27910 1

Юрый Стукалаў

Гутарым з чалавекам, які дабіўся з’яўлення першай публічнай кропкі Wi-Fi ў краіне і дапамог зарганізаваць шэраг буйных гарадскіх мерапрыемстваў у Магілёве. Юрый Стукалаў – заснавальнік Цэнтру гарадскіх ініцыятываў – сёння ў размове з 34mag.

 

Чым займаюцца: праектамі ў сферы культуры і ўрбаністыкі.

Дата заснавання: кастрычнік 2013-га.

Структура: 18 актыўных удзельнікаў, больш за 20 валанцёраў
.

Факты: За 2,5 года правялі 2 буйных фестывалі, якія наведалі больш за 7 000 чалавек, зарганізавалі першую ў Беларусі зону wi-fi на гарадской плошчы.

Кантакты:

Сайт   |   Facebook   |   VK

З кім гутарым: Юрый Стукалаў, 27 гадоў, сацыёлаг, cтаршыня рэспубліканскай моладзевай арганізаціі «Грамадзянскі Форум», стваральнік магілёўскага «Цэнтру Гарадскіх Ініцыятыў».

 

 

Гісторыя Юры

– Мая грамадская дзейнасць пачалася яшчэ з далёкіх школьных гадоў. З 1-га класу я вучыўся ў Магілёўскай гімназіі № 2, дзе ўвесь час займаўся грамадскімі школьнымі справамі, што, безумоўна, паўплывала на мяне ў будучыні. У апошніх класах мяне выбралі старшынём вучнёўскага самакіравання, бо ў мяне заўсёды добра атрымлівалася згуртоўваць ды каардынаваць людзей вакол сябе.

Разам з аднакласнікамі ды сябрамі мы рабілі добрую газету, праводзілі імпрэзы і канцэрты, за якія не было сорамна і на якіх не хацелася заснуць. Вакол мяне было шмат дзейных і таленавітых хлопцаў і дзяўчат. Напрыклад, галоўная рэдактарка нашай газеты, Анжаліка Васілеўская, цяпер працуе магілёўскім рэпарцёрам парталу TUT.BY. Апроч актыўных школьных сяброў, мне, вядома, пашчасціла і з кіраўніцтвам гімназіі, якое заўсёды заахвочвала нас да актыўнасці ды ніколі не ўстаўляла палак у колы. Усе зародкі арганізатарскіх скілоў у мяне менавіта адтуль.

«Мне заўсёды хацелася нейкага дзвіжу, для мяне проста так вучыцца было зусім нецікава»

Пасля я паступіў ва ўніверсітэт імя Куляшова на сацыёлага. Універсітэцкаю актыўнасцю я не займаўся, бо назваць дзейнасць БРСМ і прафсаюзу грамадскаю можна было з вялікім нацягам. Насамрэч, у мяне было жаданне стварыць невялікую самакіраўніцкую суполку ва ўніверы, але задума правалілася. Мне заўсёды хацелася нейкага дзвіжу, для мяне проста так вучыцца было зусім нецікава. Таму ў першы год, у першым семестры, я ўступіў у моладзевую арганізацыю «Грамадзянскі форум», пасля наведвання семінару пра студэнцкае самакіраванне. З таго моманту пачалася мая сапраўдная грамадская дзейнасць, якая выйшла за межы навучальнай установы.

 

 

Праца ў «Грамадзянскім форуме» і «Будзьма беларусамі»

– Як толькі я трапіў у «Грамадзянскі форум» – цалкам выпаў з універсітэцкіх актыўнасцяў. Разам з маёй новай моладзевай арганізацыяй я быў увесь час залучаны ў правядзенне розных мерапрыемстваў, адукацыйных лекцыяў і семінараў па нефармальнай адукацыі па ўсёй Беларусі. А ў Магілёве мы рабілі розныя дэбат-турніры. Апроч таго, мы імкнуліся прыцягваць да менскіх імпрэзаў і нашых студэнтаў з альма-матар. З часам я стаў старшынём магілёўскага крыла «Грамадзянскага форуму», а потым і рэспубліканскага.

Пасля заканчэння ўніверу мне давялося папрацаваць у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання, чытаць лекцыі студэнтам ды праводзіць практычныя заняткі. Хутка мне прапанавалі стаць каардынатарам кампаніі «Будзьма беларусамі» па Магілёўскай вобласці. Гэтая дзейнасць стала маім новым досведам у правядзенні грамадскіх імпрэзаў. Першым стаў «Кірмаш ідэяў» ў 2013 г.

У той вечар перамаглі тры праекты, але стваральнікі ідэяў не маглі іх цалкам ажыццявіць. Мяне наведала натхненне ім дапамагчы і паказаць, што грамадскія ініцыятывы могуць і мусяць быць зрэалізаваныя. А таксама хацелася, каб наступны кірмаш наведалі яшчэ больш людзей, якія б убачылі, што, калі ёсць жаданне, усе магчыма.

«Наш першы зрэалізаваны праект – гэта адзіная ў Магілёве стрыт-арт сцяна»

Наш першы зрэалізаваны праект – гэта адзіная ў Магілёве стрыт-арт сцяна, прыдуманая Ігарам Нікіціным і створаная мастаком з Віцебску Максімам Самасевічам, адным з удзельнікаў суполкі «Сігнал». Шкада, але сцяны ўжо няма, цяпер на гэтым месцы пабудавалі чарговы «Еўраопт».

Думаю, менавіта ў той час я яшчэ больш зразумеў, што нядрэнна было б, апроч семінараў і дэбатаў, скіраваць сваю энергію на тыя ідэі ды праекты, якія дапамогуць зрабіць жыццё ў Магілёве прыемным, зручным і больш прасунутым. Гэта былі мае першыя думкі, якія падпіхнулі да ідэі стварэння Цэнтру гарадскіх ініцыятываў.

 

 

Стварэнне Цэнтру гарадскіх ініцыятываў

– У Магілёве бракавала свежых ідэяў, я добра разумеў, што гораду патрэбная сацыяльная актыўнасць і ў ім стае жыхароў, неабыякавых да яго лёсу. Менавіта таму я звярнуўся да знаёмых, якія бралі ўдзел у гарадскім жыцці Магілёва, − тэлевядучай Алены Барысавай, журналіста Дзяніса Васількова, актора Аляксандра Пятровіча, скульптара Андрэя Вараб'ёва, прафесара Юрыя Бубнова, гісторыка Аляксандра Агеева і іншых. А, паездзіўшы і паглядзеўшы на гарадскія праекты ва Украіне, мы зразумелі, што нічым не горшыя і можам зарганізаваць штосьці такое і дома.

«У Магілёве бракавала свежых ідэяў, я добра разумеў, што гораду патрэбная сацыяльная актыўнасць і ў ім стае жыхароў, неабыякавых да яго лёсу»

Ужо ў кастрычніку 2013-га я пачаў звяртацца да вядомых гарадскіх журналістаў, актораў, архітэктараў, мастакоў ды выкладчыкаў з прапановаю скаардынавацца для ўвасаблення супольных ідэяў і падтрымкі адзін аднаго. Шукаў людзей, якія маюць інтэлектуальны патэнцыял, але самым галоўным фактарам было жаданне штосьці рабіць, а не сядзець склаўшы рукі. У 2013 г. Магілёў быў культурнаю сталіцай СНД і большасць дзейных гараджанаў, якія бралі ўдзел у гарадскіх праектах, напрыклад, такіх, як першы гарадскі арт-падворак, сталі ўдзельнікамі Цэнтру гарадскіх ініцыятываў, ці ЦГІ.

 

 

Пра тое, што было, ёсць і яшчэ будзе

– Самы першы праект быў просты, але вельмі ўдалы паводле водгукаў – альтэрнатыўныя экскурсіі па арт-падворках з графіці ды розных арт-месцах у горадзе. Потым мы вырашылі разам з гарадскім скульптарам Андрэем Вараб’ёвым зрабіць памятны знак пра тое, што Магілёў быў культурнаю сталіцай. У нас атрымалася не проста зрэалізаваць гэту ідэю, але і размясціць невялічкую скульптуру пад вокнамі самога Магілёўскага гарвыканкаму.

Потым прайшоў шэраг невялікіх, але прыемных праектаў: ад арганізацыі здачы старых ялінак пасля Новага года ў перапрацоўку да роспісу старой лесвіцы каля Дубравенкі разам з мастачкаю Аксанаю Еўдакіменкай. А ў 2014 г. мы зарганізавалі дармавую кропку гарадскога wi-fi на плошчы Славы. Гэта далося вельмі няпроста, аднак мы перамаглі ды зламалі сістэму. Дарэчы, дзякуючы нам Магілёў стаў першым горадам у Беларусі, дзе гэта атрымалася.

З гарадскіх імпрэзаў першым і адразу ж удалым стаў ДранікFest , які мы правялі на магілёўскім экахутары разам з «Будзьма беларусамі», Магілёўскім універсітэтам харчавання і фермерам – уладаром хутару. Мне здаецца, гэта быў вялікі поспех, бо фэсту мы не піарылі, але на яго прыехала не менш за 4 тыс. магілёўцаў. Яшчэ больш мы здзівіліся, калі пабачылі журналістаў Euronews, якія вырашылі асвятліць нашае невялічкае гарадское мерапрыемства.

«Яшчэ больш мы здзівіліся, калі пабачылі журналістаў Euronews, якія вырашылі асвятліць нашае невялічкае гарадское мерапрыемства»

У чэрвені 2015-га мы вырашылі адысці ад этнічнай тэматыкі і зрабіць гарадское мерапрыемства для ўсіх – Вялікі гарадскі пікнік. Усё было зарганізавана на ўласнай ініцыятыве, без фундатарскіх грошай, за асабістыя сродкі. Пікнік атрымаўся дзякуючы дабрыні ды ідэйнасці актыўных жыхароў Магілёва. На маляўнічай набярэжнай Дняпра мы змаглі правесці шмат актыўнасцяў: ад лазертагу, фрызбі, запуску паветраных змеяў да мафіі, выставы дзіцячых работ, фотасушкі ды вясёлых танцаў пад спевы гарадскіх музыкантаў.

Сёлета, 28 траўня, у нас пройдзе ўжо другі гарадскі пікнік, дзе магілёўцаў чакае шмат сюрпрызаў таму, што ў нас было больш часу на распрацоўку ідэяў і пошук партнёраў. Будзем радыя пабачыць усіх ахвотных прыйсці добра адпачыць.

Цяпер мы паклалі шмат часу і сілаў на наш праект Школа гарадскіх ініцыятываў «Цяпліца». Таму планы на найбліжэйшы час – працягваць дапамагаць рэалізоўваць праекты выпускнікоў нашай школы, такія, як стварэнне адкрытага кінатэатру, напрыклад. Правядзенне вялікага гарадскога пікніка і падрыхтоўка да наступнага ДранікFest – таксама вельмі важная і актуальная частка нашай працы. Магу адкрыць невялічкую таямніцу, што хутка ў горадзе з’явіцца новы арт-аб’ект, які – пакуль сакрэт.

Я на будучыню не загадваю, бо жыву ў пэўным моманце, у якім прыкладаю ўсе сілы да раэлізацыі нашых ідэяў, якія ёсць і якіх яшчэ будзе шмат. Думаю, дастаткова на доўгія гады.

 

Тэкст і фота by Маша Васількова


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)
ava

Nikita Romanovski 26-05-2016, 00:50

Молодец парень, так держать!

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.