Фуд-актывізм

  • 10.02.2017
  • Author: 34mag
  • 8000

 

Новыя бары, кавярні і фуд-кропкі з’яўляюцца ў Менску, напэўна, хутчэй, чым валасы ў зоне бікіні. Але, тым не менш, застаецца яшчэ месца і для грасрутс-актывістаў, якія сваю любоў да ежы пераўтвараюць у карысную і натхняльную дзейнасць. Сустракай – пасядзелкі а-ля Kinfolk Dinner Gomel, ежа-крытыкі EDA BORODA і адукацыйная кухня «Добрая ежа».

 

Запушчаны ў Портландзе ўлетку 2011 года, часопіс Kinfolk застаецца верны галоўным slow living каштоўнасцям: сям’я, творчасць, самадастатковасць і мастацтва жыць тут-і-цяпер. Тыя ж прынцыпы закладзеныя і ў Kinfolk gatherings, куды прыходзяць па цёплыя размовы, душэўную ежу і творчае натхненне. Але, каб адчуць сябе часткай Kinfolk community або проста спазнаць усю прывабнасць ціхага памяркоўнага жыцця, неабавязкова ехаць у Портланд, Новую Зеландыю ці Японію. Натхнёныя Kinfolk-вячэрамі, гомельскія дзяўчаты Вераніка, Аня і Рая вырашылі зрабіць беларускую версію. Кожная з іх адказвае за сваю частку вячэры: Аня – за ўсю веганскую смакачэчу на стале, Рая – за дэкор і атмасферу, а Вераніка плануе тэматычную частку сустрэчы і шукае спікераў. Дзяўчаты ўжо правялі тры вячэры, на першых дзвюх разглядаліся тэмы веганскага стылю жыцця і вегетарыянства, а на апошняй, што была ў лістападзе, гасцям расказвалі пра чароўную Францыю. Майстар-класы, размовы пры свечках, цікавыя прамоўцы і, вядома, вытанчаныя стравы – усё як у Портландзе, толькі лепш!

«Колькасць жадаючых з кожным разам павялічвалася, і на другой вячэры мы павысілі колькасць пасадачных месцаў да 33, але потым усё-такі вырашылі запрасіць толькі 20 чалавек, каб захаваць атмасферу сямейных пасядзелак, – расказвае Аня. – Гэта ў нейкім плане альтэрнатыва звыклым наведванням кафэ і рэстаранаў увечары. У сваім праекце мы спрабуем аб’яднаць людзей з падобнымі жыццёвымі поглядамі і цікаўнасцямі, бо на сустрэчах мы шмат размаўляем пра вандроўкі, праводзім тэматычныя майстар-класы, дзелімся гісторыямі са свайго жыцця».  

Канешне, не абыходзіцца і без цяжкасцей: у Гомелі складана знайсці прыдатную для такіх мерапрыемстваў пляцоўку, а калі штосьці і знаходзіцца, то гэта патрабуе вялікіх выдаткаў. Але дзяўчаты не здаюцца і шукаюць іншыя варыянты, каб наступны Dinner Gomel адбыўся найлепшым чынам.

Аня – галоўны шэф-кухар праекта – таксама распавяла, што наступны Dinner Gomel якраз-такі плануецца ўжо на пачатку вясны, калі цёплыя вечары будуць схіляць да доўгіх размоў за вялікім дубовым сталом і каштавання вытанчаных страў на прыродзе. Так што вясной не спі ў шапку, каб табе хапіла месца на вячэры ў стылі Kinfolk!

 

 

 

Артур, Паша і Паша маюць добры апетыт і ўмеюць здымаць вясёлыя відэа. Свае здольнасці яны злучылі ў даволі плённы саюз: у праекце пра вулічную ежу EDA BORODA яны проста і сутнасна робяць агляды кропак вулічнай ежы Менска, дзе можна хутка, сытна, а галоўнае нядорага падсілкавацца.  

«Мы самі студэнты і, канешне ж, часта ямо ў розных фаст-фудах і макдональдсах. У адзін момант проста зразумелі, што так часта сілкуемся на хаду, дык чаму не паспрабаваць гэта зняць? Няхай людзі праз нас даведаюцца пра пэўныя месцы», – расказвае Паша.

Хлопцы ўжо стварылі сем выпускаў, дзе на свае страх і рызыку пакаштавалі фірмавую златку ў заснавальнікаў менскай вулічнай ежы «Хутка-Смачна», блінчыкі з «ДЭПО», сэндвічы SUB'S і «Лаўкі», шаверму ў «Кафэ ў Маі» на Камароўцы, нават дабраліся да кебаб-пана са «Жвавага Кухару» на Уручча. Асабліва адзначым шосты выпуск, калі каманда EDA BORODA адправілася на фуд-шоу ў Палац спорту. Там Артур, Паша, Паша і (увага) яшчэ адзін Паша (пераможца розыгрышу EDA) не толькі тэсцілі ежу, але і бралі інтэрв’ю ва ўдзельнікаў.

Паша трапна адзначыў: «Менск апошнім часам вельмі хутка развіваецца, асабліва з боку грамадскага харчавання. З’яўляецца шмат новых устаноў, і спажыўцу патрэбная такая крыніца інфармацыі, з дапамогай якой ён зможа не марнаваць самае галоўнае – свой час. Для гэтага трэба проста адкрыць браўзер і за некалькі клікаў абраць месца для перакусу/адпачынку/спаткання і г.д., якое б адпавядала яго жаданням і магчымасцям. Наш праект якраз дапамагае зэканоміць свой час, а ў некаторых выпадках нават здароўе».

Дарэчы, хлопцы праводзяць рэбрэндынг і абяцаюць, што, калі ўсё скончаць, гледачоў EDA BORODA чакае больш якасны прадукт, чым яны прапаноўвалі раней.

Паша: «Ну мы ж пачыналі гэта як хобі, але цяпер хочам перайсці на больш прафесійны ўзровень. Працуем з дызайнерам, маркетолагам, шукаем апаратуру і г.д. У будучыні мы плануем не абмяжоўваць сябе выключна вулічнай ежай, а рабіць агляды ўсёй ежы без выключэння».

У «барадатых» крытыкаў свае крытэры, і напрыканцы кожнага выпуску яны ставяць фінальныя адзнакі пакаштаванай ежы. Нягледзячы на тое, што хлопцы карыстаюцца 10-бальнай шкалой, у прынцыпе, усё ў іх можна параўноўваць з шавермай, бо яна пакуль што была і застаецца «ежай багоў» па версіі EDA BORODA.

 

 

 

Кухня «Добрая ежа» складаецца з Лолы і Дашы, якіх яднае не толькі любоў да гатавання, але і пэўны погляд на жыццё. Экацэнтрызм, гуманізм, прага да самаразвіцця, свабоды і роўнасці – усе гэтыя ідэі маюць відавочнае адлюстраванне і ў тэматыцы іх мерапрыемстваў, і ў паўсядзённым жыцці.

«Ідэя кухні “Добрая ежа” нарадзілася ўвесну 2016 года. У жніўні нашыя сябры загарэліся думкай стварыць адукацыйныя мерапрыемствы пра здаровае, экалагічнае і этычнае харчаванне пад назвай “ВеганСмена”, якую мы цалкам падтрымалі і прынялі непасрэдны ўдзел. Гэта і стала штуршком для “Добрай ежы”. У ЦЭХу наведнікаў чакалі не толькі тэматычныя кінапрагляды з абмеркаваннямі, але і майстар-класы па прыгатаванні веганскай ежы і, канешне, самі прысмакі», – расказвае Лола.

Потым дзяўчаты ўдзельнічалі ў моладзевым фестывалі EduWeekend Remara, шматлікіх выязных мерапрыемствах па Беларусі, а таксама «ВелаСхеме» (працяг «ВеганСмены»). Да іх паўсюль падыходзілі людзі і задавалі безліч пытанняў пра ежу і рэцэпты – вось Лола з Дашай і вырашылі аформіцца ў кухню «Добрая ежа».

Напрыканцы года веганскае кафэ Monkey Food, вядомае сваімі найсмачнейшымі і найсытнейшымі фалафелямі, адзначыла «Добрую ежу» ў сваёй прэміі як адзін з найбольш актыўных веганскіх і экалагічных праектаў за 2016-ы. І на тое ёсць шэраг прычын. Напрыклад, перад Новым годам «Добрая ежа» арганізавала калядны бясплатны кірмаш, створаны з мэтай негвалтоўнай барацьбы з празмерным спажываннем, якое, на думку Лолы, ператварае людзей у рабоў, а планету ў сметніцу. Гэта быў другі па ліку бясплатны кірмаш, арганізаваны дзяўчатамі.

«І мы не думаем спыняцца. У новым годзе мы плануем і надалей рабіць карысныя справы, якія, мы спадзяемся, зацікавяць людзей», – кажуць Лола і Даша.

У іх суполцы знойдзеш шмат карысных парадаў, якія тычацца веганскага харчавання, а таксама рэцэпты, пасля якіх (калі ты яшчэ сумняешся) канчаткова зразумееш, што быць веганам у нашых беларускіх рэаліях не так ужо складана і дорага. Наступная сустрэча ад «Добрай ежы» – 26 лютага кінапаказ італьянскай карціны «Аurora: сны пра свабоду» з лекцыяй на тэму традыцыйных веган-смачнасцей.

 

Тэкст by Надзея Прасвірава

 


COMMENTS (2)

Рита
Рита | 14.02.2017 21:00

Добрая Ежа - отличный проект. И еда вкусная, и девочки милые)

0 0
Алеся
Алеся | 14.02.2017 20:44

Супер!

0 0