1818 1

Вольга Трубач

Актывістка Вольга Трубач дзеліцца досведам у арганізацыі культурнага жыцця Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў і расказвае, чаму беларускія танцы не горшыя за ірландскія.

 

Чым займаюцца: папулярызацыя беларускай культуры ХІХ–ХХ стагоддзяў на тэрыторыі сучасных Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў.

Дата заснавання: «Kola» – 2016 год, «Тутэйшыя квэсты» – 2015 год.

Структура: «Kola» – каля 10 чалавек, «Тутэйшыя квэсты» – тры чалавекі + валанцёры.

Кантакты:

Сайт   ВК   ВК

З кім гутарым: Вольга Трубач, 27 гадоў, мае адукацыю псіхолага і менеджара па турызме. Працуе педагогам дадатковай адукацыі ў прыватнай студыі ранняга развіцця «СЛОНіК» у Вілейцы, вядзе блог «У дарозе».

 


 

Гісторыя Вольгі

– Пасля вучобы ва ўніверсітэце я размеркавалася ў дзіцячы летнік на Нарачы, дзе два гады працавала псіхолагам. У маім корпусе жылі дзеці да 12 гадоў, я імі вельмі праніклася: непасрэдныя, добрыя і кажуць тое, што ў галаве. Ніякіх «дарослых» шаблонаў.

Жыць было сумна. Уся моладзь працавала ў «Зубронку», які знаходзіўся аж праз два санаторыі ад нашага. Таму часам на Нарач прыязджалі мае сябры, мы вандравалі па мястэчку. Таксама я шмат чытала падчас размеркавання, бо было дакладнае адчуванне, што пасля магчымасці не будзе. Так яно і адбылося.

Пасля адпрацоўкі я месяц тусавалася ў сталічнай турфірме. У прамым сэнсе збіла набойкі, а заробак так і не атрымала. Таму і пераехала ў Маладзечна: бацькі набылі тут кватэру. Горад гэты я не любіла з дзяцінства. Сюды з Вілейкі мы па шмоткі на выходных ездзілі. Я доўга не разумела, навошта яшчэ Маладзечна патрэбны.

«Хто ў Вілейку паедзе адмыслова? А вось згуляць – гэта цікава, тады пагналі»

Хутка адчула смак свайго кута – уладкавалася выхавацелькай у дзіцячы садок. Аднак праз некалькі тыдняў злягла з гаймарытам – арганізм сігналізаваў, што трэба мяняць працу, гэтая не мая. Пасля былі паўстаўкі псіхолагам у іншых садках. Але мне не падабалася сістэмная пісаніна і рэдкія заняткі з дзецьмі. Таму з працы ў дзяржаўных установах я сышла, уладкавалася ў прыватны цэнтр педагогам дадатковай адукацыі, а цяпер разам з сёстрамі развіваю сваю прыватную студыю ранняга развіцця ў Вілейцы.
 
З Маладзечна я ездзіла па тусоўку ў Менск, але з часам захацелася свайго, мясцовага. Так выпадкова знайшліся аднадумцы, з якімі і арганізавалі роварныя «Тутэйшыя квэсты».

 

 

 

Пра «Тутэйшыя квэсты»

– Заданні распрацоўвалі з Ганнай Агафонавай, пасля да нас далучыліся валанцёры і знаёмыя знаёмых. Першы квэст прайшоў у Маладзечне і сабраў каля дзесяці чалавек. Гэта вельмі малая колькасць удзельнікаў. Аднак пра мерапрыемства было шмат станоўчых водгукаў у мясцовых СМІ, таму мы вырашылі «рушыць» яшчэ і на Вілейку, Смаргонь і Заслаўе. Бо хто ў Вілейку паедзе адмыслова? А вось згуляць – гэта цікава, тады пагналі.

«Нядаўна тэлефануе мужчына і пытаецца: «Мне 40 гадоў. Я магу танчыць з вамі? І ўвогуле: да вас хто-небудзь ходзіць?»

Пасля нас падтрымала маладзечанская бібліятэка. Разам зладзілі краязнаўчы квэст для падлеткаў, а пасля ўзяліся за вядомых маладзечанцаў – Міколу Ермаловіча і Генадзя Каханоўскага. Да іх юбілеяў аганізавалі тэматычны «Тутэйшы квэст». Памятаю, у той дзень па краіне абвясцілі «аранжавы ўзровень бяспекі». Але гэта нікога не спыніла: да нас нават са сталіцы прыехалі! Шкада, што пасля ўсё ж знайшліся людзі, якія наракалі гэты квэст, маўляў, «здзек над памяццю выбітных асоб».

Увогуле арганізоўваць мерапрыемствы ў розных гарадах пазнавальна. У Берасці, напрыклад, мясцовыя ўдзельнікі амаль гадзіну разгадвалі заданні аднаго з квэстаў, што праходзіў у горадзе. Безумоўна, прыемна, што нашу працу ацанілі не толькі аматары. Журы VI Фестывалю нефармальнай адукацыі адабрала наш праект у лік пераможцаў у намінацыі «Падзея горада», бо мы выкарыстоўваем інавацыйны падыход для прыцягнення турыстаў у малыя гарады Беларусі, наладжваем прадуктыўную камунікацыю з музеямі і пры гэтым не забываемся на мясцовыя традыцыі.

 

 

Пра «Kola» і вар’яцтва

– За «Kola» дзякуй Студэнцкаму этнаграфічнаму таварыству і Цімафею Акудовічу. Мінулай зімой мы разам калядавалі ў вёсцы Плябань на Маладзечаншчыне. Ды так натхніліся атмасферай, што вырашылі аб’яднацца і рабіць нешта падобнае, але сваё. Разам з Аленай Мятлюк схадзілі ў былы Палац чыгуначнікаў, дзе зараз працуе цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна, папрасілі памяшканне. Зараз ладзім тут танцавальныя вечары і пачынаем займацца традыцыйнымі спевамі з Юляй Бондар. У мясцовым «RedBar» некалькі разоў таксама рабілі дударскія вечарыны.
 
Увогуле ў Маладзечне мала актыўных і цікаўных людзей. Вось нядаўна тэлефануе мужчына і пытаецца: «Мне 40 гадоў. Я магу танчыць з вамі? І ўвогуле: да вас хто-небудзь ходзіць?» Не разумею, як можна ўвесь час залежыць ад кагосьці.
 
Пра «Kola» ў горадзе ведаюць: у мясцовых суполках ВК пра нашы мерапрыемствы пішуць, а людзі перапошчваюць. Аднак прыходзяць да нас адныя і тыя ж. Я разумею, чаму нашыя дударскія вечарыны зліліся – з’явілася плата за ўваход, але танцы і шмат іншага мы робім бескаштоўна. Але людзі ўсё роўна не ідуць.

«Мне падаецца, што я гарадская жабрачка»

Мне падаецца, што такія паводзіны – асаблівасць беларускай псіхалогіі. З дзяцінства нас гоняць, бо трэба. А калі «трэба», то нецікава і нястатусна. Вось і мы са сваімі мерапрыемствамі... Нас амаль заўсёды за артыстаў на вуліцы прымаюць. А мяне некаторыя лічаць гарадской вар’яткай. Маўляў, больш за ўсіх патрэбна. Мне ж падаецца, што я гарадская жабрачка. Хаджу і ўгаворваю наведаць мерапрыемствы, нешта паўтараючы пра беларускую культуру ды традыцыю.
 
А «Kola» і «Тутэйшыя квэсты» – гэта насамрэч пра беларускасць. Праўда, для мяне гэта стыль жыцця. У людзей жа, атрымоўваецца, нейкія іншыя каштоўнасці ў жыцці і поўная адсутнасць павагі да свайго. Затое, калі б прыехалі ў Маладзечна ірландцы са сваімі танцамі, то ўсе глядзелі б на гэтае дзіва дзіўнае. І плацілі за «відовішча» немалыя грошы.
 
Добра, што хоць кропачна, але людзі ўсё ж аб’ядноўваюцца ў тусоўкі. Я веру, што праз некалькі гадоў яны могуць раскруціцца ў прыстойныя ініцыятывы. Бо ў кожнага з нас ёсць сябры і знаёмыя. Ды і жывём мы ў калектыве.

 

 

 

Пра «ліміт валанцёрства»

– У Маладзечна я вольная ва ўсім. Захацела – паехала ў лес. А трэба – пайшла ў райвыканкам, каб дамовіцца пра правядзенне мерапрыемства. Напрыклад, наконт сумеснага мерапрыемства з гульнёй-даведнікам «Адрыў» дамовіліся сапраўды хутка.

«Калі б прыехалі ў Маладзечна ірландцы са сваімі танцамі, то ўсе глядзелі б на гэтае дзіва дзіўнае. І плацілі за “відовішча” немалыя грошы»


Я лічу, што Маладзечна не стае адзінага тусовачнага месца для моладзі. У горадзе ж трэба не толькі працаваць і выхоўваць дзяцей. Павінна быць свая тусоўка, па якую многія і едуць у вялікія гарады. Не ведаю, ці ўзялася б я за арганізацыю такой тусовачнай кропкі. Зараз я шмат часу аддаю працы ў Вілейцы, бо «Kola» і «Тутэйшыя квэсты» – крута і класна, аднак яны амаль не прыносяць прыбытку.
 
Мой «ліміт валанцёрства» паціху сканчаецца. Але я думаю, што яно – мая карма. Бо нездарма я неаднаразова чула пра сябе: «Гэта – дзяўчына-“общественница”».

 

Тэкст і фота by Юлія Шаблоўская


Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, 34mag.net, платформы Talaka.by і анлайн-часопіса «Имена».


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)

Мікіта16-11-2016, 14:04

Ну не ведаю. Мне Маладзечна падабаецца. Я бы нават сказаў, што гэта рэдкі прыклад калі "савецкасць" (вялікая плошча, парк, шырокія вуліцы) глядзіцца прывабна. Вельмі ўтульны парк, ва ўсіх кафэшках, якія я наведаў, смачна, на галоўнай плошчы ля фантанаў тусуецца шмат людзей увясну.

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.