3403 0

Андрэй Сушко

<Эксперт Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Андрэй Сушко распавядае пра тэорыю і практыку праваабарончай дзейнасці ў Беларусі.

 

Чым займаюцца: Асветніцкай, аналітычнай і адукацыйнай дзейнасцю ў галіне права. Некамерцыйная ўстанова Lawtrend спрыяе свабоднай рэалізацыі і эфектыўнай абароне правоў і свабодаў чалавека.

Дата заснавання: 1996 год.

Структура: 7 чалавек у офісе і сетка экспертаў па Беларусі, з якімі яны супрацоўнічаюць.

Факты: Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend – гэта экспертная арганізацыя, заснаваная ў 1996 годзе праваабаронцай Аленай Танкачовай. За час свайго існавання эксперты арганізацыі аказалі прававую падтрымку, у залі суда ці падчас кансультацый, прыблізна дзвюм трэцім усіх некамерцыйных установаў Беларусі. Таксама арганізацыя займаецца даследаваннямі, правядзеннем семінараў, круглых сталоў і іншых асветніцкіх мерапрыемстваў. Вялікая ўвага надаецца адукацыі ў галіне некамерцыйнага права і права асацыяцый – дырэктарка Вольга Смалянка вядзе адмысловы курс. 

Кантакты:

 
Сайт  |  FB

 

З кім гутарым: Андрэй Сушко, 31 год. Скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце РБ і прайшоў паслядыпломную праграму ў Варшаўскім універсітэце. Эксперт Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, юрысконсульт.


 

Гісторыя Андрэя

– Я працую ў галіне правоў чалавека ўжо каля дзесяці гадоў. Першы працоўны досвед я атрымаў у так званай «юрыдычнай клініцы», дзе маладыя спецыялісты даюць бясплатныя кансультацыі бабулям і дзядулям, студэнтам і маладым мамам.

Першым сталым месцам маёй працы стаў Беларускі Хельсінскі камітэт. Гэта было адно з лепшых месцаў для таго, каб пачаць займацца праваабарончай дзейнасцю, бо там я працаваў з Гары Пятровічам Паганяйлам, выдатным юрыстам і чалавекам. Потым быў камітэт па абароне рэпрэсаваных «Салідарнасць», там я дапамагаў студэнтам, арыштаваным, многіх людзей мы ў прамым сэнсе адбівалі ў міліцыі. Гэта якраз прыпала на перыяд палітычнай вулічнай актыўнасці. Таксама я быў каардынатарам рэгіянальнай сеткі – то бок мы не проста сядзелі ў офісе і чакалі, калі нам нехта патэлефануе з просьбай аб дапамозе, а самі актыўна шукалі людзей, якім такая дапамога неабходная. Не было выпадкаў, каб хтосьці ад нашай дапамогі адмовіўся.

«Я дапамагаў студэнтам, арыштаваным, многіх людзей мы ў прамым сэнсе адбівалі ў міліцыі»

Потым быў офіс па правах людзей з інваліднасцю, там я займаўся асветай і нефармальнай адукацыяй. Наша талерантнае грамадства насамрэч ніякае не талерантнае: беларусы не любяць людзей з іншым колерам скуры, іншай арыентацыяй альбо з асаблівасцямі развіцця. Для мяне самога было важна адчуць, што я насамрэч не маю падставаў для рознага стаўлення да людзей праз іх інваліднасць. Гэта быў пазітыўны вопыт, я бачыў, як людзі атрымоўваць натхненне і новыя кірункі для развіцця, я назіраў, як яны робяцца больш актыўнымі. У мяне ёсць адчуванне перамен у гэтай галіне, напрыклад, СМІ цяпер усё часцей пішуць пра невідушчых, вазочнікаў, людзей з інваліднасцю.

Апошнія два з паловай гады я працую ў Lawtrend. Недзе ў 2005-м, яшчэ падчас вучобы ў Акадэміі кіравання, я патрапіў у летнік для студэнтаў-юрыстаў, зладжаны цэнтрам, і гэта перавярнула маю свядомасць. Да таго моманту я ўжо паспеў расчаравацца ў прафесіі, слухаючы былых пракурораў, якія выкладалі ў Акадэміі. Складвалася ўражанне, што новыя юрысты краіне не патрэбныя, а тыя, што ўжо ёсць, нудзяцца, бо ў беларускім судзе няма спаборнасці, гэта вядомы факт. А выявілася, што правы чалавека – не эфемернае паняцце, а канкрэтная сістэма, з якой можна і трэба працаваць.

 

 



Чым займаюцца праваабаронцы?

– Правы чалавека – гэта пэўная філасофская канцэпцыя, якая развіваецца ў пэўных нормах міжнародных дакументаў. Калі я кажу пра пэўную сістэму, дык маю на ўвазе сістэму ААН, адмыслова распрацаваную пасля Другой сусветнай для таго, каб не дапусціць больш падобных канфліктаў, генацыду, масавых забойстваў, дыскрымінацыі. Ёсць Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, потым ідзе дэкларацыя аб грамадзянска-палітычных і сацыяльна-эканамічных правах. Затым рэгіянальны ўзровень – Савет Еўропы, у іх свая канвенцыя, свой наднацыянальны суд і г.д. Я вяду да таго, што пра правы чалавека трэба размаўляць канкрэтна: пра канкрэтнае разуменне, канкрэтную норму міжнароднага дакумента, норму канстытуцыі, потым – норму кодэкса альбо закона.

У кожнай дзяржаўнай сістэмы ёсць свае недахопы, і мы, праваабаронцы, займаемся ў большай ступені аналізам сістэмы і яе хібаў. Праваабаронцы – гэта не юрысты-адвакаты, хаця, вядома, часам праваабаронцы таксама займаюцца кейсамі, кансультуюць людзей, але гэта часцей нейкія прэцэдэнтныя, гучныя справы. Я заўсёды сваю ролю бачыў шырэй, праваабарончая дзейнасць – вельмі комплексны занятак, які ўключае працу з юрыдычнымі механізмамі, грамадскімі кампаніямі, СМІ, лобінг – усё разам.

 

 

 

Чым займаецца Lawtrend?

– Асноўныя напрамкі нашай дзейнасці – распрацоўка пытанняў свабоды асацыяцый, доступу да правасуддзя і свабоды інфармацыі. Дэвіз «Даследаванні. Адукацыя. Дзеянні» дакладна апісвае метады нашай работы. Напрыклад, Lawtrend былі ініцыятарамі кампаніі па прыняцці закона аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе. Дарэчы, лабіраванне і ўдзел у законатворчай дзейнасці – гэта адна з формаў працы праваабаронцаў. Іншая справа, што ў Беларусі складана далучыцца да працэсу законатворчасці. Напрыклад, у 2002 годзе Lawtrend распрацаваў закон аб дзейнасці дабрачынных арганізацый, ён прайшоў усе належныя стадыі: Палата Прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, усе экспертызы, і пайшоў на подпіс прэзідэнту. Але прэзідэнт проста не падпісаў гэты законапраект.

Я ў асноўным займаюся пытаннямі свабоднага доступу да інфармацыі. Нядаўна мы з камандай скончылі маніторынг сайтаў дзяржаўных выканаўчых камітэтаў – спраўджвалі даступнасць базавай інфармацыі, якая мусіць на іх змяшчацца. Напрыклад, нас цікавіла лёгкасць пошуку зваротнай сувязі і электронных петыцый. Яшчэ адзін маніторынг быў сканцэнтраваны на прыстасаванасці такіх сайтаў для карыстання невідушчымі людзьмі – гэта таксама прапісана ў законе. У выніку атрымалася, што толькі на 40% сайтаў райвыканкамаў можна знайсці інфармацыю пра зваротную сувязь. Затое, скажам, электронная старонка Быхаўскага райвыканкама перакладзена на трыццаць пяць моваў. З дапамогай google-перакладчыка, вядома, але сам факт існавання перакладу на каталонскую забаўляе.

«Праваабарончая дзейнасць – вельмі комплексны занятак, які ўключае працу з юрыдычнымі механізмамі, грамадскімі кампаніямі, СМІ, лобінг – усё разам»

Два гады таму быў праведзены першы такі маніторынг, і пасля яго мы запрасілі чыноўнікаў на круглы стол абмеркаваць вынікі. Зараз наша мэта – паглядзець, хто прыслухаўся да нашых рэкамендацый, а хто не. Мы зноў будзем прапаноўваць формы ўзаемадзеяння, дапамогу ў распрацоўцы і дапаўненні інфармацыі, якая ёсць на сайтах. Наколькі дзяржаўныя ўстановы ідуць на кантакт? Па ўласным вопыце я магу сказаць, што мы атрымоўваем станоўчыя водгукі на нашу дзейнасць. Нам дзякуюць, пішуць лісты, вось нават з КДБ тэлефанавалі – удакладнялі нейкія рэчы па гэтым даследаванні. З іншага боку, з аддзеламі па грамадзянстве і міграцыі ў нас неяк не складваецца, Лену Танкачову чамусьці выслалі з Беларусі.

Такі маніторынг – важная рэч, бо права доступу да інфармацыі з’яўляецца канстытуцыйным. Па-першае, інфармацыя ў вялізных аб’ёмах збіраецца і апрацоўваецца за грошы, атрыманыя з выплаты падаткаў. Чаму мяне не павінна цікавіць, за што я плачу? Па-другое, цікаўнасць да дзеянняў дзяржустановаў уплывае на грамадскасць і яе ўзаемаадносіны з уладай. Вядома, Comedy Club глядзець нашмат прыемней, чым чытаць сайт нейкага міністэрства, але ж Паша Воля не ўплывае на нашае жыццё так, як робіць гэта маладая беларуская дзяржава. Таксама open data непасрэдна ўплывае на эканоміку краіны. Наяўнасць інфармацыі ў адкрытым доступе прыспяшае эканамічныя працэсы. Чыноўнікам не трэба выдаткаваць час на тлумачэнні па тэлефоне, а бізнэсу – на пошук базавай інфармацыі. Дарэчы, на сайце КДБ ужо некалькі месяцаў запар няма е-мэйлу.

 

 

 

Пра місію

– Калі б не было праваабаронцаў, калі б усе з’ехалі на пенсію ў Каліфорнію, дык не засталося б людзей, якія казалі беларусам і міжнароднай грамадскасці, што тут нешта не так.

Справа ў тым, што твая актыўнасць і разуменне таго, што адбываецца, паняцці справядлівасці і несправядлівасці залежаць ад узроўню адукацыі і прыняцця індывідуальных каштоўнасцяў свабоды. Чалавеку трэба казаць, што гэта тэрыторыя яго свабоды: ты вольны рабіць тое і тое, таму што ты чалавек, грамадзянін, ты маеш права ведаць, што робяць канкрэтныя чыноўнікі, ты плаціш падаткі і маеш права ўдзельнічаць у жыцці дзяржавы. Мы, як тыя watchdogs, сочым за тым, каб чалавек і грамадства не прызвычайваліся да нейкіх сітуацый.

«Электронная старонка Быхаўскага райвыканкама перакладзена на трыццаць пяць моваў»

Адна з нашых задач – данясенне інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, міжнароднай грамадскасці. Разам з калегамі з іншых праваабарончых арганізацый мы сустракаемся з адмысловымі дакладчыкамі ААН, АБСЕ, тлумачым, што ў нас дзеецца, сустракаемся з калегамі з іншых краін, з пасольствамі, экспертамі, акадэмічнай супольнасцю, каб у іх быў апдэйт інфармацыі пра Беларусь.

 

 

 

Пра матывацыю

– Па маладосці – юнацкае і рамантычнае захапленне. Потым разумееш, што ты выдаткаваў на гэтую дзейнасць вялікую частку свайго жыцця. Таму я хачу рабіць тое, што ўмею лепш за ўсё. Наогул, калі б я не бачыў у гэтым перспектывы, я б гэтым не займаўся. Я веру, што ўсё ў нас будзе добра, не будзе палітычных зняволеных, будзе дэмакратыя, будуць суды, якія працуюць, абраны народам парламент, проста гэта будзе пазней. Гэта мая матывацыя. Мы прасоўваем тыя каштоўнасці правоў чалавека, якія калісьці прынялі для сябе. Калі ты з’еў добры кебаб у Берліне, то потым, калі табе падсоўваюць нейкае лайно, ты кажаш: «Не-не-не, я ж каштаваў, я ведаю». Ну вось і мы прыблізна так: «Людзі! Трэба вось так і вось так, я бачыў, я ведаю!»

 

 

 

Тэкст – Polevik & Aleksasha

Фота by Лёша Заяц


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.