34 Streetwear

  • 13.11.2015
  • Author: 34mag
  • 17319

Ад сёння ў інтэрнэце можна набыць фірмовае адзенне ад 34mag – цішоткі і байкі з нашымі культавымі лозунгамі. Гэта сталася магчымым дзякуючы нашай калабарацыі з менскім брэндам вулічнае вопраткі LSTR.
 
Брэнд LSTR існуе ўжо чатыры гады і вядомы сваёй цягай да беларускай гісторыі і стылістыкі. Іншая яго фіча – павышаная ўвага да якасці рэчаў, менавіта таму ўсё адзенне шыецца ў Менску. У горадзе такіх інтымных памераў, як нашая сталіца, раней ці пазней шляхі 34mag і LSTR павінныя былі перакрыжавацца. Аднойчы наша каманда вырашыла зрабіць мерч 34mag незалежным ад флуктуацый нашага настрою, а каманда LSTR такім чынам атрымала новую лінейку дзёрзкай адзёжкі. У лімітаваную калекцыю (усяго 150 асобнікаў) увайшлі майка з надпісам «Калі я п’яны – я культавы», світшот Minsk not dead і худзі «ПаКрысе».

 

 

   Кася Сырамалот, арт-дырэктар 34mag, дызайнер:

– Фірмовы стыль 34mag заўсёды быў максімальна манахромным, простым і гэтым дзёрзкім. Таму, калі мы задумалі калабарацыю, для нас было відавочна, што ўсё мусіць быць у чорна-белых тонах і вельмі графічным. Мы абралі слоганы, якія даўно нарадзіліся ў рэдакцыі і працягваюць нас чапляць.

«Калі я п'яны – я культавы» – адна з візітовак 34mag, што пабачыла свет дзякуючы нашаму былому рэдактару Danila Berencef. А хлопцы з РСП калісьці натхніліся ёю і нават напісалі песню з гэтай назвай.

Minsk not dead – гэта наш панк-выклік той пастаяннай дыскусіі вакол нашага горада. Многія нават не спрабуюць разглядаць Менск як горад, які чагосьці варты. Для нас Менск – наша любоў і асноўны плацдарм дзеянняў, ён кожны раз паўстае з попелу гісторыі наноў.

«ПаКрысе» – адначасова пра андэграўнд (і пацукоў як яго сімвал), пра бруд вуліц і нашае беларускае дзяцінства. Усе памятаюць тэкст неўміручай «Калыханкі» Генадзя Бураўкіна, і мы таксама пяшчотна яе любім. Неабходна быць беларусам і ведаць дзве мовы, каб скласці пазл з усіх сэнсаў гэтага прынта.

Калабарацыі наогул – новы подых і пошук новых сэнсаў для брэндаў адзення. Мы вырашылі не адставаць ад сусветных трэндаў. Для 34mag – гэта пашырэнне нашых ідэяў светапогляду. Тым больш, што ў святле глабалізацыі і ўсюдыіснага H&M прыемней апранацца і падарожнічаць у вопратцы лакальных брэндаў, якія нідзе больш не знойдзеш.

 

   Ілля Аксёнаў, заснавальнік брэнда LSTR:

– Мне даўно хацелася зрабіць штосьці сумеснае з 34mag, вы мне падаецеся адным з самых своеасаблівых медыя Беларусі. Мне падабаецца ваш падыход да дызайну, а таксама любоў да правакацыі. Вы часта ходзіце па мяжы, нам гэта таксама блізка.

Брэнд LSTR існуе каля чатырох гадоў, і ў лістападзе мінулага года ў нас з’явілася ўласная вытворчасць у Менску. Нашмат танней было б адшываць рэчы ў Азіі альбо ў той жа Украіне, але тады мы не маглі б кантраляваць якасць на кожным этапе. Таму фінансава гэта не самы выгадны шлях, але затое мы можам спакойна аддаваць тавар нашаму пакупніку.

 

Фота by Караліна Палякова

Відэа by Ketchup


COMMENTS (4)

Alexso
Alexso | 26.07.2016 20:31

Когда ждать?

1 0 +1
іван
іван | 18.04.2016 22:58

Дзе набыць??????

3 1 +2
34mag.net | 19.04.2016 16:07

Хутка будзе новая партыя! Сачыце за абнаўленнем на сайце lstr.by

2 0 +2
trubki_pito
trubki_pito | 18.04.2016 11:23

Дзе прыдбаць?

3 0 +3