Каму сніцца Сталін

Сёлета ў расійскім выдавецтве Corpus выйшла кніга «Забойца з горада абрыкосаў» – шакуючы сваім зместам і майстэрствам твор польскага журналіста Вітальда Шаблоўскага пра малавядомыя бакі сучаснай Турцыі. Рэдакцыя 34mag так уразілася гэтай кніжкай, што адкамандзіравала ў Варшаву для сустрэчы з аўтарам журналістку Сашу Губскую.

 

Кавярня, у якой мы сустракаемся з 35-гадовым Шаблоўскім, месціцца ў сэрцы старой варшаўскай Прагі – раёна на правым беразе Віслы, вядомага сваімі напаўзакінутымі дамамі і не надта бяспечнымі вуліцамі. Цягам пяці гадоў наш суразмоўца жыў тут – сярод цагляных экстэр’ераў і выяваў Маці Божай у кожным двары.

Шаблоўскі прыходзіць на сустрэчу ўлегцы і адразу расстаўляе свае акцэнты, нібыта гэта зноў ён бярэ інтэрв’ю. На ягоным рахунку – дзясяткі рэпартажаў для буйнейшай польскай газеты, тры кнігі (чацвёртую ён як раз сканчвае), шэраг літаратурных прэміяў і намінацыяў. Неблагі багаж для 35-гадовага ўраджэнца невялікай мясцовасці ва ўсходняй Польшчы. З вялікай колькасці пытанняў да зорнага рэпарцёра мы імкнемся атрымаць адказы толькі на самыя цікавыя.

 

Шчаслівая выпадковасць

– Як і чаму ты прыйшоў у прафесію?

– Я марыў пра пісанне рэпартажаў ужо ва ўзросце 12 гадоў. Мой бацька штодзень купляў «Газету Выборчу». У той час у ёй з’явілася асобная рубрыка з рэпартажамі – я чытаў іх з расчырванелым ад эмоцый тварам і аднойчы сказаў сабе: «Я хачу там працаваць».

А калі мне было крыху больш за дваццаць, на вочы патрапіў наступны аповед. Прыйшоў калісьці малады амбіцыйны пісьменнік да Чэхава, прынёс да яго свае пробныя творы і пытаецца: «Спадар Чэхаў, скажыце свае меркаванне». Чэхаў прачытаў апавяданні і кажа: «Талент у цябе ёсць, але паслухай, што табе трэба зараз рабіць. Збярыся ды паедзь на некалькі гадоў секчы тайгу – паспрабуй пажыць, як жывуць тамтэйшыя жыхары. Адтуль з’язджай над Волгу – даведайся, што адчувае чалавек, які пасля некалькіх месяцаў у чоўне трапляе ў адкрытае мора. Пасля, можа, з бандытамі патусуйся. Ведаеш, у турме можна таксама знайсці цікавыя людскія гісторыі. Ты павінен назапашваць досвед, а калі гісторый станецца шмат – сядзь ды пачні зноў пісаць».

Я прыняў гэтую думку і лічу, што рэпарцёр ці пісьменнік спачатку павінен ісці да людзей і брацца за розную, часам нават дзіўную працу. Напрыклад, мой добры сябар Яцэк Хуго-Бадэр спярша займаўся скупкай быдла, пасля быў настаўнікам у школе і толькі значна пазней прыйшоў у рэпартаж. Я ў свой час, на студэнцкай праграме ў Капенгагене, мыў рондалі ў мексіканскай рэстарацыі, якой валодаў іранец. Там жа працаваў кіроўцам рыкшы, а пасля вярнуўся ў Варшаву. Набліжалася зіма, і нечакана тое, што я планаваў зрабіць за пятнаццаць гадоў, атрымалася рэалізаваць цягам трох зімовых месяцаў. Раптам я прачнуўся рэпарцёрам газеты Duży Format.

«Мой поспех быў у тым, што ў той жа дзень, калі я прызямліўся ў Турцыі, Алі зноў пасадзілі»

– Гэтаму паспрыяў нейкі збег абставінаў?

– Першапачаткова мяне ўзяла на працу каманда газеты, якая павінна была пачаць выдавацца толькі праз некалькі месяцаў. Яна называлася «Новы дзень». Яе выдаўцом была тая ж група людзей, што робіць «Газету Выборчу» і Duży Format. За тры месяцы я паспеў засвяціцца, і мяне запрасілі ў «Выборчу», а я пагадзіўся, але з умовай, што мяне прымуць у аддзел рэпартажу.

Але спачатку было яшчэ адно супадзенне. Акурат у кароткі перыяд нашага супрацоўніцтва з газетай «Новы дзень» я даведаўся, што з няволі выпусцілі Алі Агджу – чалавека, які ў 1981-м спрабаваў забіць Папу Рымскага Яна Паўла II. Я сказаў рэдактару, што паеду ў Турцыю і знайду Алі. Напачатку ён не надта верыў у гэта, але мне ўдалося яго пераканаць, маўляў, ну хто, калі не я! Шчыра кажучы, мае шанцы былі невялікімі. Усе светавыя медыя заслалі ў Турцыю сваіх рэпарцёраў з торбамі грошай, каб заплаціць Алі і атрымаць першае інтэрв’ю.

– То-бок ты «надзьмуў» рэдактара?

– Ніхто не мог быць упэўнены, што я прывязу матэрыял. Я думаў наступным чынам: «Па-першае, за бясплатна праедуся да Турцыі. Па другое, калі ў мяне ўсё ж такі атрымаецца, я стану вялікай зоркай у журналістыцы». Карацей, чаму не? Мой поспех быў у тым, што ў той жа дзень, калі я прызямліўся ў краіне, Алі зноў пасадзілі. Памятаю, як сядзеў у нейкім бары з сябрамі і жаліўся, што мяне напэўна выкінуць з працы. Але мае турэцкія сябры – страшэнна крутыя людзі. Гэта яны ўжо на наступны дзень пачалі арганізоўваць для мяне спатканні – знайшлі кантакты ягонай сястры, брата, нявесты і сяброў. У роднай правінцыі Алі – Малац’і – я два дні правёў у гасцях у ягоных сястры і брата. Ставіліся да мяне нібыта да сваяка.

– Родныя без сумневаў пусцілі ў хату журналіста?

– Я – паляк, а Папа Ян Павел таксама быў палякам. Ужо пасля няўдалага замаху Папа прыязджаў да Алі ў італьянскую турму, дзе, кажуць, дараваў ягоны ўчынак. Да сям’і Агджы ён таксама ставіўся вельмі прыхільна. Я быў першым палякам, які да іх даехаў – сям’я Алі звярнулася да мяне як да чалавека, якому трэба аддзячыць за ўсё тое, што зрабіў для іх Папа. У выніку яны гатавалі для мяне лепшыя стравы, а з ягоным братам я меў зносіны яшчэ шэсць гадоў пасля таго – мы дасылалі адзін аднаму віншаванні на святы.

– А колькі агулам разоў ты быў у Турцыі?

– З 2006 па 2012-ы я ездзіў туды рэгулярна, працуючы для «Газеты Выборчай». Aпошні раз завітаў падчас пратэстаў у Гэзі, то-бок у 2013-м.

 

 

 

 

 

 

 

 

Пра Турцыю, якая схавалася ў змроку

– Твае рэпартажы з Турцыі прынеслі табе славу і кантракт у «Выборчай». Чаму ты абраў менавіта гэтую краіну?

– Яшчэ ў 2003-м я прыехаў туды павучыцца, і мяне ўзялі на неаплачвальную стажыроўку на CNN Türk. Напярэдадні парламенцкіх выбараў каманда CNN павінна была праехацца па ўсіх турэцкіх рэгіёнах. Справа выглядала наступным чынам: у кожным вялікім горадзе мы ўсталёўвалі студыю на колах – удзень журналісты хадзілі па горадзе і размаўлялі з людзьмі, а ўвечары быў эфір. Мая роля была невялікай – у асноўным насіў кабелі, дапамагаў фізічна. У кішэні было штосьці каля € 120 на месяц, перад выездам нават торба парвалася – прыехаў з двума пакетамі.

Затое я пазнаваў сапраўдную Турцыю. З ранку да вечара быў аточаны найлепшымі турэцкімі журналістамі – мы хадзілі на сустрэчы з мэрамі і важнымі асобамі, нас запрашалі на прыёмы, а пасля мае калегі вярталіся да пяцізоркавых гатэляў, а я браў свае торбачкі ды ішоў шукаць жытло за пяць баксаў. Пасля змроку для мяне адкрывалася іншая Турцыя – не багаты свет кіраўнікоў, а кола кіраваных – звычайных людзей.

– У якім годзе з’явілася твая першая кніга «Забойца з гораду абрыкосаў» і пра што яна?

– Кніга пра тое, што Турцыя – гэта такая парваная, крыху разгубленая краіна. У 2003-м я ўпершыню пабачыў гэтую мазаіку з вельмі розных элементаў, якія, падавалася б, зусім адзін да аднаго не пасуюць. У Польшчы кніга была выдадзена ў 2010-м, зараз яна прадаецца ўжо ў дзесяці краінах. Сёлета выйшла ў Расіі, Эстоніі, хутка з’явіцца ў Чэхіі. Яна, дарэчы, не была выдадзена ў самой Турцыі. Ведаю, што турэцкія журналісты ў Германіі, дзе таксама нядаўна выйшаў пераклад, адмовіліся пісаць пра кнігу, каб не паддаваць яе галоснасці.

Зараз Турцыя выглядае яшчэ больш кантраверсійна – праз разгубленага Эрдагана (прэм’ер-міністр Турцыі – 34mag), які прайграў апошнія выбары курдскай партыі. Ён мог застацца ў гісторыі як чалавек, які вырашыў курдскае пытанне, але не здолеў перамагчы стрэс і пачаў зноў страляць у курдаў.

 

 

 

– А ў якой краіне «Забойца» быў прыняты лепш за ўсё?

– Вясной 2015-га адбыліся прэзентацыі рускага перакладу ў Маскве і Санкт-Пецябургу – у паўночнай сталіцы мне вельмі спадабалася сустрэча. Але лепшыя водгукі былі ва Украіне і Вялікабрытаніі. Дарэчы, украінцы выдалі пераклады ўсіх трох маіх кніжак.

– Ты добра валодаў турэцкай, калі збіраў матэрыял?

– Не, я так і не вывучыў яе да канца. Дарэчы, тут ёсць свая асаблівасць. Калі ты пачынаеш размаўляць па-турэцку, але толькі крыху, то туркі вельмі радуюцца – ляпаюць цябе па шчоках, маўляў, які ты малайчына. У нас гэта б успрынялі як удар па твары, а ў Турцыі мужыкі даюць аплявухі з сімпатыі. Але калі ты здольны сказаць па-турэцку больш за некалькі сказаў, то загараецца чырвоная лямпачка. Паляк, які размаўляе па-турэцку з азербайджанскім, як ім падаецца, акцэнтам ды яшчэ ездзіць па ўсходняй Турцыі – надта падазроны чалавек. Некалькі разоў падчас падрыхтоўкі рэпартажу мясцовыя тэлефанавалі ў паліцыю. І калі гэта здарылася ў трэці раз, я пачаў наймаць перакладчыкаў, хоць сам шмат разумеў з пачутага.

– Якімі яшчэ мовамі валодаеш?

– Вельмі добра я не ведаю ніводнай, але магу паразумецца з чалавекам на пяці: англійскай, рускай, турэцкай, чэшскай і ўкраінскай.

– Ідэя выдаць рэпартажы з Турцыі пад адной вокладкай належала табе?

– Мне. Але толькі палова тых тэкстаў, што можна прачытаць у кніжцы, былі апублікаваныя раней. Палова пісалася адмыслова для выдання.

 

 

 

 

«У нас гэта б успрынялі як удар па твары, а ў Турцыі мужыкі даюць аплявухі з сімпатыі»

 

 

 

Пра герояў, якія самі цябе знаходзяць

– Што ты робіш, калі не атрымліваецца дамовіцца з нейкім героем?

– Залежыць ад таго, ці вельмі ён важны для маёй гісторыі. Акурат зараз я сканчваю працу над наступнай кнігай – яна пра Украіну, а дакладней, пра Валынь часоў Другой сусветнай. Да аднаго суразмоўцы, які меў вельмі траўматычную гісторыю з дзяцінства, я хадзіў цягам двух гадоў. Ён ведаў, што я раблю запісы пасля таго, як выходжу ад яго – бо ён не дазваляў рабіць дыктафонны запіс. І пад канец я прыйшоў да яго, каб запытацца наўпрост: ці дасць дазвол на публікацыю ягонай гісторыі. Я быў гатовы змяніць усе дэталі – імя, месца, нават перапісаць гісторыю ад імя жанчыны. Але ён не пагадзіўся. Сказаў, што для яго гэта вельмі інтымная рэч, пра якую распавесці свету – нібыта стаць голым на вуліцы. Здараецца і такое.

– А якім чынам выбіраеш тэмы для матэрыялаў?

– Я не раблю гэтага спецыяльна. Распавяду, як пачалася праца над чарговай маёй кнігай «Танцуючыя мядзведзі»: аднойчы пасля вечарыны мой падпіты сябар-балгарын расказаў гісторыю танцуючых мядзведзяў, якая мяне вельмі ўразіла. Балгарыя была апошняй краінай Еўразвязу, якая забараніла выкарыстоўванне мядзведзяў цыганамі. Ведаеш, там гэтая практыка была вельмі распаўсюджаная – цыган трымаў мядзведзя на ланцугу і граў на гуслях ці яшчэ чымсьці, а мішка ўставаў на заднія лапы і пачынаў хістацца. Так яны гастралявалі з даўніх часоў. Але калі Балгарыя ўвайшла ў Еўразвяз, цыганам заплацілі па дзесяць тысяч леваў, а мішак забралі да так званага «мядзведжага выраю» – рэзервацыі, дзе яны жылі на «волі» да канца свайго жыцця і вучыліся самастойна знаходзіць ежу і ўпадаць у спячку. І ў кніжцы я параўнаў гэтых мядзведзяў з краінамі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, якія імкнуцца прызвычаіцца да вольнасці, выходзячы з эпохі камунізму.

– І якія краіны сталіся гэтымі «танцуючымі мішкамі»? Дарэчы, калі яны вольныя, то чаму «танцуючыя»?

– Перш за ўсё, Польшча. Бачыш, калі нашаму ўраду цяжка, атрымліваецца, што мы таксама ўстаем на заднія лапы і пачынаем хістацца – перад Брусэлем, ну і гэтак далей. Украіна і Беларусь маюць яшчэ больш цікавае і складанае становішча. Калісьці я параўнаў Януковіча з такім старым хітрым цыганам, які замест таго, каб аддаць Уніі сваіх мішак, купіў у бяднейшага брата двух іншых і за іх атрымаў грошы. А праз год зноў з’явіўся ў Бургасе – маўляў, нідзе не было напісана, што трэба аддаць менавіта сваіх гадаванцаў.

«Мне аднойчы прысніўся Сталін»

Цікава, што першая яскравая эмоцыя ў вызваленых мядзведзяў – агрэсія. Спачатку яны паводзяць сябе няўпэўнена, а пасля пачынаюць біцца і ўсталёўваць іерархію. Гэтае ж сталася і з краінамі былой Югаславіі, пра якія ў кнізе таксама ідзе гаворка. Апроч усходняга блоку ўзгадваюцца Куба, Літва, Румынія, Грузія ды іншыя краіны. Ведаеш, чаму я паехаў у Грузію?

– Не.

– Мне аднойчы прысніўся Сталін.

– Ты спажываеш шмат алкаголю?

– Не, я быў цвярозы. Паслухай. Прысніўся Сталін і кажа: «Вітэк, я хачу табе ў нечым прызнацца. Я насамрэч быў жанчынай, і ўсе рашэнні, якія я прымаў у жыцці, былі звязаныя з тым, што я страшна баяўся, што хтосьці пра гэтае даведаецца. Ведаеш, як я баяўся, што Берыя заўважыць, што ў мяне месячныя? Але ніхто, акрамя цябе, у гэтае не паверыць. Ты павінен зрабіць матэрыял – едзь у Горы, там яшчэ ёсць людзі, якія могуць пацвердзіць». Праз тыдзень я быў у Горы. Безумоўна, я не вар’ят і не думаю, што Сталін быў жанчынай. Але я веру, што сны могуць накіраваць чалавека ў добрым напрамку. Так і сталася. У Грузіі я напісаў адзін з лепшых сваіх рэпартажаў – пра супрацоўніц дома-музея Сталіна, жанчын, якія з неверагоднай адданасцю яго ідэалізуюць.

– На тваю думку, чаму так робяць?

– У Грузіі культура мае рысы матрыярхату. Прытым жанчыны вельмі пакутуюць – яны б хацелі сабе любоўныя гісторыі з фільмаў, хаця б нават турэцкіх, але мясцовыя мужыкі не адпавядаюць іх ідэалам. Шмат хто п’е, вайны няма, а таму няма чым заняцца. Адна жанчына распавядала мне, што нібыта Сталін ніколі не піў, мо толькі чарку дарагога каньяку або келіх віна, але бутэлькавага, з магазіна. Вось табе і зачэпка – у Грузіі большасць робіць хатняе віно. Да таго ж яе муж памёр праз алкаголь.

 

 

 

Пра «польскую школу»

– Лічыцца, што польскі рэпартаж мае вельмі высокі ўзровень. Сярод тваіх калег ёсць нейкія легенды «старой школы»?

– У нас вельмі змешанае таварыства, ёсць шмат знаных імёнаў і маладых аўтараў, якія працуюць у «Выборчай» па два-тры гады. Варта ўзгадаць пра такіх зорак, як Марыюш Шчыгел, Уладзімір Новак, Войцэх Тохман. Я знаходжуся недзе пасярэдзіне, бо лічуся дастаткова маладым, але стаж у мяне амаль дзесяць гадоў. Ведаеш, я не вылучаю польскі рэпартаж, для мяне ён з’яўляецца часткай еўрапейскай традыцыі, але мае асаблівую вартасць. Таксама да вялікіх еўрапейскіх рэпарцёрскіх школаў належаць Францыя, Нідэрланды ці Вялікабрытанія. Апошнім часам добра развіваецца ўкраінскі рэпартаж, я з цікавасцю назіраю за некаторымі аўтарамі. Магу ўзгадаць Наталку Гумянюк, Ігара Бурдыгу, Алега Крыштопа.

«Калі пісаў пра бежанцаў, то зняў на пракат рыбацкі човен, у якім плаваў і шукаў, дзе на ўзбярэжжы пачынаюцца імігранцкія шляхі»

– Якім рэпарцёрам ты сам сябе лічыш?

– Мне падабаецца ісці супраць плыні. Я ахвотна бяруся за тэмы, ад якіх астатнія адмовіліся б. У Турцыі, калі я пісаў пра бежанцаў, то зняў на пракат рыбацкі човен, у якім плаваў і шукаў, дзе на ўзбярэжжы пачынаюцца імігранцкія шляхі. Хацеў узяць байдарку, але памежнікі не дазволілі. Па Кубе я вазіў людзей аўтаспынам, і ўсе дыялогі з кнігі – з маімі пасажырамі, што сядзелі на заднім сядзенні.

– А што цікавіць польскага чытача? Што чытаеш ты сам?

– Палякаў цікавіць свет навокал. Акурат кнігі, у якіх гаворка ідзе пра праблемы самой Польшчы, вельмі кепска разыходзяцца ў продажы. Я зараз чытаю толькі матэрыялы, патрэбныя да маёй новай кнігі, – усё на тэму Другой сусветнай вайны. Калі скончу, вярнуся да адкладзеных у бок твораў, але, шчыра кажучы, не магу ўзгадаць, што я там адклаў.

– Ты быў у Беларусі?

– Так, тры разы. І напішы, калі ласка, што я вельмі люблю гэтую краіну і лічу, што туды трэба неаднойчы вяртацца. А яшчэ хачу ўзгадаць, як мы ўдзячныя Беларусі за Святлану Алексіевіч. Яна, напэўна, будзе Нобелеўскай лаўрэаткай.

 

Фотa by Саша Губская