Пікнік на лічбавай узбочыне

Як зладзіць пікнік ля дата-цэнтру? Як выхаваць са сваёй коткі гарадскога скаўта? Як развіць у сабе параною з дапамогай мабільнай прылады? Аляксей Талстоў пагутарыў з мастакамі Дзінай Жук і Міколам Спясіўцавым з арт-групоўкі EEEFFF пра альтэрнатыўныя будучыні лічбавага грамадства.

 

Зразумела, што сучаснае мастацтва – гэта куды больш, чым стэрыльныя белыя сцены галерэі. Яно выходзіць на вуліцу, змагаецца, напружвае, трапляе ў навіны. Яно не заўжды лёгка ідэнтыфікуецца, бо ягоная міждысцыплінарнасць і разнастайнасць ягоных метадаў трывала злучае арт з іншымі практыкамі. Тактыкі, якімі карыстаюцца мастакі, таксама могуць быць самымі рознымі, як, зрэшты, і мэты.

Удзельнікі групоўкі EEEFFF Дзіна Жук і Мікола Спясіўцаў збольшага занятыя распрацоўкай мадэляў альтэрнатыўных будучыняў. Яны эксперыментуюць з пераканфігурацыяй сувязяў паміж актарамі чалавечай і нечалавечай прыроды на перасячэнні тэхналогій, лічбавай інфраструктуры, гарадской культуры, псіхалогіі і эканомікі. Мастакі робяць антыдысцыплінарныя даследаванні, ладзяць пікнікі, экспедыцыі, вечарынкі, ствараюць навучальныя відэа, інструкцыі, мабільныя прылады і нават кампактную тактычную рэлігію. Карацей, інструментар у чувакоў насычаны.

Дзіна з Міколам пераехалі з Менску ў Маскву і паступілі ў школу фатаграфіі імя Родчанкі – у Беларусі не ставала магчымасцяў для адукацыі ў сферы сучарту. Зараз, па сканчэнні школы, працуюць у асноўным у Маскве, хоць і шмат ездзяць. Мы сустрэліся падчас іхнага кароткага візіту ў Менск і пагаварылі пра дата-цэнтры, інфармацыйныя плыні, альтэрнатыўныя будучыні і котку-скаўта.

 

Пра мастацтва

 

Вашая практыка не падаецца такой адназначнай. Каб не было непаразуменняў, скажыце, калі ласка, адразу і шчыра, чым вы ўвогуле займаецеся? Арт гэта ці што?

Мікола Спясіўцаў: Мы хуліганім. Троху ў інтэрнэце, троху ў горадзе. Ну і, вядома, мы займаемся прапагандай, спекуляцыямі, не пабаюся гэтых словаў. Мастацтва заўжды было пра спекуляцыю. Мы прапагандуем магчымасць жыць інакш.

Дзіна Жук: Я б казала не пра мастацтва ўвогуле, але пра нейкія эксперыментальныя мастацкія практыкі. Яны могуць не мець матэрыяльнага выніку. Увогуле мы за адкрытыя працэсы, якія не заўжды звязаныя з прадуктам.

Мікола: Любы чалавек – мастак. Мы ж не схаваныя ў тыя ідэнтычнасці, якія нам падатковая навязвае. Можна паглядзець збоку на тое, як усё адбываецца. Але можна і закруціцца ў віхуры інфармацыйных працэсаў, якія зараз ідуць вакол нас усіх, і не заўважыць, што ты ўжо прапусціў нейкую кропку, ад якой табе давядзецца доўга бегчы назад, каб зрабіць нешта інакш. Таму нашая мэта – прыдумаць як мага больш альтэрнатыў, іншых пунктаў гледжання.

Нашая мэта – прыдумаць як мага больш альтэрнатыў, іншых пунктаў гледжання

Дзіна: Звычайна мы пачынаем з нейкага адмаўлення таго, што існуе, і пераходзім да канкрэтных альтэрнатыўных хадоў, уяўляем новыя будучыні. Можна параўнаць з тым, што калі б адбылася рэвалюцыя, то на гэты момант у нас павінна была б быць свая дасканалая праграма, каб не разгубіцца ў момант пераўладкавання грамадства. Па сутнасці, мы распрацоўваем такую праграму, выкарыстоўваючы свае спекулятыўныя практыкі.

Мікола: Гэта вельмі важна, бо мастацтва якраз і патрэбнае, каб не прахлопаць, каб не разгубіцца ў пэўны момант. Нам трэба пакаштаваць рознага. Мастацтва прыпыняе існы парадак рэчаў. Падаецца, як можа быць інакш: тут абмежаванне, там, а пасля і пенсія ўжо, а ты на яе не зарабіў. Усё рэгламентаванае. А мастацтва, нават калі яно аб'ектнае, нават калі яно ў белым кубе, прапануе розныя магчымасці. Трэба пераставіць усё, перасабраць, праверыць. Галоўнае – рабіць гэта з гумарам, не ныць і верыць, што вось яшчэ крыху падумаем – і будзе лепш.

 

 

Пікнік ля дата-цэнтру

 

 
 
Адной з апошніх акцый EEEFFF быў пікнік каля дата-цэнтру «Ашчадбанка» ў Маскве, таксама вядомым як МегаЦАД (цэнтр апрацоўкі дадзеных – 34mag). Каля дваццаці чалавек правялі дзень на бетоннай пляцоўцы ў цэнтры горада ля агромністага сховішча інфармацыі. Дата-цэнтры – гэта новыя тыпы будынкаў, якія ўтрымліваюць у сабе ўсю тую інфу, якая штодня праходзіць праз нашыя дэвайсы. У адрозненне ад таго дзяржаўнага, ля якога тусаваліся ўдзельнікі пікніка, найчасцей яны належаць карпарацыям, такім як Google ці Facebook. Апошнім часам узнікаюць канфлікты з уладамі, якія патрабуюць прадстаўленне тых ці іншых дадзеных, што адмоўна ўплывае на капіталізацыю. Тут можна прыгадаць нядаўні канфлікт паміж ФБР і Apple наконт узлому айфона тэрарыста з Сан-Бернардына. Але большасць працэсаў, якія ідуць вакол такіх сховішчаў інфармацыі, пакуль што не навідавоку.

 

 

Мікола: Мала хто ўздымае тэму дата-цэнтраў, але яны вызначаюць тое, як функцыянуе эканоміка, як людзі звязаныя ў кам'юніці. Ніхто не гаворыць, ніхто не вывучае тое, як у прастору горада ўваходзяць новыя тыпы будынкаў. Іх можна параўнаць з аэрапортамі па тым, як арганізаваныя бяспека, кантроль доступу.

Дзіна: Але, у адрозненне ад аэрапортаў, яны не публічныя месцы, гэта такая шэрая зона. Мы сядзелі там каля васьмі гадзінаў, каля найбуйнейшага ў Еўропе дата-цэнтру, але ніхто не падышоў да нас, нічога не спытаў. Так што пакуль яшчэ гэта такая зона, якую можна вывучаць і ўзаемадзейнічаць з ёю.

Мікола: Там трубы з раструбам. У нас была ідэя пабудаваць катапульту і закідваць туды ў іх буракі ці мяхі з насеннем ліянаў. І яны б раслі з тых труб вонкі. Гэта было б так прыгожа… Толькі прыладзіцца троху.

Дзіна: Такі біятэрарызм.

 

 

 

У кватэры сяброў, у якіх спыніліся рабяты, пакой заліты заходным сонцам. На вуліцы лета, і такія размовы маглі б здавацца троху неадпаведнымі ані моманту, ані цеплыні гэтага вечару. Але гаворка ў нас спакойная і вясёлая. Падаецца, што абодва ставяцца да сваёй творчасці з доляй гумару і нейкай іроніяй, хоць і гавораць пра даволі сур'ёзныя рэчы. Мікола расказвае пра тое, як дата-цэнтры ў Скандынавіі размяшчаюць у пячорах і ўсяляк падкрэсліваюць повязь архітэктуры з натуральным асяродкам, падсвятляюць скалы, земляныя фактуры. Таксама згадваецца выпадак пра тое, як адзін з дата-цэнтраў у Ірландыі быў атакаваны барсукамі і мышамі – не заўжды прырода пагаджаецца з чалавечымі эксперыментамі.

 

 

Дзіна: У нас узнікае пытанне: каму належаць дадзеныя, якія захоўваюцца на серверах? Ну вось у многіх ёсць карткі «Ашчадбанка», але мы як уладальнікі нашай інфармацыі не можам увайсці ў дата-цэнтр, хоць неяк дакрануцца да гэтай архітэктуры, паглядзець на серверы, мы не ведаем, хто мае доступ да гэтых звестак, напрыклад, ці могуць быць звесткі перададзеныя дзяржаве.

Дата-цэнтры можна параўнаць з аэрапортамі па тым, як арганізаваная бяспека, кантроль доступу

Мікола: То-бок мы прыйшлі туды і разумеем, што прайсці ў сярэдзіну не можам, паўплываць на гэта не можам. Нават знішчыць гэта не можам, бо ў іх дызель-генератары і сістэма ачышчэння паветра. Так што тут у нас была такая псіхагеаграфія: мы прыйшлі папрысутнічаць асабіста, наблізіцца да лічбавых працэсаў, якія там працякаюць. Можна было адкрыць тэлефон, прыладу банка, паглядзець, ці зробіцца троху цяплей, калі мы ўсе раптам грошай на тэлефон падкінем. Нас вельмі цікавіць, што мы можам зрабіць з гэтымі дадзенымі, ці можам мы іх адазваць назад. Што рабіць з гэтым у будучыні?

 

Котка-скаўт

 

 
 
EEEFFF даволі актыўна працуе ў горадзе, у тым ліку і з тэмай рэпрэзентацыі ўлады. У адной з практык яны трэніруюць сваю котку для праходжання перашкодаў у гарадскіх умовах. Дзіна кажа, што было б файна даць магчымасць хатнім жывёлам, якія ўвесь час зачыненыя ў кватэрах, жыць паўнавартасна, развівацца. Мастакам цікава праверыць, «наколькі коткі гатовыя памяняць сваё жыццё і пусціцца ў гарадскія прыгоды».

 

 

Мікола: Нашая котка паказвае, што ёй сумна ў кватэры, але яна баіцца выйсці. Мы стварылі для яе міні-горад з макетамі маскоўскіх будынкаў, якія вызначаюць рэжым існавання, напрыклад, Лубянкі. Але такіх месцаў шмат, бо Масква – гэта горад платоў, гэта відэакамеры назірання, супрацоўнікі паліцыі і іншая шушамець, якая забараняе нам рабіць тое, што мы хочам.

Дзіна: Нас цікавіла нябачная архітэктура Лубянкі, і котка можа туды прабрацца і быць нябачнай для прадстаўнікоў уладных структураў. Ну і ёсць доўгая гісторыя ўдзелу жывёлаў – котак, сабак, галубоў – у вывучэнні тэрыторыі ворага.

Каму належаць дадзеныя, якія захоўваюцца на серверах?

Мікола: Чаму ў горадзе павінна існаваць такое месца, пра якое ніхто нічога не ведае? Той, хто там быў, звычайна ўжо нічога не кажа, а тыя, хто туды рэгулярна ходзяць, таксама маўчаць. Гэта ж цікава. Людзьмі кіруе цікаўнасць. Мы не можам паглядзець, але нашая котка можа. Уяві сабе, вось мікрараён – і кожны ў сябе ў кватэры трэніруе котку, каб яна зрабілася гарадской партызанкай. І пачынаецца гэта з таго, што мы раздаем флаеры на кашачай выставе на ВДНГ.

 

 

Paranoiapp

 

У калабарацыі з Валем Фіцісавым Дзіна і Мікола стварылі Paranoiapp, мабільную прыладу, якая дае іншым карыстальнікам магчымасць сачыць за табой. У сакавіку гэтага года праца прэзентавалася ў межах выставы GLOBALE: New Sensorium у Цэнтры мастацтваў і медыятэхналогій у нямецкім Карлсруэ. Paranoiapp – гэта гульня з панаптыконам і даволі дзейснае выказванне на тэму прыватнасці. Карыстальнік бачыць карту і чорную кропку на ёй, чалавека, за кім ён можа сачыць. Алгарытм пабудаваны так, што з усіх карыстальнікаў кожны дзень у выпадковым парадку праграма выбірае аднаго. Ахвяра ж сочыць за некім іншым. Таксама ёсць чат для абмеркаванняў. Паўплываць на выбар аб'екта ніхто не можа.

 

 

Дзіна: Асноўная мэта тут – не сачыць, але быць тым чалавекам, за якім сочаць, адчуць на сабе гэты цяжар, калі за табой назіраюць некалькі соцень чалавек.

Мікола: Па факце, праз камунікацыю з іншымі юзерамі ты прыходзіш да думкі, што ахвярай можаш апынуцца і ты. Калі не цяпер, то заўтра, у любы момант. Але мы ўсе ведаем, што праз нашыя тэлефоны за намі сочаць увесь час. Мы хочам узмацніць гэты эфект і перанесці яго ў фізічную прастору. Людзі, якія карысталіся, казалі, што яны адчуваюць, як оптыка ўспрыняцця горада мяняецца – і яны пачынаюць больш азірацца.

Асноўная мэта Paranoiapp – не сачыць, але быць тым чалавекам, за якім сочаць, адчуць на сябе гэты цяжар, калі за табой назіраюць некалькі соцень чалавек

Дзіна: Але адначасова гэта і інструмент, скіраваны ў будучыню. Мы можам нават сёння сказаць, дзе знаходзіцца наш сябра ці любы чалавек. У будучыні будзе лёгка назіраць адзін за адным, папросту пакуль не зразумела, добра гэта ці не.

Мікола: Мы хочам паказаць гэта людзям, даць ім непасрэдны досвед, прапанаваць ім падумаць, ці нармальна гэта ўвогуле, ці трэба ўсё ж нешта памяняць. Ці карысна гэта, ці прыемна? Што можа атрымацца ў тым выпадку, калі мы радыкальна адмовімся ад нашай прыватнасці? Ці будзе гэта як у «1984», ці можна яшчэ троху падумаць над гэтым?

 

 

EEEFFF і сучарт

 

 
 
Увогуле EEEFFF асабліва не імкнуцца ўпісвацца ў нейкія маскоўскія тэмы, хутчэй ствараюць уласнае кам'юніці, канструююць нейкую сваю павестку. Эксперыментуюць з эканамічнымі мадэлямі ў межах «Летучей Кооперации», супольнасці культурных працаўніц і працоўных, разам з Сямёнам Кацам ладзяць семінар пра рэжым бяспекі і кантроль доступу, удзельнічаюць у працы платформы гарадскіх дзеянняў «Делай Сам» і арганізуюць у межах яе штогадовую нефармальную канферэнцыю.
 

Мікола: Мы ўдзельнічаем і ў выставах, бо тусоўка сучаснага мастацтва міждысцыплінарная. Яна гатовая пагаварыць пра нейкія складаныя рэчы. Няма нічога кепскага ў выставах, бо гэта магчымасць, маючы нейкую дыстанцыю, паспрабаваць пагаварыць доўга. Калі ты працуеш па-за інстытуцыямі, твой вопыт у асноўным звязаны з медыя. І па сваёй прыродзе ён вельмі хуткі, пазбаўлены пэўнай дыстанцыі, якая ўласцівая для выставаў.

У Беларусі трэба найперш гаварыць пра эканамічны базіс

Акрамя дзейнасці ў Маскве, EEEFFF шмат падарожнічаюць і ўдзельнічаюць у самых розных мерапрыемствах. Напярэдадні нашай сустрэчы яны вярнуліся з канферэнцыі ў Літве і на наступны дзень збіраліся ў Кіеў. Таксама яны неаднаразова працавалі ў Нямеччыне, удзельнічалі ў Паўночнай біенале ў Мос у Нарвегіі.

Мікола: Калі ты ездзіш, гэта ўсё афігенна пашырае кантэкст. Бачыш лакальнае вымярэнне праблемаў, з якімі ты працуеш, бачыш, што цябе яднае з іншымі людзьмі. Нельга закрывацца, трэба знаходзіць агульную платформу для вялікага дзеяння і руйнаваць перашкоды. Лёгка абмяжоўвацца, складаней пераадольваць. Калі пераадольваеш, то робішся мацнейшым, ідзеш наперад і разумееш, што будзе далей. Ставячы пад сумнеў мінулае, адкрываеш магчымасці для стварэння новай будучыні.

 

 

 

Ці засталіся ў вас сувязі з Беларуссю? Можа, сэрца баліць? Ці ёсць якія сумесныя калабарацыі?

Дзіна: Канечне! Мы зараз паднабраліся досведу і гатовыя выходзіць на беларускую сцэну. Плануем сумесны тыдзень семінараў, дыскатэк, паходаў і марафонаў, які мы арганізуем сумесна з Воляй Сасноўскай і Лёшам Барысёнкам.

Мікола: Усё будзе аб'яднанае тэмай «Працуй больш! Адпачывай больш!» Мы атрымалі досвед у Маскве, пашырылі кантэкст і разумеем, што ў Беларусі трэба найперш гаварыць пра эканамічны базіс. Тое, як арганізоўваецца нашае жыццё, тое, як мы працуем ці не працуем. Ці хочам працаваць? Як мы хочам адпачываць і як нам дазваляюць гэта рабіць? Гэта вызначае, як робіцца культура. Колькі часу ў нас на яе застаецца? Плацяць нам за гэта ці не? Шмат пытанняў, якія яднаюць не толькі мастакоў, але ўсіх людзей: і праграмістаў, і перакладчыкаў, і інжынераў. Мы хочам ініцыяваць размову пра творчасць і эканоміку.

 

 
 
 

Але ўсё ж дзе вы больш імкнецеся рэпрэзентавацца? У якім полі?

Дзіна: Мы хочам жыць у афшорнай зоне.

Мікола: Дырыжабль – добры варыянт. Федэрацыя дырыжабляў, якія лунаюць над межамі, не да чаго не прывязаныя. Сёння – там, заўтра – тут. Нацягнем у небе празрыстую плёнку, арганізуем новую плоскасць над межамі, над усім.

Дзіна: Тэрыторыя тут не настолькі прынцыповая, як пошук саўдзельнікаў. Таму мы зараз больш падарожнічаем, чым жывем на пэўнай тэрыторыі. Удзелы ў выставах патрэбныя, каб стварыць нейкую сетку аднадумцаў, з якімі можна далей калабараваць і выбудоўваць новыя будучыні, якія будуць па-над межамі, якія будуць ствараць супольнасці над тэрыторыямі.

Мікола: Цікава рабіць усё з сябрамі. Цікава, калі ёсць банда. Мы не з’ехалі з Масквы пасля вучобы толькі таму, што ў нас была банда, былі праекты, якія хацелася зрабіць. А паездкі зараджаюць энергіяй. Багата ідэй нараджаецца, калі ты мяняеш кантэкст, нешта сутыкаецца, змешваецца, нешта новае з’яўляецца. Не тэрыторыя – людзі. Яны вышэй за межы, вышэй за дзяржавы.

 

 

Фота by Лёша Навумчык і з архіваў EEEFFF.

 


COMMENTS (3)

Сергей
Сергей | 12.06.2016 12:48

Я конечно человек широких взглядов, вроде образованный, постмодернизм не отрицаю (и даже иногда понимаю), но это же абзац! уже какой-то. Ну явно бестолковая и бессмысленая деятельность, зачем это нужно, искусством конечно можно назвать что угодно. Вроде взрослые люди, неужели так интересно заниматься чем-то наподобие детской игры, делая при этом еще и серьезное лицо.

3 1 +2
amerok
amerok | 14.06.2016 10:50

абсолютно.
особенно в сравнении с тем что и во имя чего сделали уже петр павленский и катя ненашева. последняя - вообще не уступает ПП в серьезности

https://openrussia.org/post/view/15667/

1 0 +1
amerok
amerok | 11.06.2016 20:18

СУЧАРТ... как много в этом слове!

1 1