34 Media Day vol.2: Беларусь

  • 11.11.2016
  • Author: 34mag
  • 6590
Фінальны акорд 34 Media Day – дыскусія пад кодавай назвай «Да нас прыехалі турысты. Што рабіць?». Разам з гасцямі, якія маюць адносіны да прамоцыі Беларусі, мы абмеркавалі, які вобраз краіны мы ствараем у вачах замежнікаў і ці не знясе натоўп кітайцаў наш улюбёны Горад Сонца.

 

Удзельнікі дыскусіі:

Марта Чарнова – ілюстратарка і сааўтарка праекта Heta Belarus Dzietka.

 

Іра Гадзіенка – кіраўніца аддзела маркетынга Нацыянальнага агенцтва па турызму Рэспублікі Беларусь.

 

Наста Ероха – шэф-рэдактарка 34travel, якая штодзённа бачыць лепшыя і горшыя прыклады краінавага маркетынгу.


Артур Клінаў − мастак, пісьменнік і аўтар «Малай падарожнай кніжцы па Горадзе Сонца».

 

Мадэратар:

Антон Кашлікаў, рэдактар 34mag.net.

 

 

 

 

«Дыктатура эпохі постмадэрнізму»

Антон Кашлікаў: Мы сёння ужо паразмаўлялі пра Грузію і Бразілію, надышоў час абмеркаваць родную старонку. Але я бы пачаў з канкрэтных пытанняў да удзельнікаў. Наста, пра Грузію мы зараз даведаліся, дый шмат чаго ўжо ведалі, а можа ёсць яшчэ ўдалыя прыклады краінавага маркетынгу?

Наста Ероха: Я бы назвала яшчэ Ісландыю. Краіна, якую яшчэ 6-7 год таму ніхто б не знайшоў на мапе, раптам выбілася ў топ турыстычных напрамкаў, гледзячы па колькасці рэйсаў туды і запытаў на гайды па гэтай краіне, якія мы атрымоўваем.

Пачалося ўсё з вулкана. Калі раптам попелам зацягнула паў-Еўропы, усем стала цікава, што гэта за паўночная зараза, з-за якой ніхто нікуды не ляціць. У 2008 годзе адбыўся крызіс, і Ісландыя пачала экстранна шукаць магчымыя крыніцы для заробкаў. І ў іх атрымалася.

У поспеху ёсць тры моцныя чыннікі:

1. У ісландацаў ёсць здаровы нацыяналізм. Паспрабуйце сказаць мясцоваму жыхару, што вам нешта не спадабалася і Ісландыя не лепшая краіна ва ўсім свеце. Вы згубіце чалавека назаўжды.

2. Яны добра ствараюць міфы. Пра тых жа эльфаў і тролляў, або вікінгаў, якія насамрэч былі земляробамі і ніякіх рагатых шлемаў не насілі.

3. Яны падстройваюцца пад попыт. Так экскурсіі на кітабойню хутка пертварыліся ў экскурсіі з мэтай паглядзець на жывых кітоў. А жывелаў пачалі забіваць у 10 разоў менш.

У 2015 годзе ВУП Ісландыі на 8-9% складаўся з прыбытку ад турызму.

Антон Кашлікаў: Вось мы бачым, як краіна выкарыстоўвае стэрэатыпы на карысць сваёй прамоцыі. З намі тут знаходзіцца Марта, праект якой таксама працуе са стэрэатыпамі. Якія стэрэатыпы з тых, што вы апісвалі, маглі б служыць на карысць краіны?

Марта Чарнова: Калі мы стваралі кнігу Heta Belarus Dzietka, мы хацелі расказаць пра Беларусь. Мы абедзьве нарадзіліся ў Беларусі, абедзьве жылі за мяжой, і абедзьвух цягнула назад. Тут ёсць нейкая ўнутраная магія і людзі, ёсць нейкая душэўнасць. Мы хацелі паказаць пачуццё ўнутранай свабоды, якое мы з Машай адчувалі, знаходзячыся ў Беларусі.

Нас часта абвінавачваюць у тым, што мы пішам пра стэрэатыпы і такім чынам ганьбім нацыю. Але гэта не так.

Я спачатку за мяжой казала, што я з Расіі, бо немагчыма было растлумачыць чалавеку, дзе гэтая Беларусь. А потым стала злавацца. Зараз у мяне каля дзясятку спосабаў расказаць, дзе геаграфічна знаходзіцца мая краіна. Пра гэта і ёсць наша кніга.

Антон Кашлікаў: Артур, вы часта прадстаўляце беларусаў на міжнародных формах. Вы не стаміліся яшчэ ад таго, як успрымаюць Беларусь у свеце?

Артур Клінаў: Шчыра? Ужо дастала тыповая рэакцыя на нашую краіну. Існуе шмат стэрэатыпаў пра нас. Большасць – негатыўныя. На літаратурных выставах я ўжо прызвычаіўся альбо пазбягаць адных і тых жа пытанняў, альбо адказваць парадаксальна, каб зачапіць нечым чалавека. Напрыклад, на абавязквовае пытанне пра дыктатуру, я звычайна адказваю, што ў нас тыповая дыктатура эпохі постмадэрнізму. І гэта адразу выклікае ў суразмоўца здзіўленне і цікавасць.

Што яшчэ? Да нас асцерагаюцца ехаць з Заходняй Еўропы, гэта для іх як Афрыка. Хаця насамрэч узровень злачыннасці у нас меньшы, чым у суседняй Польшчы. Там я баюся пакідаць машыну нанач на вуліцы, а у нас – лёгка. Такімі рэчамі я стаўлю чалавека ў ступар, і ён пачынае задумвацца.

 

 

 

 

 

 

«У турыстаў адбываецца разрыў шаблону»

Антон Кашлікаў: Іра, ты ў нас сёння, магчыма, будзеш аддувацца адна за ўсю сістэму. Раскажы, калі ласка, якія магчымасці і абавязкі ў Нацыянальнага агенцтва па турызму, можа нешта ўвогуле не вашая адказнасць, а мы на вас думаем.

Іра Гардзіенка: Ёсць Міністэрства спорту і турызму, у якім турызмам займаюцца дзве арганізацыі: Дэпартамент па турызму, які больш працуе з заканадаўствам, статыстыкай, міжнароднымі справамі і інфраструктурай, і Нацыянальнае агенцтва па турызму, якое займаецца прыгожай упакоўкай краіны – сайты пра Беларусь, відэа, буклеты, выставы.

Антон Кашлікаў: Ну а візы не адмяняюць з-за вас?

Іра Гардзіенка: Нам часта прылятае за візы, аднак гэта перш за ўсё адказнасць МЗС. Мы тут можам пісаць рэкамендацыі, ініцыяваць праекты, але практычнага ўплыву не аказваем. Але законапраект пра адмену віз для 80 краін свету на тэрмін не больш за 5 дзён, пра які вы, пэўна, чулі, быў запушчаны з нашай падачы. Пра яго пайшлі чуткі, што гэта лоббі Belavia, але гэта нашая ініцыятыва. Зараз ён гуляе па інстанцыях. Мікрапрыклады такой практыкі мы ўжо маем – доступ у Белавежскую пушчу і да Аўгустоўскага каналу значна спрошчаны. Гэта было зроблена па ініцыятыве з польскага боку. Аднак адміністратыўных працэдур там яшчэ шмат, для індывідуальных турыстаў гэта непрывычна. Паводле праекта пра 5 безвізавых дзён – няма ніякай гарантыі, што ён будзе прыняты, аднак гэта хаця б нейкі крок наперад. Многія кажуць, што няма ў гэтым сэнсу і гэта не спрацуе. Калі мы гэта зробім і да нас прыедзе хаця б на мільён болей турыстаў, ужо будзе падстава для размовы.

Антон Кашлікаў: Вы думаеце, што прыедуць? Наста, як лічыш?

Наста Ероха: Ну я буду толькі радая, калі прыедуць. Толькі я ўяўляю, з якой бюракратыяй сутыкнуцца замежнікі тут. Калі нават з мясцовым праважатым можна згубіць дзень на рэгістрацыю. Усё гэта для іх цяжкавата зразумець.

Рэпліка з залы: Сапраўды так. Мае сябры адразу здаюцца, калі я пачынаю ім тлумачыць, як сюды трапіць...

Антон Кашлікаў: То бок даязджаюць да нас больш за ўсё тыя, хто ўжо нешта ведае, пэўным чынам падрыхтаваны і едзе сюды па нейкіх справах. Задам пытанне Артуру, які сустракае тут шмат замежнікаў. Якое ўражанне выклікае Беларусь сярод непадрыхтаваных турыстаў?

Артур Клінаў: Я ўсё ж такі сустракаю больш падрыхтаваных. Сярод тых, хто да нас даязджае, іх больш, але і ў іх адбываецца разрыў шаблону. Бо чакалі яны разруху і занядбанне, а пабачылі дарагі горад з прыгожа апранутымі людзьмі і дарагімі машынамі ў цэнтры.

Наста Ероха: У адным з даследаванняў я бачыла інфармацыю, што сярод перашкод для прыезду пасля віз у іх стаіць «дыктатура». Пад гэтам яны разумелі, што калі яны прыедуць, за імі будзе тут хадзіць персанальны КДБшнік. У выніку тыя, хто даехалі, казалі, што адчувалі сябе вельмі бяспечна ў Беларусі, бо «у вас тут столькі паліцыі на вуліцах!». То бок, тое, чаго яны баяліся, стала пазітыўным момантам.

 

 

 

«Маё ўласнае ўражанне ад гораду – турыстаў няма»

Антон Кашлікаў: А ёсць нейкія лічбы па турыстах у Беларусі? Гэта часцей за ўсё людзі з Расіі, я правільна разумею?

Іра Гардзіенка: Асноўная колькасць турыстаў – рускія і ўкраінцы. Агульная колькасць турыстаў за год – 4,5 мільёна чалавек. Мы карыстаемся дадзенымі пагранкамітэта. Яны падлічваюць усіх, хто ўязджае ў краіну. Спачатку лічылі толькі тых, хто браў турпаслугі. А калі з’явіўся MICE-турызм, які робяць значны ўнёсак у бюджэт, пачалі лічыць і яго турыстаў. Ну і нарэшце нават транзітныя візіторы нешта пакідаюць у нашай інфраструктуры. Таму іх таксама лічым.

Антон Кашлікаў: Дар’я (Дар’я Халадзіліна, супрацоўніца аддзела брэндынгу Адміністрацыі турызму Грузіі −прым. рэд. 34mag) нагадай, калі ласка, колькі ў Грузіі?

Дар’я Халадзіліна: У Грузіі мы не лічым транзіт як турыстаў. Уласна турыстаў – таксама каля 4,5 мільёнаў. А вось транзітных візітораў яшчэ каля 1,5 мільёнаў.

Антон Кашлікаў: Ну так і няблага атрымліваецца. У нас турыстаў, як у Грузіі.

Іра Гардзіенка: У Бразіліі іх каля 5 мільёнаў па афіціыйных дадзеных.

Антон Кашлікаў: А можа і непатрэбна болей? А то мільён з Расіі, калі яшчэ столькі з Еўропы – не зашмат нам будзе?

Артур Клінаў: Нешта сумненні выклікае методыка падліку турыстаў у Беларусі. У некалькі соцень тысячаў – паверыў бы. Дзесьці гуляла лічба 300 тыс.

Іра Гардзіенка: А можна я адразу пракаментырую лічбы? Лічба ў 300 тыс., якую часта ўзгадваюць у СМІ – гэта дадзеныя Белстата, якія улічваюць только арганізаваныя групы, то бок тых, хто набыў турпаслугу. Адсюль і навіны пра тое, што ў нас толькі 300 тысячаў і гэтак далей.

Артур Клінаў: Не адчуваюцца гэтыя мільёны. Маё ўласнае ўражанне ад гораду – турыстаў няма. Што такое «турысты ёсць», я ведаю па Еўропе.

Міла Котка (з залы): Ну ў нас таксама ёсць з чым параўнаць. На чэмпіянаце свету па хакеі мы адчулі, што такое ёсць турысты.

Артур Клінаў: Вось дакладна. Турызму як індустрыі у нас пакуль няма. Пры гэтым у нас ёсць вялікі патэнцыял. Гэта «Горад сонца». Выбачайце, Мір і Несвіж, але замкі ў еўрапейцаў свае ёсць. А «Горад сонца» – гэта ўнікальная з’ява, на ёй можна будаваць унікальную індустрыю.

Антон Кашлікаў: Іра, скажы, ці гучыць канцэпцыя «Гораду сонца» у Агенцтве як патформа для прасоўвання?

Іра Гардзіенка: Шчыра? Гучыць часцей за ўсё ад мяне. Пытаннем, як сабе прадаваць, мы задаваліся адразу, як толькі прыступілі да працы абноўленай камандай Агенцтва. Мы правялі эксперымент. Абвясцілі на фэйсбуку праект «100 рэчаў, якія патрэбна зрабіць у Беларусі». Мы чакалі, што лёгка назбіраем нават больш і прыйдзецца выбіраць, але назбіралася каля 40, астатнія самі прыдумлялі. У дыскусіях з тураператарамі мы спрабавалі знайсці беларускую ідэнтычнасць. І ўсе спатыкнуліся аб пытанне: «А што значыць быць беларусам?». І ні ў каго адказу на гэтае пытанне няма.

Калі вы звярнулі ўвагу, то Грузія з Бразіліяй зыходзяць з таго, хто яны ёсць, і будуюць на гэтым сваю стратэгію. А нам самім яшчэ цікава пра сябе – хто мы такія? Здаецца, таму кніга Heta Belarus Dzietka такая паспяховая.

Антон Кашлікаў: Марта, ты згодная, што беларусы не ведаюць пра сябе?

Марта Чарнова: Так, мы і самі, калі пісалі кнігу, спрабавалі адказаць на пытанне, хто мы такія. Спрабавалі выцягнуць на паверхню гэтую беларускую ідэнтычнасць. Каб беларусы пачыталі, пасмяяліся з сябе, сказалі: «Так, гэта мы». Нас часта крытыкуюць, што мы ствараем негатыўны вобраз беларусаў. Аднак я лічу, што з гэтага трэба проста пасмяяцца і перарасці да сваёй сапраўднай ідэнтычнасці.

Іра Гардзіенка: Мы паўгады праводзілі апытанку турыстаў, каб высвятліць, чым чапляе Беларусь з незалежнага пункту гледжання. Першым, вядома, было, што гэта тэрра інкогніта. А вось другое – гэта рэлакс. Але не бессэнсоўны, а такі, што дазваляе неяк прыслухацца да сябе. У выніку атрымоўваецца нейкая ключавая змена, штуршок да чагосьці новага. Пасля візіту ў Беларусь людзі знаходзяць нешта кардынальна іншае для сябе. Мне падаецца, што гэта можа быць ключавым паведамленнем брэнда.

 

 

 

 

 

«Многія прынцыпова ігнораць камунікацыю з дзяржаўнымі ўстановамі»

Антон Кашлікаў: А на што трэба рабіць акцэнт у прасоўванні нашай краіны? Як прадаваць яе?

Наста Ероха: Як нам прадаваць – не лепшае пытанне, таму што мы яшчэ не пабудавалі дом, а ўжо фарбуем вокны. Мне падаецца рана пра гэта размаўляць, пакуль мы не маем унутранага брэнда, з якім бы мы жылі і які б рэтрансліравалі, як яго амбасадары.

Міла Котка (з залы): Не згодная, што ў нас няма прадукта. Прадукт – гэта мы самі, людзі. Мне падаецца, што замежнікі з’язджаюць такімі натхнённымі менавіта таму, што сустрэлі пэўнага беларуса тут.

Бразільцы, якія прыязджалі да нас, адзначаюць надзвычайную прыгажосць людей. Нават у бары лічылі і не верылі: «Немагчыма! 10-я дзяўчына ўжо зайшла, і тая прыгожая. Ну не бывае так!». Яны таксама адзначылі, што мы яшчэ па-добраму наіўныя, глядзім на ўсё вялікімі вачыма. Казалі, што спецыяльна будуць дома хаяць Беларусь, каб гэтая прыгожая краіна заставалася іх таямніцай.

Мне падабаецца канцэпцыя «Гораду сонца», але адразу з’яўляецца асацыяцыя з Бразіліа. Горад быў цалкам штучна пабудаваны вядомым архітэктарам Оскарам Німеерам. У ім прадумана ўсё: дзе людзі павінны жыць, як перамяшчацца, дзе купляць ежу. Там ўсё вельмі прыгожа і абалдзенна. Аднак натоўп турыстаў усё роўна ў Рыа. А ў Бразіліа на тыдзень прыехаў і хопіць.

Алена, кіраўніца турфірмы (з залы): Хацела б падтрымаць Мілу. Нам моцна не хапае камунікацыі. Калі мы толькі пачалі прадвігаць тэрыторыю, нам было цяжка звязаць розныя часткі інфармацыі ў нешта цэльнае. Куды засяліць турыстаў, каб было не занадта дорага і нармальнай якасці? Дзе ўзяць мапы Менска? За гайд ад 34travel мы схапіліся адразу, бо так ёмка і даступна пра горад не было напісана раней ніколі. Зусім мала рэкламы ад Агенцтва, і ўвогуле мала ўзаемадзеяння паміж усімі, хто працуе ў гэтай сферы.

Іра Гардзіенка: На жаль, камунікацыя не складваецца нават унутры, паміж ведамствамі. Ну і так, ёсць імідж дзяржструктуры. Калі змянілася каманда, мы аб’явілі, што мы адкрытыя для размоваў, калі ёсць праблемы – звяртайцеся, будем спрабаваць вырашыць. Звярнуліся адзінкі. Многія прынцыпова ігнораць камунікацыю з дзяржаўнымі ўстановамі.

Наконт рэкламы. Не буду каментаваць папярэднія дзеянні Агенцтва, бо гэта рабіла іншая каманда. Мы заказалі зараз новы сайт belarus.travel, які б нармальна распавядаў пра краіну: з прыгожымі фота і відэа, цікавымі тэкстамі. І зараз сайт яшчэ распрацоўваецца. Тая ж справа з буклетамі. Вынікі працы новай каманды можна будзе назіраць праз 2-3 месяцы. Мы, як дзяржструктура, не можам зрабіць гэтага хутчэй.

 

 

 

 

 

«Не думаю, што натоўп кітайцаў зруйнуе наш Горад сонца»

Антон Кашлікаў: Артур, вы верыце ў магчымасць такога партнёрства паміж дзяржавай і энтузіястамі?

Артур Клінаў: Пабудаваць сур’ёзную турыіндустрыю можна толькі з дапамогай дзяржавы. Мала мець «Горад сонца», трэба, як мінімум, каб пра яго ведалі. Гэта вялікая піяр-кампанія. Потым трэба захоўваць яго архітэктурную цэласнасць, каб ніхто не натыкаў сярод іх шклянага кітчу. І нарэшце, мала проста мець муры. Патрэбна, каб вакол іх была інфраструктура. Мы маем «Горад сонца», з якога можна збудаваць цэлы брэнд, які будзе прыносіць краіне добрыя грошы. Мы бачым, як паўстала Кастрычніцкая, і гэта вельмі добра. Але нам патрэбна больш інфраструктуры: музеяў добрай якасці. Сучасных і прагрэсіўных, а не лавак каштоўнасцяў. Мы маглі б з нагоды «Гораду Сонца» пабудаваць музей Утопіі.

Антон Кашлікаў: Гісторыя падаецца падобнай на грузінскую. Дзяржава можа не перашкаджаць, але без прыватнай ініцыятывы не абысціся. Як лічыце, ці атрымаецца ў нас наладзіць нарэшце камунікацыю? Ці магчыма калабарацыя паміж 34travel або Heta Belarus Dzietka і Нацыянальным агенцтвам па турызме?

Наста Ероха: Калі ў руля дзяржструктур становяцца маладыя людзі, якім не ўсё роўна, то ўсё магчыма. Да таго ж, ёсць месца, дзе мы ў сяброўскай атмасферы можам гэта абмеркаваць.

Антон Кашлікаў: Перамагаем эвалюцыйным шляхам? Міла, раскажы, калі ласка, пра свой досвед, бо Vulica Brasil – гэта ж як раз пра прыцягненне ўладаў да арганізацыі фестывалю.

Міла Котка: Паколькі пасольства Бразіліі – афіцыйная установа, мы не маглі наўпрост падагнаць пад’ёмнік ноччу і нешта намаляваць, нам патрэбна было з усімі дамовіцца. Закон не забараняе нам рабіць наш фестываль. Важна, каб за патрэбнымі дзвярыма цябе пачулі. А потым данеслі да астатніх ведамстваў. Бо мне часам падавалася, што я раблю 80% працы інстытуцый. Нам было гэта патрэбна, і мы проста сядалі ў машыну і ехалі па ўсіх: ад камітэту па архітэктуры да гарвыканкама, ад гарвыканкама да адміністрацыі раёна з усімі паперамі. Вось калі будуць такія, хто возьме на сабе працу псіхатэрапеўта, які будзе слухаць праблемы ўсіх і звязваць нітачкі, то будзе нешта адбывацца.

Антон Кашлікаў: Давайце ўявім, што ў нас ўжо шмат турыстаў тут. Як выдумаеце, што зменіцца ў краіне і ў Менску?

Іра Гардзіенка: Нічога страшнага не здарыцца. Магчыма, будзе хваля негатыўных водгукаў, але ўсе схемы сервісу адкатаюцца хутчэй. Мы праводзім трэнінгі для супрацоўнікаў гатэляў, музеяў і г.д. Але гэта губляецца хутка, як незамацаваны скіл. А калі з’явяцца турысты, усё спрацуе хутчэй.

Наста Ероха: Мне таксама падаецца, што спачатку будзе лёгкі шок, але мы з гэтым справімся. Я не думаю, што натоўп кітайцаў тут зруйнуе наш Горад сонца.

Артур Клінаў: Што гэта дасць краіне? Мы станем багацейшыя: ад афіціянта да сантэхніка. Мы станем больш незалежныя эканамічна, бо людзі павязуць свае грошы ў краіну. Зараз людзі хочуць мала працаваць, шмат вандраваць. Трэба лавіць гэты трэнд. Мы, нарэшце, вывучым мовы і адкрыемся свету. Пазбавімся партызаншчыны і іншых нашых комплексаў.

 

 

Новы афлайн-фармат 34 Media Days – гэта івэнты рэдакцыі, у межах якіх мы штомесяц збіраемся ў прасторы .PUNKT, каб абмеркаваць чарговую гарачую тэму. Далучайся да нас на Facebook і прыходзь у снежні на Action №3.

 

Фота by palasatka

 


COMMENTS (2)

qwerty
qwerty | 15.11.2016 12:34

да, пока к нам ехать просто не зачем. Природного ландшафта нет, по сравнению с соседней Польшой или Украиной. Диктатура - по сравнению с КНДР, полный либерализм. Движухи с современным искусством (биенали, гранты, фестивали) - нет. Ночной жизни - нет. Архитектуры (совецкой) практически нет. Да и вообще нас самих в европейском культурном (развлекательном) контексте тоже как бы нет, нас как не знали 30 лет назад, так и не знают сейчас, ЧТО вы хотите продать?

1 1
Алексей
Алексей | 15.11.2016 02:11

"Мир дураков" Дураковедческое эссе. Апология глупости. Тоскливо-мрачная картина незавидного положения умников. Диагнозы. Рецепты. Таблетки.

http://pax-stultorum.narod. ru/Index. htm

0 0