Падпольны спецкар

У мінулую пятніцу ў «Корпусе 8» адбылася гістарычная падзея ў свеце беларускага графіці. Хлопцы з алдовай каманды 10К надрукавалі пілотны выпуск першага ў гісторыі часопіса пра беларускае графіці. Хто яны – беларускія райтары, што выбраць: скрыню хромавага аэразолю альбо скрыню піва, як адправіць графіці ў космас – глядзі ў нашым стылёвым рэпорце.

 

Пралог

Гісторыя беларускага графіці бярэ пачатак яшчэ з сярэдзіны 90-х, калі на сценах з’яўляліся першыя хуткія малюнкі аўтамабільнай фарбай, прывезенай з Польшчы альбо набытай на Жданах за зэканомленыя са школьных абедаў грошы. Першыя гады «кускі» віселі ў горадзе так доўга, што цяперашнія імёны на сценах могуць толькі зайздросціць, захлынаючыся ЖЭСаўскай фарбай.

У пачатку станаўлення графіці-культуры райтары дасылалі свае скетчы і фота на батлы ў «Музыкальную газету» і адно аднаму. Цікавая тады была камунікацыя: свежы малюнак графітчык здымаў на сямейную камеру, друкаваў і дасылаў сябру па перапісцы; сябар афігеваў або звяртаў увагу на памылкі і павінен быў даслаць усё назад. У 2001 годзе выйшаў першы нумар часопіса True Stilo, які, як тарнада з «Чараўніка краіны Оз», перанёс маладых і зацікаўленых у прывабны свет хіп-хопу. Тагачасныя школьнікі збягалі з урокаў, каб паспець на прэзентацыю альманаха, які цяпер успамінаюць з цеплынёю ў душы.

Пасля камунікацыя перацякла ў інтэрнэт, які даваў больш шансаў для абмену інфармацыяй, спрэчак на форумах, падглядвання фішачак і адточвання ўласнага стылю. Горад жа пачаў запаўняцца графіці паўсюль: таварнякі і пасажырскія цягнікі, дахі дамоў і масты, нават на дзвярах КДБ красаваліся літары SF, ува што зараз цяжка паверыць. Беларускія ўлады не разумелі, што з гэтым рабіць: пакідаць як частку горада ці хаваць, як цынічныя бацькі хаваюць дзіця з асаблівасцямі развіцця. Як мы бачым, выбралі другі варыянт.

Першыя гады «кускі» віселі ў горадзе так доўга, што цяперашнія імёны на сценах могуць толькі зайздросціць, захлынаючыся ЖЭСаўскай фарбай.

Потым сярод папяровых выданняў асаблівага ўсплёску ў сферы беларускага графіці не было. У 2012 годзе выйшаў часопіс Signal, але ён быў ужо пра стрыт-арт, а не райтарскае мастацтва.

 

 

 

Падполле

На мінулым тыдні нарэшце быў зроблены якасны скачок у беларускім графіці: у «Корпусе 8» прэзентавалі першы ў гісторыі часопіс Popdolie. Мерапрыемства праходзіла ўтульна, сабралося багата прадстаўнікоў олдскульнай сцэны графіці і куды болей – маладняка. Пасля ўступнага слова стваральнікаў адбыўся традыцыйны скетч-батл і непасрэдна продаж часопіса. Бі-боі не танчылі, у мікра ніхто не рэпаваў, пасля батлу вырубілі святло і пачаўся прагляд кінастужкі пра графіці-экшн ад каманды 10К. Шчыра кажучы, выглядала досыць уражліва: цалкам размаляваныя цягнікі белчыгункі, якія едуць па Менску, – падобна да фантастыкі, але ўсё гэта праўда.

Стваральнікі часопіса Podpolie пазіцыянуюць кантэнт на старонках як пасланне нашчадкам, летапіс таго, што адбывалася на сценах горада перад з’яўленнем каляровых прастакутнікаў. Фотаздымкі нелегальнага графіці, якія дасылаліся ахвотнымі райтарамі ў часопіс, акрамя фарбы на бетоне, хаваюць у сабе палітру эмоцый, выкіды адрэналіну, спрэчкі з міліцыяй і прадстаўнікамі аховы, моцнае сяброўства, давер і, канешне, стыль. У часопісе ёсць секцыі з тэгамі, цягнікамі, хуткімі троў-апамі, графіці-кускамі, упісанымі ў кантэкст горада і прыпраўленымі трохі высакапарнымі цытатамі.

Па словах стваральнікаў, кантэнт Podpolie – гэта эсэнцыя з усяго жмыху, які ёсць у інтэрнэце, альтэрнатыва блогам, якія посцяць як мага болей дзеля лайкаў. Але, падаецца, умясціць можна было і больш, значна больш, калі, напрыклад, не друкаваць два падобныя здымкі на адной старонцы. Не хапіла і бамбічных разваротаў з кускамі, якія ахвота паразглядаць. Але гэта першы блін, і нельга казаць, што ён цалкам комам. Спадзяемся, з наступнымі нумарамі рэцэптура ўдасканаліцца.

Карацей, у Podpolie сабрана ўсё, за што можна трапіць і за што трапілі ў «Зону Х» на беларускім тэлебачанні. Журналісты з БТ да «Корпуса 8» так і не даехалі, а вось спецыяльны карэспандэнт 34mag Гарашчы Жыраф выведаў усю праўду ў наведнікаў гістарычнай падзеі. Хто яны – беларускія райтары, што выбраць: скрыню хромавага аэразолю альбо скрыню піва, як адправіць графіці ў космас – глядзі ў нашым стылёвым ч-б рэпорце.

 

 

Podpolie ў сацсетках:

FB   VK   Набыць па-за межамі Беларусі

 

 

 

 

 

Фота by poliakowa
Відаэ by Tracy HipHop