Стоп-кадры

2011 год у фотаздымках

Успомніць усё! Мы падабралі фота падзей, якія турбавалі нас і свет на працягу апошніх 12 месяцаў. Пратэсты, лоўкосты, секс і смерць – усё, што варта памятаць пра 2011 год, на адной старонцы.


 

N.R.M. без Вольскага

Гэта амаль як кава без кафеіну або піва без хмелю. У выніку скандалу франтмэнам застаўся Піт Паўлаў, і гурт нават аб’ехаў колькі гарадоў Беларусі з гастролямі. А што Вольскі? Не сумуе, валіць з амалоджаным складам «Крамбамбулі» народны ска-панк, грае канцэрты ў Еўропе і ў хуткім часе выдае новы альбом.

 

«Ляпіса Трубяцкога» забаранілі

Неафіцыйныя чорныя спісы ідэалагічна ненадзейных гуртоў, музыкаў і актораў афіцыйна шмат каму папсавалі жыццё. Аднак для галоўнага рок-гурта краіны «Ляпіса Трубяцкога» гэта як дробка для слана, пакутуюць хіба іх аматары без грошай і шэнгенскіх візаў. Сам Сяргей Міхалок яшчэ больш раскачаўся, раз’юшыўся і ў выніку загаварыў простымі словамі без метафар са старажытнагрэцкай міфалогіі.


«Шоу Мити Тарпищева»

Другі пасля Пушкіна, каго малодшыя школьнікі будуць пазнаваць па бакенбардах. Нецвярозы свецкі экзарцыст весела і нецэнзурна ўварваўся ў балотца беларускай тусоўкі і раскалоў яго на тры часткі. За пяць выданняў з’явіліся фанаты (як Аляксандр Ціхановіч), яўныя ворагі (як Яўген Булка) і група тых, хто на высокіх абцасах і не даганяе. 

 

Лоўкосты ў Вільні

Шанец адчуць сабе крыху больш еўрапейскім студэнтам і пашырыць геаграфію вакацый. І між тым крыніца невычэрпнага экзістэнцыйнага крызісу: выдаткаваць 40 еўра на новую сукенку ці на білет да Рыма або Парыжа? Хто ведае, колькі юных ахвяраў моды не даехалі да Каўнаса або нават віленскага аэрапорта пасля вырашэння гэтай драмы ў гандлёвых цэнтрах.

 

Хакейная ганьба

На чэмпіянаце свету ў Славакіі беларусы прагулялі нават такім хакейным карлікам, як Латвія і Францыя. Галоўны хакеіст краіны рэгулярна заяўляе, што час утрыманства прайшоў і пара зарабляць самім. На спартовых сайтах з зайздроснай рэгулярнасцю мільгаюць навіны кшталту «Кангрэс ЗША заклікае IIHF адмовіцца ад чэмпіянату свету–2014 у Менску». Сёлета фанатам і хакеістам мужнасці спатрэбілася ўдвая больш, чым звычайна.


Палітвязні

Рэальны вынік прэзідэнцкіх выбараў–2010: тры кандыдаты ў калоніях строгага рэжыму, адзін папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі, два атрымалі прысуды з адтэрміноўкай. Усяго па крымінальнай справе «жалезам па шкле» асудзілі 43 асобаў. На думку ўлады, яны ўдзельнічалі ў масавых беспарадках і арганізоўвалі іх. На думку ўсіх астатніх, пратэставалі супраць фальсіфікацый на выбарах і ёсць вязнямі сумлення.


Раман Віктара Марціновіча

Упершыню ў гісторыі белліту твор сучаснага аўтара адразу з’явіўся ў выглядзе інтэрнэт-рэлізу. Хаця першы беларускамоўны раман журналіста і пісьменніка Віктара Марціновіча «Сцюдзёны вырай» наўрад ці мог быць надрукаваны традыцыйным чынам. Як прызнаўся аўтар, разлічаная кніга была на сотні тры зацікаўленых. Аднак статыстыка запамповак з сайта 34mag радасна сцвярджае, што памыляцца можна і ў станоўчым сэнсе.

 

Каця Самбука ў клубе Broadway

Шоу ад скандальнай расейскай порнаактрысы пераўзышло самыя смелыя прадчуванні ўсіх сперматаксікозных юнакоў Меншчыны. На працягу некалькіх гадзін можна было вывучыць азы кунілінгусу і прайсці курс маладога байца па абыходжанні з дылда. І нават – недаглядзеў Чаргінец – сфатаграфавацца з Кацяй. Аўру клуба Broadway, дарэчы, паправіць не здолелі і ў хуткім часе перарабілі ў караоке-клуб. Ад граху падалей.

 

Забарона на топлес

У праваахоўных органаў з’явіўся надзвычай прыемны абавязак – высочваць парушальніц грамадскага спакою. Цяпер, нават калі дзяўчына і не баіцца раку грудзей, трэба баяцца развітацца з мільёнам рублёў – менавіта такі максімальны штраф. Якім чынам ацэньваюцца маштабы хуліганства і што рабіць мастакам і фатографам, якім голыя грудзі патрэбныя як глыток паветра, не паведамляецца.

 

Першы хостэл

Напрыканцы лета ў Менску з’явіўся трохпавярховы хостэл з лазняй, більярдам, кікерам, пінг-понгам і дворыкам для barbecue. Заснавальнікамі «Jazz» выступілі некалькі звычайных хлопцаў і дзяўчат з досведам кіравання віцебскім хостэлам. З тых часоў там не толькі прымаюць турыстаў, але і перыядычна ладзяць культурна-асветніцкія імпрэзы для ўсіх ахвотных.

 

«Свабодны тэатр» збірае прызы

Пакуль большасць беларускіх тэатраў нашывала бліскаўкі на касцюмы і асэнсоўвала сялянскі побыт пачатку мінулага стагоддзя, спектакль «Ліст для Кэці Акер. Менск’11»  перамог на адным з галоўных фэстаў Старога свету. Увогуле, год для тэатра паспяховы: у снежні крытыкі са снобскага выдання The New York Times уключылі п’есу «Быць Гаральдам Пінтэрам» пра лёс палітвязняў у фінальны спіс самых знакавых тэатральных падзей года.

 

«Лакаматыў» разбіўся

7 верасня ў яраслаўскім аэрапорце на ўзлёце разбіўся самалёт з камандай хакейнага клуба «Лакаматыў». Загінулі 44 пасажыры, у тым ліку ўсе гульцы і трэнерскі склад каманды. Хлопцы ляцелі на гульню ў Менск, дзе мусіла адбыцца прынцыповая сустрэча з нашым «Дынама» ў рамках КХЛ. На борце былі тры беларусы, у тым ліку легендарны Руслан Салей.

 

«Забаронены Менск»

Расійскія блогеры за два дні аблазілі ўсе фалічныя сімвалы Менску, наведалі метро, апублікавалі фота і зрабіліся мясцовымі медыя-зоркамі. Высветлілася, што нічога абсалютна забароненага не існуе нават у краіне параноі.

 

Серыял «Вышэй за неба»

Першы беларускі 8-серыйны моладзевы серыял здымае Дзмітры Марынін паводле сцэнару Андрэя Курэйчыка на грошы ААН. Цэнтр інтрыгі – лёс маладога музыкі, які даведваецца, што заразіўся ВІЧ з-за рамантычных стасункаў падчас вакацыяў. Галоўную ролю, дарэчы, выконвае шоўмэн 34mag Лёня Пашкоўскі aka НеБрежнев. Прэм’ера – 14 лютага. Чакаем.

 

Памёр Стыў Джобс

6 кастрычніка ва ўзросце 56 гадоў памёр iGod Стыў Джобс. Сціплы амерыканец раіў усім заставацца галоднымі і неразважлівымі, прыдумваў найлепшыя ў свеце камп’ютары ды тэлефоны і нават на сустрэчу з Баракам Абамам прыйшоў у нязменных джынсах і чорнай вадалазцы. За гэта яго любіла моладзь усяго свету. Мяркуючы па статусах на Facebook і шматлікіх «вечарах памяці Стыва» ў Менску, беларуская моладзь – не выключэнне.

 

Закрыццё «Малака»

Культавы бар у цэнты горада пражыў жыццё кароткае (усяго паўтара года), аднак насычанае. Барджэінгі, вечарыны, 100500 чалавек у памяшканні, разлічаным на 100, творчая эліта і яе субстытуты. Пахаванне атрымалася ў індыйскім стылі – ліхаманкавае і з танцамі, а што сталася «апошняй кропляй», удзельнікі зранку ўспаміналі з цяжкасцю. Помнім, любім, чакаем працягу.

 

Угодкі Плошчы

19 снежня хто як мог адсвяткаваў год, які мінуў з падзей Плошчы-2010. Хтосьці паставіў з’едлівы статус і напісаў дасціпны твіт, хтосьці зняў рэпартаж аб прадухіленні гвалту на менскіх вуліцах. Хтосьці выйшаў да касцёла Сымона і Алены са свечкамі, хтосьці прыйшоў «пакаваць» тых, хто са свечкамі. А насамрэч роўна год таму было рэальна крута!


 

СТУДЗЕНЬ

САКАВІК

КРАСАВІК

ТРАВЕНЬ

ЧЭРВЕНЬ

ЛІПЕНЬ

ЖНІВЕНЬ

ВЕРАСЕНЬ


КАСТРЫЧНІК

СНЕЖАНЬ


ШОС пайшоў у народ

Стваральнікі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва не маглі здагадацца, што яна можа зрабіцца бясконцай крыніцай натхнення для фотажабаў і сувенірнай прадукцыі. Галоўны лозунг апошняга года прыдумалі Ліпковічы (гісторыкі спрачаюцца, ці то сам блогер Яўген, ці то ягоная жонка Вольга). Ва ўсялякім разе, фетыш сезону – чорная саколка для праверкі зроку і палітычнай пільнасці.

 

Арабская вясна

Свабода, роўнасць, братэрства. Егіпет, Туніс, Лівія. Google, Facebook, Twitter.
 Патрыярхальны арабскі свет сёлета зрабіўся глабальным цэнтрам барацьбы з дыктатурай і галоўным пастаўніком сюжэтаў для Euronews. Пакуль у Беларусі снег толькі раставаў, а палітычны клімат заставаўся нязменным, арабы прыдумалі і ажыццявілі сваю ўласную вясну – пратэстную. Яе вынікі для мясцовых дыктатараў даволі жахлівыя: прэзідэнт Туніса збег з краіны, бацька егіпецкага народа Хосні Мубарак чакае суда ў турме, а апошнія хвіліны жыцця Муамара Кадафі мы ўсе бачылі.


«Фукусіма»

Ахвярамі аднаго з самых моцных землятрусаў у гісторыі сталіся амаль 16 тысяч чалавек. Да таго ж былі пашкоджаныя энергаблокі АЭС «Фукусіма». Некалькі месяцаў увесь свет уважліва сачыў за дзеяннямі японскага ўрада і гадаў, ці здарыцца яшчэ адзін Чарнобыль. Кожны дапамагаў як мог: хтосьці ставіў галінкі сакуры на аватаркі, а якудзы, напрыклад, бясплатна дастаўлялі лекі і правізію ў пацярпелыя раёны.

 

Тэракт у метро

Мінулы год – суцэльнае выпрабаванне беларусаў на псіхічную трываласць: інфляцыя, дэвальвацыя і, галоўнае, тэракт. У выніку выбуху на «Кастрычніцкай» 11 красавіка загінулі 15 чалавек. Яшчэ двух, Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, асудзілі на смерць за арганізацыю тэракту. Пачуцця абароненасці ад гэтага, аднак, не дадалося.

 

Мульт «Будзьма беларусамі!»

Стваральнікі першага гістарычна свядомага віруснага роліка байнету змясцілі ў 5 хвілін тысячагоддзе нашай гісторыі. Атрымалася якасная і бадзёрая спроба асэнсаваць лёс нацыі ў стылістыцы «хутка-смачна-займальна» – зручна дэманстраваць замежным гасцям. Ідэя належыць кампаніі «Будзьма беларусамі!» i Юлі Ляшкевіч, малявала Юлія Рудзіцкая, словы і музыка – Лявона Вольскага, чытае Аляксандр Памідораў. Апошнія 20 гадоў у ролік не ўвайшлі, напэўна, to be continued.

 

Валюты няма!

«Дзе купіць баксы?» і «які сёння курс?» – галоўныя пытанні да беларускага эканамічнага цуда ў вясенне-летні сезон. Сайт Prokopovi.ch кожны дарослы беларус правярае мінімум раз на дзень, а чарга ў абменнік – тыповыя планы на выходныя. The dark side сацыяльна арыентаванай эканомікі.

 

Маўклівыя пратэсты

Лета – час інавацый: апладысменты як сродак пратэсту, групы «ВКонтакте» як сродак самаарганізацыі. А невядомыя ў цывільным – сродак захавання стабільнасці. Беларусы вынайшлі новы аўтэнтычны метад пратэсту, мянты прадэманстравалі ўсім сусветным медыя свой кэжуал.

 

Брэйвік

Нардычны псіхапат Андэрс Брэйвік 22 ліпеня падарваў бомбу ва ўрадавым квартале ў Осла, а потым паехаў забіваць падлеткаў на востраў Утэя. Слухаючы ў iPod саўндтрэк з трэйлера да фільма «Уладар пярсцёнкаў: Дзве крэпасці», ён паўтары гадзіны хадзіў па невялікім востраве і расстрэльваў людзей. Ахвярамі двайнога тэракту ў Нарвегіі сталіся 77 чалавек, экспертыза прызнала, што Брэйвік дзейнічаў у стане адсутнасці памяці, і да канца жыцця ён будзе праходзіць лячэнне ад нацысцкіх ідэй ва ўтульнай нарвежскай псіхлякарні.

 

Адчыніўся Newton Art Buffet

У цагляным будынку былога завода адчынілася ўнікальная кавярня «3-у-1»: крама з дызайнерскімі шмоткамі, арт-галерэя і буфет. Можна прыпаркаваць свой ровар, заказаць штосьці з вялікай карты кавы і гарбаты і, на выбар, паюзаць wi-fi або паглядзець кіно. А можна прасачыць апошнія модныя тэндэнцыі – як па асартыменце крамы, так і па выглядзе наведнікаў.

 

Арышт Бяляцкага

Звесткі пра рахункі Бяляцкага, кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна», беларускім уладам перадалі Генеральная пракуратура Польшчы і Міністэрства юстыцыі Літвы. Потым яны прасілі прабачэння і казалі, што суд над праваабаронцам – палітычны пераслед, а выплата падаткаў тут ні пры чым. Вынік – 4,5 гады турмы з канфіскацыяй маёмасці.

 

«Вольнае паветра»

Апошні оўпэн-эйр лета на хутары Шаблі атрымаўся надзвычай удалым і шматлюдным. На некалькіх пляцоўках амаль суткі можна было паслухаць на выбар праваслаўны хіп-хоп, балканскі дзіджэй-біт або беларускі этна-транс. Акрамя таго, стала зразумела, што лайно лайну не роўнае – з шумным поспехам адбыўся першы чэмпіянат па кіданні каровіных кізякоў на прызы 34mag і арганізатараў фэсту.

 

БАТЭ супраць «Барселоны»

Сёлета БАТЭ зноў гуляў у Лізе чэмпіёнаў. Дзякуючы гэтаму мы пабачылі ў Менску «Мілан» ды іншапланетную «Барселону», якая пад дажджом прадэманстравала нам касмічны футбол будучыні. Вынікі і ўражанні сумныя: «5:0» на табло, заўзятары барысаўцаў з пакетамі на галовах і павага да БАТЭ за тое, што хоць хтосьці спрабуе выцягнуць беларускі футбол з мясцовага балота. Наперад, Барысаў!

 

Оccupy Wall Street

Калі часопіс Time назваў пратэстоўца чалавекам года, ён меў на ўвазе не толькі арабскіх рэвалюцыянераў з Тахрыру і рускіх бунтароў з Балотнай, але і родных акупантаў Wall Street. Неахіпі ў масках Гая Фокса заяўляюць, што яны – 99 % насельніцтва, якіх падчас крызісу абрабавалі банкіры, лабісты ды ўрад. «Money for jobs and housing, not for banks and war», – лозунг прывабны для ўсіх, таму акупанты былі заўважаныя і ў Нью-Ёрку, і ў Токіа, і ў Рыме.

 

Адкрыццё Re:public

«Святое месца пустым не бывае», «новае – добра забытае старое» – і вуаля, цэнтр культурнага жыцця перамяшчаецца ў былы клуб Step. Прыбралі більярдныя сталы, зрабілі рамонт і нават любімага бунтара Noize MC на адкрыццё прывезлі. Ёсць свае мінусы, аднак усё роўна гэта амаль адзіная пляцоўка для жывых выступаў у сталіцы – таму скрыжуем пальцы за здароўе штатнага гукарэжысёра.

 

Рускі бунт

Палымяныя прамовы Леаніда Парфёнава і Дзмітрыя Быкава, плакаты з інтэрнэт-мемамі на вуліцах і ролікі, якія заклікаюць прыйсці на мітынг, каб знайсці зайздроснага мужыка. Шматтысячныя расійскія пратэсты супраць фальсіфікацый на выбарах у Дзярждуму паказалі, што рускі бунт можа быць не толькі бессэнсоўным і бязлітасным, але і асэнсаваным ды творчым.

 

Femen у Беларусі

Украінкі з руху Femen змагаюцца з дыктатурай і несправядлівасцю паводле прынцыпу «прыйшла, распранулася, перамагла». 19 снежня яны правялі акцыю ля будынка беларускага КДБ, а ўвечары зніклі ў кампаніі невядомых. Неўзабаве дзяўчаты знайшліся ля ўкраінскай мяжы – закатаваныя, запалоханыя і аблітыя зялёнкай. Шматсерыйны фільм «вызваленне Femen» скончыўся іх абяцаннем вярнуцца ў Сінявокую і паказаць, у каго насамрэч «ёсць яйкі»

 

Кінатэатр Rubin Plaza

Споўніўся год адзінаму прыватнаму кінатэатру ў Беларусі, які адпавядае статусу сучаснага сінема. Тут імкнуцца сачыць не толькі за наяўнасцю папкорну ў бары, але ўвогуле забяспечваюць якасную альтэрнатыву дзяржаўнай кінаманаполіі. Бо кіно – гэта працэс, і не абавязкова адразу пасля цітраў піздаваць на мароз праз чорны ход.


 
ГЛЯДЗІ ТАКСАМА:
Share

КАМЕНТАРЫ
СПАЧАТКУ СТАРЫЯ СПАЧАТКУ НОВЫЯ

Небрежнев

30-12-2011, 00:37

Вот уж не думал, что когда-нибудь буду жопой торговать ))

Адказаць

Аня

30-12-2011, 12:38

У вас отличная жопа!

Адказаць
ava

Motolko

30-12-2011, 04:13

и все же грустный год. нажаль....

Адказаць

Vin

30-12-2011, 07:26

А чаму пра люты нiчога няма?

Адказаць

Bahdan

30-12-2011, 11:51

Да, блеать, гдзе люты?!

Лёня, вы ўжо здымкі скончылі? :)

Адказаць

Небрежнев

30-12-2011, 12:00

Практически да, но в феврале точно ждать не стоит.

Адказаць

Bahdan

30-12-2011, 12:05

Ждать не стоит фильма в феврале?
"Практически" — т.е. в январе будете доснимать что-то?

Адказаць

Небрежнев

30-12-2011, 12:57

Да

Адказаць
ava

Mariia Vasilieva

31-12-2011, 01:35

спасибо)

Адказаць
ava

Евгений Марченберг

31-12-2011, 18:15

Год, который должен был на многое открыть глаза нашему народу.

Адказаць

котбаюн

15-01-2012, 19:16

і я б усе ж дадала пра смерць сіліцкага. невесела, але для беларусі гэта мела вялізарнае значэнне... а так вельмі трапны спіс, сцісла i грунтойна.

Адказаць

туз

18-01-2012, 14:15

штосьці незразумела, чаму кніжку марціновіча сюды ўсунулі, а, між, іншага, летась выйшла куча клёвых кніг: у бахарэвіча таго ж, у пашы анціпава ды іншых...

Адказаць

КАМЕНТАВАЦЬ