Tame 69

У рубрыцы «Візуал» мы знаёмім цябе з крутымі мастакамі, творчасць якіх радуе нашыя вочы і сэрцы. У новым выпуску – 25-гадовы мастак, ілюстратар і дызайнер Tame 69 дэманструе golden collection сваіх працаў і распавядае, адкуль пайшла ягоная «дзікая графіка» і пры чым тут субкультуры. Вачаняткі адкрывай!
 
 

Хто такі?

Ваня Фяськоў, ён жа Tame 69, вырас у Рэчыцы ў сям’і мастачкі ды працоўнага. У дзяцінстве ён тусіў са сваім старэйшым братам Васем (ён жа мастак Grino), які, у час прыходу першай хвалі хіп-хопу ў Беларусь, шчыра захапіўся графіці, а Ваня, як ягоны малодшы брат, актыўна за гэтым сачыў. Ужо тады, на шляху станаўлення сябе як мастацкай асобы, яму больш даспадобы было гэтак званае самаробнае мастацтва, а не акадэмічнае.

У графіці-колах было модна мець свае тэчкі з малюнкамі, каб пры кожным удалым выпадку дэманстраваць сябрам свае напрацоўкі. «Праз свой малы ўзрост я не мог яшчэ маляваць на сценах, але ўжо меў сваю тэчку, куды збіраў скетчы ў характэрным для таго часу стылі: малюеш алоўкам, абводзіш асадкаю. Было прыемна, калі старэйшыя графітчыкі мне рэспектавалі. Падаецца, менавіта адтуль можна пачынаць гісторыю фармавання майго стылю», – распавядае мастак.

 

Што робіць?

Гады ішлі, архівы мастака Tame 69 поўніліся рознакаляровымі малюнкамі, ідэі кружылі галаву, геаграфія працаў пашыралася. Цяпер ён атрымаў дыплом графічнага дызайнера і шмат часу аддае любімай справе, малюючы на самых розных паверхнях – ад звычайнай паперы да дошак і чалавечай скуры.

Стыль, лічыць Ваня, будуецца з уласных скілоў, тэхнікаў, элементаў і фішак, якія мастак выпрацоўвае з часам. Tame стараецца наўмысна міксаваць розныя прыёмы ў залежнасці ад тэхнікі: у графіці выкарыстоўваць яркія колеры, характэрныя для плакатных працаў, у татуіроўцы ўжываць некласічныя рэзкія цені, а ў камп’ютарнай графіцы наагул бясконца эксперыментаваць – дзеля таго, каб не спыняцца ў развіцці.

 

 

 

Каму гэта патрэбнае?

Асаблівае месца ў творчасці Tame 69 займаюць субкультуры. Перасякаючыся з рознымі коламі, ён намагаецца зрабіць як мага больш: маляваў вокладкі да альбомаў панк-рок-гуртоў, афішы для сайкабілі-тусовак, прынты на майкі хардкор-камандаў і лагатыпы для рэпераў.

Стыль і графіка Тэйма дарэчныя амаль усюды. Сам аўтар называе сваю графіку «дзікаю». На ўвазе маецца не злая, а вясёлая, дзесьці бязглуздая, з героямі, што існуюць паводле прынцыпу YOLO («You only live once»). «Я сам па сабе чалавек добры, спакойны, таму ў маіх працах ёсць дзікасць, але няма аніякай агрэсіі», – удакладняе Ваня.

Яшчэ адная жарсць Tame 69 – скейтборд. На ім хлопец пачаў гойсаць раней, чымся на ровары: «Скейтборд для мяне – гэта лайфстайл, фан, свабода самавыяўлення. А яшчэ я зразумеў, што на ім можна не толькі ездзіць і пераскокваць бар’еры. На скейтбордзе крута маляваць!».

Ваня наладзіў вытворчасць эксклюзіўных дошак, на якіх ён малюе самыя розныя каляровыя сюжэты. Скейтбордаў набралася так шмат, што на пачатку сакавіка Tame зладзіў уласную выставу, якая прайшла ў «Хулігане». «Я хачу быць заўсёды актуальны і запатрабаваны. Трэба ведаць, што ўсё, што я раблю, цікавае і патрэбнае яшчэ камусьці, апроч мяне. Калі гэта будзе так, усё астатняе прыйдзе, будуць цікавыя ідэі ды праекты. Важна заўсёды трымаць руку на пульсе».

 

 


КАМЕНТАРЫ (3)

Nadzeya Makeyeva | 7.08.2017 14:51

Очень сильные работы!

2 0 +2
Сидорович
Сидорович | 8.09.2016 03:55

Расскажешь потом, каково оно испортить достояние истории. Что чувствовал.

0 6 -6
Евлампий
Евлампий | 6.09.2016 23:24

Друг, оставь раритетный трамвай в покое.

2 6 -4