Глядзець на мужчыну

У Менску праходзіць выстава «Анатомія», якая экспануецца кожнае лета ўжо трэці год запар. Мы даведаліся ў куратаркі Дзіны Даніловіч пра адсутнасць эротыкі ў аголеным целе, стаўленне да мужчынскага цела як да кавалка мяса і тое, як рабіць выставу з цэнзам «18+» у дзяржаўнай інстытуцыі.

Ідэя праекту нарадзілася яшчэ колькі год таму, калі Дзіна рабіла выставу «Сінематограф» у віцебскім Арт-цэнтры Марка Шагала. Аголенасць тады была мінімальная, але куратарка ўсё адно сутыкнулася з ненармальнай рэакцыяй дарослых людзей на цела, што і стала штуршком да буйнога праекту пра цялеснасць.

«На першым паверсе былі карціны Шагала, дзе аголеных грудзей дастаткова, а на другім – “Сінематограф”. Аднойчы прыйшла пара пад пяцьдзясят. Ён за 30 секунд абышоў Шагала і заліп над працамі з “Сінематографа”. Калі на выхадзе вахцёрка запыталася, ці спадабалася яму, мужчына адказаў, што ў зале на другім паверсе – проста жах! Голыя грудзі ў святых сценах Шагала!» – узгадвае Дзіна. Куратарку шакавала рэакцыя палаваспелага жанатага мужчыны на нейтральныя працы, і ў той момант яна зразумела, што трэба рабіць праект пра цела. Тым больш што праз 5 год «Сінематографа» трэба было нешта мяняць.

«“Анатомія” – гэта больш чым цела, гэта ўнутраная структура, тое, як усё зладжана, – калі Дзіна пачынала гэты праект, не думала, што будзе так праблематычна знайсці аўтараў. – Ёсць шмат тых, хто працуе з целам, але яны шыфруюцца і кажуць: “Калі ўлады даведаюцца, што я гэтым займаюся, то прыйдуць і канфіскуюць мой камп’ютар”».

 

 

 

 

«Аднойчы прыйшла пара пад пяцьдзесят. Ён за 30 секунд абыйшоў Шагала і заліп над працамі з “Сінематографа”. Калі на выхадзе вахцёрша запыталася, ці спадабалася яму, мужчына адказаў, што ў зале на другім паверсе — проста жах! Голыя грудзі ў святых сценах Шагала!»

 

 

Першая выстава адбылася ў 2012 годзе ў Віцебску ў Арт-цэнтры Шагала і ў віцебскім Цэнтры сучаснага мастацтва. Па словах куратаркі, гэта была зборная салянка: мэта – паказаць шмат аўтараў, якія па-рознаму працуюць з целам. На той момант пазітыўнага стаўлення ад гледача не чакалася, бо ў людзей не было яшчэ візуальнага досведу і разумення, што ў аголенасці – багата сімвалізму, больш, чым эратычнасці ці парнаграфічнасці. Увогуле рэакцыя на «Анатомію» была неаднароднай: маладняку спадабалася, а некаторыя казалі, што выставе бракуе жывапісу, бо ў Віцебску ў той час для гледачоў перавага фота была нязвыклай.

«Калі я ўбачыла, як студэнткі-наведніцы, гледзячы на здымкі аголеных юнакоў, хіхікалі і хавалі твар у далоні, я зразумела, што ўсё раблю правільна і што гэты праект патрэбны Беларусі», – кажа куратарка. Наступным этапам развіцця «Анатоміі» стаў пераезд у Менск – кампіляцыя двух віцебскіх выстаў мінулых гадоў была экспанавана ў сталічным НЦСМ. У Віцебску праект больш не працягваўся. Па-першае, праз тое, што арт-цэнтру Шагала забаранілі супрацоўнічаць з куратарскай групай «Анатоміі», а адной пляцоўкі было не дастаткова. Па-другое, паўплывалі пераезд куратаркі ў Менск і разуменне таго, што далейшыя трансфармацыі праекту ў Віцебску амаль нікому не патрэбны. Стала зразумела: трэба займацца больш вузкімі тэмамі, а не рабіць дайджэсты пра цела ўвогуле. Так летась нарадзілася «Анатомія. Ідэальнае цела».

 

 

«Людзі, цела якіх ідэальна з пункту гледжання масавай культуры і стандартаў, не задаволены сваім целам нават больш, чым простыя людзі са звычайнымі прапорцыямі. Для мяне стала адкрыццём, што “ідэальнае цела” не гарантуе шчасця»

 

 

«Тэма ідэальнага цела з’явілася таму, што я на той момант займалася фэшн-фатаграфіяй, і мяне зацікавіла, што людзі, цела якіх ідэальнае з пункту гледжання масавай культуры і стандартаў, не задаволены сваім целам нават больш, чым простыя людзі са звычайнымі прапорцыямі. Для мяне стала адкрыццём, што гэтае “ідэальнае цела” не гарантуе шчасця, – тлумачыць свой выбар куратарка. – Я адразу ведала, што зраблю праект пра мужчынскае цела, але разумела, што кіраўніцтву НЦСМ патрэбны час, каб дазволіць такое: я не магла адразу сказаць, што хачу зрабіць праект пра мужчын. З імі заўсёды больш праблем: складана знайсці аўтараў, складана вырашыць праблемы з цэнзурай. Было шмат крытыкі ад феміністак, якія заўважалі толькі праекты з жанчынамі, нягледзячы на тое, што была аднолькавая колькасць мужчынскіх і жаночых праектаў. Быццам мужчынскае цела знаходзіцца па-за рамкамі дыскусіі пра цела.

У гісторыі мужчынскай фатаграфіі амаль няма аўтарак, збольшага там гомаэратычныя здымкі, алюзіі на Антычнасць і нямецкая фатаграфія часоў Трэцяга рэйху. Гледзячы на міравую анталогію, я разумела што погляд на мужчынскую цялеснасць вельмі вузкі: цела мужчыны рэпрэзентуецца як кавалак мяса. Модна казаць пра аб’ектывацыю жаночага цела, але ніхто не кажа пра мужчынскае, хаця гэта больш вострая дыскусія: тут больш канфлікту, больш табу і стэрэатыпаў. Мужчыны выключаны з дыскусій пра цялеснасць у фатаграфіі, але цяпер з мужчынскім целам працуюць у кіно, рэкламе, фэшн-здымках. Яно таксама становіцца аб’ектам і выклікае больш пытанняў, чым жаночае».

Дзіне не цікава рабіць праект, які ўбачыць толькі арт-кам’юніці – у Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, дзе праект экспануецца ўжо тры гады, прыходзяць і тыя, хто нават ніколі не чуў пра галерэю «Ў», а куратарцы важна, каб і такія людзі ўбачылі яе выставу. Яна хоча, каб яны перамаглі шок і задумаліся пра культуру цела ў сучаснасці. Канешне, гэта не адзіны праект пра цела і гендар, таксама існуюць «XXY», «Больш чым яна» і «Больш чым ён», але амаль няма праектаў, якія працуюць з тэмай цела і смерці.

 

 

 

 

 

«Мяне часта абвінавачваюць, што ў маіх праектах прысутнічае шмат дыскрымінацыі і аб’ектывацыі, але мне не хочацца працаваць толькі з “правільнымі” праектамі»

 

 

 

 

 

«Мяне часта абвінавачваюць, што ў маіх праектах прысутнічае шмат дыскрымінацыі і аб’ектывацыі, але мне не хочацца працаваць толькі з “правільнымі” праектамі. Ёсць аўтар, з меркаваннем якога можна пагаджацца ці не пагаджацца, і ёсць гісторыя мастацтва, у якой ёсць шмат стаўленняў да цела і яго рэпрэзентацыі. Мне цікава паказаць розныя традыцыі, нават калі я як куратар не пагаджаюся з аўтарам. Калі аўтар выказвае пазіцыю, глядач павінен разумець, што ёсць і такі погляд на рэпрэзентацыю цела. Я магу паказаць праект, з якім я не згодная, калі ягоная прысутнасць дадасць новыя сэнсы і гучанне іншым праектам у рамках выставы. Але ёсць табу – апраўданне гвалту», – кажа Дзіна.

Сёлета ў «Анатоміі» прынялі ўдзел 18 мастакоў, сярод іх выбітныя замежнікі: латыш Андрэйс Строкінс, які на мінулым тыдні стаў лаўрэатам FOAM Talent 2016 – прэміі буйнога фатаграфічнага часопіса Foam Magazine, чэшскі мастак Міхал Мацку – стваральнік прызнанай ва ўсім свеце тэхнікі «жэлаж» («жэлацін» + «калаж»). Мы абралі самыя яскравыя, на наш погляд, праекты «Анатоміі» гэтага года і вырашылі распавесці пра іх крышку больш.

1 / Сёлета, атрымаўшы дазвол ад камісіі па этыцы і маралі, у «Анатоміі» ўдзельнічае берлінскі мастак-перформер Міша Бадасян. Ён прадаставіў два відэаперформансы «Love» і «Respect», якія артыст зрабіў па выніках свайго праекту «Save the Date». На працягу года Міша кожны дзень займаўся сэксам з новымі партнёрамі, знаходзячы іх праз інтэрнэт, у гей-клубах і нават у парках. «Love» і «Respect» – праекты-рэфлексіі пра пакаянне і самотнасць пасля эксперыменту, сваю знявагу і сваіх палюбоўнікаў, свае адчуванні цягам апошніх месяцаў праекту. У адным з перформансаў Міша б’е сябе ў твар, нібы выбачаецца перад людзьмі, якім ён зрабіў балюча сваім нашумелым арт-праектам. Да відэаверсіі ён рабіў такі ж перформанс, які павінен быў доўжыцца паўтары гадзіны, але на трэцяй хвіліне хтосьці з публікі падышоў і абняў яго, Міша расплакаўся і не змог працягваць біць сябе.

 

2 / Дастаткова правакацыйны праект прадставіў Юрка Дзівакоў-Душэўскі – актор, рэжысёр і заснавальнік незалежнага тэатра Laboratory Figures Oskar Schlemmer. «Паспрабуй мне нашкодзіць» – гэта запрашэнне наведнікаў прыняць удзел у выставе і змяніць велізарны банер з выявай ягонага аголенага цела, выкарыстоўваючы фарбы, нажніцы, шыла, скоч, бутафорскае ружжо, зялёнку і шмат іншага. Юрка спадзяецца, што напрыканцы выставы ад фотаздымка нічога не застанецца, акрамя мэсэджу: «Праз выяву нельга нашкодзіць асобе, ты быццам прысутнічаеш у памяшканні, але твая фотка – гэта больш не ты».

3 / Ідэю пра тое, што сувязь з табой рэальным і здымкам губляецца, падтрымалі і мадэлі праекту Дзіны Даніловіч «Да…». Гэты фотапраект – даследаванне межаў прыватнасці і адносін з целам. Знаёмыя і незнаёмыя героі пагаджаліся распрануцца перад камерай да ступені, якая падаецца ім камфортнай. Самі героі і аўтарка прызналі, што самы інтымны і хвалюючы момант – працэс распранання і тое, што адбываецца перад ім. «Я быў упэўнены, што не хвалююся і што лічу сваё цела прыгожым, але ў працэсе распранання я зачапіўся і ледзь не ўпаў. Мне гэтая запінка падаецца сімптомам таго, што ўнутраны страх быць убачаным усё ж прысутнічаў, але пасля гэтага ён знік назаўсёды», – расказаў танцор і харэограф Сяргей Паяркаў.

Кіянін Сяргей Ганчароў, які таксама распрануўся для праекту «Да…», прызнаўся, што рабіў паўзу, перад тым як зняць кожны элемент вопраткі, бо кожны крок падаваўся бар’ерам. Усё скончылася, калі ён цалкам распрануўся. Статыка ў той момант і на здымках утварыла зону свабодную ад страху і сораму. Відэа з адначасовым распрананнем 12 мужчын, як больш інтымная частка праекту, паказваецца ў агароджаным закутку, каб не руйнаваць сакральнасць моманту. Цікава, што аўтарка ўяўляла да пачатку працы, што будуць людзі, якія здымуць толькі кашулю ці боты, але з 12 толькі 3 не распрануліся цалкам.

 

 

Выстава працягнецца да 30 ліпеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў на Някрасава, 3.

Падрабязнасці:
   Сайт   |   FB

 

Фота by Караліна Палякова


COMMENTS (1)

Aly Chiman
Aly Chiman | 12.09.2018 07:55

Hello there,

My name is Aly and I would like to know if you would have any interest to have your website here at 34mag.net promoted as a resource on our blog alychidesigns.com ?

We are in the midst of updating our broken link resources to include current and up to date resources for our readers. Our resource links are manually approved allowing us to mark a link as a do-follow link as well
.
If you may be interested please in being included as a resource on our blog, please let me know.

Thanks,
Aly

0 0