Бруд і кроў TEART'a

  • 12.08.2016
  • 7097
 

Сёлета міжнародны тэатральны форум TEART пройдзе ўжо ў шосты раз. Даты аб’яўлены: з 28 верасня па 20 кастрычніка, квіткі – у продажы. На спектаклі Святланы Бень ці літоўца Оскараса Каршуноваса ты і так здагадаешся пайсці. Мы ж выбралі, што яшчэ цікавага паглядзець у гэтым сезоне. А каб падмацаваць суб'ектыўнасць густу, узялі за крытэр праўду жыцця. Чым сучасны тэатр адказвае на жорсткія выклікі рэальнасці – апавядае тэатральны крытык, куратар праграмы Belarus Open у 2015-м Аляксей Стрэльнікаў.

 

 

Магілёўскі абласны тэатр лялек. «На дне»

29 верасня, 19:00

Тэатр лялек (вул. Энгельса, 20)

Ігар Казакоў будуе свой тэатр без аглядкі на правілы і ўмоўнасці, але пры гэтым не здабывае сабе славы хулігана і злачынца. Вось і з п'есы Горкага нібыта прыбраны гуманістычны пафас. Усе персанажы – нейкія паўзучыя гады, а добранькі старац Лука – такі ж гад, толькі лётае.

Спектакль цудоўна прыдуманы і аформлены. «Не мы такія, жыццё такое» – Горкі выдумаў гэтую апраўданку яшчэ 100 год таму. Выснова Казакова вельмі жорсткая: жыццё такое доўга не працягнецца.

 

 

 

 

 

 

«АРТ Корпорейшн». «Опіум»

24 жніўня, 20:00

2 кастрычніка, 16:00, 20:30

Палац мастацтваў (вул. Казлова, 3)

Аляксандра Марчанку цяжка западозрыць у злосным цынізме: як рэжысёр і функцыянер ён мае рэпутацыю адэпта soft power. Тэматыка п'есы «Опіум» тычыцца вайны ва Украіне, і туды напрошваецца прыміральны пафас: «Давайце жыць дружна! Давайце зробім яшчэ некалькі менскіх пагадненняў – і ўсё будзе добра...» Але акцёры граюць так, што, на жаль, прыходзіш да іншых высноваў.

Сапраўдную вайну немагчыма паказаць у тэатры, яна не сцэнічная. Але плённай, хоць і не новай, становіцца ідэя, што вайна забівае не толькі кулямі, але самім фактам агрэсіі. Мы жывем у эпоху інтэрнэтных «канапных баёў», дзе драматычны напал дасягае шэкспіраўскіх жарсцей. Вайна, як і булгакаўская разруха, адбываецца ўнутры нас, ад нашай непрыстасаванасці ў сучасным свеце. У гэтым спектаклі запрошаным акцёрам з іншых тэатраў даводзіцца лаяцца, капацца ў пяску, што ў сябе ім дазволяць яшчэ не хутка. І на гэта варта паглядзець.

 

 

 

 

 

 

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, Інстытут Адама Міцкевіча. «Дзяды»

5 кастрычніка, 19:00

Палац прафсаюзаў (пр-т Незалежнасці, 25)

Пачну з мілага філалагічнага анекдота. Рэжысёр Павел Пасіні падчас рэпетыцый адкрыў для сябе гучанне паэмы Міцкевіча на беларускай мове і быў настолькі прыемна здзіўлены, што нават выказаў меркаванне, быццам Міцкевіч пераклаў сваю паэму на польскую з беларускай.

Але гэты спектакль не пра беларускасць Міцкевіча, у пастаноўку ўмантаваны дакументальныя гісторыі, якія тычацца падзей Другой сусветнай вайны ў Брэсце. Рэжысёр расказваў, што акцёры часам адмаўляліся ўдзельнічаць у тых ці іншых эпізодах. Ужо гэта паказвае, наколькі матэрыял складаны для нас тут і цяпер. Прынамсі, узрушаная рэакцыя брэсцкай публікі таксама сведчыць пра гэта.

 

 

 

 

 

 

Славенскі нацыянальны тэатр. «Трагедыя Макбета»

14 кастрычніка, 19:00

Тэатр юнага гледача (вул. Энгельса, 26)

Ігар Пізон толькі пачынае рабіць сабе імя ў славенскім тэатры. Зусім яшчэ нядаўна ён атрымаў адукацыю па опернай рэжысуры ў Мюнхене, але паставіў ужо шэраг гучных спектакляў у Славеніі. Гэтая шэкспіраўская трагедыя выканана ў тыповай еўрапейскай манеры: па-за часам, але ў сучаснай вопратцы, шмат чыстага і белага ў афармленні, каб лепш былі бачны бруд і кроў.

«У цябе самая крутая машына – і вось ты самы моцны, у цябе ёсць каштоўныя камяні – і вось ты самы паспяховы», – разважаюць пра актуальнасць шэкспіраўскай нятленкі стваральнікі спектакля. Пыха і жарсць былі першапрычынамі злачынства 400 гадоў таму, застаюцца імі і цяпер.

Пастаноўку хваляць за тое, што нам увогуле падабаецца ў славенскім тэатры, – за гульнявую прыроду. Акцёры не пранікаюцца шэкспіраўскімі жарсцямі, а граюцца ў іх, здзіўляючы часам самі сябе. Напрыклад, выканаўца ролі Макбета Боян Эмершыч адкрыў у сабе талент кідальніка нажоў.

Спектакль ідзе на славенскай мове з субтытрамі на рускай.

 

 

 

 

 

 

 

Тэатр Гановера і Рурскі фестываль. «Місія. Успамін пра рэвалюцыю»

15 кастрычніка, 19:00

Палац культуры МАЗ (пр-т Партызанскі, 117А)

Адна з самых знакамітых п'ес культавага нямецкага драматурга Хайнера Мюлера рэалізавана ледзь не ў дакументальнай манеры. У спектаклі выкарыстаны арыгінальны аудыязапіс 1980 года, калі драматург сам начытаў свой тэкст. Кажуць, што ў запісе нават чуваць, як ён смаліць сваю знакамітую цыгару.

Усё гэта зроблена ў цыркавой эстэтыцы. Клоўны, хадулі, акрабатычныя нумары нейкім чынам ураўнаважваюць жорсткі тэкст, дзе лозунгу «Свабода! Роўнасць! Братэрства!» супрацьпастаўляецца крывавая рэвалюцыйная практыка.

Для немцаў фармалістычныя прыёмы заўсёды былі нагодай дайсці да нейкіх больш высокіх эмацыйных кропак. Калі гаворка не ідзе пра цябе асабіста, то лягчэй быць больш злым, менш літасным, больш гучным і шчырым. У гэтым спектаклі тэма – французская рэвалюцыя, але і нямецкую публіку, і крытыкаў, што называецца, «праняло».

Спектакль ідзе на нямецкай мове з субтытрамі на рускай.

 

 

 

 

 

 

Тэатр Ленсавета. «Горад. Жаніцьба. Гогаль»

19 кастрычніка, 19:00

20 кастрычніка, 20:00

Тэатр імя Янкі Купалы (вул. Энгельса, 7)

Лепшы расійскі рэжысёр Юры Бутусаў знакаміты ў першую чаргу сваімі маскоўскімі спектаклямі, але сам ён піцерскі. І спектакль Ленсавета – у чымсьці прысвячэнне Санкт-Пецярбургу. Узяўшы класічную камедыю Гогаля, Бутусаў адсоўвае на пачатку сюжэтную калізію на другі план і дае магчымасць акцёрам «прагуляцца» па паўночнай сталіцы і сустрэць яе сімвалы розных эпохаў. Акцёры шмат граюць ад сябе і пра сябе, шмат самапаўтораў і цытат. І гэта робіць пастаноўкі Бутусава такімі жывымі і цікавымі, у першую чаргу для саміх артыстаў. А публіцы, у сваю чаргу, заўсёды будзе цікава глядзець на артыстаў, якім цікава граць.

Але Бутусаў не быў бы сабою, калі б у другой частцы спектакля не з'явілася няўмольная логіка тэксту. І вось ужо вясёлыя гульні ды вобразы пачынаюць граць на нейкім жудлівым метафізічным узроўні. Вяселле, сумёт, палонка, могілкі. Кажуць, што гэта самы лірычны спектакль Бутусава. Але гэта лірыка блюзу чалавека, які застаўся сам-насам з горадам. Вечным горадам.

 

 

 

 


Фота ўзятыя з сайта TEART’а.

 


COMMENTS (1)

dasha
dasha | 19.08.2016 22:58

ведаеце, рэкламаваць спектакль бутусава (як і каршуноваса) крыху неэтычна, бо на іх не прадаюцца квіткі. на "квітках.бай" няма, у касе купалаўскага сцвярджаюць, што арганізатары "тэарта" іх распаўсюджваюць самі, уласна ў "арт карпарэйшн", у сваю чаргу, кажуць, што ў іх усе ў адпачынку і яны нічога не ведаюць.
зрабілі міжсабойчык.

1 1