Мірныя перадзвіжнікі

На пачатку траўня ў межах міратворчага тыдня «ДвижениЯ к Миру», зарганізаванага Моладзевай праваабарончай групай – Беларусь, расійскія акцыяністы і арт-актывісты прывезлі ў Менск антываенную выставу {НЕ МИР}. Экспазіцыя разгарнулася на стандартнай жылплошчы менскай аднапакаёўкі ды прылеглым да яе пад’ездзе. Пісьменнік і мастак Аляксей Талстоў пагутарыў з удзельніцамі праекту, Катрын Нянашавай і Кацяй Рэфеншталь, пра незвычайны фармат выставы, сутнасць акцыянізму і камунікацыю з менскаю гарадскою прасторай.

 

 

Не так даўно па менскай арт-тусоўцы пракацілася навіна пра тое, што кампанія маладых маскоўскіх акцыяністак і акцыяністаў акупавала пад’езд і кватэру на Камарах і ладзіць там нейкі экшн. Не-выстава {НЕ МИР}, як яны сябе назвалі, адкрылася 1 траўня і працягнулася ўсяго два дні замест заяўленых дзевяці. Папярэдне гэты івэнт ніяк не анансаваўся, скончыўся нечакана і асаблівага розгаласу, здаецца, не атрымаў. Яго было б зручней пакінуць па-за ўвага., каб не тэма, якую ўздымаюць у сваёй практыцы ўдзельніцы і ўдзельнікі праекту.

«На выставе ў Звераўскім цэнтры сучаснага мастацтва ў нас быў арт-кросінг».

{НЕ МИР} – серыя перасоўных антываенных выставаў-акцыяў. Праект пачаўся як мастацкі мітынг на вуліцах Масквы і Піцера супраць палітыкі нянавісці, мілітарызацыі ды прапаганды вайны. Пасля масавага затрымання ўдзельнікаў на Вінзаводзе ператварыўся ў бесперапынны творчы хэпэнінг – выстава працягнулася ў аўтазаках і падчас судовага паседжання ў паліцэйскіх тлумачальных і пратаколах. Апроч асноўнай экспазіцыі, актывісты і актывісткі ладзяць штотыднёвыя публічныя швейныя практыкі: у розных месцах гораду вышываюць лозунгі ды выказванні на тэму незаконных затрыманняў і палітзняволеных.

 


Ці можаце расказаць у двух словах пра вашыя акцыі? З чаго ўсё пачалося, навошта вы гэтым займаецеся, чаму выходзіце на вуліцы, канфрантуеце з паліцыяй?

Катрын Нянашава: Нас чапляе адсутнасць антываеннай актыўнасці ў межах мастацкага асяродку, немагчымасць простай і адкрытай кансалідацыі супольнасці. Мы разам з піцерскаю арт-групай {родина} зразумелі, што неабходна зарганізаваць калектыўную вулічную выставу, праз якую пратэставыя мастакі з розных гарадоў нарэшце змогуць выйсці да гледача. Апроч таго, для нас было важна паказаць у Расіі працы ўкраінскіх мастакоў, пра якіх у нас нічога не ведаюць. Гэтак, увосень 2015-га мы абвесцілі оўпэн-кол і рыхтаваліся да вялікай вулічнай антываеннай выставы ў фармаце мітынгу. Тады адгукнулася даволі шмат украінскіх аўтараў, былі заявы з Фінляндыі, Амстэрдаму, Беларусі ды нават з Лацінскай Амерыкі, мы прадумалі вялікую экспазіцыю на Марсавым полі… Але ўлады адмовілі нам у правядзенні мітынгу тры разы запар, і нам больш нічога не заставалася, як перамяшчацца па горадзе і дэманстраваць працы на самаробных палотнах. Асяродак сам задаў нам формы, і ўжо на сённяшні дзень {НЕ МИР} пабываў у аўтазаку, судзе, у Звераўскім цэнтры сучаснага мастацтва, на спектаклі, а цяпер – у менскай кватэры.

 

 

1

 

 

З чым вы ехалі ў Менск? Што планавалі рабіць? Чаго чакалі?

Катрын Нянашава: Мы прыехалі ў межах Тыдня за мір, зарганізаванага Моладзевай праваабарончай групай – Беларусь. З кожнаю новаю выставай аб’екты так ці інакш трансфармуюцца, і калі да затрымання ў Маскве мы экспанавалі арыгіналы твораў, то пасля суда гэта зрабілася серыяй адсканаваных працаў у тлумачальных і пратаколах. На выставе ў Звераўскім цэнтры сучаснага мастацтва ў нас быў арт-кросінг: мы прапаноўвалі гледачам забраць з выставы ўсё што заўгодна ці наадварот самім нешта прынесці. У Менску была думка паўтарыць штосьці такое, але праз праблемы з памяшканнем гэтага не атрымалася.

 

Напярэдадні была пагалоска, што вы збіраецеся ледзьве не скватаваць Камароўскі рынак. Але тым не менш выстава адбылася ў кватэры. Як вы выйшлі на такі фармат?

Каця Рэфеншталь: Нашыя акцыі ніколі ды ні ў якой ступені не носяць агрэсіўнага і дэструктыўнага характару, таму нічога захопліваць мы не планавалі. Нашая місія ў Менску меркавалася як спроба азнаёміцца з беларускім мастацкім кантэкстам і праінтэрпрэтаваць яго ў межах нашага выказвання – гэтак і паўстала нашая экспазіцыя ў кватэры. Размяшчэнне менавіта ў такой незвычайнай прасторы мелася прывесці гледача да паралелі з традыцыяй кватэрнікаў, якія шырока практыкаваліся ў пратэставым мастацтве савецкага перыяду.

«Рабіць выставы ў падрыхтаваных прасторах – што можа быць нуднейшае?»

Катрын Нянашава: Мы ніколі не плануем нічога загадзя, а калі і плануем, то гэта ўсё адно не працуе, бо мы кантактуем з жывым асяродкам. Атрымліваецца так, што месцы, у якіх з’яўляецца {НЕ МИР} яўна сімвалізуюць сам горад: у Піцеры гэта быў цэнтр і пазней – сутарэнне, дзе адбывалася выстава, у Маскве гэта аўтазак і суд, у Менску – кватэра, не-выстава, якая пачыналася з вяроўкі для бялізны ў двары і сканчалася ўжо ў кватэры. Рабіць выставы ў падрыхтаваных прасторах – што можа быць нуднейшае?

 

 

 

 

 

У Менску вы працягвалі свае публічныя швейныя практыкі. Наколькі я разумею, з іх дапамогаю вы наладжваеце камунікацыю з гарадскою прасторай. Ці было нешта асаблівае ў менскім досведзе?

Катрын Нянашава: Для тэкстаў вышывак нам было вельмі важна атрымаць як мага больш поўную інфармацыю пра актуальныя праблемы гораду, пра апошнія гучныя палітычныя падзеі, пра нейкія тыповыя вобразы. Але ад мясцовых нічога канкрэтнага дазнацца не атрымалася – у выніку шукалі інфармацыю ў інтэрнэце. Шыць у горад мы выйшлі адныя, шылі на Кастрычніцкай, на плошчы Перамогі, плошчы Якуба Коласа, у «Цэнтральным», у метро. Шылі выказванні «Каждый имеет право умереть, но не обязан», «Каждый имеет право на несанкционированное бездействие», «Кожны мае права катацца на ровары». На нас звярталі ўвагу часцей, чымся ў Маскве, – у гараджанаў не атрымлівалася рабіць выгляд, што нас няма, вока ў гледача тут усё ж ж іншае.

Каця Рэфеншталь: Так, сапраўды, у горадзе мы адразу адчулі сябе іншаземцамі, якія прыехалі паказваць нешта дзіўнае і незвычайнае. Часта на нас глядзелі з непаразуменнем.

«Для мяне ўсё, што я раблю, не мастацтва, а толькі падрыхтоўка да акту мастацтва».

Катрын Нянашава: Некаторыя наўпрост падыходзілі ды ўслых чыталі маю нашыўку на сукенцы «Свабоду свабодзе», для некаторых дзіўныя былі нашыя чырвоныя хусткі. Адчувалася нейкая звонкая танальнасць напружання, якая вагалася ад страху да грэблівасці. Зайшоўшы ў Макдоналдс, я чамусьці адчула сябе нейкім асабліва небяспечным злачынцам, тэрарыстам: здалёк, метраў за сто, на мяне паказвалі пальцам маладыя дзяўчаты, і яны неяк вельмі пазбягалі візуальнага кантакту, нерваваліся. Гэта была кульмінацыя ў маім акце сукуплення з асяродкам. Калі мы пыталіся, ніхто, вядома, не ведаў пра затрыманых раварыстаў, пра тое, хто такія палітзняволеныя і што яны ёсць у краіне.

 

 

 

 

Чаму вы абіраеце акцыянізм для творчага выказвання?

Катрын Нянашава: Усё гэта праца з зонаю камфорту, як і нашае шыццё. Толькі пасля такіх вопытаў мастака з зонаю ды станамі камфорту можа пачынацца нейкі акт мастацтва. Адсюль наш банер з лозунгам, з якога пачыналася менская выстава, – «Совокупляйтесь со средой». Для мяне ўсё, што я раблю, не мастацтва, а толькі падрыхтоўка да акту мастацтва. Толькі яднанне з прастораю, стрэсавыя камунікацыі ды змена ролі прыводзяць да яго. Да чаго гэта прывядзе ў выніку – пакуль незразумела, гэта мэта-даследаванне ўсяго.

 

Вы былі ў горадзе нядоўга, але мне падаецца, што менская арт-тусоўка ўсё ж паспела вамі зацікавіцца. Ці атрымалася наладзіць з ёю кантакт?

Каця Рэфеншталь: Так, кантакт атрымаўся. Вельмі важны кантакт. На жаль, апошнім часам у расійска-беларускіх зносінах акрэсліўся інфармацыйны вакуум. Мы амаль нічога не ведалі пра беларускае сучаснае мастацтва. Нас прыемна здзівіла яго наяўнасць, яго высокая мастацкая якасць. Тым больш што займацца неафіцыйным мастацтвам у такіх цяжкіх матэрыяльных умовах, пад жорсткім прэсінгам уладаў – гэта проста геройства. Цяпер будзем падтрымліваць сувязь і абменьвацца інфармацыяй. Магчыма, зробім нейкія супольныя праекты і ў Маскве, нам бы гэтага вельмі хацелася.

 

Акупацыя Крыму і вайна на Данбасе распаліла рэгіён. З аднаго боку Беларусь займае нейтральную пазіцыю, дае пляцоўку для Менскіх пагадненняў, з іншага – шмат хто тут глядзіць на Расію як на патэнцыйнага агрэсара і лічыць, што пасля Грузіі ды Украіны наступнаю будзе нашая краіна. Што вы думаеце пра гэта?

Каця Рэфеншталь: Я думаю, што калі б РФ хацела захапіць РБ, то гэта бы здарылася вельмі даўно. Думаю, што яшчэ адную датацыйную рэспубліку дзяржбюджэт Расіі папросту не пацягне. Але тое, што яна імкліва губляе імідж братэрскай краіны і роднаснага народу, вельмі адчуваецца. І гэта, вядома, засмучае.

 

 

{НЕ МИР} у сацсетках:

FB
VK

 

Фота by Віктар Новикаў