Учора лета спыталася ў мяне: «Хто такі Джон Голт?» – і я не знайшоў, што яму адказаць.
Давялося лезці спачатку ў гугл, а потым у 53-ці тралейбус і, правёўшы позіркам словы «Маркс, Энгельс, Ленін, Сталін» на сцяне сувораўскай вучэльні, выпраўляцца на пошукі адказу.
Што за часы надышлі ў маім дацкім каралеўстве: нейкія «Крумкачы» ў найвышэйшай лізе гуляюць з самім менскім «Дынама», нейкі Джон Голт робіцца важнейшым не толькі за Маркса і Леніна, але і за Зянона Пазняка, а ў галерэі «Ў» адзначаецца Дзень Акудовіча. І ўсё гэта цягам аднаго травеньскага вечара.
У такія вечары лепш застацца дома – але рэлігія не дазваляе. 53-ці тралейбус марудна цягнецца па Нямізе, як неразборлівыя словы нуднай малітвы. Апрануты па-летняму юны бог публічных прастораў сядзіць у 53-ім у сваіх кароткіх джынсах і гаворыць з кімсьці па тэлефоне – па-беларуску.
«Вось хто дакладна ведае, хто такі Джон Голт», – вырашаем мы з Юляй Цімафеевай і не памыляемся. Употай ідучы следам за гэтым хіпстэрам, выходзім на вуліцу Рымарскую, знаходзім дзверы, спускаемся па сходах і трапляем у запаветнае месца.
І праўда, што за часы… Ды калі б нехта спытаўся ў мяне тры гады таму, хто такі Джон Голт, я б паслаў гэтага чалавека на тры вікіпедыі. Калі б нехта сказаў мне ў той час, што ў Менску цягам аднаго вечара будзе адбывацца 7–8 абсалютна розных імпрэзаў, на кожную з якіх варта схадзіць, я засмяяўся б так скептычна, што птушкі пападалі б з неба мёртвыя на зямлю. А, калі б усяго тры гады таму мне сказалі, што я буду браць удзел у Міжнародным дні супраць гамафобіі і наш з Юляй партрэт будзе вісець у нейкай там маладзёжнай «прасторы», сімвалізуючы падтрымку ЛГБТК-руху, я проста плюнуў бы гэтаму чалавеку ў твар. А цяпер я іду па калідоры імя таго самага Джона Голта – і нічога: зямля не раскрываецца пад нагамі ды арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» няма за што цягнуць мяне ў суд.
Нешта змянілася.
Перш за ўсё – людзі.
Людзі, якія ведаюць, хто такі Джон Голт, і могуць дазволіць сабе не ведаць, хто такія Ленін, Пазняк, Бахарэвіч і Акудовіч. Маладыя людзі, якім няма чаго губляць, бо ім незнаёмыя такія рэчы, як статуснасць, старасць, стогны па страчанай уладзе над душамі. Вось жа, Бахарэвіч, ты так доўга змагаўся супраць усіх іерархіяў – атрымай.
У канцы калідору на палічцы сціплай бібліяй стаіць таміна Айн Рэнд. Дух Джона Голта няўлоўна лунае тут, як цень бацькі Гамлета. Такое адчуванне, што ў гэтай прасторы ўсе адзін аднаго ведаюць, але гэта няпраўда: тут усе ведаюць, хто такі Джон Голт, і ім гэтага дастаткова. На сценах: Руся, Вольга Шпарага, Максім Жбанкоў, Аляксей Лунёў…
«Мы таемныя госці, чый партрэт горда вісіць на сцяне. За роўнасць, рознасць і розум – супраць тутэйшай тупасці, тухласці і тугі»
Пабачыўшы нарэшце знаёмыя твары, наш партрэт радасна вітае нас са сцяны. «За роўнасць, рознасць і розум разам» – вось што напісана на ім. Арганізатары выставы прыдумалі файную рэч: партрэты тых, хто сваймі пысамі выступіў супраць гамафобіі ды трансфобіі, яны аздобілі цытатамі каментатараў тутбаю. Амаль проста над нашым партрэтам залатымі літарамі ззяе: «…ВАС С РАДОСТЬЮ ПРИМЕТ ЗАПАД!».
Я згадваю, як на прэзентацыі сваёй «скандальнай» кніжкі «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» таксама зрабіў нешта падобнае: зачытаў перад публікаю самыя паскудныя каментары. Публіка рагатала, што дурная. Але там усе ведалі, хто я, чаму я і навошта. Ведалі, з чаго смяюцца. А тут, у прасторы «Хто такі Джон Голт», амаль ніхто не чытаў нашых кніжак. Мы – таемныя госці, чый партрэт горда вісіць на сцяне. За роўнасць, рознасць і розум – супраць тутэйшай тупасці, тухласці і тугі.
Што за часы… Беларускія пісьменнікі, якім бы ў музеях ляжаць і пра вёску і вайну папісваць (а менавіта такімі мы дагэтуль успрымаемся большасцю народу), – пратэстуюць супраць гамафобіі ды іншага лайна. У музеі Броўкі, яшчэ тры гады таму самым закрытым з менскіх музеяў, мы чытаем вершы і прозу, гаворым пра Джойса і Эдрыен Рыч. І ўсё часцей не можам вырашыць, куды пайсці ўвечары: бо паўсюль нешта адбываецца. Кавярні і клубы саступаюць месца «прасторам» – быццам неба ўпала на падзеленую намі зямлю. Мы нарэшце можам выбіраць і вырашаць, куды ісці, менскае лета – як сад сцяжынак, што разыходзяцца ўва ўсе бакі, і заблукаць у іх – абавязак кожнага культурнага чалавека.
Я стаю ў прасторы «Хто такі Джон Голт» і ляніва думаю пра тое, што варта было б сказаць гэтай публіцы.
Што яшчэ тры гады таму…
Што калі б не мая жонка…
Што калі б не гэтае лета…
Што я, канечне, заўжды быў супраць любой дыскрымінацыі – але такія рэчы, як барацьба супраць гамафобіі і правы жанчын, раней падаваліся мне другаснымі і нязначнымі. Гэта цяпер я разумею, што ўва ўсе часы дыскрымінацыя адных людзей іншымі натыкалася на жалезны аргумент: «Ды ладна вам, гэта ж усё не так важна, гэта пачакае, ёсць больш важныя праблемы…».
Але я больш не хачу быць на баку жалезных аргументаў.
Я пішу кніжкі, бясконцыя камбінацыі словаў, тонкіх і розных, як людзі.
20:00.
Недзе ў галерэі «Ў» Акудовіч адказвае на пытанне, ці мае Беларусь будучыню.
Недзе на стадыёне «Менск» «Крумкачы» забіваюць трэці гол «Дынама».
Недзе ў сацсетках пішацца першы каментарчык пра тое, што Бахарэвіч і Цімафеева, аказваецца, заступаюцца за «галубых».
Недзе ведаюць адказ, хто такі Джон Голт.
Нясі нас далей, цёплы і бязлітасны менскі вечар.
Альгерд Бахарэвіч у новым серыяле для 34mag пачынае разбіраць на часткі менскае лета-2016 і пакаленне тых, хто будзе напаўняць яго жыццём.
Навошта цяпер вышэйшая адукацыя – разважае пісьменнік Альгерд Бахарэвіч у новай калонцы «Таемнага госця». Абітурыентам на заметку.
Апошняя калонка праекту «Таемны госць» – пра тое, якімі словамі выказваўся і чым падманваў нас Менск апошнія месяцы.
Альгерд Бахарэвіч прымярае на сябе ролю рэвізора і наведвае кнігарню «Сон Гогаля» на вуліцы Леніна.
A story about (or no) cooperation between government representatives, NGOs and ordinary people that care.
A story about (or no) cooperation between government representatives, NGOs and ordinary people that care.
Javid Nabiyev speaks on arrests of gay people in Azerbaijan, explains the «fucking solidarity» term and the point of activism.
Joris Hanse, Dutch activist from the Doorbraak, speaks about the Netherlands not matching the stereotypes.