FAQ пра беларусаў

  • 17.10.2016
  • Author: 34mag
  • 13195

З кожным годам інтэрнэт прапануе нам усё больш цудоўных магчымасцяў, каб вывучаць сябе. Сацыялагічныя даследаванні праводзіліся і раней, але каб назіраць за іх вынікамі ў рыал тайме – такога яшчэ не памятаем. Праект Generation What быў запушчаны ў Францыі пулам брадкастараў, каб зрабіць партрэт еўрапейскай моладзі. Беларусы таксама мелі шанец дамаляваць да яго ўзнятае брыво ці валасок, які тырчыць з носа: апытанка праводзілася і ў нашай краіне. Што мы з дапамогай анкеты накапалі пра суайчыннікаў – глядзі ў нашым артыкуле.

 

Generation What – інтэрактыўнае даследаванне грамадскай думкі, запушчанае ў Францыі ў 2013 годзе. Тады на яго пытанні адказала 250 тыс. французаў. Праз поспех вырашана было пашыраць геаграфію – і тады звыш 10 краін і 600 тыс. еўрапейцаў паўдзельнічалі ў праекце. Механізм вельмі просты: ты адказваеш на пытанні, звязаныя з тваімі адносінамі да бацькоў, працы, улады, сябе, сэксу і ка-ка-ка-ка-ка-ка-кахання. Пасля чаго можна адразу паглядзець вынікі, наколькі ты супадаеш у думках з тыповым беларусам ці грэкам. Апытанка ўжо скончылася, але вынікі засталіся. Некалькі дзясяткаў фактаў, якія нас здзівілі. Гартаем!

 

 

 

 

 

СВАБОДА

З маленькім адрывам, але большасць беларусаў лічыць, што 20 гадоў – гэта лепшы ўзрост. Гэтак жа лічаць паўднёвыя краіны – Грэцыя, Італія, Румынія, Харватыя – і Літва.

Для абсалютна ўсіх еўрапейскіх краін быць дарослым – гэта не жыць разам з бацькамі. Для беларусаў – у першую чаргу быць сталым і адказным.

Паліцыі мы не давяраем гэтак жа, як і італьянцы, грэкі, славакі, балгары і туркі, а вось рэлігійным арганізацыям не давяраюць паўсюль.

70% беларусаў раздражняе, калі дзяўчатам свішчуць услед на вуліцы. У Францыі, дарэчы, праблема вастрэй – 82% французаў утачылі б за такое.

63% беларусам усё роўна, ці цалуюцца на вуліцы гей-пары. І чым маладзей узрост рэспандэнтаў, тым больш ім усё роўна.

Мы не самотныя ў сцверджанні, што свабоды занадта мала. Так лічаць ад 70 да 90% еўрапейцаў.

Затое беларусы, нават больш чым некаторыя іншыя народы, не маглі б быць шчаслівыя без права голасу.

 

 

 

 

 

СЭКС

Большасць беларусаў не могуць быць шчаслівыя без сэксу. Затое расіяне, літоўцы і эстонцы могуць.

Пра адносіны на адну ноч беларусы падзяліліся на два прыкладна роўныя лагеры: «Ні за што!» і «Гэта проста спатканне». Для большасці людзей пасля 34 гадоў гэта магло б стаць пачаткам новых адносін.

24% беларусам падабаецца ідэя заняцца сэксам з чалавекам свайго полу. З іх амаль палова – юнакі 16-17 гадоў.

Палова беларусаў не займалася сэксам з некалькімі людзьмі і не будзе, але 41% падабаецца сама ідэя.

24% беларусаў займаліся сэксам у грамадскіх месцах, і ім гэта падабаецца.

Амаль палова беларусаў устрымлівалася ад сэксу, і ім гэта не спадабалася. Такога высокага паказчыка няма нідзе ў Еўропе.

Мастурбіруем мы як і паўсюль.

Сэкс-цацкамі мы пакуль не карыстаемся, але попыт ёсць, як і ў іспанцаў ды славакаў. Немцы, чэхі, бельгійцы і аўстрыйцы, дарэчы, ужо з імі асвоіліся.

Свінгеры пакуль застаюцца маргіналамі па ўсёй Еўропе. Як і БДСМ-шчыкі. Хоць чвэрці беларусаў падабаецца сама ідэя.

 

 

 

 

 

ЗВЫЧКІ

Без тэлевізара могуць быць шчаслівыя практычна ўсе беларусы, а вось без тэлефона ўжо толькі 61%, без інтэрнэту – палова.

У Беларусі вышэй цікавасць да татуіроўкі, чым ва ўсёй Еўропе: амаль палова беларусаў не адмаўляе з'яўленне масці ў будучым.

98% беларусаў не палілі касяк з бацькамі. Але не хвалюйся, 94% галандцаў таксама не палілі.

 

 

 

 

 

 

АДНОСІНЫ

Большасць беларусаў адчувае сябе няўтульна, калі бацькі даюць ім грошы, а вось немцам, аўстрыйцам і галандцам норм.

Беларусы рамантычныя: 81% не былі б шчаслівыя без кахання. І прыстойныя: 71% не знаходзіліся адначасова ў некалькіх любоўных адносінах.

Толькі для 2% беларусаў адносіны – гэта боль.

Палова беларусаў маглі б быць шчаслівыя без дзяцей.

Амаль усе ў Еўропе мараць пра шлюб, для беларусаў гэта – фармальнасць.

 

 

 

 

 

ЕЎРОПА

Для 39% беларусаў Еўропа – гэта ўсяго толькі назва кантынента.

Краіны вакол Беларусі – Літва, Польшча, Латвія, Расія – лічаць, што нацыяналізм расце і гэта пазітыўная з'ява.

Больш за ўсё ўсіх еўрапейцаў, у тым ліку нас, хвалюе жыллёвае пытанне і як знайсці працу.

 

 

Ілюстрацыі by Sheeborshee

 

ООО «Ирвинга группа»
УНП 191751509
 

COMMENTS (6)

Зьмітрок
Зьмітрок | 4.08.2017 13:34

Еўропа - не кантынент, а частка свету.

0 0
Маша
Маша | 3.08.2017 21:29

Цi можа быць пераклад на англiйскую мову?? Дзякую:)

0 0
валиум
валиум | 18.10.2016 11:05

Крутые иллюстрации, спасибо!

17 0 +17
Eugene Semchenko | 17.10.2016 20:45

Падабайка, калі прачытаў артыкул - ды адразу захацелася прайсці тэст (і прайшоў (-шла)) ;-)

14 0 +14
Ja
Ja | 17.10.2016 19:04

усё гэта, канешне, фан фан фан - бо адказы пра секс і г.д. могуць быць прадыктаваныя не рэальнымі практыкамі, а падтрымкай "самой ідэі" і жаданнем адпавядаць пэўнаму вобразу "прасунутага/прасунутай чалавека".
што сапраўдны важна і страшна, дык гэта, што
"Краіны вакол Беларусі – Літва, Польшча, Латвія, Расія – лічаць, што нацыяналізм расце і гэта пазітыўная з'ява."

15 2 +13
Дзіско
Дзіско | 17.10.2016 16:52

Вялікі дзякуй за цікавы артыкул!

18 0 +18