Пачакай, я сфоткаю!

 

Мы нырнулі ў самыя нетры беларускага інстаграма і знайшлі сем зусім яшчэ не апераных маладых фатографаў, якія з лічбавай мабільнай фатаграфіі ствараюць мастацтва. Давай і ты!

 

 

  Наста Баннікава

На здымках Насты – навакольны свет падлетка: сябры, канцэрты, летнія падарожжы ў замежныя краіны. Некаторыя фота дыхаюць такой пяшчотай, што з усмешкай успамінаеш радкі з «Ляпісаў»: «Молодость и радость, ты главный партизан!»

Наста здымае на iPhone 5s, апрацоўвае ў VSCO.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

  Наташа Маёрава

Наташа ў сваіх кадрах гуляе са святлом і ценем і праз іх мудрагелістыя формы перадае простыя чалавечыя пачуцці: смутак, заклапочанасць, гарэзлівасць, сорам, цеплыню абдымкаў – іх тэрапеўтычны эфект супастаўны з хвілінай задумлівасці за ранішнім кубкам кавы. «Далёка не заўсёды маеш пад рукой паўнавартасны фотаапарат. Камера смартфона дапамагае мне за лічаныя секунды захаваць любую падзею, якая адбываецца побач», – кажа яна.

Наташа робіць свае здымкі на Meizu M2 Mini.

 

 

 

 

 

 

 

  Дзмітрый Дзямідчык

Дзімавы фоткі расказваюць пра чалавека і яго сустрэчу з навакольным светам. Стаіш перад насычаным зорным небам, чакаеш цягнік у метро або фанабэрыста сядзіш на лаўцы, ты адчуваеш яго велічнасць і татальнасць, але ў наступны момант кідаеш яму выклік і лагодна пасміхаешся вачамі. «Я заўсёды любіў кіно. Адтуль, напэўна, мая любоў да фатаграфіі. Фотаапарата ў мяне ніколі не было, і дагэтуль няма», – кажа хлопец.

Дзіма здымае на Google Nexus 4, апрацоўвае ў Snapseed.

 

 

 

 

 

 

 

 

  Ганна Залатарэвiч

Як такога агульнага сюжэта ў дзяўчыны няма. Хутчэй, кожная фатаграфія стварае ўласны сэнс і часта нараджаецца спантанна. У ролях мадэляў выступаюць сябры і блізкія, частка здымкаў – увогуле выпадковыя кадры. «Адзіная мая ўнутраная ўстаноўка – гэта чорна-белая фатаграфія. Яшчэ да таго, як захаваць момант, у сваёй галаве я ўжо бачу яго ў ч/б. Калі я бачу кадр, які з дапамогай маёй камеры не зняць, прашу тэлефон у сваіх сяброў і родных, якія знаходзяцца ў гэты момант са мной».

Ганна карыстаецца камерай тэлефона HTC Desire 816.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

  Уладзімір Маляўка

Стыль хлопца – архітэктура, мінімалізм і манахромнасць. Яго фатаграфіі чапляюць нязнаныя падсвядомыя пачуцці сваімі вугламі, патэрнамі і кантрастам чорнага і белага. І тады разумееш, што чалавечае ўспрыманне таксама сканструяванае больш простымі і абстрактнымі формамі. «Для мяне якасць адыходзіць на другі план, бо кожны другі смартфон выдае больш-менш добрую карцінку. Якi б фотаздымак ні быў – аналагавы, лічбавы, мастацкi, рэкламны – без творчасці ён не мае ў сабе сэнсу».

Фотаздымкі Вова робіць на Huawei Honor 3x. Апрацоўка кадраў – VSCO ці Layout.


 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

  Мікіта Яраш

Працягвае геаметрычна-канцэптуальную хвалю Мікіта, які да загадкавых перакрыжаванняў ліній далучае інтэнсіўнае ззянне колеру. У яго профілі рэдка знойдзеш выявы людзей, але нават і яны толькі выконваюць сваю ролю кантраснай плямы. Асобны пункцік Мікіты – тэнісныя корты і баскетбольныя пляцоўкі. «Мне падабаецца аб’ядноўваць фатаграфіі ў тэматычныя, каляровыя падборкі. Стараюся трымацца “вечнай” яркай летняй тэмы, знаходзіць прыгажосць у простых формах і лініях».

Фотазброя Яраша – iPhone 5s.

 

 

 

 

 

 

 

  Андрэй Бурак

Андрэй працуе борт-правадніком у Belavia – ад гэтага яго здымкі багатыя на калейдаскоп краін і кантынентаў, а стыль можна паўнавартасна абазваць travel-фатаграфіяй. «Галоўнае для мяне – гэта злавіць атмасферу месца, дзе я знаходжуся тут і цяпер. Дзякуючы фатаграфіі, я магу думкамi вярнуцца ў момант, які застаўся ў мінулым».

Свае падарожжы хлопец фоткае на iPhone 6s.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Больш пра мабільныя дадаткі для апрацоўкі фота чытай на 34travel.