывалю Валянціна Сцяпанава прапанавала дадаць да праграмы конкурс негульнявога кіно – і мы пачалі. Вырашылі адразу паказаць пару дакументальных фільмаў для вузкага кола – тады гэта былі нашыя сябры-кінематаграфісты з піцерскага фестывалю «Послание к человеку». Гэтыя паказы не былі звышпаспяховымі, але пэўную ўвагу кіношнай супольнасці да сябе прыцягнулі.
Канешне, цяпер я разумею, што арганізацыя была даволі наіўнай: паказы ў маленькіх залах на 30-50 чалавек, фільмы круціліся з DVD, але намі кіраваў тады вялікі энтузіязм! У некаторых момантах мне сёння не хапае гэтай камернасці, але ўсё кампенсуецца ўзроўнем фільмаў, якія мы дэманструем сёння.
Ігар Сукманаў: Для мяне «Лістапад» – натуральны працяг майго жыццёвага шляху, бо з любоўю да кіно я нарадзіўся. Я памятаю першы фестываль, які я наведаў: гэта быў прывоз фільмаў Маскоўскага кінафестывалю ў Менск у 1981 годзе. Я сябе яшчэ не так добра ўсведамляў, але гэтую падзею памятаю добра. Пасля я атрымаў журналісцкую адукацыю, скончыў ВГІК, працаваў валанцёрам на кінафестывалях у Маскве і Сан-Францыска. С 2003 пачаў штогод, забіваючы на працу, ездзіць на Канскі кінафестываль, і гэта было фантастычна: кожны вечар я ішоў амаль дзве гадзіны пешшу з паказаў да таго мястэчка, дзе жыў. Ідзеш, увесь захоплены, ва ўражаннях ад убачанага, а вакол – мора, Каны.
Мая гісторыя з «Лістападам» пачалася яшчэ з ВГІКаўскай тусоўкі. Разам са мной у Маскве вучыўся адзін з пачынальнікаў фестывалю Сяргей Арцімовіч. Часам мы проста сядзелі і абмяркоўвалі ідэю стварэння тыдня кіно ў Беларусі. Гэтая ідэя нарадзілася з-за сітуацыі, якая склалася тады ў грамадстве. З-за таго, што мы перасталі быць адзінай дзяржавай, сістэма кінапракату была проста разваленая, як і ўсё астатняе, а гэта значыла, што да беларускага гледача не даходзілі фільмы нават улюбёных і вядомых Данэлія, Разанава ці Кіры Муратавай. Хочацца верыць, што ў складаныя 90-я «Лістапад» стаў часткай культуры, адукацыі, асветы, нават душэўнай цеплыні, якой не хапала людзям.
З фестывалем я быў звязаны ўвесь час яго існавання, але, так бы мовіць, афіцыйную супрацу мы пачалі з 2010 года, калі я пачаў цалкам працаваць на ім.
«Ведаеце, Вольга, гэта складаная праца, часам людзі плачуць тут»
Я намагаюся рабіць фестываль лепей, хоць мы ніколі не марым і не параўноўваем сябе з Канамі ці Венецыяй, бо гэта ўтопія, хай сабе і прыгожая. Наш інтарэс – хутчэй, паказаць людзям і паглядзець самім, якімі шляхамі развіваецца кінематограф краін, якія яшчэ дваццаць гадоў таму былі адзіным цэлым. Але істотна, што фестываль – гэта не пра ідэалогію, а пра мастацтва, таму нас цікавяць не палітычныя маніфесты, а мова кіно.
Аляксандра Макарэвіч: Я пачала працу ў камандзе «Арт-карпарэйшн» (дырэкцыя «Лістапада») тры гады таму ў якасці, як ні дзіўна, юрысткі, а ўжо праз два гады трапіла ў дырэкцыю «Лістапада», прычым даволі выпадкова. На той момант я ведала толькі Ігара, уласна, які не ведаў мяне. Яшчэ задоўга да гэтага я хадзіла да яго на лекцыі па гісторыі кіно, але нават падумаць не магла, што калісьці буду працаваць яго памочніцай.
Некаторы час я правяла ў Францыі, дзе ў мяне былі знаёмыя, што займаліся арганізацыяй кінаівэнтаў, і тады яны мне падаваліся крыху хворымі на галаву, гэткімі летуценнымі фантазёрамі. Таму, канешне, уявіць сябе за такім заняткам мне было складана.
Але прайшоў нейкі час, мяне гэта зацягнула, і калі ў гэтым годзе мне прапанавалі дапамагаць Ігару, я пагадзілася. Мае знаёмыя, чуючы пра мой занятак, кажуць, што быць у камандзе арганізатараў кінафестывалю – гэта праца мары. Хацелася б перадаць ім прывітанне а чацвёртай раніцы, калі я звычайна кладуся спаць.
Вольга Рудак: Я найшла сваю працу па аб’яўцы ў фэйсбуку. Здаецца, быў пост пра пошук людзей на некалькі пазіцый, у тым ліку на пазіцыю памочніцы праграмнага дырэктара негульнявога кіно. Памятаю, як напісала Ірыне Мікалаеўне велізарны ліст, дзе распавядала пра сябе і свой досвед працы. Потым на размове з дырэкцыяй мне казалі: «Ведаеце, Вольга, гэта складаная праца, часам людзі плачуць тут». Тады я яшчэ была на пятым курсе, і першы год мне насамрэч падаўся жудасным і складаным. Але гэта зацягвае і ўсё кампенсуецца задавальненнем, якое атрымліваеш, калі запрошаныя табой госці прыязджаюць і калі ўсе твае сябры становяцца экспертамі дакументальнага кіно.
Як вы спраўляецеся з недахопам грошай?
Грамадскі рэзананс летам выклікала навіна пра тое, што «Лістападу» не стае фінансавання з-за адмовы галоўнага спонсара «Беларуськалія», які ў гэтым годзе аддаў перавагу «Славянскаму базару ў Віцебску».
Ірына: Так, мы разумеем, што правесці фестываль – гэта дорага. Так, мы разумеем, што краіна нашая – не самая багатая і вялікая, але мы таксама разумеем, наколькі «Лістапад» неабходны Беларусі. У Андрэя Платонава адзін герой казаў: «Без меня народ неполный», дык вось для мяне нацыянальная культура няпоўная без гэтага фестывалю.
«Тут ужо пытанне нацыянальнай бяспекі, калі хочаце: гэта не пра танкі ці БелАЗы, але пра адчуванне нацыянальнай культуры»
Тут ужо пытанне нацыянальнай бяспекі, калі хочаце: гэта не пра танкі ці БелАЗы, але пра адчуванне нацыянальнай культуры, пра тыя пачуцці, якія фармуюцца ўнутры кожнага жыхара гэтай краіны, на што непасрэдна ўплывае «Лістапад».
Ігар: Усе фестывалі свету рана ці позна сутыкаюцца з праблемай фінансавання, мы не першыя. Тут асноўная складанасць – наладзіць арганізацыйны працэс. Для таго каб правесці тыднёвы фестываль, патрэбная доўгая і каласальная праца. «Лістапад» – гэта не лакальнае свята кіно, а з’ява, якая фармуе знешні імідж краіны. Праз «Лістапад» пра Беларусь дазналася шмат замежнікаў, прафесіяналаў і спецыялістаў, ад меркавання якіх шмат што залежыць у свеце цалкам.
Калі мы і найдалей хочам прывозіць да сябе выбітных асобаў у кіно, знаёміць з імі беларускую публіку, варта прыкладаць усе высілкі і шукаць усе шляхі, каб праводзіць гэты фестываль. Грошы тут – не апошні пункт, таму што ўжо ўвесну трэба мець гарант, што восенню мы зможам зладзіць фестываль. Таму, канешне, у гэтым годзе было складана: не хочацца перад усімі партнёрамі выглядаць як пустазвоны. Але такія складанасці даюць новы стымул: хочацца даказаць, што мэты, дзеля якіх робіцца «Лістапад», – не пустыя, яны высокія і патрэбныя нашаму грамадству. Донары ж павінны разумець, што ўкладаюць у будучыню.
Чаго чакаць на «Лістападзе»-2016?
Вольга: З 2012 года мы праводзім конкурс нацыянальных кінашкол. Гэта цікавая канцэпцыя, бо такая фармулёўка конкурсу дазваляе сканцэнтраваць увагу гледачоў на рысах творчасці майстроў розных краін, а самім творцам – дазнацца пра досвед адно аднога. Цалкам конкурс хутчэй нагадвае вялікі майстар-клас: ён доўжыцца тры дні, большасць часу якіх усе ўдзельнікі і аўтары работ праводзяць разам для супольнай працы.
У гэтым годзе будуць прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Ізраіля. Вылучыць фаварытаў тут складана: па сутнасці, фестываль і ёсць дэманстрацыя лепшага, мы робім вытрымку, неабходны мінімум таго, што трэба паглядзець.
Ірына: Цікавая частка фестывалю – пазаконкурсная праграма «ПостДок». Дакументальнае кіно дужа змянілася за апошні час з-за парушэння межаў паміж гульнявым і негульнявым кіно. Праграма «ПостДок» – хутчэй пра гэта, тут больш важна аўтарскае бачанне, гэта, так скажам, некласічнае дакументальнае кіно.
Аляксандра: Неад’емны элемент праграмы «Лістапада» – конкурс дзіцячага і юнацкага кіно «Лістападзік». У гэтым годзе мы хочам адысці ад класічнага разумення дзіцячага кіно і ў межах конкурсу паказаць нават крыху правакацыйныя фільмы. Мы хочам зрабіць большы акцэнт на юнацкае кіно і зламаць стэрэатып пра тое, што дзіцячае кіно – гэта заўсёды нешта святочнае, добрае, мульцяшнае. Насамрэч жыццё маладзёнаў, юнакоў часта нашмат больш складанае, яны нават самі сябе часам не разумеюць. Сваёй праграмай мы хочам іх падтрымаць і ў тым ліку паказаць астатнім, якім складаным можа быць унутраны свет дзіцёнка ці падлетка.
«У гэтым годзе мы хочам адысці ад класічнага разумення дзіцячага кіно, і ў межах конкурсу будуць паказаныя нават крыху правакацыйныя фільмы»
Ігар: Часткай сёлетняга «Лістапада» стане «Індустрыяльная праграма» – форум прафесіяналаў у сферы кіно. Відавочна, што Беларусь нельга назваць краінай буйной і развітай кінаіндустрыі. Гэта звязана ў тым ліку і з нашай гісторыяй, бо нават сучаснае беларускае кіно шмат у чым абапіраецца на савецкія традыцыі. Таму ў «Лістапада» ёсць і яшчэ адна важная задача – кансалідацыя намаганняў усіх удзельнікаў беларускага кінапрацэсу. Гэта дазволіць нам інтэгравацца ў сусветную супольнасць хаця б у сферы кіно.
Ірына: Крызіс у беларускім кіно дасягнуў свайго піку. Бо, як у Шэкспіра, «прервалась связь времён». На студыях цяпер ужо не працуюць мэтры, сапраўдныя майстры. Таму шлях выратавання – за моладдзю. Гэта даволі рызыкоўны шлях, бо ў маладых мала досведу, але шмат жадання, а для мастацтва гэта істотна. Мы лічым, што гэты запал можа выратаваць кінаіндустрыю краіны.
«Індустрыяльная праграма» створана якраз для таго. Там госці фестывалю змогуць сустрэцца з маладымі беларускімі творцамі, пракансультаваць іх. Гэта будзе, як мы кажам, «сцэнарнае сватаўство»: мы дапаможам аўтарам і прафесіяналам знайсці адно аднаго.
Музычная алюзія на джармушаўскага «Мерцвяка».
Пятый выпуск – урбанистический.
A story about (or no) cooperation between government representatives, NGOs and ordinary people that care.
A story about (or no) cooperation between government representatives, NGOs and ordinary people that care.
Javid Nabiyev speaks on arrests of gay people in Azerbaijan, explains the «fucking solidarity» term and the point of activism.
Joris Hanse, Dutch activist from the Doorbraak, speaks about the Netherlands not matching the stereotypes.
COMMENTS (1)
"Наш інтарэс – хутчэй, паказаць людзям і паглядзець самім, якімі шляхамі развіваецца кінематограф краін, якія яшчэ дваццаць гадоў таму былі адзіным цэлым. "
ээээ... нешта, дзякуй, богу, ня толькі з СНД фільмы на Лістападзе ідуць.