Ад сёння ў кнігарні «ЛогвінаЎ» можна прыдбаць папяровы асобнік апошняй часткі трэвэл-эпапеі «Рома едзе». Гэтая кніга – гісторыя доўгага вяртання дамоў праз пыл і дарогі Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, праз эксперыменты з рэальнасцю і ментальнасцю і, як і раней, гэта – бесперапынны тэст на давер самому сабе і вялікаму свету.
У мінулым лістападзе Рома Свечнікаў разам са сваёй баявой сяброўкай Воляй Палевіковай вярнуўся ў Менск. Так завяршылася рэаліці-казка пра сталенне і пазнанне свету, за развіццём якой мы сачылі апошнія тры гады. Інтэрнэт-праект паступова перарос сам сябе, і першая частка кнігі «Рома едзе» стала адным з галоўных беларускіх бестселераў летась. Апошнія паўгода разам з нашымі сябрамі з выдавецтва «Логвінаў» http://lohvinau.by/ мы рыхтавалі другую частку кнігі, якая нарэшце пабачыла свет.
Што кажа аўтар кнігі Рома Свечнікаў:
– У кнізе сабраныя тэксты пра падарожжа праз дзве Амерыкі – ад Аляскі да Аргенціны. Гэты адрэзак дарогі даўжынёй у паўтара года стаў для мяне абрадам ініцыяцыі. Праз тэксты я выварочваю свае дзіравыя кішэні і здымаю з сябе ўсё, што яшчэ не парвалася ад старасці. Крок па кроку я прабіраюся ўглыб уласнага міфа, ад куфра да труса, ад качкі да яйка і нарэшце да іголцы.
Я гляджу ў гэтыя старонкі як у люстэрка. У іх – усе мае д’яблы з факеламі, у іх мае начныя страхі і дзіравыя лёгкія. У іх я танцую на мыліцах хіп-хап на сельскай дыскатэцы, асуджаны на пагардлівыя погляды і махач за крамай.
Гэтая кніжка – пра маё працяглае інтра ў жыццё. Спадзяюся, яна можа быць карыснай табе суботнім ранкам у цьмяным метрапалітэне. Да пачатку пары яшчэ паўгадзіны, ты робіш апошні ўдых – і ўступаюць трубы.
Што кажа рэдактар кнігі Барыс Мікалайчык aka Danila Berencef:
– Проста цяпер я трымаю ў руках другую кнігу праекта «Рома едзе». І тое, што я адчуваю, складана апісаць словамі. Праца над кнігай пра падарожжа простага беларускага хлопца вакол планеты сама апынулася падарожжам, квэстам і перажываннем.
У адрозненне ад першай часткі, першай палоўкі планеты, дзе герой разганяўся, натхняўся і ўбіраў порамі матэрыю, прыроду і логіку вялізнага свету, другая кніга, другая палоўка зямной кулі, выйшла больш глыбокай і асабістай. Тут аўтар пачынае вяшчаць знутры, выплюхваць тое, што не змясцілася і не магло ўкласціся. Каштоўнасць гэтай кнігі ў тым, што яе пісала жыццё, а не чалавечае ўяўленне, у тым, што ўсё, расказанае на старонках, адбывалася насамрэч з хлопцам з суседняга двара.
Гэта вельмі важная і своечасовая літаратура для нас – для людзей, якія доўгі час спрабавалі пабудаваць сваё жыццё на адломках савецкай імперыі, савецкіх традыцый і мутацый. Нягледзячы на сваю простасць, кніга змяшчае ўнікальны антыідэалагічны пратэсны код. Яна паўстае супраць таго артадаксальнага і кансерватыўнага лайна, супраць запаветаў савецкага шарыяту, якія, пачынаючы са школы, працягваючы ўніверсітэтам і заканчваючы прафсаюзам на заводзе, паўзуць чырвонымі змеямі па нашых жылах. У ёй шмат забароненых тэм і практык, пра якія ў нашым грамадстве прынята маўчаць, падціснуўшы хвост. У ёй гаворыцца пра тое, што, пакуль у цябе ёсць ногі, важна хадзіць басанож.
Унутры гэтай кнігі б’ецца маладое і энергічнае сэрца. Прыемна назіраць за тым, як натуральны прыродны вірус гэтых літараў, прыгодаў і сэнсаў разлятаецца па інтэрнэце, перадаецца з вуснаў у вусны. Асабіста мне гэтая штука дапамагла затаптаць пару «матылькоў» з мінулага. «Шарык» круціцца, жыццё ўсміхаецца, мы ўсё едзем далей.
Зараз кармічныя браты Рома і Барыс здзяйсняюць іншая вялікае падарожжа – углыб нашай Радзімы. Месяц таму яны выправіліся ў шлях па абшарах Беларусі на айчынных роварах з кітайскімі маторамі – у пошуках тых сучасных міфаў і артэфактаў, якія фармуюць нашае пакаленне і якія неўзабаве знікнуць. Па выніках падарожжа плануецца стварыць трэвэл-док, а проста цяпер за прыгодамі хлопцаў і кітайскіх матораў можна сачыць у Instagram.
Электронны рэліз другой часткі кнігі «Рома едзе» плануецца на «Першаку» напрыканцы жніўня, а пасля вяртання герояў з чарговага трыпу чакайце на афлайн-сустрэчу з аўтарам «Рома едзе» ў Менску.
Дзе можна набыць другую кнігу «Рома едзе»?
– Кнігарня «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а), 10.00 – 22.00.
– Інтэрнэт-крама vilka.by
Дзе ў Вільні патусіць з бацькамі, сябрамі, каханымі і на самоце – некалькі магчымых траекторый па барах суседняй сталіцы.
A story about (or no) cooperation between government representatives, NGOs and ordinary people that care.
A story about (or no) cooperation between government representatives, NGOs and ordinary people that care.
Javid Nabiyev speaks on arrests of gay people in Azerbaijan, explains the «fucking solidarity» term and the point of activism.
Joris Hanse, Dutch activist from the Doorbraak, speaks about the Netherlands not matching the stereotypes.