Батлы на Нямізе

Калісьці гэта мусіла адбыцца: у Менску нарэшце з’явіўся свой уласны рэп-батл. З жартамі пра «Мегатоп» і Аўтазаводскую лінію метро – усё як трэба. Яшчэ адная тоўстая птушка ў to-do лісце буйнога мегаполісу. Мы пагутарылі з арганізатарамі новага Minsk Independent Battle і нават запілілі заяўку на наступны турнір. Чэк зыс аўт!

 

Хайп

Калі панятак Battle rap дагэтуль асацыюецца ў цябе з вобразам Эмінема і фільмам «Восьмая міля», то ты, напэўна, правёў(-ла) апошнія тры гады ў нейкім іншым інтэрнэце. Цяпер любы школьнік з твайго двара без запінкі адкажа табе, што такое «хайп», «флоў» і «скілз». Гэтую базавую тэрміналогію ён ведае лепей за табліцу множання.

І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Сучасны батл-рэп – гэта надзвычай цікавы сімбіёз хіп-хопу, стэндапу і рэаліці-шоу, з адсутнасцю ўсялякай цэнзуры. Грымучая сумесь. Не кантэнт, а цукерка – з рукамі адрываюць! Вось простыя лічбы: самы папулярны выпуск Versus Battle – расійскага батл-шоу – паглядзелі ўжо каля 29 млн чалавек. Самы папулярны беларускі музычны кліп (той самы, дзе Макс Корж «запіхвае кагосьці ў тачку сілай») за пару гадоў набраў у два разы менш праглядаў. Рабіце высновы. Дарэчы, пацешны факт: паводле тэорыі верагоднасці, твая мама хоць раз ды натыкалася ў інтэрнэце на рэп-батл. І нешта мне падказвае, што ёй не вельмі спадабалася.

Вясёлыя сабантуі, тыпу расійскіх Versus і Slovo, за вельмі кароткі час ператварыліся з міжсабойчыкаў дзеля «вузкага кола прасветленых» у сапраўдны культурны феномен. Цяпер палітычныя партыі выкарыстоўваюць вобразы батл-рэпераў у сваёй перадвыбарнай гонцы, а сур’ёзныя публіцысты праводзяць літаратурны аналіз іхных тэкстаў. Свет з’ехаў з глузду.

«Батлрэпавая зараза» захапіла амаль усе буйныя гарады Расіі ды Украіны. Там або кіруюць балем філіялы ўжо вядомых батлаў, або існуюць іх мясцовыя аналагі. З’яўленне гэткай дзвіжухі ў Беларусі было толькі справаю часу. І, здаецца, гэты час надышоў. Знаёмцеся: Косця Баяндзін і Улад Казыра – арганізатары Minsk Independent Battle. Двое ўсмешлівых маладых хлопцаў, дзякуючы якім у менскіх аматараў выплюхнуць вербальную агрэсію на малазнаёмага апанента з’явіўся свой маленькі ўтульны дамок.

 

 

Флоў

Хлопцы пачалі дзвіжняк увосень 2016-га як праект сярод студэнтаў БДУ, які хутка перарос сцены ўніверу і цяпер батлы лёгка збіраюць біток у бары ili. На апошнюю падзею прыйшлі амаль 300 чалавек, улічваючы, што на той момант у сеціве гуляў толькі адзін выпуск. Але Косця з Уладам былі да гэтага гатовыя: «У нас ужо ёсць пэўны досвед у арганізацыі падобных штук, мы ладзілі батл у Ліцэі БДУ, дарэчы, пад прыглядам прэподаў, таму прыкладна ведалі, што трэба зрабіць, каб не аблажацца».

З барам было дамовіцца не цяжка, было што паказваць, ды і ўладальнікам было цікава падтрымаць мясцовы дзвіж. «Спачатку быў варыянт з “Верхам”, мы нават ездзілі туды, глядзелі апарат, – кажа Улад. – Але потым нешта не скамунікаваліся, ды і ўсё ж такі там занадта вялікае памяшканне, мы шукалі больш камернае. У гэтым плане ili – ідэальная пляцоўка».

Праект паволі набірае моц, абрастае спонсарамі, у асноўным, яго падтрымліваюць стрытўэар-крамы, засвяціўся ўжо на радыё, і цяпер хлопцы рыхтуюцца да паўнавартаснага сезону Minsk Independent Battle Arena з прызавым фондам 1000 рублёў. «За апошні месяц нашая пошта шчыльна забілася заяўкамі: там быў як дзіка псіхадэлічны трэш, гэтак і рэальна годныя працы. Мы адабралі восем самых цікавых чувакоў, якія возьмуць удзел у турніры. Будзе ўсё як у Лізе чэмпіёнаў: групавы этап, паўфінал, фінал. Пачынаем са студзеня», – распавядаюць хлопцы.

Апроч MIB, у Менску як грыбы вырастаюць і іншыя батлы. У пачатку снежня прайшоў прома-івэнт расійскага Slovo, падрастае Proper Respect Battle, у якім рэперы будуць зачытваць пад біт – дзвіжуха захліствае Менск, і, па ходу, гэта толькі пачатак. У Косці ды Улада ў планах правесці беларускамоўны батл. «На мове лягчэй рыфмаваць ды й тэкст атрымліваецца шчыльнейшы. Ведаю некалькіх людзей, каму было б цікава ўзяць удзел у такім фармаце. Ды той жа Косця выдатна мовай валодае. Нам увогуле хочацца стаць першым беларускім батлам, які выйдзе на высокі ўзровень. Хочам, каб нас глядзелі ўва ўсім СНД і ведалі, што мы з Менску і што тут таксама ўмеюць ды любяць батліць», – падсумоўвае Улад.

 

 

 

 

 

 

  Кароткі слоўнік юнага батл-рэпера:

Хайп (англ. hype – дакучлівая рэклама) – узровень шуміхі вакол персоны рэпера або вакол нейкай падзеі ці з’явы. (Прыклад: «Ды з мяне хайп гэты ўжо сыплецца, колькі можна!» (Oxxxymiron)

Флоў (англ. flow – плынь, рух) – манера чыткі рэпера, ягоная ўнікальная падача. (Прыклад: «Я не таратору, у мяне проста флоў асаблівы!»)

Біф (англ. beef – бык, ялавічына) – варожасць паміж прадстаўнікамі хіп-хоп культуры. (Прыклад: «Уявіце сабе біф Макса Каржа і Івана Дорна. Гэта ж так міла»)

Вайб (англ. vibe) – пэўны эмацыйны стан, які дасягаецца пры праслухоўванні трэку, наведвання канцэрту ці батлу. (Прыклад: «Тое, што ў іх гук хрэновы, – гэта так і задумана. Гэта ўсё для стварэння вайбу»).

МС (англ. master of ceremonies) – рэпер, удзельнік батлу. (Прыклад: «МС справа ... цьфу ты – злева, назавіся!» (Рэстаратар)

Скілы (англ. skills – навыкі) – асаблівыя навыкі рэпера. Маецца на ўвазе ўменне складаць складаназлучаныя рыфмаваныя канструкцыі ды інтанацыйна правільна падаваць тэкст. (Прыклад: «Да ўзроўню скілоў Кендрыка Ламара ўсім нашым рэперах яшчэ расці ды расці!»)

Панчлайн (англ. punchline – кульмінацыя, ударны радок) – фінальная фраза якога-небудзь урыўку тэксту рэпера, што раскрывае жарт або заканчвае сюжэтную лінію. (Прыклад: «Тое, што ты нарадзіўся, – гэта ўжо панчлайн. Брава, прырода!»)

Байтэр (ад англ. bite – кусаць) – рэпер, які запазычвае стыль, панчы, аблічча або радкі ў іншых МС (прыклад: «Ты натуральны байтэр Эмінема! Засталося толькі валасы пафарбаваць – цягніце перакіс!»)

Даблтайм (англ. doubletime – паскораны тэмп) – тэхнічны прыём, пры якім рэпер чытае нейкі ўрывак тэксту ў два разы хутчэй, чым папярэднюю частку. (Прыклад: «Ціна Кандэлакі – чалавек, у якога я вучыўся даблтайму»)

 

 

 

 

Каб адчуць на ўласнай скуры ўвесь вайб дзвіжухі, наш журналіст вырашыў прапампаваць свае MC-скілы і без аніякага байтынгу ўварвацца ў самы хайп сваймі з’едлівымі панчамі ды абаяльным флоў. Глядзі відос, з якім ён прайшоў у турнір MIB і сачы за далейшым развіццём падзеяў. Раўнд!

 

 

 

 

Калі табе цікава батліцца без перапынку, ёсць нават мабільны дадатак BattleMe, дзе ты можаш пад свой ці загатоўлены біток зачытаць панчы або вызваць свайго заўзятага апанента на дуэль.

 

Тэкст by Аляксандр Лашкевіч

 


COMMENTS (3)

saen
saen | 19.04.2018 22:55

пацаны, какой реп, учите уроки

0 0
Пека
Пека | 23.12.2016 11:58

аееее!

1 0 +1
yo
yo | 23.12.2016 00:27

я знаю это дерево )

1 0 +1