Hello, Happiness

 

8 верасня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрыецца выстава рэжысёркі Мары Лазье «Hello, Happiness!». Мы падрыхтавалі невялічкі даведнік па жыцці ды творчасці французскай мастачкі і паразмаўлялі з куратаркаю выставы Ганнаю Лок пра трансфармаванне адносінаў з целам, спецыфіку мантажу і арт-мецэнацтва. А яшчэ бонусам цябе чакае фільм Лазье пра гермафрадытаў.

 

Мары Лазье

Мары нарадзілася ў Францыі, тамсама вывучала амерыканскую літаратуру і драматургію. Аднойчы атрымала грант, каб напісаць дысертацыю ў Нью-Ёрку, але з доктарскаю так і не склалася, бо ўсе грошы яна праматала на заняткі па маляванні. У той час яе цікавіў толькі працэс, усе тэарэтычныя класы былі праігнараваныя. Так ці інакш яна распрацавала свой уласны стыль жывапісу, які складаецца не з рэалістычнага капіявання рысаў, а трансляцыі большага за вонкавае. Свае работы яна стварае вугалем на рысавай паперы; тонкія празрыстыя аркушы памерам некалькі квадратных метраў прыедуць на выставу ў Менск.

Пасля вучобы Мары засталася ў «Вялікім яблыку», дзе жыве ўжо 21 год. Амаль адразу ёй пашанцавала з працаю: яна курыравала праграмы для Французскага інстытуту і незалежных пляцовак Ocularis і Кінатэатру памяці Робэрта Бэка. Гэта было больш за зарабленне грошай, там яна аказалася ў шчыльнай сувязі з кіно і знайшла сваіх інспіратараў – братоў Кучар, Мекаса і Энгера. Дарэчы, менавіта з фільму пра Кучараў яна і стартанула як рэжысёрка, атрымаўшы ўхвалу мэтраў.

Ейны галоўны мастацкі фокус – гэта фільмы, вар’яцкія панкаўскія калажы пра самы сок авангардавай тусоўкі Амерыкі ды Еўропы.

Стужкі Мары – яскравыя, вельмі інтымныя партрэты герояў, якія заўсёды ейныя сябры. Па-іншаму яна не працуе: мастачка ўпэўненая, што, каб перадаць гісторыю і стварыць сапраўднае кіно, трэба распавядаць пра сяброў і працаваць толькі з сябрамі, а ўсё астатняе – фарс. Кожны фільм і відэа – вынік шматгадовай працы рэжысёркі, якая не толькі выдумляе сцэнар, але і здымае, робіць гук, праектуе і шые амаль карнавальныя касцюмы для актораў.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Дарэчы, здымае яна на 16-міліметровую камеру «Булекс», якую калісьці падарыў ёй былы бойфрэнд. Мары доўга не чапала яе, бо глыбокая пашана да кінематографу зачароўвала яе настолькі, што здымаць самастойна падавалася сапраўдным блюзнерствам. Толькі праз некалькі гадоў Мары не толькі перакрочыла свой страх, але і знайшла дастаткова сілы і харызмы, каб паслаць далёка ўсе правілы кінавытворчасці ды ўяўлення пра якасць. І трэба адзначыць, што балаганісты візуал, разам з расфакусаванымі кадрамі быў успрыняты гледачамі ды крытыкамі больш чым з энтузіязмам.

Магчыма, справа ў тым, што сюррэалізм і гіпербалізацыя вобразаў – форма выказвання бачання мастачкі, што не замінае далікатнай трансляцыі гісторыяў герояў, да якіх яна ставіцца з пяшчотаю і шчырасцю.

У ейных працаў ёсць дзве часавыя характарыстыкі: першая – 3 хвіліны. Менавіта столькі дазваляе здымаць ручная вінтажная камера запар. Акурат таму фільмы Лазье – гэта калаж уражанняў, падзеяў і размоваў, які збірае па абрыўках цэлае. Другая даўжыня – некалькі гадоў. Кожны ейны фільм мае расцягнуты цыкл прадакшну, бо сам працэс здымак – гісторыя сяброўства, не проста расповед пра выбітных авангардыстаў, а, хутчэй, дзённік адносінаў, часопіс іхнай камунікацыі з Мары. Рэжысёрка сама стварае ўсё для карціны, пры гэтым працягваючы працаваць недзе яшчэ, каб забяспечыць сябе. Такі доўгі перыяд не перашкаджае, а робіць кіно падобным да вытрыманага партвейну з ноткамі бурлеску.

 

 

 

Прывітанне, шчасце

Ганна Лок, куратарка праекту, пазнаёмілася з Мары ўвосень 2014 года, калі рыхтавала квір-фестываль DOTYK, на якім адбыўся першы беларускі паказ фільму «Балада пра Джэнэсіса і Лэдзі Джэй» Мары Лазье. Да сваіх лістоў падчас перапіскі з Ганнаю рэжысёрка прымацоўвала архіўныя фота са сваіх здымак. Яны і графіка Лазье падштурхнулі Ганну да ідэі выставы-партэту амерыканскай і еўрапейскай авангардавай сцэны ў Менску. Складанне фактуры разнапланавых тэхнікаў, у якіх працуе мастачка, вылучыліся ў моцны праект, які пагадзіўся экспанаваць НЦСМ.

Выстава «Hello, Happiness!» стане першаю ў абноўленым памяшканні Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў на Незалежнасці 47, дзе цяпер ідзе рамонт.

Адна з працаў на выставе – фільм «Балада пра Джэнэсіса і Лэдзі Джэй», гісторыя Джэнэсіса Пі-Орыджа і ягонай жонкі Лэдзі Джэй, пары, якая імкнулася прыцягнуць свае целы да максімальнай блізнюковай падобнасці праз пластычныя аперацыі. Лазье дакументавала іхную штодзённасць і адносіны цягам пяці гадоў, уключаючы той перыяд, калі адзін з айцоў industrial зрабіў сабе грудзі, каб больш прыблізіцца да вобразу жонкі. (Фільм можна будзе паглядзець падчас выставы адзін раз на дзень).

 

 

 

«Гэтая гісторыя паказалася мне вельмі квірная. Яна падкрэслівае, што няма анічога стабільнага. Я ўбачыла ў гэтым фільме прыклад фармавання гендарнай ідэнтычнасці і трансфармавання адносінаў са сваім і чужым целам», − распавядае Ганна Лок.

«Квірынг» – адна з уласных мэтаў праекту Ганны, сама Мары Лазье не ставіць гэта задачаю сваёй творчасці. «Мне цікава працаваць з музеем, бо гэта новы крок у квірызацыі дзяржаўных інстытуцыяў. А яшчэ гэта выхад на аўдыторыю, якая ходзіць у музеі ды менш актыўна наведвае незалежныя арт-пляцоўкі», − працягвае куратарка і прызнаецца, што спадзяецца на вострую рэакцыю, а не маўклівае роўнае прыняцце кантэнту.

«Менску не стае радыкальнасці. Гэта не млявы мілы праект, ён даволі востры, прысвечаны авангарду і панкаўскай DIY-эстэтыцы. Мне хочацца разварушыць сталае пакаленне, пазнаёміць горад з гісторыяй авангарду праз яе дзеячаў».

Незвычайнасцю праекту стала запрашэнне публікі да фінансавай падтрымкі выставы праз краўдфандынг на Ulej.by. «Hello, Happiness!» адбудзецца ў любым выпадку, але патрабуюцца дадатковыя грошы на тое, каб экспанаваць яе, прытрымліваючыся заходніх музейных стандартаў, і зрабіць усё на ўзроўні.

 

 

«Гэта не проста ахвяра – гэта спосаб адчуць сябе арт-мецэнатам: імёны ўсіх донараў будуць размешчаныя на банеры ў музеі побач з куратарамі ды камандаю праекту. І больш за гэта – за сваю дапамогу кожны атрымае падарунак: бясплатны ўваход на выставу, паштоўку ці нават арыгінал малюнку Мары. Па сутнасці, вы набываеце мастацкі артэфакт і падтрымліваеце праект», − тлумачыць куратарка.

Дадатковыя сродкі патрэбныя, каб ператварыць экспазіцыйную прастору. Трэба пабудаваць новыя сцены, а таксама правесці прафесійны мантаж графічных работаў, каб не сапсаваць твораў, створаных на рысавай паперы, вялікага фармату, якія пасля паедуць у Нью-Ёркскі МОМА.

Мары Лазье прыляціць у Менск на мантаж і адкрыццё. Фацэтна, што ейны сябар і герой новага фільму музыка Фэлікс Кубін будзе граць прыкладна ў тыя ж дні – 3-га верасня ў яго адбудзецца канцэрт у Kitchen Coffee Roasters. У іх будзе некалькі вольных дзён у горадзе, і частку фільму яны плануюць зняць у Менску, так што Беларусь мае шанец трапіць у анталогію авангардавага кінематографу, аказаўшыся ў эксцэнтрычнай кінастужцы Лазье.

 

 

 

 

 

 

 

Зрабіць свой унёсак у мастацтва і стаць уладальнікам квітка або малюнку Мары можна тут, больш даведацца пра мастачку і ейныя працы – тут.