Найлепшы відэаблогер краіны

  • 19.04.2016
  • Author: 34mag
  • 7096
Радыёвядоўца Аляксандр Найдзёнаў, вядомы чытачам 34mag як Алесь Шыла, нядаўна ператварыўся ў папулярнага відэаблогера, які ў сваім Facebook направа і налева раздае парады ў самаразвіцці, асабовым росце, а таксама ў тым, як лёгка і гулліва спраўляцца з жыццёваю бязладзіцай. Адмыслова да запуску новага 34mag Аляксандр па-сяброўску запісаў для нас павучальны відос пра тое, як рабіць добры часопіс. А заадно адказаў на некалькі пытанняў.
 

 

 

Які мусіць быць добры часопіс?
 

 
Рэдакцыя 34mag не ўтойвае, што ў захапленні чакае кожны новы выпуск ягонага відэаблогу – здаецца, Найдзёнаў з ягонымі тоненькімі ды кароценькімі відэазамалёўкамі на актуальныя тэмы можа стаць новаю сапраўднаю беларускаю інтэрнэт-зоркай, калі ягоныя элітарныя жартачкі прахавае не толькі інтэлігентная Facebook-тусовачка, але і шырокія народныя колы. Але ці чакае гэтага поспеху сам аўтар?

 

 

Колькі ў цябе альтэр-эга па жыцці ды колькі менавіта ў гэтым відэаблогу?

Іх шмат, усіх не ўспомню. На радыё, у пашпарце, інтэрнэце – розныя прозвішчы. І на сваё сапраўднае я наўрад ці адгукнуся на дварэ, бо, здаецца, яго ведаюць толькі мамка з таткам і бухгалтар з ЖКГ. Што да відэаблогу – яго вядзе чалавек без імя. Вядома толькі, што ён з тутэйшых, жыве дзесьці на элітным ускрайку Серабранкі ды мае няскончаную вышэйшую адукацыю. Праз гэта адказы на ўсе жыццёвыя пытанні адшуквае выключна ў псіхалагічна-матывацыйнай літаратуры (зразумела, знаходзіць) і гэткім чынам далучаецца да шырокіх колаў менскіх офісных насельнікаў.

 

 

Ці не баішся ты, што гэтае хобі стане тваім асноўным заняткам?

Я веру ў гараскоп, бо сам яго некалі пісаў. А там чорным па беламу: Блізнюкі ніколі паўнавартасна не належаць адной справе, іх усё жыццё раздзірае ад лішку ідэяў (часцей за ўсё немагчымых у рэалізацыі). У іх не можа быць асноўных заняткаў, толькі процьма другасных. Прыкладна гэтак і ў мяне. Зрэшты, калі відэаблог пачне прыносіць вялікія грошы (а я ўжо чую цяжкі тупат плацежаздольных аматараў, гатовых выкупляць рэкламнае месца на сценцы за маёй спіной), я з’еду ў Камбоджу і пачну весці жыццё зухаватага татачкі, які разам з жонкаю будзе выхоўваць дачку ў традыцыях артадаксальнага будызму.

 

 

Якім можа быць развіццё гэтага праекту? Ці паступаюць нейкія прапановы?

Асноўная мэта праекту (а мне падабаецца называць гэта хаатычнае месіва зграбным словам «праект») – давесці відэаблогінг да стану архітэктуры. Бо там так: стаіць пасярод плошчы будынак і важна маўчыць, збіраючы на сабе захопленыя позіркі. Гэтак хачу і я. Проста глядзець у камеру, калекцыянуючы тысячы лайкаў. Так, прапановы ёсць – але галоўнай, ад тэлеканалу «Дача и растениеводство», я яшчэ не дачакаўся.

 

 

Каму, як не табе, задаць гэтае пытанне: чаго не стае беларусам?
 
Апроч далучэння Смаленску, душэўных якасцяў, якія дазволяць без пакутаў сумлення падтрымліваць свайго вытворцу. Гэта нашае агульнае жаданне з Сашам Нэма і Быхаўскім кансервава-гароднінасушыльным заводам.
 
 
 
 
Пра складанасці сямейных адносінаў

 

 

 

Тэорыя поспеху за 30 секундаў

 

 

 

Як стаць лідарам меркаванняў?

 

 

 

Як беларусы паказваюць эмоцыі?

 

 

Сачыць за новымі відэашэдэўрамі ад Найдзёнава лепш за ўсё ў ягоным Facebook.
 
 

COMMENTS (2)

apri
apri | 20.04.2016 18:54

а нормально так

4 0 +4
лома
лома | 20.04.2016 18:26

думал лажа, а там ржака)

5 0 +5