Народны стартап

Хоць мы і абяцалі нічога не збіраць на краўдфандынгу, але гэта не значыць, што мы не будзем пра яго распавядаць і заклікаць цябе да дабрачыннасці. Якія праекты больш паспяховыя, дзе знайсці рыдлёўку для грамадскіх душавых і чым краўдфандынг адрозніваецца ад краўдсорсінгу – чытай у нашым дэталёвым разборы топіку.

 

Што такое краўдфандынг?

Нават з узроўнем англійскай beginner ты можаш ужо з назвы даведацца, што краўдфандынг – гэта калектыўнае фінансаванне; сацыяльная з’ява, калі людзі скідваюцца паводле прынцыпу «хто колькі можа» для таго, каб падтрымаць ініцыятывы іншых таленавітых ды творчых асобаў. Ініцыятывы могуць быць абсалютна розныя: ад выдання кніжкі да падтрымкі палітычных кампаніяў, галоўнае – каб знайшлося дастаткова прыхільнікаў. Звычайна такія праекты рэалізоўваюцца з дапамогаю інтэрнэт-платформаў: аўтары размяшчаюць свае ідэі, кажуць, колькі ім на гэта трэба, а ўсе зацікаўленыя даюць ім свае грошыкі (звычайна за гэта яны таксама нешта атрымліваюць: падарункі, сувеніры, сам прадукт).

«Вікіпедыя» кажа, што першы выпадак краўдфандынгу (афіцыйны і задакументаваны, відавочна) адбыўся ў 1997-м, калі фанаты брытанскага рок-гурта Marillion самастойна сабралі музыкам грошы на запіс альбому. Адтуль і панеслася: за 10 гадоў з’явілася каля дваццаці сусветнавядомых краўдфандынг-платформаў. Апроч іх, пачалі з’яўляцца і лакальныя платформы ў асобных краінах.

 


Апроч краўдфандынгу

Усё, што датычыць грошай, – справа тонкая, таму раскажам табе пра яшчэ тры формы фінансавання, якіх не варта блытаць з краўдфандынгам.

Ёсць краўдінвестынг: гэта калі ты лічыш, што можаш стварыць стартап стагодззя, але грошай табе не стае. Тады ты просіш у шырокай грамадскасці, і кожны, хто іх табе дае, становіцца, па сутнасці, тваім акцыянерам; а, значыць, пазней, у выніку поспеху, таксама грабе кэш ці залівае твой правал сваймі слязьмі пра страчаныя грошы.

Натуральна, з краўдінвестынгам усё больш складана, бо бізнэс, інвестыцыі ды акцыі наўпрост залежаць ад падатковай і заканадаўчай базы краіны. У Штатах, напрыклад, Абама яшчэ ў 2012 годзе падпісаў JOBS Act, які значна спрасціў працэс краўдінвестынгу і цяпер дазваляе маладым бязвусым стартаперам збіраць да мільёна даляраў без спецыяльнай рэгістрацыі на продаж акцыяў. Але ты не ў Чыкага, дзетка, так што не забывайся.

Другі легальны шлях атрымання дапамогі грамадскасці – краўдсорсінг. Напрыклад, ты вырашыў(-ла) напісаць новую беларускую «вікіпедыю» пра, скажам, танныя барухі ў цэнтры Менску. І сайт ты сам(-а) прыгожы запіліў(-ла) і ўсё зрабіў(-ла), але як знаходзіць тыя бары і што пра іх пісаць – не ведаеш. І зноў выйсце ёсць: краўдсорсінг дазваляе шукаць людзей, якія сваймі ведамі і здольнасцямі гатовыя табе дапамагчы. І на тваю абвестку пра пошук апантаных альтруістаў-дэгустатараў беларускага віна адразу знаходзяцца людзі. Карацей, гэткім чынам можна адшукаць беспасярэдне чалавечыя рэсурсы, і, вядома, самы відавочны прыклад – гэта якраз «Вікіпедыя».

Трэцяе і апошняе моднае слова ў гэтай чарзе – фандрайзінг. Тут усё яшчэ вядуцца спрэчкі, маўляў, гэта тое ж самае, што і краўдфандынг, але мы не згодныя. Вузкая спецыфіка фандрайзінгу ў тым, што фінансавання тут шукаюць чыста філантрапічныя праекты. У краўдфандынгу ты збіраеш грошы на «першы залп»: на першы тыраж кнігі ці настольнай гульні – з якіх, пры далейшым поспеху, ты зможаш атрымаць прыбытак. Фандрайзінг жа – гэта якраз пра дапамогу жывёлінкам, хворым дзеткам ці некамерцыйным арганізацыям – усяму таму, што трымаецца на шчырай дапамозе адказных грамадзянаў.

 

 

 

Першакрыніца

Проста глупства размаўляць пра краўдфандынг і не расказаць пра Kickstarter – найбуйнейшую ў свеце платформу для збору сродкаў. Яна пачала сваю працу ў 2009 годзе ды існуе дасюль. За ўвесь час дзеяння сайту давялося сабраць суму, якая набліжаецца сёння да $ 3 більёнаў. Гэтыя грошы сталі квітком у жыццё для 116 745 праектаў.

Базавая мадэль простая: прыдумай праект, зарэгіструйся, апішы свой праект прыгожымі словамі – і залівай на сайт. Каманда сайту ўжо склала гайд для чайнікаў, як дабіцца сусветнай вядомасці ды поспеху. Там табе неабходна пазначыць, колькі грошай хочаш сабраць і за які тэрмін. Калі ж грошы не будуць сабраныя за гэты час, іх да апошняга цэнта вернуць спонсарам. Сайт бярэ сабе 5 % ад сумы, яшчэ 3–5 % забірае Amazon Payments, якія забяспечваюць механізм плацяжоў.

Ува ўсім ідэальным механізме працы Kickstarter для беларусаў ёсць адна праблема: сайт працуе толькі з рэзідэнтамі ЗША, Канады, Мексікі, Ганконга, Сінгапура і некаторых краін Еўропы з прычыны сваёй прывязкі да амазонаўскай сістэмы аплаты. (Цікава, што рэзідэнтам мусіць быць толькі ўладальнік праекту, рабіць данацыі можна з любой краіны.) Таму тут некалькі шляхоў: па-брацку папрасіць дапамогі ў тваіх замежных сяброў, каб яны зарэгалі абодва акаўнты на сваё імя, ці самастойна матнуцца на тыдзень ў бліжэйшую амазонаўскую краіну і адкрыць рахунак.

Насамрэч, прыцягнуць увагу да свайго праекту цалкам верагодна, у гэтым можаш упэўніцца сам(-а). А натхніць цябе можа хоць бы гэтая інфа: цэлых 17 праектаў на Kickstarter’ы былі пададзеныя з Менску, 7 з іх сталі паспяховыя.

На нашай палове планеты

Натуральна, што краіны Усходняй Еўропы на месцы таксама не сядзяць, а актыўна капіююць краўдфандынгавыя платформы. Напрыклад, у Расіі ў 2012 годзе амаль адначасова запусціліся два краўдфандынгавыя сервісы: Boomstarter і Planeta. Механізм працы расійскія калегі цалкам скапіявалі з заходніх праектаў, але, згадзіцеся, тут складана прыдумаць нешта новае. Здаецца, платформы цалкам акупавалі шоу-біз: там збіралі грошы «Би-2», Пётр Наліч, «Пикник», «Animal ДжаZ», Anacondaz і нават «Серебряная свадьба».

У Беларусі на сённяшні момант існуе тры асноўныя платформы, дзейнасць якіх можна наўпрост ці ўскосна аднесці да краўдфандынгу. Гэта Ulej, Talaka і «МаеСэнс».

«МаеСэнс» – першая ў Беларусі платформа для збору сродкаў, з’явілася ў 2011 годзе. Па сутнасці, дзейнасць платформы – не краўдфандынг, а, хутчэй, фандрайзінгам (на азначэнні глядзі вышэй). На платформу запампоўваюцца дабрачынныя праекты, якія можна падтрымаць з дапамогаю аўкцыёну. Ты можаш купіць сустрэчу (ці паслугу) з іншым чалавекам ці паставіць як лот сустрэчу з сабой. Анлайн можна рабіць стаўкі, кожны аўкцыён доўжыцца тыдзень, пераможца – чалавек з максімальнаю стаўкай. Адпаведна, грошы за сустрэчу ідуць на падтрымку абранай ініцыятывы. Таксама іх можна даць наўпрост праекту. Важна, што за тым, як выдаткоўваюцца грошы, можна сачыць на сайце, так што рэспектуем за міласэрны і празрысты праект.


 

 

 

 

  Ulej.by

Краўдфандыгавая платформа «Улей» пачала сваю працу ўвесну 2015 года, цяпер жа – гэта, напэўна, найбольш удалы спосаб зрэалізаваць свой праект. Механізм працы сайту цалкам адпавядае досведу працы Kickstarter. Тут таксама працуе прынцып «усё або нічога»: то бок ты атрымліваеш грошы, калі набралася ўся сума. Калі праект запускаецца, ты, як аўтар, падпісваеш дамову з «Ульем», а таксама адкрываеш рахунак у банку, куды табе і будуць пералічваць сродкі. Адрозненне ад Amazon Payments у тым, што грошы спісваюцца з тваёй карткі адразу ж, а не проста «марозяцца» на рахунку. У выпадку няўдачы праекту грошы вернуць спонсару цягам 30 дзён. Дарэчы, каб зарэгістраваць праект, неабходна быць рэзідэнтам Беларусі, але падтрымаць каго-небудзь можна з любой кропкі свету (хоць картку беларускага банку мець усё роўна трэба).

Калі ты сапраўдны(-ая) малайчынка і здолеў(-ла) сабраць грошы на праект мары, не забывайся, што платформа (разам з банкам і плацежнай сістэмай) забярэ сабе 12 %, яшчэ 13 % неабходна аддаць як падаходны падатак, калі агульная сума перавышае 4 947 рублёў. Тут можаш самастойна пачытаць пра ўсе празаічныя моманты, якія цябе цікавяць.

 

 

  Паспяховыя праекты «Улея»

Калі для рэалізацыі ўласнай бліскучай ідэі табе патрэбны матывавальны штуршок пад зад, дык лаві: можаш паглядзець на тое, з якою лёгкасцю «Улей» сабраў грошы на выбітныя ініцыятывы.

 

  Напрыклад, зоркаю гэтага года стаў збор сродкаў на выданне кнігі Сашы Раманавай «Марцев»: каманда праекту здолела сабраць 18 032 рублі, што нават на 20 % перавысіла неабходную суму.

 

Яшчэ адною важнаю падзеяй стаў калектыўна прафінансаваны фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі Adnak, які пераваліў за адзнаку 13 749 літаральна ў апошнія дні кампаніі.

 

Не можам не пахваліцца нашымі хлопцамі: рыскі-гайз Рома Свечнікаў і Барыс Нікалайчык (у мінулым рэдактар 34mag) таксама сабралі неабходную суму на поўнаметражны істэрн-муві «Вакол Беларусі на роварах з маторамі». Каманда праекту здолела сабраць 6 485 рублёў, так што мы з вамі хутка будзем лузгаць папкорн на прэм’ерным паказе фільму.

 

Топ-праектам у сацыяльным кірунку стаў збор сродкаў на абсталяванне кабінета ЛФК у дзіцячым хоспісе. Праект вызваў настолькі моцную рэакцыю ў беларусаў, што сабраная сума – 10 371 рубель – у тры разы перавысіла неабходную, што, вядома, не можа не вызваць радасці і гонару за свой народ.

 

 

  Распавядае Вольга Мжэльская, pr-менеджарка праекту:

– Людзі прыходзяць да нас некалькімі шляхамі. Вядома, можна зарэгістравацца на сайце і заліць туды чарнавік свайго праекту з усім візуалам і тэкстамі. Але лепей усё ж такі проста прыехаць да нас у офіс, каб менеджары праектаў пракансультавалі цябе і расказалі, як лепей працаваць з тваім дакладным праектам. Для ўсіх патэнцыйных карыстальнікаў «Улея» мы распрацавалі мануал, дзе даем рэкамендацыі, як падвысіць шанцы на поспех. Цягам рэалізацыі мы адсочваем твае актыўнасці, глядзім, як ідуць данацыі, што чуваць у СМІ пра праект і на ўсе астатнія дэталі. Можам даць нейкія парады наконт прасоўвання, а таксама ўказаць на хібы.

Асабіста я б рэкамендавала кожнаму праекту надаць асаблівую ўвагу плану камунікацыяў: яго варта прадумаць дэталёва загадзя. Бо часам людзі думаюць, што важна проста запусціцца – а потым як пойдзе, але калі ты будзеш сядзець роўна – наўрад ці што атрымаецца. Пару гадзінаў на дзень такая праца для прасоўвання дакладна будзе займаць.

З нашага досведу можам дакладна сказаць, што найбольш ахвотна беларусы фінансуюць праекты ў сферы музыкі, літаратуры і мастацтва, а таксама праекты сацыяльнага характару. Мне здаецца, гэтак адбываецца не ў апошнюю чаргу з прычыны наянасці фізічнага (матэрыяльнага) выніку: потым можна паслухаць альбом, атрымаць новую кніжку ці схадзіць на прэм’ерную пастаноўку ў тэатр.

 

 

 

 

 

  Talaka.by

Твае старабеларускія карані мусілі ўзыграць пры ўспаміне старажытнай традыцыі продкаў – талакі, – калі яны збіраліся разам на вялікую і цяжкую працу або на дапамогу. Сёння «Талака» – гэта беларуская краўд-платформа, ці, як кажа каманда: анлайн-майстэрня для рэалізацыі праектаў. Пры тым праектаў самых розных, пачынаючы ад сацыяльна значных і заканчваючы творчымі ды прадпрымальніцкімі. За тры гады дзейнасці да «Талакі» далучылася болей за 24 000 чалавек, запушчана болей як 1000 праектаў і сабрана амаль 350 000 рублёў.

«Талака» працуе паводле ўласнага механізму. Растлумачым на даступным прыкладзе: напрыклад, мы прыдумалі праект усталявання бясплатных душавых кабінаў у Менску (ну трэба часам людзям тэрмінова памыцца): нам для гэтага патрэбна 5 тысяч рублёў, 12 рыдлёвак, а таксама дапамога сантэхніка, будаўніка і, вядома, піаршчыка. Тады мы заліваем свой праект на сайт і прапісваем усе патрэбы: грашовыя, чалавечыя і тэхнічныя рэсурсы. Спецыфіка «Талакі» ў тым, што людзі могуць дапамагчы любым шляхам: бясплатна адпрацуе піаршчык, нехта дасць скарыстацца рыдлёўкамі, а яшчэ хтосьці падкіне кэш. Гэтак, у літаральным сэнсе, агульнымі намаганнямі мы створым цудоўную сетку публічных душавых кабінаў у горадзе, каб усе былі чыстыя і прыгожыя. Тут можаш паглядзець, каму патрэбныя твае прафесійныя навыкі, а тут – хто гатовы дапамагаць. Як ты разумееш, назваць «Талаку» проста платформаю – складана, гэта, насамрэч, супольнасць адказных і ініцыятыўных людзей.

 

 

 

  Праекты «Талакі»

За мінулы год «Талака» дапамагла мноству добрых ініцыятыў: напрыклад, выдала беларускія «Хронікі Нарніі» і сабрала грошы для таго, каб Віталь Гуркоў – гонар краіны – з’ездзіў на чэмпіянат па муай-тай у Швецыю.

 

Зусім нядаўняй радасцю стаў абсалютны рэкорд беларускага краўдфандынгу – збор сродкаў для незалежнага існавання часопісу «Имена», які амаль кожным сваім тэкстам прабівае наскрозь. Сума пераваліла за $ 20 000, а гэтага дастаткова на новыя тэксты яшчэ цягам шасці месяцаў. А вось тут толькі што сабралі ўсю суму на беларускую эканамічную настолку. Згадзіся, вынікі працы «Талакі» ўражваюць.

 

 

 

  Кажа заснавальнік «Талакі» Яўген Клішэвіч:

– Значны ўплыў на канцэпцыю зрабіла назва. Разумееце, слова «талака» стагоддзямі напаўнялася зместам. І мы, як раней, гэтак і цяпер, нямала атрымліваем адтуль інсайтаў. Па факту беларусы са старадаўніх часоў жылі, працавалі, святкавалі паводле гэтага прынцыпу.

Важная ўнікальная магчымасць, якую дае Talaka.by, – пошук аднадумцаў-прафесіяналаў: любы зацікаўлены ідэяй чалавек можа прапанаваць табе сваю дапамогу, і ты таксама можаш звяртацца адрасна да чалавека, якога хочаш бачыць у камандзе. Першыя некалькі гадоў платформа працавала толькі як пошук каманды і аднадумцаў, без збору сродкаў, і за гэты час дзясяткі праектаў паспяхова рэалізаваліся. Бо вельмі часта для здзяйснення праекту грошы не патрэбныя, калі знайшліся неабходныя адмыслоўцы.

На нашай платформе ёсць рэжымы «усё-або-нічога» і «ўсё-што-сабраў». Апошні карыстаецца большаю папулярнасцю, бо тыя аўтары, якія рэалізоўваюць праекты на платформе, робяць іх «у што б гэта ні стала» і, нават калі яны не збяруць усёй сумы, усё адно збіраюцца яго ажыццявіць і знайсці рэсурсы, якіх не стае. Ёсць таксама рэжым «донарства», які пасуе дабрачынным праектам. У ім, у адрозненне ад астатніх, не абавязкова пазначаць падарункі ў адказ на падтрымку і гэты збор можа быць адкрыты даволі доўга, нават пастаянна. Варта зазначыць, што ў любым выпадку мы не бярэм сабе ніякай камісіі ад сабраных сродкаў.

Літаральна праз тыдзень мы запусцім трэцюю опцыю фінансавання – «чалецкія падпіскі». Яны дазволяць людзям-прыхільнікам, якія зацікаўленыя ў сталай падтрымцы пэўнага праекту на пастаяннай аснове, рабіць унёсак, які будзе штомесячна ў аўтаматычным рэжыме спісвацца з карткі. Гэта будзе зручна не толькі для дабрачынных і грамадскіх арганізацыяў, але і для творцаў, музыкаў ды іншых крэатыўных ініцыятыў. Гэта дазволіць сканцэнтравана займацца сваім праектам, не адрываючыся на правядзенне кампаніі для збору сродкаў ці на тое, каб шукаць дзеля заробку халтуру на баку.

 

Праекты, якія патрабуюць тваёй увагі прама зараз:

 

Дзіцячая кніга «Мастацтва Беларусі XX стагоддзя. Віцебская школа»

Цэлая плеяда творчых людзей – Адам Глобус, Валянцін Акудовіч, Лявон Вольскі, Ганна Кісліцына, Bazinato – рыхтуе да выдання кнігу-альманах пра віцебскіх авангардыстаў і іх паслядоўнікаў. Зразумелай мовай і для дзетак.

Тэрмін праекту: 30 снежня

Колькі патрэбна: 6000 руб.

Сабрана*: 5525 руб. (92%)

Альбом Пінхаса Цынмана «Все будет Гут»

Пінскі выканаўца хасідскага рэгі Пінхас Цынман, пра якога мы пісалі раней, збірае грошы на новы альбом. Жыццясвярджальная плытка, над якой таксама папрацавалі Аляксандр Памідораў і мацёры рэгі-музыкант RasKar, адназначна вартая тваёй падтрымкі.

Тэрмін праекту: 27 студзеня

Колькі патрэбна: 4700 руб.

Сабрана*: 1313 руб. (28%)

Інклюзіўная мультстудыя

Праект збірае сродкі на арганізацыю 6-месячнай студыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. На першым этапе патрэбныя грошы, далей запрашаюць да ўдзелу выхавальніка-псіхолага, гукарэжысёра, журналіста, тыпаграфію, неабходны будуць фарбы, расходнікі для фотапрынтара, праектар. Пасля ўсё гэта выльецца ў выставу. Карацей, уключайся!

Тэрмін збору сродкаў: 2 студзеня

Колькі патрэбна: 8500 руб.

Сабрана*: 4356 руб. (51%)

* на момант напісання артыкулу
 
Ілюстрацыя на галоўнай з www.smarttraderbuzz.com

 


COMMENTS (3)

> Ува ўсім ідэальным механізме працы Kickstarter для беларусаў ёсць адна праблема: сайт працуе толькі з рэзідэнтамі Амерыкі з прычыны сваёй прывязкі да амазонаўскай сістэмы аплаты.

Неправда, не только с Америкой.

> Максімум, што можна прасіць, – $ 50 000.

Неправда.

Дальше, в общем, можно не читать -- фактчекингом вы не занимались.

1 3 -2
Андруш
Андруш | 21.12.2016 10:48

Праўдзівы Вы наш!

2 1 +1

> Калі ж грошы не будуць сабраныя за гэты час, іх да апошняга цэнта вернуць спонсарам.

Неправда, на кикстартере не такая модель. Деньги вообще не снимаются с карты до успешного окончания кампании.

2 3 -1