2325 0

Арцём Галавій

У Беларусі 90 % выхаванцаў дзіцячых дамоў маюць жывых сваякоў і толькі 0,7 % ва ўзросце 11–18 гадоў знойдуць новых бацькоў. Арцём Галавій, дырэктар установы «Ніткі сяброўства», у размове з 34mag распавядае аб праектах, што здольныя зрабіць жыццё дзяцей з дзіцячых дамоў больш насычаным і набліжаным да рэчаіснасці.

 

Чым займаюцца: праграма ментарства для выхаванцаў дзіцячых дамоў.

Дата заснавання: 2014 год.

Структура: 5 чалавек + 40 настаўнікаў


Кантакты:

VK   |   FB   |  Сайт
 


З кім гутарым: Арцём Галавій, 33 гады, дырэктар арганізацыі «Ніткі сяброўства», бацька пяці дзяцей.

 

 

Гісторыя Арцёма

– Я нарадзіўся і вырас у Менску. Калі мне было 4 гады, бацька сышоў з сям’і, а ў 13 я пахаваў маці. Вось так атрымалася, што падлеткам застаўся сіратой. Бабуля і дзядуля не аддалі нас з малодшым братам у дзіцячы дом, а самі сталі выхоўваць.

У тым жа 13-гадовым узросце ў маім жыцці з’явіўся чалавек, які сапраўды працягнуў мне руку дапамогі. Гэта была жанчына, якая вельмі мяне падтрымала і застаецца маёй апорай вось ужо 23 гады.

«Мы не толькі аказваем маральную падтрымку дзіцяці, але і імкнемся дапамагчы знайсці сваё месца ў будучым жыцці»

Калі падлетак застаецца адзін, часта ў голаў прыходзяць дурныя пытанні: «Чаму?», «Навошта?», «Куды?», «Як?». Сямейныя дзеці заўсёды могуць прыйсці да бацькоў. У таго, хто выхоўваецца ў дзіцячым доме, такой апоры няма. Яму даводзіцца прымаць рашэнні самому, зыходзячы з сітуацыі. Часта гэтае рашэнне няправільнае, часам прыводзіць да яшчэ большых траблаў. Важна не толькі тое, як ты адольваеш праблемы, але і з чыёй дапамогай.

Пазней я, як валанцёр, трапіў у дзіцячы дом. Падчас маёй дзейнасці там узнікла жаданне нейкім чынам дапамагаць гэтым дзецям. Было цікава, чаму пасля дзіцячага дому з імі адбываюцца не самыя лепшыя рэчы, чаму яны не паступаюць у ВНУ, якая дапамога ім можа быць патрэбная.

 

 

Пра надзею ды ідэю

– З цягам часу я пазнаёміўся з кіеўскаю праграмай настаўніцтва «Адна надзея». Гэтая ініцыятыва мяне вельмі захапіла, я распавёў пра яе камандзе, разам з якой мы ездзілі ў дзіцячыя дамы. Мы вырашылі дапамагаць не матэрыяльна, а духоўна, прыязджаць да канкрэтных дзяцей. Ведаць іхныя праблемы, што з імі адбываецца, паспрыяць пераадоленню складанасцяў з мінулага.

Кіеўскія калегі падзяліліся сваймі напрацоўкамі з намі, мы ўсе прайшлі там адмысловы курс настаўніцтва, і 31 ліпеня 2014 года ў Беларусі была зарэгістраваная арганізацыя «Ніткі сяброўства».

Мы ўзялі метадалогію працы нашых украінскіх калегаў і перапрацавалі яе з улікам беларускай рэчаіснасці. Адзначу, што некаторыя моманты там прасцей зрэалізаваць – праца дзяржавы з грамадскімі аб’яднаннямі мае больш сяброўскі характар.

У нашай арганізацыі працуе пяць чалавек. Гэта я – дырэктар, а таксама каардынатар, PR-адмысловец, псіхолагі. Калі мы толькі запусцілі праграму, то стала зразумела, што не здолеем супрацоўнічаць больш чым з трыма менскімі дзіцячымі дамамі – на большае няма рэсурсаў. Калі ёсць людзі ці арганізацыі, якія хочуць развіваць настаўніцтва ў рэгіёнах, – мы будзем толькі радыя падзяліцца сваймі напрацоўкамі.

«Калі ёсць людзі ці арганізацыі, якія хочуць развіваць настаўніцтва ў рэгіёнах, – мы будзем толькі радыя падзяліцца сваймі напрацоўкамі»

У нашай праграме ёсць тры кірункі працы. Гэта дапамога ў вучобе, прафесійная арыентацыя і сацыялізацыя. Мы не толькі аказваем маральную падтрымку дзіцяці, але і імкнемся дапамагчы знайсці сваё месца ў будучым жыцці. Шмат чаму трэба навучыць, у тым ліку і банальным побытавым рэчам.

Згодна са статысткаю, у Беларусі ў асноўным усынаўляюць маленькіх дзяцей, якім менш за 5 гадоў. Дзеці, якім больш за 11, амаль ніколі не трапляюць у новыя сем’і. Лічыцца, што прасцей узяць маленькае дзіця, якое нібыта рахманае і паслухмянае. Менавіта таму мы працуем з дзецьмі ад 11 да 18 гадоў.

Сустрэчы настаўнікаў і выхаванцаў не заўсёды праходзяць на нейтральнай тэрыторыі. І дзіця не гатовае пакідаць дзіцячы дом, і тым больш настаўнікі не заўсёды ўпэўненыя, што яны гатовыя пусціць у сваё жытло старонняга чалавека. Таму першыя сустрэчы заўсёды адбываюцца ў дзіцячым доме. Гэта важна і для таго, каб настаўнік убачыў, пачуў, асэнсаваў тую абстаноўку, у якой выхоўваецца дзіця. Праз некаторы час можна аформіць адмысловы дакумент – патранат, – і тады ўжо сустрэчы могуць адбывацца за межамі дзіцячага дому.

 

 

Каманда мары

– Неўзабаве мы зарганізавалі праект «Каманда мары». Цягам 2015 года мы ўбачылі, што да нас прыходзяць шмат жанчын, а тым часам у дзіцячых дамах выхоўваюцца шмат хлопцаў. Мы хочам, каб у іх з’явіліся сапраўдныя настаўнікі-мужчыны, якія сталі б для іх прыкладам.

«Дзеці, якім больш за 11, амаль ніколі не трапляюць у новыя сем’і»

Менавіта з гэтаю мэтай быў створаны такі праект. Сорак хлапцоў з дзіцячых дамоў гуляюць у футбол, а любы ахвотны можа прыйсці ды падтрымаць іх. За два з паловаю месяцы прыйшло каля 300 мужчын з вельмі розных сфераў: МНС, МУС, Следчы камітэт, Міністэрства гандлю, амбасадары Бразіліі ды Фінляндыі.

Асабліва прыемна, што праект падтрымаў Максім Рыжанкоў – віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага Алімпійскага камітэту. Дзякуючы гэтаму мы спрабавалі дапамагчы асэнсаваць мужчынам, што гэтым хлапцам патрэбна іхная дапамога.

 

 

Пра падрыхтоўку і навучанне

– Пра нашую арганізацыю часта пішуць у прэсе, у нас ёсць суполкі ў сацыяльных сетках, сайт, дзе мы пастаянна анансуем нашыя мерапрыемствы, запрашаем на інфармацыйныя сустрэчы. Вялікую ролю адыгрывае сарафаннае радыё. Вось цяпер у нас працуюць 22 настаўнікі і яшчэ 18 прайшлі навучанне і чакаюць пачатку дзейнасці.

Падрыхтоўка настаўнікаў – гэта вялікая праца, якая падзяляецца на пэўныя этапы. Спачатку мы запрашаем ахвотных на інфармацыйную сустрэчу, дзе цягам 1,5 гадзіны распавядаем праграму, пагружаем у праблему, з якою давядзецца працаваць. Наступны этап – размова з псіхолагам. Гэта яшчэ як мінімум 2 гадзіны камунікацыі. Звычайна пасля гэтага чалавек пачынае разумець: гатовы ён ці не вельмі гатовы, атрымаецца ці не атрымаецца; бачыць больш поўную карціну ўзаемаадносінаў з дзіцём. Важна быць падрыхтаваным, калі ты прыйдзеш у жыццё дзіцяці з асаблівасцямі, у якога за плячыма складная гісторыя.

«Важна быць падрыхтаваным, калі ты прыйдзеш у жыццё дзіцяці з асаблівасцямі, у якога за плячыма складная гісторыя»

Такая працэдура адбываецца і з дзецьмі. Мы іх анкетуем, каб сабраць максімальна поўную інфармацыю, стасуемся з кіраўніцтвам дзіцячага дому. Важна, каб рэсурсы, патрэбнасці ды магчымасці дзіцяці і дарослага супалі. Гэта і ёсць найважнейшы складнік сяброўства.

Вельмі шмат людзей не праходзяць навучання. У 2015 годзе прыйшлі 500 чалавек, а ў выніку ўтварылася толькі 16 параў. Няма патрэбы ладзіць адмысловы адбор, наш кастынг – гэта ўсе этапы навучання. Перад намі стаіць вельмі важная задача – патлумачыць, наколькі справа адказная. Калі людзі пачынаюць разумець, наколькі гэта складана і цяжка: зладзіць добрыя стасункі з дзіцём з дзіцячага дому, дапамагчы яму – шмат хто адыходзіць у іншы бок.

«Ніткі сяброўства» яшчэ не наладзілі міжнародных стасункаў, але мы вельмі хочам мець замежных партнёраў. Напрыклад, арганізацыю з ЗША BigBrothers, BigSisters, якая і распачала рух настаўніцтва ў 1904 годзе. Яшчэ нам вельмі хочацца выйсці ў рэгіёны. Мая вялікая мара – каб кожнае дзіця выхоўвалася ў сям’і, а дзіцячых дамоў не было ўвогуле. Але, пакуль гэтая мара не стане мараю кожнага беларуса, нічога не зменіцца.

 

 

Тэкст by sokol_mlody
Фота by latishka


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.