9081 0

Магілёў

Каманда 34mag працягвае складаць для цябе гайды па беларускіх гарадах. Пасля Берасця, Горадні і Віцебска нарэшце прыйшла чарга Магілёва. Чытай пра галоўныя славутасці і лепшыя месцы для культурнага і антыкультурнага адпачынку нашай Пярліны-на-Дняпры.

 

Магілёў быў апошняй Стаўкай Мікалая II і ваеннай сталіцай Расійскай імперыі. У 1937 годзе савецкая ўлада разглядала яго як новую сталіцу БССР, а Янка Купала, натхнёны легендамі аб паходжанні назвы горада, напісаў паэму «Магіла Льва».

Для рэдакцыі 34mag Магілёў – гэта яшчэ і ледзь не галоўная калыска беларускага андэграўнду. Тут «жывуць і працуюць» Akute і John Doe, а таксама наш легендарны сябра Рома «Англічанін» (які калісьці быў адным з «Таварыша Маўзэра», а зараз з’яўляецца паловай гурта ЛСП). Узгадаем яшчэ і тое, што менавіта Магілёў падарыў літаратуры Уладзіміра Казлова.

 

 

Самы зручны спосаб дабрацца з Менску ў Магілёў (за 2,5 гадзіны з тэлевізарам і Wi-Fi) – маршрутнае таксі. Камфортныя «бусы» адпраўляюцца кожную гадзіну (з 6.00 да 21.30) ад менскага чыгуначнага вакзала. На гэтым напрамку працуюць адразу некалькі перавозчыкаў – «Сталіца Плюс», «2 сталіцы», «Новая лінія». Квіток каштуе Br 100 тыс., месцы можна забукаць па тэлефоне.

Падарожжа на цягніку абыдзецца трохі танней: прамая электрычка да Магілёва стартуе кожны дзень а 15.39 (едзе больш за 3 гадзіны), ёсць яшчэ некалькі прахадных цягнікоў.

 

На папулярнай пешаходнай вуліцы Ленінскай у самым цэнтры размешчана гасцініца «Губернская» (вул. Ленінская, 56/6). Сертыфікавана як трохзоркавая, нумары ўтульныя і прасторныя. Кошт за 2-месны пакой – € 57 са сняданкам, «люкс» – € 92.

Больш фешэнебельным лічыцца гатэль «Метраполь» (вул. Камсамольская, 6), што месціцца насупраць драмтэатра. Кошты прыкладна такія ж, затое ёсць уласны СПА-цэнтр з басейнам. 

Бюджэтны варыянт для тых, каго не палохае аскетычны інтэр’ер, – гасцініца «Магілёў» (пр-т Міра, 6). Кошт – ад € 28 за нумар на 2 месцы.

Вядома, можна зняць і кватэру на суткі. Сярэдні кошт «аднушкі» ці «двухпакаёўкі» – € 20-30. Шукаць інфу тут, тут ці тут.

На крайняк заўсёды можна пераночыць у пакоях адпачынку на чыгуначным вакзале: кошт ложка-месца – ад Br 81 тыс. у суткі ў 4-месным нумары.

 

Калі часу мала, а ўбачыць хочацца шмат, то адразу ідзі на вуліцу Ленінскую – цэнтральную пешаходную магістраль горада. Тут заўсёды людна, самі магілёўцы кажуць, маўляў, калі хочаш сустрэць кагосьці, чые кантакты выпадкова згубіў, проста выйдзі ўвечары на Ленінскую.

На ёй размешчаны, напэўна, самыя вядомыя славутасці сіці. Некаторыя пабудовы датуюцца яшчэ часамі Расійскай імперыі. Звярні ўвагу на будынак былой мужчынскай гімназіі (вул. Ленінская, 41). Гэта помнік архітэктуры класіцызму, пабудаваны ў 1809 годзе. Тут у свае часы вучыліся Мікалай Судзілоўскі і Ота Шміт.

Па шляху да Плошчы зорак можна ўбачыць скульптуру Астранома, які глядзіць у тэлескоп. Палец Астранома зацёрты да залатога бляску – ёсць павер’е, што, калі пацерці старца за пальчык, споўніцца запаветнае жаданне.

Канчатковым пунктам твайго праменаду па Ленінскай будзе Плошча Славы (былая Савецкая плошча) – месца старажытнага гарадзішча і самы эфектны панарамны пункт горада з адноўленай ратушай, краязнаўчым музеем і Замкавым скверам.

Рака Дняпро цягнецца праз увесь Магілёў і дзеліць яго на дзве часткі, якія звязаныя паміж сабой некалькімі мастамі. Яшчэ стагоддзе таму назад горад згадваўся ва ўсіх афіцыйных выданнях не інакш як «Магілёў на Дняпры», і рацэ горад абавязаны шмат чым. Як ні дзіўна, першым буйным горадам уніз па плыні Дняпра будзе Кіеў.

З аднаго месца ля Дняпра адкрываецца шыкоўны від на Свята-Нікольскі манастыр (вул. Сурды, 19), які варта наведаць, каб атрымаць асалоду ад сузірання легендарнага 4-яруснага іканастаса і ўбрання, ад якога займае дух. Побач з плошчай Арджанікідзэ ёсць пляж і прычал, ад якога адыходзіць катар для водных прагулак.
 
Для актыўнага адпачынку на прыродзе самі магілёўцы настойліва раяць Пячэрскі лесапарк. Тут возера, чысты пляж, веладарожкі і галоўнае – знаходзіцца ён непадалёк ад цэнтра (аўтобус №9 да прыпынку «Космас-корта»). А яшчэ тут можна ўзяць напракат лодку або катамаран. Ну а зімой на спартовай базе, што знаходзіцца побач, можна арэндаваць лыжы ці сноўборд.

Музей гісторыі Магілёва (вул. Ленінская, 1а) змяшчаецца ў адбудаванай у 2008 годзе Ратушы. Да ўсяго – раім забрацца на вежу і з вышыні птушынага палёту паглядзець на Дняпро.

Асобная старонка гісторыі Магілёва звязана са знаходжаннем тут апошняга расійскага імператара Мікалая II. З усіх будынкаў, дзе змяшчаліся розныя аддзелы Стаўкі, захаваўся толькі былы дом Акруговага суда. У 1915-17 гадах тут месцілася ўпраўленне дзяжурнага генерала Стаўкі, а цяпер тут – краязнаўчы музей (пл. Славы, 1).

З прыездам у Магілёў Мікалая II губернскі горад хутка ператварыўся ў царскую рэзідэнцыю з адпаведным антуражам. Асобнай згадкі вартае рэлігійнае жыццё цара ў Магілёве: ён не прапускаў ніводнага праваслаўнага набажэнства, і для таго, каб цару было зручней дабірацца да царквы, у красавіку 1916-га ад рэзідэнцыі да Свята-Нікольскага манастыра была пракладзена асфальтавая дарожка. Як ведаем з гісторыі – не дапамагло.

Мала каму вядома, што ў перыяд знаходжання ў Магілёве царскай Стаўкі ў ахове Мікалая II служыла адмысловая каманда, якая складалася з 18 двайнікоў расійскага імператара. Аднагодкаў, падобных на цара, шукалі па ўсёй Расіі.

Музей Масленікава (вул. Міронава, 33) – менавіта гэты мастацкі музей намаляваны на купюры Br 200 тыс. Тут праходзяць розныя мастацкія выставы, аднак часцей, на жаль, выставы-продажы каштоўных камянёў і экспазіцыі перасоўных музеяў (напрыклад, жывых экзатычных матылькоў).

А вось Магілёўскі драматычны тэатр (вул. Першамайская, 7) – сапраўдная гарадская славутасць. Штогод тут ладзіцца фестываль «М@рт-кантакт», на які прыязджаюць тэатральныя трупы з розных краін свету. Сам будынак драмтэатра вельмі эфектны: многія госці робяць фотаздымкі на яго фоне і каля скульптуры «Дамы з сабачкам». Дарэчы, драмтэатр таксама звязаны з імем расійскага самадзержца. Тут ёсць царская ложа, куды, праўда, звычайных турыстаў не пускаюць. З ложы Мікалай II глядзеў не спектаклі, а кадры ваеннай хронікі.

Магілёўскі кафедральны касцёл Святога Станіслава (вул. Камсамольская, 4) – выдатны помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. Звярніце ўвагу на падмурак касцёла, які складаецца з камянёў самага рознага памеру. Паводле легенды, польскі кароль Ян III Сабескі загадаў пабудаваць касцёл у памяць пра забітага ў гэтых мясцінах шляхціча Зянковіча.

Ёсць у горадзе і свая Трыумфальная арка, узведзеная да прыезду імператрыцы Кацярыны II у 1780 годзе – у Магілёве Кацярына мелася спаткацца з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II. Пасля сустрэчы манаршых асоб быў пабудаваны Іосіфаўскі сабор. Першы камень Кацярына і Іосіф заклалі разам. Гэта быў сапраўдны шэдэўр класіцызму, але ў 1938-м савецкія ўлады ўзарвалі сабор. Арка ж засталася, і потым яна ператварылася ў Дошку гонару: у імперскім стылі, але з сярпом-молатам.

Анцікафэ «Чердак» (вул. Ленінская, д.7, 3 паверх). Адно з самых душэўных месцаў горада. Тут ладзяцца творчыя сустрэчы ды вечарынкі, заўсёды ёсць нейкія прыемныя актыўнасці ды шмат народу. Да таго ж тут можна ўзяць ровар на пракат.

Калі ў тваім загашніку больш, чым адзін дзень, раім выбрацца таксама за межы горада.

Магілёўскі заасад (Магілёўскі раён, вёска Буйнічы, усяго 10 км ад цэнтра горада) – даволі дэмакратычнае месца, дзе жывёлы адчуваюць сябе цалкам спакойна. А яшчэ тут ёсць невялікая чыгунка, скарыстаўшыся якой можна ўбачыць бліжэй зуброў, ласёў, аленяў, казуль і дзікоў. Некаторыя ўчасткі 2-кіламетровага маршруту знаходзяцца над «каньёнамі», у якіх змясціўся б і шасціпавярховы будынак. Пасля прагулкі па заасадзе можна купіць сувенір ручной працы ў вёсцы майстроў, павячэраць у мясцовай «Карчме» і там жа пакаштаваць найсмачнейшы хатні самагон.

Праз дарогу, насупраць заасада, размяшчаецца мемарыял «Буйніцкае поле», створаны на месцы вялікай бітвы 1941-га, што адбылася падчас абароны Магілёва. У цэнтры мемарыяла знаходзіцца каплічка ў памяць загінулых, прыклады ваеннай тэхнікі тых часоў і Возера слёз – месца, якое наўрад ці пакіне цябе абыякавым.

У Буйнічах таксама знойдзеш Сіманаўскі камень – 15-тонны валун, названы так у гонар пісьменніка Канстанціна Сіманава, чый прах, згодна з тастаментам, развеялі на Буйніцкім полі. Лёс пісьменніка шчыльна пераплёўся з Магілёвам. У 1941 годзе Сіманаў, ваенны карэспандэнт газет «Весткі» і «Чырвоная Зорка», быў сведкам першых дзён абароны горада, якой прысвечаны старонкі яго трылогіі «Жывыя і мёртвыя».

Палыкавіцкая крыніца – помнік прыроды рэспубліканскага значэння, што знаходзіцца ў 7 км ад цэнтру Магілёва. Крыніца вядомая з 1552 года. Пасля таго як у ХІХ стагоддзі граф Рымскі-Корсакаў пабудаваў поруч з ёй капліцу Святой Параскевы, сюды пачалі з’язджацца тысячы людзей з Магілёва, а таксама блізкіх і далёкіх ваколіц.

 

Для аматараў італьянскай кухні ў Магілёве ёсць кафэ «Пармезан» (вул.Першамайская, 34/1). Лепшая піца ў горадзе, нармальныя цэны, добрае абслугоўванне, а таксама мелодыі і рытмы італьянскай эстрады ў якасці саўндтрэку. Піца каштуе € 4-8, паста – € 4, тырамісу – € 3,5.

Рэстаран Bellagio (вул. Ленінская, 21). Таксама месца з італьянскай кухняй, але трохі даражэй. Насамрэч тут смачна і якасна, афіцыянты звышветлівыя, да страваў цяжка прычапіцца. Сярэдні цэннік за вячэру на дваіх – € 25-30.

  Кафэ «Буффет» (вул. Камсамольская, 5) – упадабанае месца магілёўскіх студэнтаў. Піца, пончыкі, бургеры, бясплатная кава да сняданку, магчымасць набыць паштоўку для посткросінгу. Алкаголю ў меню няма.

  Сетка «Бургер-пицца» (пр-т Пушкінскі, 18; вул. Першамайская, 34; вул. Каштанавая, 2а; вул. Маўчанскага, 53а). Усё празрыста – у меню бургеры і піца. Дэмакратычна і смачна. Тут збіраюцца маладыя людзі і сем’і з дзецьмі.

«Филетто хауз кафе» (вул. Ленінская, 22). Рэстаран турэцкай кухні прапануе ўсе перавагі нядаўна адкрытай кавярні: шырокае меню з духмянымі стравамі, «кампліменты» ў выглядзе бясплатных закусак і хатняй вішнёвай наліўкі ад шэфа ды асабісты поціск рукі дарагім гасцям ад саўладальнікаў рэстарана. Прыемная і хатняя атмасфера.

Рэстаран «Бірарыя» (вул. Першамайская, 31, з адваротнага боку рэстарана «Габрава»). Даступныя кошты, зручнае меню з фотаздымкамі страў (што асабліва ацэняць замежнікі), кальян, прапановы для вялікіх кампаній – напрыклад, «метр» піва і асарці закусак пад назвай «кіло да піва».

Ірландскі паб «Ale House» (вул. Ленінская, 61). Прыемнае і простае месца ў класічным англійскім стылі. Часта праходзяць тэматычныя вечарынкі, грае жывая музыка. Выбар піва – самы багаты ў горадзе, кошты на ежу могуць «кусацца», але памер порцыі не дазволіць нікому застацца галодным. Піва – € 3-4.

«Ресторан 101» (зав. Пажарны, 6). Мясцяк знаходзіцца ў будынку былой пажарнай часткі ХІХ стагоддзя. Фіча – чырвоная пажарная машына, што служыць тут барнай стойкай. У меню – імпартнае піва і смачныя закускі да яго.

Кавярня «DaVinci» (вул. Ленінская, 68). Паводле італьянскіх гасцей горада, тут – самая правільная кава ў Магілёве.

«Жорж Симоне» (вул. Ленінская, 44). Тут знойдзеш звыклую для беларуса ежу – накшталт піцы і сушы. У інтэр’еры, праўда, злёгку агрэсіўныя чырвоныя сцены і фатаграфіі Эйфелевай вежы, затое вялікія порцыі ды хуткае абслугоўванне. У кафэ дзве залы – верхняя і ніжняя. Ніжняя знаходзіцца ў падвальным памяшканні і ўключае ў сябе бар, столікі ды невялікую танцпляцоўку.

  Аматарам сушы можам параіць рэстаран «Залаты дракон» (вул. Першамайская, 22) і сетку кафэ «Япончык» (вул. Першамайская, 29; вул. Якубоўскага, 51б; вул. Будзённага, 13), дзе за 15-20 хвілін вам прыгатуюць някепскі сэт з сушы або вермішэль-вок з любым змесцівам.

Сярод месцаў хуткага перакусу вялікай папулярнасцю ў магілёўцаў карыстаюцца кіёскі непадалёк ад Плошчы зорак. Тут можна купіць бліны з розным начыннем, малочныя кактэйлі, хот-догі ды напоі. Побач знаходзіцца вельмі бюджэтная і бяспечная для самаадчування сталовая дыягнастычнага цэнтра (рэшткі савецкай эпохі з адпаведным антуражам і стравамі). Шлях да яе, калі што, падкажуць мясцовыя.

 

«Куба» (вул. Першамайская, 29) – легендарны магілёўскі клуб «для сваіх». Тут дэмакратычныя кошты на шоты і добрая электронная музыка. Рэгулярна адбываюцца канцэрты і вечарыны.

Размешчаны ля ракі Дубравенка цэнтр «На Дуброўцы» (пр-т Міра, 21а) даўно карыстаецца папулярнасцю ў месцічаў за добрую музыку, цікавы інтэр’ер і магчымасць выбраць адпачынак па душы (у асобных будынках – дыска-зала і боўлінг з барам ды рэстаранам).
«Метро» (вул. Ленінская, 36) – месца для гламурных дзяўчатак і хлопчыкаў. Без go-go тут не абыдзецца.

«Материк» (вул. Дзяржынскага, 19). Забаўляльны цэнтр з дыскатэкай, боўлінгам, більярдам, караоке і рэстаранам.

 

 

  Кругласуткавы абменнік ты знойдзеш на чыгуначным вакзале (Прывакзальная плошча, 1). Да 21.00 працуе абмен валют у салоне МТС на Міронава (каля стадыёна «Спартак»).

www.mycity.by – таксі Магілёва.

mogilevkino.by – кінаафіша горада.

Дзяжурная аптэка па вул. Піянерскай, 29/26 – працуе кругласуткава.

 

 

Тэкст by Алеся Волкава пры ўдзеле Наталлі Рудакоўскай.


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.