Куды прыводзяць мары

 

Напрыканцы траўня ў цэнтры Кіева прайшла стыхійная выстава харкаўскіх фотамастакоў Андрэя Рачынскага і Данілы Рэўкоўскага. Наш спарадычны кантрыбутар Рома Жукоўскі сустрэўся з хлопцамі і даведаўся, як арганізаваць выставу ў бліжэйшай падваротні і як кіраваць найбуйнешай у сецiве суполкай па настальгіі па мiнулым.

 

Мы звільваем наўпрост з Вялікай Жытомірскай у Кіеве ў падваротню старога, разбітага дома. У цэнтры горада шмат нікому не патрэбных будынкаў. «Вось сюды», – кажа Андрэй. Мы заходзім праз адкрытыя вароты і аглядаемся. Высвятляецца, што ў сацсетках ужо створана сустрэча і першыя наведнікі павінны быць праз гадзіну. Хлопцы дастаюць здымкi, усяго 16 штук, і пачынаюць развешваць іх па сценах. У Менску я б пачаў ужо хвалявацца, але тут, у Кіеве, мне спакойна: нікому няма справы да нас.

На сённяшні дзень прызначана выстава «Прамы кантакт», якую фатографы вырашылі зладзіць у цэнтры горада, проста ў першай падваротні, якая трапіла нам, без аніякай з кім-небудзь дамоўленасці. Гэта натхняе і здзіўляе мяне: як беларус, я і падумаць не мог, што можна вось так узяць і стыхійна арганізаваць выставу проста на вуліцы, не спытаўшы дазволу «ў каго трэба».

 

 

Пазнаёміліся Даніла і Андрэй яшчэ ў 2012 годзе на глебе сумеснага захаплення фатаграфіяй. Яны натхняюцца харкаўскiмi рэаліямі, працамі мясцовых і замежных аднадумцаў па фота і ствараюць уласны стыль: дакументаванне жорсткай постсавецкай рэальнасці. «Суровыя маргіналы ў кантэксце шэрых руін, побыт простых людзей, адарваная моладзь – гэта толькі малая частка таго, што трапляе ў наш аб'ектыў, – кажуць яны. – Лепшага месца для гадавання стылю і не прыдумаць: горад поўны фактуры, горад палохае і вабіць. У Харкаве размешчаны самы вялікі і густанаселены спальны раён у СНД – Салтаўка, дзе жывуць амаль паўмільёна чалавек. І гэта траціна насельніцтва горада! Натхнення там хоць на ўсё жыццё». Хлопцы лічаць, што стужкавыя кадры без рэтушы і карэкцыі – гэта самы сумленны спосаб данесці інфармацыю, аднак на выставе ў гэты раз прадстаўлены калажы.

 

 

«Прамы кантакт» – гэта гісторыя пра алкаголікаў. Прычым не пра нейкіх канкрэтных, а пра ўсіх. А ва Украіне іх шмат, вельмі шмат. Вось канцэпцыя выставы: «Алкагольны дэлірый узнікае на II-III стадыі алкагалізму ў перыяд спынення п'янства. Праяўляецца як трызненне, абумоўленае зрокавымі, слыхавымі або тактыльнымі галюцынацыямі, дрыжыкамі і павышэннем тэмпературы. Галюцынацыі звычайна носяць пагрозлівы характар, часта прадстаўлены ў вобразе небяспечных істот (казуркі, чэрці). Часам усё сканчаецца смерцю. Мы сцвярджаем, што алкаголiкi адвольна выходзяць на кантакт з іншасветнымі, міфічнымі істотамі, а ключом у гэты страшны і невядомы свет служыць алкаголь. Нельга з упэўненасцю сказаць, ці існуе паралельны свет з чарцямі, монстрамі і іншымі пачварамі. Але, па сцвярджэнні многіх п'яніц, яны яго бачаць і нават нядрэнна кантактуюць з ім».

 

 

Да прызначанага часу збіраецца немалая колькасць людзей, падваротня напаўняецца размовамі, арганізоўваецца невялікі фуршэт. Міма аркі праходзяць людзі, бачаць таблічку, спыняюцца, заходзяць і разглядаюць працы. Я ўвесь вечар чакаю калі не паліцэйскіх, то хоць бы якіх-небудзь пытанняў ад мясцовых жыхароў, але нічога з гэтага не адбываецца, і з надыходам цемры мы ідзем гуляць па горадзе ды абмяркоўваем астатнія выставы і праекты харкаўцаў.

«Прамы кантакт» – гэта ўжо не першая выстава хлопцаў, якая ладзіцца ў «непрыдатных» для мастацтва месцах. Выстава Андрэя Рачынскага «Пад'ездны флірт» была прысвечана лірыцы пад'езных сцен. Надпісы на сценах старых хрушчовак часта прысвечаны тэме няшчаснага кахання, Андрэй задакументаваў самыя цікавыя з іх. Для гэтай падзеі выставачнай залай стаў сквот, размешчаны ў былым будынку выцвярэзніка, дзе да гэтага размяшчалася царская паліцыя. Каларытнае месца, нічога не скажаш. «Насельнікі сквота хочуць рабіць больш сацыяльных выстаў і іншых ініцыятываў, каб прыцягваць увагу да сацыяльных праблем. Праўда, на адну зазірнулі прадстаўнікі ўлады, нібыта таму, што хтосьці паскардзіўся на наведнікаў падзеі. Але ўсё скончылася добра», – кажа Андрэй.

Пасля гэтага былі выставы ў Сімферопалі, Дняпры ды іншых гарадах, і не паўсюль работы двух сяброў былі цёпла сустрэтыя мясцовай публікай. У Сімферопаль хлопцы даслалі фатаграфіі з дзіцячых могілак, і мноства прысутных на выставе людзей заявілі, што гэтыя здымкі – падробка, фоташоп і што ў краіне не ўсё так дрэнна. Давялося рабіць фота з іншых ракурсаў, пераконваючы людзей у адваротным.

 

 

Асноўны праект Данілы і Андрэя – папулярны паблік-блог «Памяць» у «Вконтакте». 127 тысяч падпісчыкаў штодня атрымліваюць мноства адгалоскаў мінулага ў выглядзе пастоў на тэму савецкай і постсавецкай рэальнасцi. Пачыналася ўсё з групы са сваімі фатаграфіямі ды з улюбёнай музыкай, але незаўважна і нечакана паблік разросся і абзавёўся вялікай аўдыторыяй, якая шчыра падзяляе агульныя інтарэсы. «Спачатку я проста дзяліўся замежнай музыкай, а потым пачало з'яўляцца ўсё больш фатаграфій Савецкага Саюза, пасля далучыўся Данік – і мы сталі мэтанакіравана заліваць усё больш і больш старых фатаграфій. Посцiм таксама i старую музыку, і відэа пра розныя падзеі мiнулага», – распавядае Андрэй.

«Нельга з упэўненасцю сказаць, ці існуе паралельны свет з чарцямі, монстрамі ды іншымі пачварамі. Але, па сцвярджэнні многіх п'яніц, яны яго бачаць і нават нядрэнна кантактуюць з ім»

Хлопцы шукаюць фотадакументы, а таксама публiкуюць свае фатаграфіі з Харкава і іншых гарадоў. Паўгода таму Андрэй і Даня прапанавалі ўсім падпісчыкам сканаваць і дасылаць свае сямейныя архівы – і з тых часоў блог зайграў новымі фарбамі. Праглядаючы старыя фота, быццам заходзіш у чужыя старыя дамы і вітаешся з людзьмі з фотаздымкаў. Сямейныя фатаграфіі святаў, побыт простых людзей, шчаслівыя твары – многім падабаецца акунацца ў атмасферы на фота. «Я захапляюся гісторыяй і люблю разглядаць старыя савецкія здымкі, па крупінках збіраць нашу гісторыю і глядзець на яе з розных ракурсаў», – кажа Даня. Акрамя таго, блогеры атрымліваюць мноства падзяк ад дарослых людзей, падпісаных на праект «Памяць». Дарослым падпісчыкам прыемна настальгаваць па былым часе.

Апроч гэтага, Даня і Андрэй выкладваюць у сеціва мноства сваіх работ у выглядзе праектаў. Такія падборкі прысвечаны асобным тэмам: дзіўна цюнінгаваныя аўтамабілі, могілкі аўтарытэтаў-злодзеяў, дзеці ў бальніцах Харкава. Хлопцы стварылі свой клуб па інтарэсах, куды ўваход адкрыты для ўсіх.

Пасля размовы Андрэй і Даніла перадалі ў нашыя лагодныя рукі фотазыходнікі выставы «Прамы кантакт», так што запарвай імбірнай гарбаты памацней і акунайся ў свет харкаўскіх валацугаў разам з намі.

 

«Память» у VK

 

 

 

 

 

 

Фота by Андрэй Рачынскі і Даніла Рэўкоўскі

 


COMMENTS (2)

Алекс
Алекс | 13.11.2016 20:10

будущее беларуси под властью змагаров

1 1

Не читал, но осуждаю.

8 3 +5