Будуючы будучыню

  • 02.11.2016
  • Author: 34mag
  • 7904

Беларусы павольна, але няўмольна ідуць да высновы, што толькі ўласная ініцыятыўнасць дапаможа змяніць нешта ў свеце. Пачаць можна хаця б з пары-тройкі птушыных кармушак на зімовы час, а там, глядзіш, народзіш ідэю, якая зменіць краіну. Мы сабралі пяць ініцыятыў і праектаў, якія ўжо пачалі паляпшаць звычайныя беларускія гарады, а іх амбітнасць і магчымыя вынікі могуць упэўніць цябе ў тым, што Беларусь робіцца годнай краінай, у якой можна жыць і не тужыць.

 

 

 

  Валожын. Без бар’ераў

Праблема: Нягледзячы на адсутнасць дыскрымінацыі людзей з інваліднасцю дэ-юрэ, іх рэчаіснасць падобная да здзеку ў дзяржаве, дзе часта нават пандус з’яўляецца раскошай. На Валожыншчыне жывуць дзве тысячы сто чалавек з інваліднасцю, якія не могуць скарыстацца шэрагам сацыяльных (у тым ліку турыстычных) паслугаў у сваёй мясцовасці.

Што адбываецца цяпер: Удзельнікі праекту займаюцца распрацоўкай турыстычнага маршруту для людзей з інваліднасцю, што будзе пралягаць у месцы гонару Беларусі – маляўнічай Налібоцкай пушчы.

Што наперадзе: Да 2018-га трыццаць аб’ектаў горада пераабсталююць, каб зрабіць іх даступнымі людзям з інваліднасцю, для іх жа адкрыецца першы ў Беларусі спецыялізаваны хостэл.

Напрыканцы праекту пройдзе Фестываль сацыяльнай інтэграцыі. Да «Валожына без бар’ераў» ужо актыўна далучыўся прыватны бізнэс у асобе ўладальнікаў сядзіб на Валожыншчыне. Мэта – зрабіць тураб’екты даступнымі для ўсіх гасцей. Крута, калі дасягнутыя вынікі палепшаць жыццё двух тысяч чалавек, а да таго ж стануць прыкладам даступнага горада і безбар’ернага асяроддзя.

 

 

 

 

 

  Полацк. Мадэрнізацыя вулічнага асвятлення

Праблема: Калі ты жывеш не ў цэнтры горада і далёка ад вялікіх праспектаў ды вуліц, то, магчыма, не аднойчы, вяртаючыся ноччу дамоў, зварочваў(-ла) галаву ў цемры завулкаў, каб упэўніцца, што за табой няма дзядзькі-маньяка. Праблема асвятлення вуліц блізкая бадай кожнаму гораду Радзімы. Дык вось у Полацку вырашылі нешта з гэтым рабіць. Цяпер пры дапамозе Полацкага райвыканкама і фонду «Інтэракцыя» рэалізоўваецца праект «ГорСвет». Галоўныя мэты – мадэрнізаваць вулічнае асвятленне, зрабіць горад больш бяспечным і скараціць выкіды CO2 у атмасферу.

Што адбываецца: У канцы мінулага года ў горадзе апыталі 2500 жыхароў, каб высветліць хібы ў працы вулічнага асвятлення. Пасля гэтага да праекту далучылася студэнцтва. Вясной прайшоў архітэктурны форум «Арх.Про.Свет», дзе студэнты з усёй краіны прапаноўвалі свае рашэнні па светлавым афармленні Полацка. Лепшыя ідэі абяцалі рэалізаваць па ходзе праекту.

Відавочна, што арганізатары разумеюць: энергаэфектыўнасць – далёка не самая цікавая і вясёлая тэма, якой можна завабіць вялікае кола людзей, а таму старанна выбіраюць формы працы з аўдыторыяй. Напрыклад, у траўні, падчас свята горада, зладзілі асобны івэнт, дзе можна было паюзаць усе модныя энеграэфектыўныя прылады ды на свае вочы ўбачыць студэнцкія праекты.

Што наперадзе: У межах праекту плануецца цалкам змяніць сістэму вулічнага асвятлення ў горадзе. Першы крок – замена вулічных ліхтароў на святлодыёды, а таксама лямпачкі, што будуць працаваць на энергіі сонца і ветру (абяцаюць, што гэта знізіць выдаткі горада на электрычнасць на 15%, а таксама ўратуе паветра ад 750 тонаў шкодных выкідаў).

 

 

 

 

 

  Полацк. Гарадская мабільнасць

Праблема: Кропкай пачатку можна лічыць занепакоенасць гарадскіх уладаў вялікай колькасцю машын у горадзе і пошукі выйсця з сітуацыі.

Што адбываецца цяпер: Праект, што пачаўся ў 2014-м і скончыцца ў лютым 2017-га, зрабіў так, што сёння Полацк можна назваць, мабыць, самым eco-friendly горадам Беларусі. Была створана Грамадская працоўная група па пытаннях гарадской мабільнасці, куды ўвайшлі грамадскія і прыватныя структуры. Там і супольнасці велааматараў, і радыё «Европа Плюс Полоцк», гарадскі партал, сетка велапракатаў ды іншыя. Плюс: да працы ў групе можа далучыцца кожны: як арганізацыі, так і прыватныя асобы.

Летась у лютым удзельнікі працоўнай групы з’ездзілі ў адукацыйную паездку ў Дрэздан, дзе быў распрацаваны лепшы план мабільнасці ў Еўразвязе, а ў ліпені 2015-га Полацк таксама падпісаў хартыю Еўрапейскага тыдня мабільнасці, тым самым далучыў краіну да гэтага моднага і актуальнага ў Еўропе свята. А летась фэст правялі яшчэ ў Наваполацку і Менску, і, відаць, дзякуючы гэтаму ў фінальнай справаздачы Беларусь назвалі перспектыўным кірункам.

 

 

 

 

 

  Слаўгарад. Ад вытокаў да развіцця

Праблема: Шчыра веруем, што ты ведаеш геаграфію Беларусі на 10 балаў, асабліва калі сочыш за нашымі гайдамі, але пошук на мапе Слаўгарада можа заняць нейкі час. Між іншым, гэта былы старажытны горад Прапойск, што знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці, дзе цяпер жывуць ажно 7 тысяч чалавек. Гарадскія ўлады і фонд «Возрождение-Агро» вырашылі, што традыцыйная культура рэгіёна ў заняпадзе і трэба яе адраджаць, а заадно і развіваць агра- і экатурызм.

Што адбываецца цяпер: Ініцыятары праекту вылучылі сем напрамкаў, у якіх можа развівацца турызм рэгіёна: гістарычны, актыўны, гастранамічны, экалагічны, этнаграфічны, сельскі, ініцыятыўны. Жыхары аб’ядноўваюцца ў групы згодна са сваімі цікаўнасцямі і распрацоўваюць уласныя турыстычныя маршруты, ладзяць майстар-класы, займаюцца збіраннем легенд і культурных абрадаў.

Таксама адбыўся першы конкурс мясцовых ініцыятыў, куды было пададзена дваццаць заяў, шаснаццаць з якіх будуць рэалізаваныя і атрымаюць грашовую падтрымку ад арганізатараў. Сярод іх адкрыццё музея «Пчалінае царства», распрацоўка ўнікальнага воднага маршруту па рэках Сож і Проня.

Што яшчэ будзе: Напрыканцы праекту – у 2018 годзе – рэгіён мае шанец стаць Меккай для беларускіх ды замежных турыстаў, што захочуць паспрабаваць усе нішцякі агра-жыцця. А пакуль за дасягненнямі праекту можна сачыць на сайце.

 

 

 

 

 

  Навагрудак. Дарожная мапа

Праблема: Храновая экалогія. Вядома, паўсюль, але Навагрудчына крута працуе ў напрамку вырашэння праблем. Сёння яна – піянер у альтэрнатыўнай энергетыцы Беларусі. Калі ты хоць раз стопіў(-ла) на M6, рухаючыся ў старажытны Навагрудак, то дакладна бачыў(-ла) высачэзныя ветракі, што стаяць на пад’ездзе да горада. Іх усталяванне – ініцыятыва нікога іншага, як райвыканкама, якая была прафінансаваная сумесна дзяржавай, прыватным бізнэсам і Еўразвязам.

Што адбываецца цяпер: 24 чэрвеня Навагрудак прымаў фэст «Зялёная эканоміка як беларускі культурны код», які наведалі нават галава прадстаўніцтва ЕЗ Андрэа Віктарын ды паслы Польшчы, Італіі, Чэхіі. Там чынавенства паўдзельнічала ў адкрыцці першай у Беларусі станцыі сарціроўкі цвёрдых бытавых адкідаў.

Што яшчэ будзе: У раённай бальніцы ўсталююць цеплавыя насосы, сонечныя цеплавыя і фотаэлектрычныя панэлі. Тым часам у дзяржаўным аграрным каледжы горада распрацоўваюцца праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў у сферы энергаэфектыўнасці.
Важная фішка праекту – прыцягненне да гэтай справы прыватнага бізнэсу. Улады горада распрацуюць шэсць планаў рэканструкцыі розных будынкаў згодна з прынцыпамі энергаэфектыўнасці і прапануюць іх для фінансавання ўласнікам прадпрыемстваў.

 

 

 

Можа, такія ініцыятывы дапамогуць змяніць свет і зрабіць Беларусь краінай нашай з табой мары. Да таго ж праекты, пра якія мы распавялі, могуць лёгка стаць тваёй прафесійнай дзейнасцю, калі ты хочаш трохі штурхануць планету да лепшага.

 

Тэкст by Vanya Famchuk
Фота eu-belarus.net, el-magico.livejournal.com