4364 7

Кашэрны рэгі

Нядаўна па сеціве гуляў незвычайны аматарскі відэазапіс – на фоне шэрай тыповай забудовы малады хасід спявае сонечны рэгі, прычым спявае так, што кліп набраў шэсць тысяч праглядаў. Хуткі інтэрнэт-сэрфінг высветліў, што патэнцыйная зорка байнэту Пінхас Цынман жыве ў Пінску і ўжо некалькі гадоў стварае жыццесцвярджальны рэгі ва ўмовах культурнага гета невялікага гарадка.

 

Ешыбот, Матысьяху і змяшаная публіка

Мы дамаўляемся сустрэцца з Пінхасам у Менску, куды ён хутка мае прыехаць для запісу новай песні. У якасці падрыхтоўкі я некалькі разоў праслухоўваю паўнавартасны альбом «Мой Иерусалим», выкладзены на старонцы спевака «УКантакце», і доўга вырашаю, ці варта пры сустрэчы паціскаць хлопцу руку. Наколькі я памятаю звычкі хасідаў з часоў жыцця ў раёне артадаксальных габрэяў у Нью-Ёрку, іх мужчынам забаронена дакранацца да незнаёмых жанчын. Вырашаю не рызыкаваць, каб не аблажацца.


Мы сустракаемся з Цынманам раніцай перад сесіяй у студыі гуказапісу. «Лепш давай будзем размаўляць па пытаннях, а то я магу распавядаць бясконца», – адразу папярэджвае мяне малады хлопец у шэрым строі. Ён вельмі хвалюецца – відавочна, выканаўца рэгі зусім не прывык да ўвагі да сваёй асобы.

Пінхасу (паводле пашпарта, Вячаславу) 29 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, у старэйшых класах перайшоў у прыватную габрэйскую школу. Так пачаліся яго блізкія стасункі з рэлігіяй. Адвучыўшыся год у наргасе, Пінхас «па габрэйскай лініі» з’ехаў у Маскву працягваць адукацыю ў новым універы. Прыблізна праз год нашаму герою падвярнулася прапанова павучыцца ў ешыбоце ў Нью-Ёрку. «Чаму б і не, падумаў я? – расказвае Пінхас. – Два гады я правёў у Брукліне, у раёне Сігейт. Менавіта там я купіў сваю першую гітару».

«Два гады я правёў у Брукліне, у раёне Сігейт. Менавіта там я купіў сваю першую гітару»

У гэты паваротны момант Цынман упершыню пачуў самага, бадай, вядомага ў свеце хасіда-музыку – Матысьяху. Наступныя дзесяць хвілін размовы будуць прысвечаныя гэтай постаці. «Матысьяху цяпер наогул “не выконвае”. Ён страціў аўтарытэт сярод рэлігійных, згаліў бараду, стос зняў, – Пінхас прыўзнімае шапку, быццам хоча запэўніць мяне ў тым, што ягоны стос з ім. – Раней ён выходзіў на сцэну як сапраўдны хасід, у пінжаку, з барадой, усё ў яго вельмі прыгожа атрымлівалася, тэксты такія, як габрэі выходзілі з Егіпта... Але з цягам часу ў спевака пачаліся праблемы, бо яго слухалі дзеці, а не ўсім “рэлігійным” гэта спадабалася, бо музыка рэгі – гэта зусім не габрэйская музыка. На яго пачалі ціснуць, а ён, напэўна, яшчэ і выступаў на змяшанай публіцы...» Гаворыць Цынман сапраўды вельмі хутка.

«Змяшаная публіка?» – выдзіраю я выраз з вірлівай плыні мовы Пінхаса. «Ну так, калі жанчыны і мужчыны разам танцуюць. У мяне пакуль такіх праблем не было – там, дзе я выступаў, сядзелі бабулі і дзядулі, ніхто не скакаў, – тлумачыць хлопец. – Яшчэ з музыкі мне падабаецца гурт 5’Nizza».

 

 

Як выконваць 613 запаветаў

З тэмы «здрадніцтва» Матысьяху наша размова вырульвае на асаблівасці вывучэння Пяцікніжжа і этыкі – менавіта тое, чым займаюцца ў ешыботах па ўсім свеце. Тут я даведваюся, што ў габрэяў ёсць 613 запаветаў, якія трэба выконваць. «А ты выконваеш усе?» – з лёгкім сумневам пытаюся я, аглядаючы свайго жвавага суразмоўцу, які, падаецца, цалкам упісаны ў рэчаіснасць XXI стагоддзя. «У тэорыі так, іх павінен выконваць кожны. Але 248 запаветаў – тыя, якія трэба рабіць, а 365 – тыя, якія рабіць забаронена. Многія звязаныя з храмам, які быў разбураны яшчэ рымлянамі, многія звязаныя з зямлёй Ізраіля. Напрыклад, цяпер сёмы год – у гэты год нельга апрацоўваць зямлю і нельга купляць плён яе. Тут у Менску прадаюцца авакада з Ізраіля, мы іх цяпер спецыяльна не ямо, яны лічацца некашэрнымі, – з веданнем справы тлумачыць Пінхас. – Карацей, цяжка выконваць толькі некалькі самых галоўных».

Пасля заканчэння ешыбота ў Нью-Ёрку Пінхас працягнуў адукацыю ў Ізраілі, дзе правёў два гады і атрымаў дыплом па законах кашруту – між іншым абмяркоўваем, чаму нельга варыць казляня ў малацэ яго маці. Пінхас удакладняе, што паводле дыплома ён рабін – але ж гэта не толькі назва пасады ў сінагозе, але і званне паводле ўзроўню ведаў. Пасля заканчэння ізраільскага ешыбота хлопец вярнуўся ў Беларусь. «Можна было б і далей вучыцца, але ў нас, у СНД, так прынята – вяртацца і працаваць тут, бо на гэтай зямлі вельмі шмат трэба зрабіць», – апавядае Цынман.

Цяпер наш герой працуе ў Пінску, выкладае традыцыі ў школе «Бейт Аарон», у перакладзе – «дом Аарона», то бок таго самага рабіна з пінскага прадмесця Карлін, які заснаваў рух Карлін-Столінскіх хасідаў. «Доўгія гады там увогуле нікога не было, але вось вярнуліся людзі. Усе арганізацыі ад гэтых хасідаў па ўсім свеце называюцца «Бейт Аарон», такі брэнд», – тлумачыць Пінхас. Абраных аднаўляць габрэйскую культуру на беларускім Палессі прысылае сюды Міністэрства адукацыі Ізраіля. Сем’і такіх «часовых перасяленцаў» ствараюць значную частку пінскай рэлігійнай грамады. Сам Пінхас, дарэчы, належыць да Хабад-Любавіцкай плыні хасідызму.

 

 

Крыніцы натхнення і рабін-дарадца

Першую песню Пінхас запісаў у Маскве на студыі свайго сябра. Гэта была кампазіцыя «Салдат». «Калі я прыдумаў гэтую песню, я быў у ешыбоце за 30 км ад Газы, гэта быў 2008 год. Тады пачалася аперацыя “Літы свінец”, увесь час раўлі сірэны паветранай трывогі, – апісвае сітуацыю спявак. – Ідэя была простая: як жа так, яны там ваююць, а мы тут проста сядзім і вучымся, быццам лодары? Але ж тыя, хто ваюе, не вывучаюць закон, хаця і абавязаныя, а мы як бы робім гэта за іх – такім чынам духоўна дапамагаем салдатам».


У іншых песень таксама ёсць гісторыі стварэння. Песня «Рабі» прысвечаная легендарнаму любавіцкаму рабіну. Назва песні «Ад матай» перакладаецца як «Дакуль» – маецца на ўвазе, да якога часу чакаць габрэйскага месію? Песня ж «Карацей» была напачатку напісаная пра абразанне. «Калі карацей – гэта не заўсёды дрэнна, гэта наадварот добра, сцісласць сястра таленту, ну ўсякае такое», – хутка тлумачыць Пінхас. Але ж аўтарытэтны рабін, вядомы менскі бізнесовец, да якога Цынман раз-пораз звяртаецца па параду, параіў змяніць тэкст. «Ён мае зносіны з простымі людзьмі, ён як псіхолаг разумее, як людзі адрэагуюць. Дык вось, рабін сказаў, што людзі ўвогуле нічога не зразумеюць», – выпальвае Пінхас. Пытаюся, ці не спрабаваў ён праз гэтага бізнесоўца раздабыць грошай на прамоцыю сваёй музыкі? «Спрабаваў, але ж яму не падабаецца стыль рэгі наогул», – уздыхае Цынман.

Высвятляецца, што пытанне прамоцыі сваёй музыкі надзвычай набалелае для выканаўцы хасідскага рэгі.

 

 

Галоўная мара

Застаецца некалькі вольных хвілінаў да працы над новым трэкам, мы абмяркоўваем з Цынманам яго музычную кар’еру. Альбом, які можна знайсці ў сеціве, – гэта мікс з запісаў розных гадоў. «Проста каб было паказаць слухачу штосьці цэльнае», – тлумачыць Пінхас. Яшчэ каля 20 трэкаў чакаюць свайго часу – але каб запісвацца, патрэбныя грошы і час, якіх у маладога бацькі двух малых, вядома, не стае. Аранжыроўкі Пінхас стварае сам, і толькі нядаўна ў яго з’явіўся сесійны бас-гітарыст, які дапамагае падчас запісаў.

«Праблема ў тым, што мяне ўвогуле ніхто не ведае»

Самы буйны поспех Пінхаса на сённяшні момант – выступ у Бруклінскім каледжы па выніках міжнароднага конкурсу габрэйскай поп-музыкі. Менавіта для яго быў створаны той дзіўны кліп, праз які я даведалася пра існаванне выканаўцы. На пытанне наконт якасці відэа Пінхас нецярпліва адмахваецца. «Мне сказаў гітарыст, з якім я цяпер працую, што праблема ў тым, што мяне ўвогуле ніхто не ведае. Нават у “Графіці” людзі ідуць на кагосьці, мне трэба хоць нейкае прома-відэа, каб пра мяне даведаліся», – уздыхае хлопец.

Шэраг сумных думак зноўку прыводзіць Пінхаса да таго, каб выказаць сваю галоўную мару. Ужо, напэўна, трэці раз за размову. «Мне хочацца, каб маю музыку слухалі людзі, каб у мяне быў які-небудзь фідбэк. Мне б столькі заўваг маглі даць! А то так мяне ведаюць толькі мае сябры, і нават ізраільцяне з нашай грамады падпяваюць па адным слове, бо больш яны на рускай не ведаюць», – прамаўляе Пінхас перад тым, як знікнуць у сутарэннях студыі запісу.



Pinchas Tsinman на Soundcloud , «ВКонтакте»

Фота by Караліна Палякова


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (7)
ava

Крапулин Крапульков 28-01-2015, 22:25

С моего родного города Пинска. Я думаю, теперь про его многие узнают.

Адказаць

Павал28-01-2015, 22:29

Гэта проста выдатна! Пінхас, ляці ў Графы, я абавязкова буду) Дзякую, 34ка, ты лепшая.

Адказаць

Маца-Ваца28-01-2015, 22:40

Название песни про обрезание доставило.

Адказаць
ava

Alexey Valchuk 28-01-2015, 22:56

Я б на канцэрт схадзіў, мне спадабалася!

Адказаць

Т28-01-2015, 23:07

Най най най най на на най!

Адказаць

Женя Чаадаева04-02-2015, 09:24

Таааак! Пиши мне, будем клип снимать!

Адказаць

Александр09-02-2015, 02:08

Очень интересная статья! Побольше бы таких молодых исполнителей на радио! Однозначно понравилось!

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.