Рома ў Грузіі

Пачынаем рэаліці-праект «Рома едзе!» на старонках часопіса 34mag.net. Кругасветнае падарожжа адбываецца на тваіх вачах! Яму 20 гадоў, ён кінуў універ, забіў на кар’еру і выправіўся ў бестэрміновае кругасветнае падарожжа па чыстыя эмоцыі. Амаль без грошай у кішэні, наш аўтар Рома Свечнікаў абяцае праехаць па спантанным маршруце вакол зямнога шара. Эксклюзіўна для нас ён будзе рабіць фоткі, мантаваць відэа, запісваць аўдыя і на пыльнай каленцы пісаць гісторыі сваіх дарожных прыгод.

 

 

Я студэнт трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, дэвіз якога – «Веды і стыль жыцця!». Мне дваццаць гадоў. Калі вырасту, буду праграмістам.

Мая дарога ва ўнівер пралягае паралельна трасе, па якой нясецца плынь з горада. Я дайвер – апускаюся на дваццаць метраў у глыб метро на адным подыху. Тут мяне кожны раз сустракаюць, як тэрарыста, правяраюць мой заплечнік. А яшчэ гэты заўсёды жыццярадасны голас розуму з дынамікаў: «Паважаныя пасажыры, будзьце пільнымі…» Амаль як у старэчы Орўэла.

На шостым паверсе пятага корпуса ўнівера месціцца кафедра штучнага інтэлекту. Тлустае паветра ў калідоры можна наразаць нажом, ад паху зводзіць шыю. Наступныя шэсць гадзін мяне будуць заварочваць у пыльны савецкі дыван. Мая бабуля сказала, што будзе жыць, пакуль яе ўнук вучыцца.

Дык вось, гэта ўцёкі!

У маёй кішэні штосьці каля двухсот даляраў. Мой заплечнік важыць дваццаць тры кілаграмы. Усё разлічана на поўную аўтаномію цягам тыдня, а можа і больш. У камплекце – лёгкая палатка, спальнік, дыванок, маленькая гарэлка з газам, кацялок на літр, нож, ліхтар, шмоткі ды іншыя нішцякі. Я зрабіў прышчэпку ад ліхаманкі, страхоўку на паўгода ды іранскую візу. Мой тэлефон трымае батарэю каля месяца, камера – паўтара тыдня, ноўт – восем гадзін. Усё застрахавана ад раптоўных паводак гермамяшкамі. Так што на наступныя пару месяцаў усё са мной досыць ясна.

Я выходжу з дома раніцай 1 ліпеня. Дзейнічаю холадна і рашуча, быццам бяру інтэграл. За апошнія паўгода я сотні разоў уяўляў сабе гэты момант. Я ведаю дакладны час, калі прыйдзе 112-ты аўтобус – на ім я дабяруся да трасы. Я ведаю дакладнае месца на М1, дзе стану з выцягнутай рукой. Гэтыя паўгода я планамерна рваў ланцуг, якім быў прыкаваны да будкі. Апошні рывок – і мой ашыйнік сарваны. Я прагна глытаю паветра і кладу ўсе назапашаныя сілы на тое, каб быць далей ад будкі, міскі і гаспадара. Я адпраўляюся ў кругасветнае падарожжа.

 

 

Я прачынаюся на бруднай узбочыне трасы на Уладзікаўказ – пачынаецца чацвёрты дзень майго трыпу. Усю ноч жудасна грукатала дарога і ліў дождж. Паспаць амаль не ўдалося, і я неахвотна выбіраюся з намёта. Зямля вакол ператварылася ў багну, у якую адразу ж правальваешся па калена. Я збіраю намёт і рушу на бліжэйшую запраўку, каб навесці марафет. Мне шанцуе – на запраўцы халяўны Wi-Fi і вада з брандспойта.

На трасе ля дарожнай развязкі мяне спыняе армянін, які трапезнічае, расклаўшыся на багажніку сваёй «Волгі». Мы загаворваем, ён частуе мяне ежай і прапаноўвае падвезці.

«Волга» забітая ў гаўно. У салоне машыны – горы нейкага хламу, на падлозе валяецца смецце, паміж сядзеннямі тырчыць газета інтымнага зместу «Ещё». Проста на хаду вадзіла, які прадставіўся Мішам, разгортвае яе і пачынае разглядаць фоткі:

– Паглядзі, усё, што хочаш! Усё, што хочаш!

 

 

Міша – мужык гадоў пяцідзесяці. Мае праблемы з вагой, няголены і нецвярозы. Ён старанна распытвае мяне пра мой сексуальны вопыт. Я стараюся скіраваць гутарку ў іншы бок, але ён дакучліва дзяўбе ў ачко гэтай няёмкай тэмы:

– Калі я служыў у войску, у мяне сяржант быў. Я тады яшчэ па-руску дрэнна размаўляў. Строгі быў сяржант, усіх ганяў! Але мяне чамусьці не чапаў. Неяк у мяне нечакана нарад здарыўся – я тэхніку ахоўваў. І вось я пытаюся ў сяржанта, як жа мне ў нарад ісці, калі я не павячэраў нават? Ён кажа: «Не хвалюйся, я сам усё табе прынясу». Прывезлі мяне ў вартоўню, а хутка і сяржант прыехаў, ежу прывёз. Я сяджу, ем, а ён прымасціўся побач і пачынае мяне па каленцы лашчыць. Ну, я нічога не кажу – сяржант усё ж такі. І тут ён мне шырынку расшпільвае і пачынае таго... Але мне прыемна, і я моўчкі кушаю. І вось ён кажа: «Ты можаш мяне трахнуць?» – «Без праблем», – кажу. І трахнуў яго.

– Не, Міша, я не таго.

Раблю выгляд, што зацікавіўся краявідам. Але вадзіла не супакойваецца:

– Карацей, я хацеў табе прапанаваць. Але ты вось кажаш, што ты «не таго». Калі раптам перадумаеш, дык дай знаць. Прырода тут прыгожая – спынімся, у мяне і прэзерватыў ёсць. Ну і, вядома, узнагароджанне – не проста ж так.

– Міша, я ж сказаў: не!

Праз тры хвіліны пакрыўджаны вадзіла высаджвае мяне пад жудасны лівень. Са мной такое ўпершыню, дарэчы.

Паўдня сяк-так дабіраюся да Нальчыка. Паабапал дарогі стаяць невялікія горы. Рушу на вяршыню бліжэйшай. Па дарозе палохаю зайца, сам ледзь не накладваю ў штаны. Стаўлю палатку. Гатаваць ежу проста няма сілаў – я адразу ж вырубаюся.

 

Кожны раз Рома будзе ставіць эксперымент або выконваць нейкую місію. Наколькі цікавым і бязбашанным будзе відос у наступным матэрыяле, таксама залежыць ад цябе. У каментах смела прапаноўвай новае заданне для Ромы – уплывай на кругасветку! Гэтым разам Рома спрабуе ўпісацца на начоўку ў грузінскі паліцэйскі пастарунак.

 

 

Будзільнік звоніць а восьмай. Хутка збягаю з гары. Па дарозе сустракаю пару дрэваў з грушамі. Вось ён я – Юра Гагарын перад адкрытым космасам! Унізе, ля падножжа гары, бяжыць дарога. Я стаю на пагорку і грызу дзікі плод дрэва. Пакуль што я магу толькі пазайздросціць гэтай жылістай дзікасці.

Першая ж машына вязе мяне ва Уладзікаўказ. Кіроўца Сяргей распавядае пра тое, што з часоў Саюза гэты горад быў цалкам студэнцкі. Цяпер там каля дзесяці ўнівераў, пры тым што насельніцтва – усяго каля трохсот тысяч чалавек.

Сяргей працягвае нешта распавядаць, а тым часам у мяне адпадае сківіца – мы ўязджаем у Беслан. Я ведаў, што ён у Паўночнай Асеціі, але не ведаў, што буду праязджаць праз яго:

– Скажыце, а дзе тая школа, дзе трагедыя адбылася?

– Яна там, у горадзе. Мы зараз будзем праязджаць пахаванне, гэта недалёка ад дарогі. Калі хочаце, магу вам паказаць.

– Так, я хацеў бы паглядзець.

– У майго добрага сябра дачка там была. Бог дапамог, жывая, без драпінкі выйшла. Але потым яшчэ два гады ў шпіталі ляжала, размаўляць не магла, так перапалохалася. Мы ўсе там былі. Усе выцягвалі дзяцей.

 

 

Я не магу знайсці словаў. Мы выходзім з машыны – перада мной пахаваныя некалькі сотняў дзяцей. Для мяне Беслан – рэпартаж па тэлевізары. Я не ведаю, як гэта прыняць або ўсвядоміць. Гэта не змяшчаецца ў мяне. Я нічога не ведаю пра вайну і толькі адчуваю павагу да людзей, якія прайшлі праз яе і засталіся людзьмі. Шкада, што я не магу застацца тут на некалькі тыдняў, каб паспрабаваць разабрацца ва ўсім гэтым.

Мы едзем далей. Дабіраемся да Уладзіка і праязджаем яго наскрозь – я цаню, калі кіроўцы прапаноўваюць вывезці мяне з горада, бо самае нелюбімае ў падарожжах аўтаспынам – гэта выбірацца на трасу. Аказваецца, ва Уладзікаўказе збіраюць фары ды іншую электроніку для беларускіх трактароў. Радзіма – яна паўсюль!

Да Грузіі застаецца літаральна пара сотняў кіламетраў. Да мяжы мяне падвозяць дзве пажылыя жанчыны:

– Мы проста падарожнічаем. Зараз едзем да перахода, а потым вернемся назад, бо ў нас няма замежных пашпартоў.

Мы набліжаемся да мяжы, і пачынаецца дождж. Між Грузіяй і Расіяй няма пешых памежных пераходаў, таму я павінен знайсці машыну, каб перасекчы мяжу. Мне чамусьці заўсёды шанцуе ў гэтай справе, і я ўпісваюся ў першую ж тачку да рускай сям’і са Смаленска, якая адразу ж дорыць мне цэлы мяшок ежы.

Мы едзем у Тбілісі, а дакладней, пакуль караскаемся на перавал вышынёй каля дзвюх тысяч васьмісот метраў па старой ваеннай дарозе, з хуткасцю каля трыццаці кіламетраў за гадзіну. Кіроўцу зноў клічуць Сяргеем, і ён раз-пораз спыняе машыну, каб зрабіць некалькі фотаздымкаў.

Вакол бедныя вёскі і статкі авечак – ніякіх крамаў і гандляроў сувенірамі. У мяне закладвае вушы. Вакол усё такое роднае, што хочацца выбегчы з машыны і ўцячы ў горы.

 

 

Уначы мы ўязджаем у Тбілісі. З першых секунд я разумею, што мне тут падабаецца. Сям’я зноў экіпіруе мяне ежай і вадой, так што ў наступныя пару дзён ніякіх грашовых выдаткаў не прадбачыцца. Мы развітваемся, і я іду да бліжэйшай крамы. Чэкаю Wi-Fi і тут жа знаходжу некалькі фры-кропак. Падаецца, сетка з назвай Tbilisi loves you – гэта якраз тое, што трэба. Даследую бліжэйшы фантан на наяўнасць дробязі – няўдача. Пазней я даведаюся, што ў Грузіі наогул не кідаюць манеты ў фантаны.

Раскідваю па сайце каўчсёрфінгу запыты на ўпіску на бліжэйшыя дні. Разумею, што шанец атрымаць адказ адразу вельмі малы, таму рушу ў начны Тбілісі. У пешаходным пераходзе сустракаю двух азіятаў:

– Hey! Do you speak English?

– Yes, sure.

– Or maybe Russian?

– Ах-ах, так-так, мы гаворым па-руску.

– Адкуль вы, хлопцы?

– Мы з Казахстана, з Алма-Аты.

– О, я быў у Алма-Аце летась, калі ганяў стопам у Кітай.

– Хуясэ, да ты каўчсёрфер?

– Ну так, але каўчам я мала карыстаюся. Вы не ведаеце, дзе я магу бясплатна пераначаваць?

– Э-э-э, не. Мы не ведаем тут ніякіх месцаў. Але ты можаш пайсці да нас.

– Добра, пайшлі да вас!

Хлопцаў клічуць Віталік і Асель. Яны працуюць у нейкай брытанскай кампаніі ў Алма-Аце, таму выдатна валодаюць англійскай. Кажуць, што ў Грузіі іх усе клічуць Made in China. Віталік і Асель падарожнічаюць у асноўным на самалётах і смяюцца, даведаўшыся, што я ніколі не адрываўся ад зямлі вышэй, чым на пяць метраў. Віталік кажа, што не разумее, чаму грузіны называюць рускіх акупантамі:

– Ды калі б не рускія, то іх бы туркі з персамі нахер усіх павыразалі. Што яны могуць тут? На поўначы – горы, на поўдні – мусульманскі рай. Вунь армян усіх перамачылі і грузінаў бы перамачылі. А цяпер яны крыўдуюць.

Хлопцы здымаюць кватэру ў цэнтры. Мне выдзяляюць ложак у асобным пакоі ды пакет персікаў.

 

 

 

Раніцай я адпраўляюся на звыклае месца ў пошуках Wi-Fi. Пакуль я чэкаю пошту, да мяне падыходзіць мясцовы мужык.

– Hello, where are you from?

– Belarus.

– О-о-о, дык вы размаўляеце па-руску?!

– Так-так, вядома.

– А я проста гляджу, што ў вас такі ж кампутар, як у мяне, – ён дастае са сваёй працёртай сумкі дакладна копію маёй малюткі.

– Сапраўды. У нас шмат агульнага!

– Ах-ха-ха! Гэта вы жартуеце! Ах-ха-ха!

Так я знаёмлюся з крутым перцам, Зазам. Яму гадоў пяцьдзясят. Ён бежанец з Асеціі. Размаўляе на пяці мовах і вучыць яшчэ дзве. Сабак абыходзіць за дзве вуліцы, спіць са святлом і не выносіць мух. Пра Беларусь у яго добрыя ўспаміны:

– Вы ведаеце, калі мне было дваццаць чатыры, я пазнаёміўся з адной дзяўчынай у Гомелі. Мы пасябравалі, але потым мне трэба было з’язджаць. Яна прызналася, што цяжарная. Я не ведаю, шчыра яна казала ці не. Магчыма, у мяне ў Беларусі ёсць сын. Я ўвесь час пра гэта думаю. Я спрабаваў яе адшукаць, але ў мяне нічога не атрымалася. Вось бы знайсці яе калі-небудзь. Але ў мяне няма яе адрасу, толькі імя.

 

 

Як толькі на вочы Зазу трапляецца які-небудзь рэстаўраваны будынак, ён пачынае лаяцца на ўсю вуліцу, размахваць рукамі і пытацца ў мінакоў:

– Ты бачыш, што робяць? Наогул ужо ахранелі, ці што?

Заза запрашае мяне ў чайхану, якая месціцца побач з сернымі лазнямі:

– Я бежанец, мне дзяржава дае ільготы і пенсію. Вось раней у мяне бізнес быў, я бутэлькі збіраў, а цяпер я ўладкаваўся на працу гідам па Тбілісі. Але мне не падабаецца – прымушаюць усё на памяць вучыць. Навошта на памяць?

Заза фрэндзіць мяне на «Фэйсбуку» і кажа, што летась пазнаёміўся з адным журналістам і арганізаваў яму сустрэчу з былым прэзідэнтам Грузіі – Шэварнадзэ. На развітанне ён дорыць мне некалькі лары і раствараецца ў гарадскім пейзажы.

Я вырашаю, што бабло трэба тэрмінова спусціць, і адпраўляюся ў грузінскі рэстаран па дзясятак хінкалі. Успамінаю, што я ж таксама ў нейкай ступені журналіст і павінен усё фатаграфаваць. Кладу фотаапарат перад сабой, каб зняць  вячэру. Наступным разам я ўспамінаю пра фоцік, калі даядаю апошнюю хінкаліну.

Хутка я атрымліваю SMS ад хлопцаў, у якіх спыніўся. Пішуць, што не змогуць сёння вярнуцца ў Тбілісі. Мой заплечнік ляжыць у іх дома, а з сабой у мяне толькі ноўт і фотаапарат. Я адпраўляюся ў бліжэйшы бар, каб знайсці чалавека, які змог бы мяне прытуліць. Гэтым чалавекам становіцца Бая, дзяўчынка дваццаці гадоў, невысокага росту. Я адрываю яе ад чытання кніжкі. Праз тры хвіліны знаёмства яна запрашае мяне да сябе. Па дарозе мы забягаем у «Мак» па бульбу-фры:

– Я жыву ў кватэры з сястрой і яе сяброўкай.

– Ты здымаеш жыллё? Колькі гэта каштуе?

– Я здымаю яго бясплатна. Ёсць такая сістэма – мой бацька пазычыў гаспадару кватэры дзесяць тысяч лары, і за гэта я жыву ў яго кватэры бясплатна.

 

 

Першае, на што натыкаецца мой позірк, калі я ўваходжу ў Баіну кватэру, – гэта велізарная паліца з кнігамі. Іх вельмі шмат, амаль усе на грузінскай мове. Каля паліцы месціцца мой ложак. Кухня па памерах дакладна такая ж, як і мая хрушчоўская. Я сядаю на падлогу, Бая запальвае. Я стараюся зразумець, хто яна, задаю шмат пытанняў, але яна спрытна выкручваецца. Бая паліць з трынаццаці гадоў, вучыцца на праграміста, не любіць гатаваць і марыць з’ехаць у Індыю – вось і ўсё, пра што мне ўдаецца даведацца. Праз некалькі дзён яна злятае ў Германію. Мы кладзёмся спаць.

Калі я прачынаюся, на стале мяне ўжо чакае яешня. Бая ўсё гэтак жа паліць за кнігай. Яна вельмі шмат паліць. Я снедаю і кажу, што павінен ехаць далей. Мы развітваемся.

Я вяртаюся да яе праз два дні без усялякага папярэджання. Я рады яе бачыць. Яна варыць моцную каву, выпальвае цыгарэту. Побач з ёй я губляюся. Яна такая натуральная са сваімі цыгарэтамі і татуіроўкамі – і тое і другое я прывык адносіць да ненатуральнага, дрэннага і забароненага. Усе школьныя гады я быў добрым хлопчыкам у злым раёне горада. Я не паліў і не піў, таму што ўсе пілі і палілі. Я лічыў сябе пераможцам, што ведаю, як трэба. Таму ў іншай сітуацыі я папрасіў бы яе затушыць цыгарэту. Але нешта пайшло не так, і мы цалуемся, лежучы на падлозе.

 

Мы назвалі гэты пазл нашага матэрыялу – буда-відэа. Кожны раз Рома будзе рабіць медытатыўную нарэзку без прымесяў, толькі чыстыя эмоцыі-карцінкі з інтэршумам. Пагрузіся ў атмасферу кругасветкі.

 

 

Увечары нарэшце прыязджае Жэня, мой напарнік, з якім яшчэ ў Менску мы вырашылі разам праехаць частку маёй кругасветкі. Да гэтага моманту з ім не было ніякай сувязі, і я ўжо пачаў хвалявацца.

Жэню дзевятнаццаць гадоў. Акрамя турыстычнага абсталявання ў яго з сабой дзве флейты і бел-чырвона-белы сцяг. Ён любіць паводзіць сябе, як зануда, за што звычайна адхоплівае пендаля. За сняданкам мы робім па дваццаць адцісканняў. Кругасветка – гэта справа больш жорсткая, чым служба ў войску!

Тбілісі робіцца маім чацвёртым любімым горадам, пасля Берліна, Львова і Шанхая. Але дарога кліча, і мы вырашаем гнаць у нацыянальны парк Тушэці, у горы. Першая спроба не ўдаецца – уначы на выездзе з горада нас падбірае Сандра, мужык гадоў сарака, які проста на хаду пачынае разліваць чачу па шклянках і смачна яе жлукціць. Мы едзем амаль у поўнай цемры па серпанціне проста да мяжы з Чачнёй. Я ўпершыню ў жыцці добра п’яны. Мы прыязджаем на месца гадзіне а трэцяй ночы. Сандра селіць нас у бараку з рабочымі, якія будуюць ГЭС на рацэ.

Раніцай мы ідзём глядзець на вадаспад за некалькі кіламетраў у гарах. Я стаўлю штатыў на беразе, каб зняць бурлівую раку. Праз секунду мае ногі ўжо пад вадой. Плынь вельмі магутная, і я ледзь утрымліваю сябе і камеру. Страшна і смешна робіцца толькі праз пару хвілін. Насамрэч у мяне былі ўсе шанцы зрабіцца кормам для чарнаморскіх крабаў.

Наступнай раніцай мы яшчэ раз спрабуем трапіць у Тушэці, але замест гэтага трапляем у парк Лагадэхі. У інфацэнтры парку знаёмімся з дзяўчатамі з Польшчы. Юля і Клаўдзія прапаноўваюць разам рушыць па маршруце. Размаўляем на сумесі англійскай, польскай і беларускай. Робім спробу падняцца ў горы на тры тысячы метраў, але губляемся і вяртаемся назад. Жэня моцна апякаецца ў гарах баршчэўнікам, але мы не адразу разумеем, што гэта за пухіры, і вырашаем, што Жэня хутка памрэ.

 

 

Да мора гадзіна язды, і мы ірвём славянскім складам у Батумі. Дзяўчаткі натыкаюцца на грузінскае хаспіталіці і завісаюць на дзень у Сігнахі. А мы з Жэнем ляцім далей, спыніўшы на дарозе спачатку мянтоўскаю тачку і адразу за ёй маладога хлопца, што працуе ў міністэрстве і займаецца інтэграцыяй Грузіі ў Еўропу. Гэта адзіны чалавек у Грузіі, які кажа мне, што яму падабаецца Саакашвілі.

Ён высаджвае нас пад Батумі каля другой гадзіны ночы. Жэня рыхтуецца ўпершыню ў жыцці ўбачыць мора. Праз нейкі час мы сядзім на беразе і смяёмся. Словаў асабліва няма. Мы проста шчаслівыя. Мясцовы хлопец раіць нам месца для палаткі і дорыць мяшок ежы. Тут гэта нармальная справа – дарыць ежу. Нас увесь час частуюць чым-небудзь смачным і запрашаюць на начлег.

Наступным днём мы сустракаемся ў Батумі з нашымі загулялымі сяброўкамі Юляй і Клаўдзіяй. Батумі – найлепшы горад на ўзбярэжжы Чорнага мора, у якім я бываў. Усё навокал патыхае дабрынёй і гасціннасцю, нягледзячы на тое, што горад курортны. Тут у цябе няма пастаяннага пачуцця, быццам хтосьці спрабуе цябе надурыць.

Увечары на пляжы мы з полькамі ладзім дэгустацыю грузінскага віна. А пасля п’яных танцаў пад музыку з суседняй танцпляцоўкі разбрыдаемся па горадзе, каб знайсці месца для начлегу. Мы соваемся ў кожны двор, каб знайсці пляцоўку для намёта. Нарэшце, праз гадзіну пошукаў, уладкоўваем свой тканінны дом пад інжырным дрэвам.

Гэтае месца зробіцца нашым домам на наступныя тры дні. Кожную раніцу хтосьці з жыхароў суседняга дома будзе багата частаваць нас ежай. Мы будзем тусіць цэлымі днямі на ўзбярэжжы, слухаць музыку на джаз-фестывалі. У цэнтральным парку я пазнаёмлюся з крутымі іранцамі – Соху і Самае. Яны падарожнічаюць вакол свету на роварах і заязджаюць ва ўсе дзіцячыя дамы па дарозе. Новыя знаёмыя запросяць мяне паехаць з імі ў вёску непадалёк Батумі. Жэня застанецца ў горадзе. Наступныя некалькі тыдняў мы будзем падарожнічаць паасобку.

 

 

Трыццаць гадоў таму на месцы гэтага дзіцячага дома была псіхушка. Унутры – пашарпаныя сцены і хворыя дзеці. Іранцы разлічвалі працаваць з дзецьмі ўзростам каля дзевяці гадоў, але самаму старэйшаму тут толькі шэсць. Мы ставім свае намёты, выдаём дзецям ліхтарыкі, возім іх на роварах і разам малюем фламастарамі на нашых турыстычных кілімках. Мы выдатна праводзім час, але вельмі вымотваемся.

Соху і Самае кажуць, што ў Турцыі ім забаранілі наведваць дзіцячыя дамы, бо нейкі амерыканец схаванай камерай зняў фільм пра гэтых дзетак і выклаў у інтэрнэт.

Мы вяртаемся ў Батумі ноччу. Пару дзён таму я пазнаёміўся ў порце з францужанкай, якая падарожнічае па вадзе на сваёй невялікай паруснай лодцы. І вось цяпер, шпацыруючы па набярэжнай, я заўважаю мачту з французскім сцягам. Так вырашаецца праблема з начлегам і ежай. Гэтыя радкі я пішу, седзячы на сапраўднай палубе ў сонечным моры. Побач ганяюць дэльфіны, і я папіваю тархун грузінскага разліву. Самы час паплаваць!

 

У кожным падарожжы важна ведаць, як узламаць сістэму. Спецыяльна для цябе Рома будзе запісваць караценечкія лайфхакі. Хто ведае, можа, калісьці яны ўратуюць тваё жыццё.

 

 

 

 


13 фактаў пра Грузію:

1. Пры сустрэчы зазвычай цалуюцца, нават мужчыны.
2. У грузінскай мове ёсць літара – нешта паміж К, Х і Р. За паўгадзіны трэніровак я яе так і не вымавіў.

3. Віно п’юць шклянкамі. Норма на дарослага чалавека – 5 літраў за вечар.
4. Паляць павальна ўсе пачынаючы з 12 гадоў.
5. Каб знайсці ўпіску, трэба проста падысці да плота дома (пачынаць размову не абавязкова). У вёсках працуе на 100%.
6. Халяўны wi-fi у Тбілісі ёсць паўсюль.
7. Адзінае брыдкае месца ў Тбілісі – метро.
8. Кілаграм персікаў каштуе Br 4000.
9. У Грузіі расце гарбата.
10. Грузінская, армянская і азербайджанская мовы не маюць нічога агульнага.
11. Грузіны лічаць па 20. Напрыклад, у нас 83, а ў іх – чатыры па дваццаць тры.
12. На вуліцы часта можна сустрэць непрышпіленыя ровары і адкрытыя машыны з ключамі ўнутры.
13. Калі ты пераходзіш дарогу па пешаходным пераходзе і цябе збівае машына – гэта твая памылка.