25388 0

Гаворыць Маладзечна

Мы працягваем падарожнічаць па краіне і вывучаць сапраўднае жыццё за межамі МКАДа. Гэтым разам наша агентка Таня Капітонава адпраўляецца на стажыроўку ў «Рэгіянальную газету», што базуецца ў Маладзечна, – адно з нешматлікіх незалежных рэгіянальных выданняў Беларусі.

 

«Рэгіянальная газета» – адна з дзясятка нешматлікіх незалежных грамадска-палітычных газет, што выжылі ў рэгіёнах Беларусі. У амаль статысячным Маладзечна канкурэнцыю ёй складае толькі адно дзяржаўнае выданне. Першы нумар «РГ» выйшаў у 1995 годзе, і тады газета складалася з чатырох старонак. Цяпер іх колькасць вырасла ў шэсць разоў, а ў 2000 годзе ў выдання з’явіўся сайт, наведвальнасць якога – каля 8500 чытачоў на месяц. «Рэгіянальная газета» выдаецца выключна па-беларуску ды асвятляе падзеі сямі гарадоў: Маладзечна, Вілейкі, Смаргоні, Ашмянаў, Валожына, Мядзела, Астраўца (таксама гэтыя тэрыторыі называюць Павіллем). Калі паглядзіш на мапу Беларусі, то зразумееш слоган газеты: «Паміж Мінскам і Вільняй».

 

«Аляксандр Рыгоравіч, пачакайце пяць хвілінак», – кажа галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч свайму суразмоўцу, наведніку рэдакцыі, і ўсміхаецца ад таго, як я здрыганулася. У газету пастаянна прыходзяць мясцовыя жыхары, таму многіх тут ужо ведаюць па імёнах. Як хутка стане зразумела, «Рэгіяналка» – гэткая камізэлька для сваіх чытачоў, тут можна выгаварыцца і паскардзіцца, а часцяком – атрымаць дапамогу і падтрымку.

Мая місія даволі зразумелая: я прыехала ў Маладзечна, каб праз прызму адзінай мясцовай незалежнай крыніцы інфармацыі даведацца, як віруе жыццё ў горадзе. Наступныя тры дні, калі калектыў прыме, я буду паўнавартасным супрацоўнікам рэдакцыі.

 

 

Каманда

Пасля двух гадзін у забітай электрычцы я з палёгкай шпацырую па так званым «Брадвеі», пешаходнай вуліцы Маладзечна. Насамрэч гэта вуліца Прытыцкага, але цяпер нават мясцовыя не адразу могуць успомніць яе назву. Горад моцна змяніўся пасля «Дажынак-2011»: гэтая вуліца стала пешаходнай, галоўны парк быў адрэстаўраваны, пабудавалі амфітэатр, выкапалі возера.

Паветра становіцца ўсё гусцей і гарачэй, пятнаццаць хвілін у задусе – і прахалодны офіс газеты падаецца мне сапраўдным раем. Рэдакцыя знаходзіцца ў паўпадвальным памяшканні жылой пяціпавярхоўкі. У гэты будынак нядаўна ўдарыла маланка, і таму ў «Рэгіяналцы» некалькі дзён не працаваў інтэрнэт. «Гэтае месца належыць жыллёваму кааператыву “Тытанік”. Так, гучыць трохі страшнавата, але мы тут ужо гадоў дванаццаць працуем. А да гэтага здымалі два пакоі ў студэнцкім інтэрнаце, – распавядае галоўны рэдактар Аляксандр Барысавіч і паспешліва дадае: – Ну, ложкаў там не было, вядома».

«У будынак нядаўна ўдарыла маланка, і таму ў рэдакцыі некалькі дзён не працаваў інтэрнэт»

Аляксандр Манцэвіч – прыемны мужчына «за пяцьдзясят». Ён умомант адгукаецца на любую просьбу і заўсёды гатовы вырашыць праблему, дапамагчы з тэкстам альбо паправіць табурэт. Калісьці ён скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут, нейкі час працаваў інжынерам-канструктарам, але аднойчы вырашыў, што справай яго жыцця павінна быць журналістыка, – і пайшоў працаваць у раённае выданне, а пасля стварыў незалежную «Рэгіянальную газету». Выданне існуе выключна за кошт рэкламы, таму ў штаце тры супрацоўніцы займаюцца пошукам рэкламадаўцаў.

Зараз у газеце працуе адзінаццаць чалавек, дзесяць з іх – у Маладзечна, адзін – у Мядзеле. Некалькі гадоў таму каманда рэдакцыі амаль цалкам змянілася: некаторыя супрацоўнікі сышлі ў іншыя выданні, хтосьці перайшоў у дзяржаўную газету. Дзве дзяўчынкі прыйшлі пасля школы маладога журналіста, а адна дзяўчына апынулася тут па размеркаванні пасля філфаку БДУ.

Дзверы ў кабінет галоўрэда ўпрыгожаны надпісам: «Не ўваходзіць!». На адваротным баку новы наведнік прачытае шыльду «Без усмешкі». Такая дэталь цалкам адпавядае свабоднай і сяброўскай атмасферы ў рэдакцыі. «Вядома, часам не хапае некаторай строгасці. Але дзяўчаты кажуць, што мы – каманда, а гэта галоўнае», – усміхаецца рэдактар.

Тут не пішуць пра тое, што скажуць «зверху», – журналісты самі прыдумляюць ідэі для артыкулаў і падымаюць важныя гарадскія пытанні. І, дарэчы, у рэдакцыі размаўляюць выключна па-беларуску.

 

 

 

Горад

Маладыя журналісткі, якія не так даўно прыйшлі працаваць у «Рэгіянальную газету», аднойчы стаміліся хадзіць на працу па дарозе, якая была цалкам у выбоінах. Яны не паленаваліся падлічыць усе ямы – атрымалася 150 штук – і напісаць серыю артыкулаў на гэтую тэму. Калі яны не атрымалі ніякага водгуку ад уладаў, то разгарнулі спецыяльную кампанію. Журналісткі зрабілі мноства плакатаў з надпісамі кшталту «Не магу ездзіць на ровары – адвальваюцца колы», «Не магу хадзіць на абцасах – ламаю ногі», «Не магу праехаць на машыне – спыняюся ў ямах». Мінакі на вуліцах падтрымалі гэтую ідэю і ахвотна фатаграфаваліся з плакатамі. Гэтыя кадры былі апублікаваныя на першай паласе газеты, і неўзабаве ў «Рэгіяналку» патэлефанавалі прадстаўнікі камунальных службаў.

Яны заверылі, што будаўніцтва гэтай дарогі ўжо даўно ўваходзіць у іх планы: цягам некалькіх месяцаў усе выбоіны зніклі, а адрамантаваную дарогу мясцовыя жыхары цяпер называюць імем «Рэгіянальнай газеты».

Але значна больш важным дасягненнем тут лічаць іншую перамогу. У журналісткі Насты Роўда гараць вочы, калі яна распавядае наступную гісторыю. Насце – 20 год, апошнія тры з іх яна працуе ў «РГ», нават вырашыла вучыцца на завочным журфаку, каб сумяшчаць з працай. Яна распавядае, што аднойчы да іх звярнуўся чытач і расказаў, што ў Валожыне ёсць тэрыторыя, на якой падчас Другой сусветнай вайны было расстраляна і пахавана мноства габрэяў. Але няма ніякіх дакументаў, што гэта пацвярджаюць, таму забудоўшчыкі плануюць узвесці там жылы комплекс.

«Аднойчы нам патэлефанавала нейкая жанчына і доўга крычала ў слухаўку, што ёй прадалі нясвежую курыцу»

Многія выданні пісалі пра тую праблему, але журналісты «Рэгіянальнай газеты» сталі першымі, хто выправіўся ў Валожын, каб разабрацца ў сітуацыі на месцы і зрабіць рэпартаж. Яны правялі шмат часу ў размовах з мясцовымі жыхарамі і здолелі знайсці ў іх архіўныя дакументы з пасляваеннымі паказаннямі сведак пра тыя расстрэлы. Неўзабаве на той тэрыторыі пачаліся раскопкі, а знойдзеныя парэшткі загінулых перапахавалі. Будаўніцтва адмянілі.

Так чытачы зразумелі, што газета сапраўды адгукаецца на праблемы і… усё часцей пачалі ўзнікаць абсурдныя сітуацыі. Пра іх асабліва любіць распавядае журналістка выдання Наталля Тур: «Аднойчы нам патэлефанавала нейкая жанчына і доўга крычала ў слухаўку, што ёй прадалі нясвежую курыцу. Маўляў, купіла яе два месяцы таму, размарозіла, а тая смярдзіць. Якая нечаканасць, а? І цяпер гэтая кабета патрабуе ад нас каментар. Пасля пытання “Які каментар?” яна кідае слухаўку. Праз хвіліну ператэлефаноўвае і пытаецца: “Чаму вы курыцу пратэрмінаваную прадаеце?”. Мы ёй намякнулі, што яна зноў патэлефанавала ў газету, на што тая адказвае: “Ды вы такія ж, як і ўсе! Нічога зрабіць не можаце!”»

 

 

 

Заданне

За такімі размовамі мы праводзім абедзенны перапынак у кафэ на «Брадвеі», куды дзяўчаты кожны дзень прыходзяць перакусіць і выпіць кавы. У гэты час да нас падсаджваецца рослы мужчына са шнарам на падбародку і пранізлівымі блакітнымі вачыма. Заўважыўшы мой насцярожаны позірк, Наташа тлумачыць: «Гэта Цімафей з пошукава-выратавальнага атрада “Анёл”. Ён курыруе паўночна-заходні рэгіён».

Пакуль рацыя ў яго руках трашчыць і перадае абрыўкі фраз, Цімафей апісвае сітуацыю, перамяжаючы сваю прамову трапкімі выклічнікамі з трох літар: «Карацей, згубіўся мужык, бля. Пайшоў з дому тыдзень таму ў белай гарачцы. Бухае ўжо тры гады, так што можа быць небяспечны. У яго глюкі, і замест дзяцей яму здаюцца іншапланетнікі. Калі яго бачылі ў апошні раз, ён быў ужо без абутку. А ўсе мае валанцёры, бля, зараз здымаюцца ў сюжэце для АНТ. Вы можаце дапамагчы з пошукамі гэтага мужыка?»

«Карацей, згубіўся мужык, бля. Пайшоў з дому тыдзень таму ў белай гарачцы. Бухае ўжо тры гады, так што можа быць небяспечны»

Праз некалькі гадзін я стаю на кропцы збору. Дзесяць мужычкоў гагочуць і адмочваюць гарэзлівыя жарты. Мяне садзяць у машыну з маўклівым кіроўцам і нейкім несуцішным хлопцам. «Ды я поле носам капаў! Ды я зямлю жор!» – распавядае ён пра свой пошукавы вопыт, распырскваючы сліну па салоне.

Я так спадзявалася на хаджэнне па лясах з ператрусам кожнага куста і дрэва, а замест гэтага мы раз’язджаем на машынах па маленькіх населеных пунктах і развешваем аб’явы пра тое, што згубіўся чалавек. Праз тры гадзіны мы згортваем нашу дзейнасць, і мой першы дзень працы «журналіста пад прыкрыццём» падыходзіць да канца. Наста неяк сказала, што ў журналістаў заўсёды мора праблем, прычым не сваіх. Толькі зараз я цалкам разумею гэты выраз.

 

 

 

Праца

На наступны дзень рэдакцыя ў падвальчыку здаецца мне ўжо зусім роднай. Пакуль усе папіваюць ранішнюю каву, я дастаю камеру і пачынаю здымаць. «Ды што ты ўвесь час фатаграфуеш? – бурчыць Пятровіч, тэхнічны рэдактар. – Я вось да 2005 года працаваў з плёнкай. Спачатку рабіў некалькі здымкаў для рэпартажу, а потым заўважыў, што большасць з іх не публікуюць, і стаў пстрыкаць толькі па два кадры».

Пятровіч можа бясконца гаварыць на некалькі тэмаў: зарадка, ровар, купанне, лес і тое, як гучна працуе затвор майго фотаапарата. У яго каморцы ляжыць гіра, якую ён перыядычна падымае, а ў двары стаіць яго ровар, на якім ён кожны дзень ездзіць на працу з Вілейкі ў Маладзечна 23 кіламетры. Кожны чацвер, калі ў рэдакцыю прывозяць свежы наклад у 6000 экзэмпляраў, Пятровіч на сваім ровары развозіць 400 газет па крамах, астатнія рэалізуюцца па падпісцы і прадаюцца ў «Белсаюздруку».

У рэдакцыі рэдка бывае цішыня: звычайна ўсё дзеляцца думкамі, парадамі і кампліментамі з нагоды выкананай працы. «Марыя Браніславаўна, вы такі выдатны некралог напісалі, хоць ты памры!» – раптам ускліквае бухгалтар Ніна Уладзіміраўна, і ўсе пырскаюць са смеху. У «Рэгіянальнай газеце» ёсць калонка з віншаваннямі і спачуваннямі, апошнія бываюць нячаста.

«Марыя Браніславаўна, вы такі выдатны некралог напісалі, хоць ты памры!»

Астатнія матэрыялы ствараюцца па трох асноўных мятодах: мазгавы штурм, звесткі ад інфарматараў і сувязь з арганізацыямі. Так мы разам прыдумалі невялікую нататку для рубрыкі «Грамадства». Потым да Насты патэлефанаваў яе знаёмы міліцыянт і распавёў гісторыю пра дзяўчыну, якая прыкідвалася цяжарнай, каб не хадзіць на вучобу. Дарэчы, у супрацоўнікаў газеты склаліся цалкам нармальныя адносіны з мясцовымі ўладамі і службамі. А інфарматарамі звычайна выступаюць пастаянныя чытачы, сябры і знаёмыя журналістаў.

Што тычыцца сувязяў з арганізацыямі, то праз этап усталявання прамых кантактаў з імі непазбежна праходзіць кожны новы журналіст. Аўтары складаюць спіс патэнцыйна цікавых устаноў і кожны свой дзень пачынаюць з таго, што тэлефануюць туды з пытаннем: «Добры дзень! Што ў вас цікавага адбылося?» Калі кантакт наладжаны, супрацоўнікі арганізацыі тэлефануюць журналістам самі. Цяпер у «Рэгіянальнай» адточаны ўсе механізмы працы, і прыпыніць іх можа толькі маланка, калі ўдарыць у дом і адсячэ інтэрнэт.

…Пасля некалькіх дзён Маладзечна стаў успрымацца зусім па-іншаму. Калі мае новыя калегі пыталіся, як мне горад, хацелася гаварыць тыя ж словы, што прамаўляюць усе замежнікі, прыязджаючы ў Менск: «У вас такі зялёны горад! І тут так ціха, спакойна».Развітваючыся, я хацела абняць усю рэдакцыю, але чамусьці стрымалася. «І вось гэта вось усё?..» – расстроена сказаў Пятровіч, калі я памахала яму рукой. Крыху пазней я сустрэлася з сяброўкай, якая працуе ў адным дзяржаўным рэгіянальным выданні. Там, сказала яна, на цябе глядзяць падазрона, калі ты сыходзіш пазней за 17.00. Успомніўшы журналістаў «РГ», якія часта працуюць да позняга вечара, мне стала сорамна за хуткае развітанне. З цяжкасцю адшукаўшы ў маладзечанскай краме торт, я вярнулася ў рэдакцыю на яшчэ адзін кубачак кавы з рэдакцыяй.

 



Тэкст і фота by Таня Капітонава


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.