Слова «Пацана»

10 гадоў культаваму фільму

Вынік кааперацыі анарха-алкагалічнай газеты «Навінкі» і рэжысёра Сяргея Лабана, фільм «Случай с пацаном» стаў папулярным нечакана нават для саміх стваральнікаў. Атрымалася амаль безбюджэтная правакацыя, знятая за 1000 даляраў намаганнямі сяброў, якую расцягалі на цытаты і ўключылі ў серыю «Іншае кіно» ў кампанію да Азона і Грынуэя. Стужка, знятая 10 год таму, і цяпер выглядае агідна актуальнай – гутаркі пра тое, што патрэбна вазіць смятану на Расію, каб «падняцца на бабкі», ці тое, што мянты ў цывільным «зусім азвярэлі – людзей хапаюць на вуліцах», выключна ясна сведчаць, што ў нас можа змяняцца хіба што паслядоўнасць нулікаў і адзінак у даце. Каб успомніць, як гэта было, 34mag пагутарыў са стваральнікамі фільма.


Пра што фільм? Пра прыгоды пацана Юрыя ў краіне «двух буслоў» напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. У выніку сваркі са сваёй Малой пацан Юра ідзе шукаць працу. Паспрабаваўшы шчасця ў колькіх месцах, ён выпадкова трапляе на мітынг апазіцыі. Падчас уцёкаў ад людзей у цывільным Юрык знаёміцца з актывісткай Настай, якая прыводзіць хлопца ў офіс апазіцыйнай партыі «Бобр». Па старой пацанскай звычцы ён крадзе мабільнік, праз які дэмсілы каардынуюць свае дзеянні напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. З-за непрадказальных рэакцый Юрыка наладжаная хада падзей парушаецца.

Сяргей Лабан, рэжысёр.

На той час – стваральнік стужкі «Смакчы банан». Цяпер – уладальнік процьмы прызоў за фільмы «Пыль» і «Шапіто-шоў».

 

Нашыя сябры з анархічных колаў, якія камуніцыравалі з анархістамі Беларусі, увесь час прывозілі пачакі газет «Навінкі». Выдатная ва ўсіх сэнсах газета была – у Расіі ні тады, ні цяпер не было нічога падобнага. І ў нейкі момант мы самі прапанавалі ім рабіць відэададатак да газеты. На той час мы скончылі працаваць над праграмай «До 16 и старше», і ў нас было сваё мінімальнае абсталяванне.

«Навінкі» даслалі сцэнар, які змяшчаўся на дзвюх з паловай старонках. Мы прыехалі, за два дні дарабілі сцэнар, і дзён 8 ці 9 здымалі. Менчукі падрыхтавалі ўсё вельмі якасна, увесь кастынг, усе месцы для здымак былі гатовыя ў лепшым выглядзе. Увогуле ўдзел хлопцаў з «Навінак» у стварэнні фільма – 70%, наш – 30%.

«Навінкі» здымалі кватэру прама насупраць будынка МУС, і пару разоў, калі бабулі выклікалі міліцыю, нам даводзілася адседжвацца ў склепе. Прычым адбывалася гэта падчас здымкаў звычайных натурных сцэн: па вуліцы ідзе хлопец, да яго падыходзіць дзяўчына. А бабулі адразу выклікалі міліцыю, прычым нейкія палкоўнікі прыязджалі.

Я вельмі доўга манціраваў фільм. Хацелі дарабіць прама перад выбарамі, але не атрымалася.

 

У выніку мы жадалі даслаць ім трэйлер, аднак на той момант мы з Дзімам (Дзіма Модуль – аператар фільма – 34mag) не спалі тыдзень, у нас ужо пачыналіся галюцынацыі. І ў выніку касета, якую мы даслалі, была нават не трэйлерам – там жудасць, нейкія сцэны паўтараліся па тры разы. А «Навінкі» сабралі на прэм’еру велізарную колькасць людзей. Было вельмі сорамна.

З праектам «Іншае кіно» было ўсё проста – яны займаліся выпускам фільмаў на касетах, якія не траплялі ў мэйнстрым. Яны бачылі мой «Смакчы банан» і самі выйшлі на сувязь. «Случая с пацаном» прадалі недзе тысячу касет, ніякіх дывідэндаў гэта не прынесла. Дзіўная была кампанія, яны кудысьці потым зніклі.

На што пайшла тысяча даляраў бюджэту? Так, гэты тысяча пайшла на нас, апроч выдаткаў на справы, звязаныя з рамонтам камеры. Мы рабілі практычна ўдвух з аператарам, таму па 500 даляраў зарабілі. Потым мы больш не звярталіся да такой кліпавай эстэтыкі, пацешнага мантажнага кінематографу, які падыходзіў да духу «Навінак». Гэтым фільмам мы гэтую тэму для сябе зачынілі.

Алег Новікаў (Лёлік Ушкін)

Сцэнарыст, выканаўца ролі аднаго з лідэраў апазіцыі. На той час – супрацоўнік «Навінак», цяпер – старшыня беларускай партыі «Зялёныя».

 

 

– «Навінкі» былі ўнікальным праектам для былога Саюза. Прычым гэта была не звычайная рэдакцыя, а дзікая – усе пілі з раніцы да вечара. На нейкім этапе паўстала ідэя гэтага кінапраекта. У нас былі пэўныя напрацоўкі, але і Лабан, і Модуль далі нейкія ідэі, бо ўсё ж такі журналістыка і кінасцэнар – гэта розныя рэчы. Грошы шукалі праз розныя кампаніі, арганізацыі моладзі, я ўжо не памятаю, шчыра кажучы. Мабілізавалі ўсіх і ўся. Гэта было вельмі смешна, паколькі шматлікія фундатары і донары былі шакаваны сюжэтнымі заваротамі, сама працэдура праходжання цэнзуры была вельмі смешная.

Здымкі ішлі роўна тыдзень, напрыканцы чэрвеня – пачатку ліпеня. Гэта было жудасна – цэлы дзень ішлі здымкі, усе былі вельмі стомленыя. Сцэнар трансфармаваўся паходу, напрыклад, вобраз бамжа, своеасаблівы перамыкач паміж сцэнамі, быў прыдуманы падчас здымак. Фразы, якія сталі культавымі – таксама імправізацыя, кшталту слоў галоўнага героя «Магу займацца чым заўгодна, магу ў шапіку сядзець, магу мэнеджарам працаваць».

 

 

Атмасфера была неверагодная, атмасфера калектыўнай падтрымкі. Прыходзілі, дапамагалі і багема – Вішнёў, напрыклад, і людзі з палітычнага асяроддзя – той жа Міхалевіч. Падчас здымак пілі жудасна, з раніцы да вечара, бо ўвесь час штосьці ламалася, хтосьці не прыязджаў. Да таго ж здымкі несанкцыянаваныя, баяліся, што адпаведныя структуры звернуць увагу, таму ўсё і здымалася праз вар’яцкі алкагалізм. У апошні дзень, калі мы ўсё скончылі, быў неверагодны выбух шчасця – настолькі ніхто не верыў да канца, што гэта атрымаецца. Памятаю, танчылі на сталах, памятаю вар’яцкія вочы Лабана, жах.

Прэм’еру зладзілі 1-га верасня. Шматлікія маскоўскія карэспандэнты, якія глядзелі фільм і хадзілі на Кастрычніцкую плошчу потым, пісалі, што фільм пакінуў больш цікавае ўражанне, чым выбары. Цяпер, калі я пераглядаю, думаю, што можна шмат чаго было парэзаць ці выгнаць каго-небудзь, але ж тады гэта быў дэмарш, правакацыя.

Юрый Канавальчык

Выканаўца ролі пацана. На той час працаваў навуковым супрацоўнікам у музеі, граў у гурце «Сонца Мао». Цяпер займаецца распрацоўкай тэматычных экскурсій, асабліва па тэматыцы Першай Сусветнай вайны.

 

– Кастынгу не было. Аднак адбылося ўсё пасля таго, як мы з’ездзілі нашай вясёлай камандай у Пецярбург на «Скіф», міжнародны фэст Курохіна. Мяне пяць разоў выганялі і невядома адкуль я зноў з’яўляўся ў зале, усе дзівіліся маім адвязным паводзінам, і ў выніку ролю пісалі менавіта пад мяне.

Сцэнар быў проста шкілетам, мясам ён абрастаў падчас здымак, я яго толькі пару разоў прагледзеў. Ідэя ўвесь час хадзіць з півам была чыста мая, хлопцу што яшчэ рабіць? Увесь рэквізіт натуральны, у бутэльках было менавіта піва. «Аліварыя» нам не плаціла, проста на той момант мне падабалася гэтая марка. Масквічы напрыканцы ўжо казалі «ты не пі піва, ты язычком прытрымлівай». У асобных кадрах можна ўбачыць то толькі пачатую бутэльку, то палову, то больш паловы, то наогул трошкі. Колькі выпіў, я неяк і не лічыў, але мы заўсёды былі вясёлыя.

Рэквізіт уваходзіў у бюджэт фільма, так што каманда, дбайна рыпаючы зубамі, глядзела як ён сыходзіць у нябыт. Падчас працы праваахоўныя органы не заміналі, абсалютна не, мы самі здзіўляліся. А калі здымалі на «Ружачках», дапамагалі звычайныя рэальныя пацаны і бабулькі, аднак ніводны чалавек у форме нам не перашкодзіў, хаця было дзіўна і гаманліва.

 

І што самае цікавае і самае страшнае – у гэты вобраз пацана я неяк укараніўся, сам пачаў палохацца. Але потым хутка прайшло.

Сваякі рэагавалі тыпова, значна цікавейшай была рэакцыя, калі ў 2002 прыехалі з НТВ – рэпартаж для «Намедні» здымаць. Я даў інтэрв’ю ў музеі, і адразу пачаліся тэлефанаванні ад аднакласнікаў з Рыгі, з Польшчы: «Цябе пасадзяць за гэта, ай-яй-яй». І вось тады пачаліся маленькія непрыемнасці з працай, бо там людзі старой загартоўкі, яны ўсё пыталі, колькі мне амерыканцы плацяць. А на наступную раніцу па тэлебачанні перадачу ўсю паўтарылі, але сюжэт пра нас выразалі.

Я не лічу, што «Случай с пацаном» – гэта такі ўжо суперфільм, гэта – пачатак моладзевых тусовак. Першая спроба зрабіць штосьці не ў стылі «ай-яй-яй, палітыка, як усё дрэнна» ці  «мая радзіма, ты дзе, што ж рабіць». Мы самі не думалі, што ён будзе такім актуальным. Як мы ўяўлялі сучасную Беларусь 10 гадоў таму? Ды ніяк, гэта было на злобу дня

Аляксей Чыканас

Сцэнарыст, кампазітар. I дзесяць год таму, і цяпер – піша і спявае песні, спрабуе іх нейкім чынам запісаць, стварае сторыборды для коміксаў.

 

– Стужка – агульная ідэя калектыву «Навінак». Непасрэдных аўтараў сцэнару было тры: Мелюк, Новікаў, Чыканас. Прыдумлялі і абмяркоўвалі разам, а запісваў я, нібыта той пісарчук з карціны «Казакі пішуць ліст турэцкаму султану».

У фільме няма ніводнага прафесійнага актора. Некаторыя характары пісаліся пад асоб, якія потым і выканалі гэтыя ролі (так атрымалася з Юрай Канавальчыкам). Выдатна выканаў сваю ролю «Дрэннага» Мікола Мялюк – пасля прагляду мы самі здзіўляліся, як чалавек без спецыяльнай акторскай падрыхтоўкі можа так арганічна выглядаць на экране? Наста Неказакава, якая выканала ролю апазіцыянеркі, сама з Расіі, і для здымак у фільме спецыяльна вывучыла беларускую мову, на якой размаўляе ў стужцы. Ролю сяброўкі галоўнага героя выканала Аня Лагуцька – па прафесіі выхавацелька дзіцячага садка.

Спецыяльна для фільма музыку ніхто не пісаў: мы перадалі рэжысёру Сяргею Лабану гару запісаў альтэрнатыўных беларускіх гуртоў, і ён сам выбраў тыя, што яму спадабаліся. У адным з эпізодаў я выконваю пад гітару свой баявік «Хімія».

Так званая «прэм'ера» адбылася восенню 2001 года ў будынку «Дома прафсаюзаў», людзей было няшмат – недзе чалавек 50.

 

Рэжысёр паведаміў нам дату, калі ён плануе скончыць мантаж, і мы загадзя знайшлі памяшканне і запрасілі гасцей. Раптам тэлефануе з Масквы Сяргей і кажа, што ў яго памёр кампутар з усім змантаваным матэрыялам. У выніку за адну ноч Сяргей зрабіў злепку некалькіх выпадковых эпізодаў і на самалёце тэрмінова даслаў нам гэты паўфабрыкат.

Нам прыйшлося рабіць добрую міну пры дрэннай гульні – людзі глядзелі на экран і наогул нічога не разумелі. Крыху выратавала тое, што мы з Канавальчыкам пачалі каментаваць, нешта казаць пра здымкі, спяваць і пускаць пыл у вочы. Потым быў паказ у Маскве на фестывалі «Дебют-Кинотавр», але там фільм наогул не зразумелі – нават ніводны чалавек не запляскаў пасля заканчэння, амаль як пасля першага паказу «Сталкера» Таркоўскага ў Менску ў 1980-м годзе.

Як я ўяўляў сучаснасць 10 год таму? Я не думаў, што будзе так дрэнна. І мне здаецца, што будзе яшчэ горш. Таму што па ўсіх законах прыроды трэба дайсці да поўнай дэградацыі, уперціся ў склізкае дно, каб потым адштурхнуцца і пачаць уздым.

  СПАМПАВАЦЬ "СЛУЧАЙ C ПАЦАНОМ" З  ТОРЭНТА    |    КАНАЛ "СВАІХ" НА VIMEO

ГЛЯДЗІ ТАКСАМА:
Share

КАМЕНТАРЫ
СПАЧАТКУ СТАРЫЯ СПАЧАТКУ НОВЫЯ

Maysta

05-12-2011, 16:43

толькі учора знайшоў яго на старым вінце і перагледзеў)
Дзякую шчыра, 34, за тое, што не забыўся...

Адказаць
ava

Dzmitry Ziankovich

05-12-2011, 17:39

Класіка жанра!

Адказаць

Павал

05-12-2011, 18:01

Оооо, бачу Зьмітра Вішнева! Трэба паглядзец кіно, а то, нажаль, неяк абмінуў яго раней.

Адказаць
ava

ramonex

05-12-2011, 19:42

эээ, а почему лАбан? он же лобан, с ударным "о", не?
и вот круто-круто, не знал, что именно он снимал ССП. это ж огого!

Адказаць
ava

polev1k

05-12-2011, 23:15

ненене, ЛобАн, на французский лад) инфа 100%

Адказаць
ava

ramonex

06-12-2011, 10:53

самопровозглашённое ударение.
имеет право, чё.
:)

Адказаць

Настя

05-12-2011, 19:53

Мииитрич здесь есть!!!

Адказаць

Diogen

05-12-2011, 20:21

Эх, настальгічна ўзгадваю год, калі выйшла стужка, першы курс універу. Да сей пары фільм на дыску недзе ёсць, як і невялікі пачак газет "Навінкі" дзесьці дома пыліцца. Вось тады была двіжуха!

Адказаць
ava

dvarf

05-12-2011, 21:08

А мне больш заўсё запомнілася легендарнае "Юра, какой нафіг Юра?" (з хрыпатцой)

Адказаць

лекс

07-12-2011, 10:00

УУУУУУ!!!! Сапраўды класіка!!!

Адказаць

Диарей

07-12-2011, 12:06

Фильм не потерял актуальности и сегодня, а это значит можно считать его культовым

Адказаць

trickser

08-12-2011, 10:28

а почему у них всех разные истории про фильм? они все над одним и тем же Случаем работали?

Адказаць

Bahdan

08-12-2011, 12:43

А для мяне з таго фільма крылатай стала фраза "Юра, ты пьёшь или продрачиваешь?" (з картавым вымаўленьнем "р")

Адказаць

4icanos

09-12-2011, 13:08

Апошняя фраза, дарэчы, прыцягнута з жыцця :-)

Адказаць

КАМЕНТАВАЦЬ