Chess Club Underground Society

Ужо доўгі час у Менску існуе вялікая супольнасць маладых музыкаў, у якіх ёсць свой прынцып руху ў музыцы і ладзе жыцця. Удзельнікі Chess Club Underground Society некалькі гадоў імправізавалі ў студыі ў цэнтры гораду, ва ўзаемадзеянні вывучаючы тонкасці гуку. Цяпер яны выходзяць з андэрграўнду, і іхныя выступы выбліскамі ўзнікаюць на розных канцэртавых пляцоўках. Невядома, колькі часу Chess Club вырашыць заставацца ў полі зроку публікі, але вядомая дата найбліжэйшага канцэрту – 4 чэрвеня ў Re:Public. Музыкі даверылі 34mag першаму расказаць пра сябе.

 

 

Jam 1: Эксперымент

Chess Club Underground Society – гэта чысты эксперымент у творчасці. Гэта не група – гэта супольнасць людзей, аб’яднаных імкненнем знайсці сваё гучанне. Прычым ужо не толькі ў музыцы, хоць пачыналася ўсё менавіта з яе. Першаю пад сумнеў трапіла схема «сінгл-альбом-канцэрт-стадыён» – у раздзел кута музыкі адразу паставілі творчы пошук ува ўсёй яго шматграннасці. Пры гэтым і цяпер ува ўсіх удзельнікаў ёсць канкрэтныя групы са сваймі песнямі, стылем, міфалогіяй, канцэртамі ды прыхільнікамі. Прадстаўнікі іншых творчых кірункаў таксама могуць увасабляць гэтую канцэпцыю: фатографы, якія не робяць пастановачных фота; паэты, якія здабываюць словы з музыкі; мастакі, якія імправізацыйна ствараюць усплёскі колераў. Гэта і ёсць Chess Club – студыя, дзе ўсё пачалося.

 

 

 

 

Jam 2: Студыя

Chess Club як студыя з’явіўся ў 2010 годзе, калі невялікаму колу музыкаў спатрэбілася пляцоўка для рэпетыцыяў. Пазней яна ператварылася ў месца для вольнага музіцыравання, эксперыментаў і развіцця. Студыю заснавалі браты, вядомыя як Джо і Арсо. У ёй было тры памяшканні: хол, чырвоны і белы пакоі. Два апошнія прызначаліся для гульні ды запісу, а хол быў тусовачным месцам, дзе, зрэшты, таксама заўсёды гучала музыка.

У студыі панавала адзіная творчасць: пакуль адныя гралі, іншыя пісалі карціны, здымалі фота, складалі вершы, бачылі сны, гулялі ў шахматы – часцяком усё адначасова. Бесперапынку пісаліся Chess Chronicles – своеасаблівыя гукавыя і відэадзённікі – літаральна ўсё, што адбываецца, фіксавалася на дыктафон або камеру, скрупулёзна архівавалася ў тэрабайты файлаў, каб пасля таксама стаць часткаю чыёй-небудзь творчасці. На Chess Club музыкі гралі ды жылі, шмат хто нават перавёз туды свае рэчы. Тут яны праводзілі джэмы, мяняліся інструментамі ды эксперыментавалі.

Chess Club быў зачынены ад свету, ён быў у наўпроставым сэнсе underground: і не толькі таму, што там гралі «не такую музыку, як усе», а таму, што сама студыя была пад зямлёй. У 2013 годзе студыя сутыкнулася з няўмольным рокам у асобе пажарнай інспекцыі, і яе закрылі. Новага пункту збору пакуль няма, але супольнасць засталася і працягвае тварыць сваю гісторыю.

 

 
 

 

 

Jam 3: Імправізацыя

У аснову сваёй работы Chess Club паклаў свабоду ды інтуітыўную імправізацыю. Яе адрозненне ад класічнай імправізацыі ў тым, што музыка будуецца не на тэме, якую абыгрываюць музыканты, а нараджаецца з ніадкуль, часам – з адной ноты. Класічны чэсклабаўскі сэт: нехта сказаў «фа-дыез» – і магія пачалася. А далей кожны слухае адзін аднаго, накіроўвае створаны струмень і падпарадкоўваецца яму. Галоўнае ў чэсклабаўскім працэсе – тое, што музыка нараджаецца і жыве проста цяпер, адлюстроўваючы атмасферу і эмоцыі ўсіх прысутных.

Музыкі адкрылі для сябе, што гук бясконцы і праліваецца адусюль. Ён не залежыць ад умення перабіраць акорды, браць тыя ці іншыя ноты. Музыка можа з’явіцца з цішыні, з хрыпу або з трэску дратоў – гэтаму і вучыць імправізацыя. У Chess Club няма панятку таго, што кожны інструмент мусіць гучаць пэўным чынам. Музыка будзе граць так, як ён адчувае, і астатнія ўдзельнікі будуць меркаваць – падабаецца ім гэта ці не. І зусім не факт, што, калі ўсім не спадабаецца, той стане граць па-іншаму. Значна больш верагодна, што астатнія ўвальюцца ў працэс і знойдуць у гэтым прыгажосць. Гэтак нараджаецца новая музыка. Прывязкі да інструментаў таксама няма. З чаго і як музыка здабывае гук – ягоная справа.

 

 

 

 

 

Jam 4: «Движубль»

Chess Club Underground Society – стыхійная з’ява, што пераходзіць ад закрытага руху да адкрытых прастораў. Са сваймі групамі музыкі ўжо не раз выступалі на розных пляцоўках Менску – ад «Графіці» да Re:Public, паездзілі па ўсёй Беларусі, давалі канцэрты ў Піцеры і Маскве, хоць самая супольнасць была закрытая. Зараз яны зноў выходзяць у святло: 4 чэрвеня будзе новы рэйв, на якім ты зможаш убачыць, да чаго прыводзяць эксперыменты. Шэсць гадзінаў будуць граць «Движубль» – музыку без перапынкаў.

Таксама ўначы ў зале будуць і іншыя творцы – тыя, хто выйдзе на сцэну шукаць рыфмы следам за музыкаю. А побач трансфармаваць ноты ў сюррэалістычныя палотны будзе Надзя Саяпіна-Гендрусева. На «Движубле» ты не толькі зможаш паназіраць за ейным унікальным сітуацыйным пісьмом, але і знойдзеш карціны, якія сталі адлюстраваннем музыкі, што гучала на папярэдніх закрытых мерапрыемствах супольнасці.

 

 

 

 

 

 

slowner

Самая артыстычная і трансцэндэнтная група супольнасці. Складаная рытміка, шматслойныя гармоніі, нечалавечая энергетыка, вакаліст-кантрабасіст быццам з мультыплікацыйнай стужкі – усё гэта формула групы для таго, каб выказваць непрамаўляльнае, курсуючы ад авангардавага джазу да мат-року.

 

сестричкин луч

Ад постпанку іхны стыль эвалюцыянаваў у бок магутнага індзі-року са значным уплывам псіхадэліі. Гэта музыка сутыкнення тэктанічных плітаў, бясконцага шоргату і працяглага трэску арктычных льдоў, дыханне сусветнага акіяну, які зліваецца з усім існым. Гэта песні крабаў і спрутаў пра далёкія зоркі ды чорныя дзіркі, пра культ рыбінага караля, пра касманаўтаў, якія засталіся ў бязважкасці.

 

unhuman remains (nesvitski smyvki)

Доўгія джэмавыя кампазіцыі ператвараюцца ў сапраўдную зацяжную бойню, імітуючы адчуванне вялікага ціску, а тэксты часцяком нараджаюцца проста на сцэне. Сваёй першабытнасцю гэтая музыка нагадвае карго-культ: «Давайце памолімся, каб іхныя самалёты хутчэй упалі, мы зробім з іх дамы і ўпрыгажэнні». Сапраўдны, іранічны, без удаванасці, псіхадэлічны панк.

 

Hamlet His Highness

Закрытая, непранікальная арганізацыя, якая робіць выгляд, што выконвае лёгкую музыку. Але шэры кардынал, кіруючы аркестрам, уплятае ў яго гучанне мноства глыбокіх гісторыяў. Музыка Hamlet His Highness аб’ядноўвае розныя стылі ды ўплывы: IDM спалучаецца з этнікаю, трып-хоп – з пост-рокам, электра – з касмічным даўнбітам і гітарным псіхадэлам. Іхны альбом Narcissus выстаўлялі на прэмію Experty.by у намінацыі «Найлепшы беларускі індзі-альбом 2015».

 

pink and sweet

Віртуозна салодкі гурт, які выконвае досыць цяжкі ружовы псіхадэлічны панк-рок, не дазволіць сябе ні з кім пераблытаць. На сцэне іхная магутная энергетыка пранізвае сцяну гуку, якую яны кожны раз узводзяць, і ў гэтую сцяну можна ўзірацца бясконца. Праўда, нават пераломны драйв групы не можа схаваць лірычных нотаў песень. У групе граюць тры басісты, але вы б ні за што не здагадаліся. Адпускаецца паводле рэцэпту лекара.

 

ВАСЯ

Малады калектыў, што выконвае тонкі, энергічны інструментальны рок, у якім неапсіхадэлія зліваецца з краўт-рокам. Музыкі некалькі гадоў прывыкалі адзін да аднаго, каб навучыцца пісаць музыку, у якой сплятаюцца іхныя самыя светлыя намеры. Прыняўшы музычную практыку шахматнага руху, калектыў даследуе гук з усіх бакоў, ператварае кожную рэпетыцыю ў супольную медытацыю, у рытуал бока-мару. Доўга хаваліся і толькі нядаўна далі свае першыя канцэрты.

 

chess club underground society

Вялікі імправізацыйны калектыў, унікальная мастацкая самадзейнасць віртуозных музыкаў. Уменне чуць і наяўнасць уласнай, хай часам і бескампраміснай, думкі, пошук і прага адказу, жаданне па-сапраўднаму мець зносіны і дзяліцца, а не выгаварыцца і сысці, – у сваіх сэтах, якія нараджаюцца «тут і цяпер», яны абапіраюцца ні на што і на ўсё адразу. Галоўнае тут – стварэнне прыгажосці ды прыгажосць стварэння. Яны не хочуць, каб іхная музыка спадабалася ўсім, яны хочуць разварушыць і страсянуць вас!

 

 

Chess Club Underground Society

«Движубль»

 

Фота – Chess Club Underground Society

 


COMMENTS (5)

юры
юры | 12.06.2016 23:55

цуд. гэта эпоха

11 0 +11
Маруша Скутэр
Маруша Скутэр | 4.06.2016 23:04

> будзе новы рэйв

шаноўная шкалала, "рэйв" не можа адносіцца да вязкай укурачнай хіпі-хіпстэр пост-рок-музыкі. увогуле любой рок музыкі. любой гітарнай музыкі. любога занудства.

рэйв - гэта толькі тэхна. і не ў хіпста-плэйсах ціпа "верха" ці "хулі-ангара", дзе вяла дрыгаецца дзясятак падлеткаў. рэйв быў у 90-х\пачатку 2000-х - у лясах і разбітых заводах. гэтае слова не пра вас і вашых інфантыльных герояў

4 17 -13
Эдуард Сканин
Эдуард Сканин | 18.06.2016 00:57

Золотые слова.
Рок-эн-ролл мертв или где, ты был в 92-м?!
Давно почившее в лете слово "рейв" достали из небытия, сдули с него пыль веков и продали нынешней хипсто-школоте.
А в подборке есть классные музыки, есть но мало.

0 1 -1
^_^ | 2.06.2016 21:24

Калі пачула chess упершыню тры гады таму, падалося, быццам усё жыццё ад мяне хавалі сэнс існавання.

23 0 +23
Yauhen Chyrko | 2.06.2016 12:26

Дзякуй за выдатны артыкул!

32 1 +31