Швейцар на ўваходзе

Калі табе хопіць валюты

Гэтым матэрыялам мы распачынаем тыдзень Швейцарыі на 34. Да нас у рэдакцыю на сяброўскую стажыроўку завітала студэнтка з Вінтэртура Madlaina Lippuner. Мы прапанавалі ёй зрабіць серыю матэрыялаў пра «штосьці цікавае» з радзімы. Штосьці, безумоўна, атрымалася. Сёння першы сэт – невялічкая порцыя цікавай інфы пра тое, дзе і як можна тусануць у Швейцарыі.

switzerland, швейцария, швейцарыя, мапа, карта швейцарии

Zürich
__________________________________________________________

Langstrasse – выдатнае месца, каб пагуляць увечары. Гэта не проста вуліца, на якой жывуць студэнты, прастытуткі і процьма эмігрантаў з Паўднёвай Амерыкі. Раён Цюрыха вакол Langstrasse – лідар па канцэнтрацыі разнастайных клубаў, дыскатэк і бараў. Калі і хадзіць па дровы, то хадзіць у раёне Langstrasse.

Кінуць якар можна ў адным з крутых летніх бараў-басейнаўRimini», «Barfussbar», «Seebad Enge»), дзе па вечарах па-любому адбываецца якая-небудзь дзвіжуха: канцэрты, чытанні, сінема.

Bahnhofstrasse – адна з самых дарагіх гандлёвых вуліц свету. На свой заробак ты можаш накупляць тут шмотак роўна столькі, колькі ўлезе ў твой гаманец. Калі шмоткі ўсё ж патрэбныя, раім прайсціся па Niederdorf. Або наведаць (па суботах) легендарныя летнія блышыныя рынкі «Kanzlei» і «Bürkliplatz». Вось тут можна знайсці ўсё! Кажуць, адна баба нават шчасце знайшла.

У згаданым раёне Niederdorf месціцца культавы начны клуб «Cabaret Voltaire», у якім тусаваліся раннія дадаісты. Шмат для каго гэта святое месца. Цяпер тут праводзяцца выставы, канцэрты ды іншыя крутыя івэнты.

Атрымаць асалоду ад панарамы Цюрыха можна з Uetliberg – найвышэйшай назіральнай вежы свету. Або падняцца на Lindenhof – высокую частку старога горада, з якой адкрываецца від на іншую частку старога горада – тую, што ляжыць ніжэй.

Winterthur
__________________________________________________________

З-за вялікай колькасці расліннасці горад мае рэпутацыю зялёнага сада. Стары горад увогуле абвешчаны зонай без аўтамабіляў, тут можна ўсюды ездзіць на ровары (кожны ў Вінтэртуры мае ровар, а часам і два).

Вінтэртур – удалае месца, каб абдзяўбацца мастацтвам. Палапаць навуку рукамі можна ў «Technorama» – музеі, дзе самаму можна ставіць навуковыя эксперыменты.

Сусветна вядомы «Fotomuseum», незлічоныя мастацкія музеі, а таксама кінафестываль «Lichtspieltage» і фестываль кароткага метра «Kurzfilmtage» таксама базуюцца ў Вінтэртуры.

У апошні тыдзень лета ў горадзе праходзіць буйны музычны фестываль «Winterthurer Musikfestwochen» – пад адкрытым небам пасярод вуліцы старога горада. За некаторым выключэннем усе імпрэзы бясплатныя. Таксама Вінтэртур знакаміты магутнай альтэрнатыўнай сцэнай, у тым ліку ў прамысловай зоне, якая ляжа на душу аматарам урбану і фатографам.

Bern
__________________________________________________________

Жыхары Берна вядуць невялікую ментальную міжусобіцу з жыхарамі Цюрыха. Тым не менш, гэта цалкам мірнае чароўнае месца (спадчына ЮНЕСКА) з кучай разнастайных крамаў і бараў, якія месцяцца ў галерэях старога горада, а таксама пад зямлёй.

Адкрыты басейн «Marzilibad» ляжыць ля падножжа ўзгорка, на якім стаіць Дом парламента, і ёсць адным з самых важных месцаў Берна ў летні час. А ў цэнтры горада можна падзівіцца на герояў гарадскога герба – жывых мядзведзяў у міні-запаведніку «Bärenpark».


Крутыя альтэрнатыўныя імпрэзы і цікавая публіка ў клубе «Turnhalle» і былым сквоце «Reithalle».

 

Luzern
__________________________________________________________

Самы стары драўляны крыты мост Еўропы Kapellbrücke ужо двойчы спальвалі нейкія уркі. Спяшайся ўбачыць, пакуль не спалілі трэці раз.

Люцэрн стаіць на возеры Vierwaldstättersee, каля гор Pilatus і Rigi, што вельмі зручна для тых, хто не хоча далёка выбірацца, каб заняцца летнімі відамі спорту. Альпінізм, парапланерызм, водныя лыжы, дайвінг ды іншая дзвіжуха – не адыходзячы ад касы.

Увесну ў Люцэрне праходзіць легендарны фестываль коміксаў «Fumetto». На фэст можна лёгка заслаць свае працы, а перамогу адзначыць у клубах «Sedel» і «Bar 59».

Genève
__________________________________________________________

Горад характарызуецца ўнікальнай мультыкультурнай сумессю. У дадатак да Кофі Анана і брата бін Ладэна тут шмат французаў, алжырцаў і г.д. Таму разнастайнасць кухні ўражвае. У раёне Paquis можна набіць жывот афрыканскай, партугальскай, іспанскай, тайскай, кітайскай, афганскай ды іншай хаўкай.

Ты можаш паслэміць у альтэрнатыўным клубе «L'usine», а ўлетку па серадах наведаць бясплатныя канцэрты ў парку «La Grange» на сцэне «Ella Fitzgerald». Таксама ў Жэневе ёсць гіганцкі фантан «Jet D'eau».

__________________________________________________________

А вось тут можна зірнуць, як сваю радзіму рэкламуюць самі швейцарцы:

 

 

ГЛЯДЗІ ТАКСАМА:
Share

КАМЕНТАРЫ СПАЧАТКУ СТАРЫЯ СПАЧАТКУ НОВЫЯ

ava

dvarf

02-05-2011, 17:09

Новая часопісная падача матэрыялу вельмі падабаецца. І відзюшка проста супэрская.

Адказаць

Aleg

02-05-2011, 19:45

трошку раней там была, каб была такая інфа - затусілі б, ага)

Адказаць

Ufospam

02-05-2011, 20:31

не быу нiколi там.усе тута напiчатаннае-дзiкi пяздеш.гы)

Адказаць
ava

ramonex

03-05-2011, 12:02

шык блеск тратата!

Адказаць

КАМЕНТАВАЦЬ