3206 1

Яўген Міхасюк

Мы працягваем распавядаць пра маладых ды актыўных. Гэтым разам гутарым з арганізатарам адукацыйнага фэсту «Рэмара» Яўгенам Міхасюком, які дае маладым беларусам магчымасць пабудаваць тую краіну, якую яны хочуць, хаця б на чатыры дні.

 

Чым займаюцца: нефармальная адукацыя студэнтаў

Дата заснавання: 2014 год

Структура: 2 арганізатары + 30 валанцёраў

Кантакты:

VK  Сайт 


Факты: У 2016 годзе «Рэмару» наведала каля 200 чалавек

З кім гутарым: Яўген Міхасюк, 22 гады, студэнт гістфака, актывіст студэнцкага руху

 


 

Гісторыя Яўгена

– Я нарадзіўся ва Украіне. Калі мне было тры гады, мы пераехалі ў Менск. Мне з дзяцінства хацелася займацца чымсьці актыўным, напрыклад палітыкай. Я разумеў, што ў нашай краіне гэта бесперспектыўна, таму шукаў для сябе нешта іншае, прыкладна ў тым жа кірунку. Чатыры гады таму я трапіў у трэці сектар. Сябра прывёў мяне на праграму арганізацыі «Цэнтра развіцця студэнцкіх ініцыятыў» (ЦРСІ) Акадэміі студэнцкага лідарства. Там я пабачыў перспектыву ў тым, каб займацца рашэннем праблем студэнтаў і рэформамі вышэйшай адукацыі.

У межах гэтай праграмы я зладзіў свой першы праект. Разам з аднадумцамі стварыў на гістарычным факультэце БДУ падпольную арганізацыю «Сенат». Яна праіснавала тры гады, і мы шмат чаго паспелі зрабіць за гэты час. Дзякуючы нашай арганізацыі ва ўніверсітэцкіх прыбіральнях з’явілася туалетная папера, мы ўсталявалі роварную паркоўку, зрабілі буккросінг на гістфаку ды адкрытыя сустрэчы адміністрацыі са студэнтамі. Нас усе-ўсе-ўсе ведалі. Пад «усе-ўсе-ўсе» я маю на ўвазе ў першую чаргу адміністрацыю. Не ўсё было ружова і добра, нас дрэнна ўспрынялі існуючыя студэнцкія арганізацыі, якія бачылі ў нас канкурэнтаў. Але якія ж мы былі канкурэнты, калі займаліся рашэннем праблем, а яны – культурна-масавымі мерапрыемствамі.

«Дзякуючы нашай арганізацыі ва ўніверсітэцкіх прыбіральнях з’явілася туалетная папера, мы ўсталявалі роварную паркоўку, зрабілі буккросінг»

У хуткім часе я далучыўся да ЦРСІ і зараз з’яўляюся намеснікам дырэктаркі і трэнерам «Акадэміі». Асноўны кірунак нашай працы – гэта дапамога і кансультацыя студэнтаў па розных пытаннях. Мы па-ранейшаму ладзім «Акадэмію студэнцкага лідарства», праводзім семінары, адукацыйныя візіты ў Літву, Польшчу, Чэхію. На працягу нашай праграмы ўдзельнікі мусяць не толькі пазнаёміцца са студэнцкім рухам у Беларусі, але і рэалізаваць свой уласны праект. За чатыры гады існавання з «Акадэміі» выпусцілася больш за сорак чалавек, сярод іх праектаў былі курсы беларускай мовы ў БДУІРы, кампанія супраць каменданцкай гадізны ў інтэрнатах і нават «Студэнты супраць».

 

 

 

Як стварыць Рэспубліку Мары

– У 2014 годзе я і мая сяброўка-каляжанка Аляксандра Кузьміч (цяпер яна дырэктарка ЦРСІ) вырашылі, што трэба нешта цікавае замуціць на лета. Каб было карысна і файна, і пры гэтым зрабіць нейкі ўнёсак у трансфармацыю грамадства. Патрэбна было адшукаць цікавыя фарматы, бо лекцыі і семінары – гэта цудоўна, але гэтага Менску ўжо і так хапала.

Калі сфера тваёй дзейнасці звязана з абаронай асабістых правоў і інтарэсаў ці, напрыклад, правоў чалавека, гэта складана ўспрымаецца наваколлем. Людзі не разумеюць, дзеля чаго ім гэта патрэбна. Звычайна лічаць, што, абараняючы сябе, атрымаюць больш праблемаў, чым карысці. Улічваючы гэта, мы шукалі новы і незвычайны фармат, каб зруйнаваць існуючыя страхі і пазнаёміць як мага больш людзей з грамадскім сектарам. Гэтай новай формай стала «Студэнцкая рэспубліка». Праект нарадзіўся ва Украіне ў 90-х. У Беларусі актывісты спрабавалі зладзіць нешта падобнае ў двухтысячных, але тады не зайшло.

«Звычайна людзі лічаць, што, абараняючы сябе, атрымаюць больш праблемаў, чым карысці»

Рэспубліка мары – «Рэмара» – гэта наш адноўлены фэст на прыродзе з адукацыйнай і нефармальнай часткай. Удзельнікі могуць наведаць лекцыі, паслухаць музыку і паралельна памадэляваць розныя сітуацыі. Асноўная фішка ў тым, што на працягу чатырох дзён ты жывеш у Рэспубліцы, дзе існуе свой парламент і іншыя дзяржаўныя інстытуцыі, на якія ты сапраўды ўплываеш і якія існуюць не асобна ад цябе.

Мы з Сашай узялі ідэю, але шмат чаго перарабілі. Акрамя таго, што змянілі назву на «Рэспубліка Мары», вырашылі больш сфакусавацца на мадэляванні і атрыманні асабістага вопыту і практычных навыкаў. Каб моладзь магла пасля выйсці і сказаць: «Вось я цяпер ведаю, як весці перамовы». Таксама мы бачым фестываль як пляцоўку, дзе можна зразумець, чым цікава займацца: грамадскай дзейнасцю, палітыкай, бізнэсам альбо, можа, лепей працаваць два праз два на заводзе?

 

 

 

Складанасці, прыемнасці

– У 2014 годзе нам было вельмі складана знайсці месца. Ідэальным варыянтам бачыліся Шаблі, але мы троху баяліся. Гэта клёвая пляцоўка, дзе праводзяцца буйныя фестывалі і канцы – падавалася занадта фантастычным зладзіць наш невялічкі фэст там. Мы тэлілі на кэмпы, у санаторыі, але нічога не пасавала: ці грошай шмат патрабавалі, ці фармат не праходзіў ідэалагічную праверку. Ад безвыходнасці вырашылі патэліць на Шаблі, і высветлілася, што гаспадар хутара – вельмі круты мужчына, адэкватны і сучасны.

Першая «Рэмара» стала нашым дэбютам у арганізацыі падобных мерапрыемстваў. Не ведаю, як усе 75 чалавек выжылі ў тыя чатыры дні, бо было кепскае надвор’е, ішоў дождж. Але, нягледзячы на гэткія перашкоды, пасля нам усе казалі, што было класна. Складана ў гэта паверыць, бо для мяне асабіста тое было моцным выпрабаваннем.

Разынкай у 2014-м быў ЛАРП, які імітаваў краіну ў мініяцюры. Там існуюць законы, якім трэба падпарадкоўвацца, ёсць Канстытуцыя, якая распісвае ўклад жыцця ў краіне, ёсць Парламент, суды, выканаўчая ўлада. Ёсць грошы, за якія можна набыць ежу. Не зарабляеш грошы – не еш.

«Гульня пайшла не так, як мы планавалі, і ў выніку амаль што ўсталяваўся камуністычны рэжым»

Гэта была мадэль краіны, дзе, каб выжыць, трэба нешта рабіць. У тым ліку можна было стаць дзяржаўным службоўцам і зарабляць шмат без асаблівых высілкаў. Можна здагадацца, адкуль спісаныя правілы і ўстаноўкі.

Памятаю, гульня пайшла не так, як мы планавалі, і ў выніку амаль што ўсталяваўся камуністычны рэжым. Для мяне гэта стала вялікім непаразуменнем. Калі я рабіў «Рэмару», то ніяк не мог падумаць, што моладзь пабудуе менавіта камуністычную краіну, 2014-ы ж! Калі распавядаў сацыёлагам пра вынікі, яны казалі, што гэта вельмі слушна і паказальна: моладзь нічога не патрабуе і не хоча нічога змяняць у сучасным дзяржаўным ладзе.

 

 

 

Марыць – не марна

– У гэтым жа годзе мы адышлі ад класічнага канцэпту мадэлявання дзяржавы. Селёта ўдзельнікі будавалі краіну па Орўэле. Гульня была больш сур’ёзнай, бо ўмовы сэтынгу больш жорсткія. Добра, што абышлося без ахвяр.

Яшчэ адна навінка: мы падзялілі мадэляванне (гульню ў ЛАРП) і фестывальную частку. Такі падыход дапамог наведнікам сканцэтравацца на чымсьці адным. Таму тры дні ў нас была толькі гульня, а на чацвёрты – астатняе. Такі падыход спрацаваў: мадэляванне атрымалася больш глыбокім, чым падчас першага этапу. Адна з дзяўчат настолькі ўжылася ў ролю, што нават захапіла ўладу і кінула свайго хлопца за краты.

Мы запрасілі класныя гурты «Один в каное», Akute, El Dorado. І ў гэты раз наш фестываль наведала яшчэ больш людзей. Было больш за 200 чалавек, і мы вельмі радыя, што расцем!

«Адна з дзяўчат настолькі ўжылася ў ролю, што захапіла ўладу і кінула свайго хлопца за краты»

На адукацыйнай частцы закранулі шэсць тэмаў: палітыка, эканоміка, вышэйшая адукацыя, журналістыка і новыя медыя, арт-актывізм і грамадскі сектар. Мы вырашылі, каб раскрыць нейкую тэму, трэба некалькі гадзін. Таму імкнуліся падабраць не толькі выдатных экспертаў, але і выдатных асобаў. Атрымаўся гэткі фармат, дзе выступалі цікавыя людзі са сваімі гісторыямі: праваабарончая група з Магілёва «Праўныя дырэктары», стваральніца арт-праекту Vulica Brazil Міла Котка, заснавальнік пабліка «Чай з малінавым варэннем» Ігар Кот і іншыя. Кожны мог абраць тое, што цікава менавіта яму, і пайсці пазнаёміцца з гэтым чалавекам, паслухаць яго і задаць пытанні.

 

 

Пра ўласныя мары

– Калі шчыра, то мы хочам зрабіць так, каб моладзь пасля нашага фестывалю сказала: «Блін, а шмат ж чаго цікавага адбываецца!» – і вырашыла нешта рабіць сама. Пасля «Рэмары» 2014 года шмат хто трапіў у Акадэмію студэнцкага лідарства, у эка-актывізм альбо ў праваабарончую дзейнасць. І мы былі гэтаму вельмі радыя, бо сектар атрымаў свежыя сілы, новы погляд на праблемы і магчымасць развівацца, расці. Сёлета фэст атрымаўся нават міжнародным: у нас былі наведнікі з Расіі. Два хлопцы прыехалі ажно з Ніжняга Ноўгарада. Проста прыехалі за тысячу кіламетраў, каб паўдзельнічаць у «Рэмары».

«Думай глабальна – дзейнічай лакальна»

Пасля гэтага фэсту мы хочам рабіць больш маштабныя мерапрыемствы. Ва Украіне ў аналагічных фестывалях удзельнічаюць да 2000 чалавек. Карацей, будзем развівацца і пашыраць ахоп удзельнікаў. У наступным годзе плануем паклікаць яшчэ больш цікавых лектараў, больш арганізацый.

Я веру, што калі моладзь навучыцца мадэляваць сваю маленькую краіну мары ў межах аднаго хутара, то ў будучым мы здолеем пабудаваць краіну мары і ў межах усёй Беларусі. Як кажуць, думай глабальна – дзейнічай лакальна!

 

 

Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, 34mag.net, платформы Talaka.by і анлайн-часопіса «Имена».


Тэкст by sokol_mlody
Фота by latishka


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)

Ягор23-10-2016, 12:51

Міхасюк малайчынка!

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.