Re:member

Год пасля Плошчы

Замежныя журналісты, якія працавалі на мінулых выбарах у Беларусі, успамінаюць Плошчу, збітых кандыдатаў і ўласны страх. 

Фрэдрык Вадстрэм

Карэспандэнт грамадскага радыё Швецыі


 

– Я быў у Горадні ды Менску цягам выбарчага тыдня і акрамя ўласна дня выбараў бачыў папярэдняе галасаванне. Паўсюль адчуваўся нервовы стан. Дзіўны мікс жадання прадэманстраваць, наколькі дэмакратычнымі былі гэтыя выбары, але ў той жа час ціхая пагроза ў бок апазіцыйных сілаў.

Зранку 19 снежня я пайшоў на ўчастак, дзе галасаваў прэзідэнт Беларусі. Нам, журналістам, давялося пачакаць, пакуль Аляксандр Рыгоравіч з’явіўся разам з сынам Колем. Потым была прэс-канферэнцыя прэзідэнта.

У другой палове дня я схадзіў на ўчастак каля вуліцы Кісялёва і паспрабаваў паразмаўляць са звычайнымі выбаршчыкамі. Я знайшоў жанчыну, якая на шляху да ўчастку сказала, што яшчэ не вырашыла, за каго будзе галасаваць, але думала пра тое, каб абраць аднаго з апазіцыйных кандыдатаў. Калі яна выйшла, то сказала, што прагаласавала за Лукашэнку, бо ён паабяцаў правесці рэформы. Яна адмовілася назваць нават сваё імя і паспяшалася сысці. Дзве маладзейшыя жанчыны, мінаючы мяне, шапнулі: «Самая дрэнная рэч з гэтай краінай у тым, што ўсе баяцца». І яны таксама збеглі. Я пашкадаваў, што паставіў пажылую кабету ў такую сітуацыю.

Увечары я пайшоў на Кастрычніцкую плошчу і паспрабаваў сабраць рэакцыю мінакоў на выбары. У паветры было адчуванне, што нешта хутка здарыцца. Людзі нерваваліся. Навіна пра збіццё Някляева хутка абляцела натоўп. Потым пачаўся марш да плошчы Незалежнасці, і я размаўляў з людзьмі па дарозе. Дзве студэнткі крычалі ад узбуджэння: «Нарэшце нешта адбываецца, нешта сапраўднае!» На плошчы Незалежнасці я сустрэў калегаў. Некаторыя з іх былі сведкамі нападу на групу Някляева. Іх саміх збілі, а апаратуру адабралі людзі ў масках. Мы крыху абмеркавалі, што здарылася з імі і Някляевым. Пасля некалькіх жывых рэпартажаў па мабільніку для радыё 

 

я пайшоў у свой пакой у гатэлі «Беларусь», каб падрыхтаваць файлы з навінамі для радыё.

Я быў на шляху ў гатэль, калі мой рэдактар са Стакгольму патэлефанаваў і сказаў, што нешта здарылася на плошчы. Мы вырашылі, што я ўсё ж пайду ў гатэль, каб зрабіць мае матэрыялы, і рэдакцыя паразмаўляла з іншымі шведамі, якія яшчэ былі на плошчы.

Ноччу 19-га я працаваў над рэпартажамі з дэманстрацыі, правяраў навіны на розных сайтах, крыху паспаў. Я зусім не чакаў, што будзе такое жорсткае развіццё падзей. Увесь тыдзень я працаваў як шалёны, рыхтуючы самыя розныя рэпартажы для нашых праграм, бо думаў, што вельмі мала адбудзецца ў дзень выбараў.

На жаль, шмат якія з міжнародных СМІ яшчэ задоўга да выбараў вырашылі, што тут не будзе вялікіх медыйных нагодаў, а таму не пасылалі сваіх карэспандэнтаў на прэзідэнцкія выбары Беларусі. Я думаю, што яны памыляліся і не толькі з-за таго, што прапусцілі разгон апазіцыі, арышты, суды, жорсткую крытыку з боку ЕС і ЗША. Але і таму, што нават без жалезнай рэакцыі з боку беларускіх уладаў гэта быў сур’ёзны тэст для дэмакратычнага развіцця ў СНД. Незалежна ад вынікаў выбараў у Менску мусіла быць як мінімум удвая больш замежных журналістаў, каб асвятляць выбары. Яшчэ задоўга да 19 снежня было відавочна, што гэта быў сімвалічны момант для Еўропы.

Што да вулічных пратэстаў, то я быў уражаны, наколькі мірнымі яны былі. Я параўноўваў з бурнымі выступленнямі ў Готэнбургу (Швецыя) падчас саміту ЕС у 2001 годзе і думаў, што дэманстрацыі ў Менску выглядалі ці не як самыя мілыя ў гісторыі грамадскія пратэсты, калі такі вялікі натоўп (а мне здаецца, што было больш за 30 тысяч чалавек) гэтак спакойна рухаўся па галоўным праспекце.

Сэм Найт

Журналіст з Лондану, піша для выданняў Harper’s, The New York Times, The Times, The Financial Times, Prospect


– Я прыехаў у Менск у снежні 2010-га, каб пісаць аб прэзідэнцкіх выбарах для амерыканскага часопіса Harper’s. Перад паездкай я сказаў свайму рэдактару, што паспрабую апісаць, як звычайныя беларусы будуць праходзіць праз, як мне тады падавалася, стабільныя, халодныя і фальсіфікаваныя выбары. Назва майго планавага артыкула была «Як перажыць выбары ў Менску».  

Я быў тут двойчы да гэтага. Першы раз у 2007 годзе як турыст, а потым у 2008-м – як афіцыйны наведнік. Тады я быў у складзе групы замежных журналістаў, запрошаных урадам, каб напісаць пра перспектывы прыватызацыі ды продажу дзяржаўных прадпрыемстваў. 

Калі я прыехаў у снежні 2010-га, усё выглядала як звычайна: вылізаныя вуліцы, пункты абмену валют, пах старога тытуню ў метро. Быў вельмі малы шанец для нестабільнасці вакол выбараў, але большасць людзей чакала, што Лукашэнка пераможа з годнымі, сціплымі 75 % або каля таго.

 

Вось некаторыя ўспаміны з 48 гадзінаў вакол 19 снежня. Мяне здымае на камеру мужчына ў чорнай ваўнянай шапцы і скураной куртцы. Назіраю, як Някляеў сам-насам напаўголаса рэпетуе сваю апошнюю выбарчую прамову. Накладанне дзвюх музычных плыняў на пустым катку на Кастрычніцкай плошчы. Мяне здымае на камеру мужчына ў чорнай ваўнянай шапцы і скураной куртцы. Гук вызваленых званоў у касцёле на плошчы Незалежнасці. Карцінка, як людзі разбягаюцца і спрабуюць трапіць да станцыі метро. Тысячы чорных шлемаў, падобныя да більярдных шароў. Высокі вайсковы начальнік, які назірае за гвалтам з-за брамы з цыгарэтай у зубах. Мяне здымае на камеру мужчына ў чорнай ваўнянай шапцы і скураной куртцы. Снегапад 20 снежня як амнезія, замоўленая звыш. 

Цiхан Дзядко

Карэспандэнт радыёстанцыі «Эхо Москвы» і тэлеканала «Дождь»

 

– У Менск я прыехаў 16 снежня раніцай, вяртаўся амаль праз тыдзень – увечары 22 снежня. Ужо ў першы дзень, калі я прыехаў, апазіцыя праводзіла «сустрэчу з выбаршчыкамі» на плошчы Свабоды. Там сабралася некалькі тысяч чалавек, нягледзячы на холад. Улічваючы гэта, было відавочна, што на Кастрычніцкай плошчы 19-га ўвечары людзі будуць. 

У гэтыя дні я меў кантакты як з прадстаўнікамі ўлады, так і апазіцыі. Усе яны дзяліліся сваімі чаканнямі ад будучага галасавання і таго, што будзе потым. Апазіцыянеры былі напружаныя. Улады, як мне здавалася, хутчэй спакойныя.

Ад выбараў адчуванне было нечаканае – стратэгія Аляксандра Лукашэнкі працавала: усё выглядала прыгожа і нават у чымсьці дэмакратычна. Дэбаты, прэс-канферэнцыі ды іншае – усё для таго, каб вонкава выбары выглядалі свабоднымі і сумленнымі. З-за гэтага складана было чакаць жорсткага развіцця падзей. Здавалася, што ўлада зацікаўлена даць апазіцыі памітынгаваць і разысціся – тады «спрыяльная» карцінка спрацавала б, працягнулася б далейшае збліжэнне з Еўрапейскім Саюзам і Радай Еўропы – і не было б той канфрантацыі, якая пачалася пасля снежаньскіх падзей. Акрамя таго, падзеі паказвалі на тое, што хутчэй людзі разышліся б, а на наступны дзень з-за марозу людзей сабралася б менш.

У момант разгону я быў непасрэдна на плошчы, каля дзвярэй у будынак Савета Міністраў.

 

Ад дубінкі і затрымання мяне ўратавала тое, што мне трэба было выйсці ў эфір па тэлефоне. Сувязь на плошчы была дрэнная, мне прыйшлося адысці трохі далей, каб выйсці ў эфір. Плошчу я пакінуў літаральна на чатыры хвіліны. Калі я сыходзіў гаварыць па тэлефоне, усё было больш-менш спакойна, праз чатыры хвіліны тое месца, дзе я стаяў, ужо заблакавалі аўтазакамі, і там актыўна працавалі дубінкамі.

Гэтую ноч я доўга быў на вуліцы, потым, ужо нашмат пазней, спачатку быў у прэс-цэнтры на Кастрычніцкай плошчы, а затым, вярнуўшыся ў гасцініцу, вісеў на тэлефоне, даведваючыся інфармацыю пра затрыманых і арыштаваных. Андрэя Саннікава я бачыў апошні раз на плошчы, калі яго адводзіла Ірына Халіп – ён ледзь ішоў, і жонка яго падтрымлівала. Праз некалькі хвілін пасля гэтага іх машыну спынілі, а Саннікава і Халіп затрымалі. Гэтак жа перыядычна знікала сувязь з іншымі кандыдатамі. Напрыклад, з Алесем Міхалевічам я размаўляў таксама за некалькі хвілін да ягонага арышту.

Страшна мне зрабілася на трэці дзень у Менску – не ўсвядомлена страшна, а неяк паранаідальна. Я правяраў, ці на тым месцы ляжаць мае рэчы ў нумары, калі вяртаўся ў гасцініцу, глядзеў на вуліцы, ці не сочаць за мной. Супакоіўся, толькі калі сеў у самалёт у Маскву.

ГЛЯДЗІ ТАКСАМА:
Share

КАМЕНТАРЫ
СПАЧАТКУ СТАРЫЯ СПАЧАТКУ НОВЫЯ

Захар

20-12-2011, 15:57

"Страшна мне зрабілася на трэці дзень у Менску – не ўсвядомлена страшна, а неяк паранаідальна. " очень интересно подметил. мне тоже страшно стало через пару день, я проверял ночью, закрыты ли двери в квартиру.

Адказаць

Андрэй

21-12-2011, 15:14

"Вось некаторыя ўспаміны з 48 гадзінаў вакол 19 снежня. Мяне здымае на камеру мужчына ў чорнай ваўнянай шапцы і скураной куртцы. Назіраю, як Някляеў сам-насам напаўголаса рэпетуе сваю апошнюю выбарчую прамову. Накладанне дзвюх музычных плыняў на пустым катку на Кастрычніцкай плошчы. Мяне здымае на камеру мужчына ў чорнай ваўнянай шапцы і скураной куртцы. Гук вызваленых званоў у касцёле на плошчы Незалежнасці. Карцінка, як людзі разбягаюцца і спрабуюць трапіць да станцыі метро. Тысячы чорных шлемаў, падобныя да більярдных шароў. Высокі вайсковы начальнік, які назірае за гвалтам з-за брамы з цыгарэтай у зубах. Мяне здымае на камеру мужчына ў чорнай ваўнянай шапцы і скураной куртцы. Снегапад 20 снежня як амнезія, замоўленая звыш".

адно с лепшых адлюстравання уражанняу з таго вечара.

Адказаць

Mulyaningsih

28-04-2012, 03:11

It's always a relief when someone with obvious exeptrise answers. Thanks!

Адказаць

suzxfsnjpxz

28-04-2012, 06:41

fL8KEU tzmmafjqpqsz

Адказаць

ndiwif

29-04-2012, 21:57

eWZymo umhcqetjctpw

Адказаць

КАМЕНТАВАЦЬ