Як рабіць прывабны візуал без дыпломаў па дызайне? Карысныя спасылкі

У верасні прайшлі заняткі першага набору школы візуальнага мастацтва RADAvisual, якую прыдумаў Беларускі нацыянальны моладзевы савет РАДА. Конкурс там быў 4,5 чалавекі на месца. Але, на шчасце, стваральнікі(-цы) праграмы і спікеры(-кі) лічаць, што карыснымі ведамі трэба дзяліцца як мага шырэй, і канспекты ключавых лекцый сталі for free даступныя ў сеціве.

 

 

Цяпер любы(-ая) ахвочы(-ая) можа азнаёміцца з матэрыяламі пра тое, як ствараць чапляльныя сторыс, рабіць файныя афішы, прэзентацыі і нават анімацыю, не валодаючы чорным поясам у дызайне.

Ідэя таго, каб павучыць візуалу людзей, якія хочуць пра нешта распавесці свету або зрабіць карысны івэнт, наспела з практыкі. Калі ад маладых і ініцыятыўных рабят рэгулярна прыходзяць рознага кшталту анонсы і навіны, але выглядаюць яны часцяком непрэзентабельна, ты не можаш пакінуць усё як ёсць. Перарабляеш, то-бок нагружаеш сябе працай. І каб зняць з сябе гэтую пераўпакавальную нагрузку, лагічна пайсці па шляху адукацыі: калі ў людзей будуць канкрэтныя навыкі і стымул да іх развіцця, то, відавочна, і «карцінка» з часам будзе паляпшацца.

Пачынаць вырашылі з базавых ведаў і простых інструментаў, накшталт Canva або Quick, бо часам людзі нават не ведаюць, што, загрузіўшы фота і кароткія відэа ў просценькую праграму, яны ўжо маюць нядрэнны рэдактарскі інструментар і здольныя дамагчыся цікавага выніку. Тут важна зразумець, што ты сапраўды здольны(-ая).

Вось лінкі на матэрыялы, якія, магчыма, натхняць і цябе (пакуль толькі на рускай мове, але пераклады ўжо ў працэсе):

 

 

Кацярына Буніна

каардынатарка курса RADAvisual

«Калі вы хочаце зрабіць штосьці карыснае, то важна падумаць аб тым, як вы самі хацелі б, каб гэта зрабілі для вас. Як івэнт павінен быць арганізаваны? Як яго трэба візуальна прыпаднесці? Зразумела, што ва ўсіх розны ўзровень вымог, але тут яшчэ важна пытацца ў сваёй аўдыторыі. Не трэба саромецца. Зараз вельмі лагічна спытаць у канцы ці ў пачатку года: што вам падабаецца, а што вы хацелі б змяніць у спосабе падачы інфармацыі?

І, вядома, якасным візуалам часам можна выцягнуць нават "сярэднюю" ідэю і зачапіць увагу аўдыторыі. Але так атрымаецца толькі прыгожая абгортка, усярэдзіне якой нічога няма. Якасны візуал павінен падмацоўваць вашу дзейнасць і вашу ідэю. А ідэя павінна быць прадуманай, карыснай, важнай».

Увесну RADAvisual, хутчэй за ўсё, зноў набярэ ахвочых павучыцца прыгожай, якаснай «карцінцы» для сапраўды важных ідэй. Да базавых заняткаў плануюць дадаць блокі ўзроўнем паскладаней. Цяпер стваральнікі школы аналізуюць фідбэк ад спікераў(-ак) і ўдзельнікаў(-іц).