Промаскуіцет

Прыгоды электронікаў

Мы сустрэліся з прадстаўнікамі трох найбольш адметных прома-калектываў Меншчыны, каб разабрацца ў тым, хто і навошта робіць у краіне Анны Бонд оўпэн-эйры ў лесе і вечарыны ў закінутых санаторыях.


Колькасць існых прома падліку не паддаецца. Назіраецца сапраўдны промаскуіцет: адзінага партала, дзе можна было б падсілкавацца неабходнай інфой, няма. Да таго ж шмат якія арганізуюцца і распадаюцца так хуценька, што нават найбольш прасунутыя не ведаюць усяго тусачу.

Прома-групы – гэта перш за ўсё музычныя актывісты. Размах ваенных дзеянняў залежыць ад амбіцый, аднак каб пачаць арганізоўваць івэнты, паводле прамоўтараў, трэба толькі жаданне і павышаная сацыяльная актыўнасць. Прома-банда можа складацца нават з аднаго чэла, аднак часцей – гэта гурток сяброў, адзінкі з якіх жывуць толькі за кошт музыкі.

Далёка не для ўсіх зарабіць бабло – галоўная мэта. Прамоўтары кажуць, што калі менавіта бабос ёсць адзінай задачай – ранняя сівізна табе гарантуецца. Таму большасць імпрэзаў ладзіцца для асабістага задавальнення. Шмат якія прома існуюць да першага трапляння на сотні або штукі баксаў – потым змяняецца назва, і жыццё пачынаецца з чыстай старонкі. Ну а таму хлопцы і дзяўчаты не капіталістычна ставяцца да рэкламы.

 

Юзаюць сацсеткі ды сарафаннае радыё – найлепшыя і найбольш танныя сродкі распаўсюджвання інфы.

Шмат хто з прома-груп не любіць мець стасункі з клубамі, бо іх уласнікаў часцей за ўсё цікавіць нажыва з бухла, а не стварэнне і падтрымка іміджу культавага месца. Як сезоннае выйсце – ладзіць оўпэн-эйры недзе ў таемных месцах за межамі горада, калі на вольным паветры ў закінутых піянерлагерах або недабудаваных фабрыках збіраецца ад некалькіх дзясяткаў да тысячы чалавек.

Уваход на такія падзеі платны, аднак цэннік звычайна звышлаяльны. Дабірацца трэба на ўласным аўто або на электронах/маршрутках, ну і бар у кожнага свой, асабісты.

Каб даведацца пра гэта ў смачных дэталях, мы сустрэліся з прадстаўнікамі трох менскіх «андэграўндавых» (паводле ўласнага самавызначэння) прома-груп за кубкам гарбаты, кавы або гарачага шакаладу. Выбар ёсць заўсёды, і тыя, хто займаюцца любімай справай нягледзячы ні на што, – найлепшы доказ.

Euthanasia

Cтыль – psychedelic trance & techno/hard techno

Падрабязнасцівконтакте

З кім размаўляем? Лёша «Delos», 29 гадоў, бухгалтар па адукацыі, цяпер працуе на кампанію Wargaming, арганізатар і дзіджэй

Грае з 2000 года, прома заснаваў у 2003-м – такім чынам, гэта адна з самых доўгайграючых груп сталіцы (на цяперашні момант складаецца з Дэласа і дзіджэя Adrin).

 

Лёс Лёшы і стварэння прома-групы тыпова-паказальны для ўсіх працэсаў нулявых, калі пры адсутнасці ведаў і сувязяў энергічным і маладым была паўсюль дарога.

«Звадзіць трэкі я вучыўся па “Музыкальнай газеце”, – распавядае Лёша. – Там была калонка, прысвечаная электроннай музыцы, дзе я вычытаў асновы тэхнікі». Граць пачаў, калі схадзіў на левую вечарыну псіхадэдік-трансу ў легендарны клуб «4 апельсіны» у ДК МТЗ. А пасля з сябрам пайшлі выказаць свае «фэ» дырэктару – у выніку самі пачалі рабіць вечарыны. Граць вучыліся на месцы, трэніруючыся проста перад імпрэзай.

«Каб пераканаць начальніка аэраклуба аддаць нам ангар пад памяшканне, прыйшлося прайсці сем колаў пекла».

«Гэта былі цалкам андэграўндавыя вечарыны, мы ладзілі іх пасля вячэрняй дыскатэкі ў ДК МТЗ, – гаворыць Лёша. – Там часта дзяжурыла міліцыя, і мы не выпускалі людзей з метро, пакуль яна не з’едзе. Усе дзверы зачыняліся а першай гадзіне ночы – і ніхто да самай раніцы не мог ні зайсці, не выйсці, такія былі ўмовы».

Калі з «4 апельсінаў» зрабілі рэстаран «Сатурн», хлопцы рушылі на завод імя Вавілава. Там ёсць закінуты камбінат грамадскага харчавання з таямнічай гісторыяй стварэння. Аднак зала добрая, пад банкеты і вяселлі. Хлопцы ўзялі яе ў абарот ды з тых часоў і дагэтуль часам ладзяць там рэйвы.

Аднак рэйвы, якія зрабілі Euthanasia знакамітымі, праходзілі на аэрадроме «Баравая», сама назва якога з часам зрабілася брэндам. Далося няпроста: «Каб пераканаць начальніка аэраклуба аддаць нам ангар пад памяшканне, прыйшлося прайсці сем колаў пекла». Аднак гэта было таго варта – калі на першую вечарыну ў Баравой, зладжаную 5 ліпеня 2005 года, прыйшлі каля 400 чалавек, то на апошнюю, чацвёртую – каля 1500. Поспех быў ашаламляльны, і нават заўсёды шанцавала з надвор’ем. Канец прыйшоў у 2007 годзе, калі Euthanasia не здолела дамовіцца з міліцыяй. Прыйшлося ўсё перанесці ў клуб Step. Аднак раскручанае імя і брэнд пляцоўкі жывуць дагэтуль.

Іншыя легендарныя муткі ад Euthanasia – оўпэн-эйры «Бензапілы» і S.T.A.L.K.E.R.

Mad mouse promo

Стыль – drum and bass / dubstep

Падрабязнасці – вконтакте , madmouse.by

З кім размаўляем? Кірыл «Madmouse», 24 гады, працуе ў друкарні, арганізатар і дзіджэй. Юрка «Бро», 23 гады, атрымлівае другую вышэйшую адукацыю, арганізатар. Арцём «Hatskip», 23 гады, студэнт-завочнік, арганізатар, дзіджэй, вядзе школу дзіджэінгу Mix Maxer

 

Фармальна прома-групу 5 гадоў таму заснаваў Кірыл, але ўвогуле дакладнай іерархіі няма, усе робяць усё. Як тлумачыць Арцём, «хтосьці падчас імрэзы на ўваходзе квіткі збірае, іншы разлічваецца з клубам, з дзіджэямі, усё робіцца спантанна. Калі здарылася нейкая праблема – адключылася калонка або пачалася бойка, хто першы прыбяжыць – той і вырашае».

Дзіджэяць, акрамя Кірыла і Арцёма, яшчэ 5 чалавек. «Дзіджэі ў нас універсальныя. І драм-н-бэйс, і дабстэп, можам на карпаратывах палабаць, не, не цікавіць?» – рагочуць хлопцы.

«Хтосьці падчас імрэзы на ўваходзе квіткі збірае, іншы разлічваецца з клубам, з дзіджэямі, усё робіцца спантанна. Калі здарылася нейкая праблема – адключылася калонка або пачалася бойка, хто першы прыбяжыць – той і вырашае».

Раней імпрэзы ладзіліся прыблізна раз на месяц, але хлопцы вырашылі зрабіцца больш «сур’ёзнымі» ды больш увагі надаваць падрыхтоўцы падзеі – гук, свет, афармленне, рэклама. Пачуць іх можна у Re-public, і ходзяць на іх натоўпамі па 600 чалавек.

«Маўзы» зладзілі ў Менску міжнародны фэст электроннай музыкі Therapy sessions. Для тых, хто настальгуе па дзіцячых лагерах, сёлета рабілі Camping. «Оўпэн-эйр з намётамі і валейбольнымі сеткамі. З трэцяй гадзіны дня да наступнага вечара грала музыка ад кучы дзіджэяў, нават уначы таньчылі 500 чалавек», – распавядае Кірыл.

Таксама разам з Алексам Сек’ютам рабілі Ruins – рэйв недзе у сікрэт-плэйс у лесе. Як успамінае Арцём, «усе прыязджалі на электрычцы, выходзілі на станцыі, мы іх сустракалі. Тады было крута, чалавек 700–800. Навальніца, залева, усе былі мокрыя – але ж вельмі задаволеныя». Бясспрэчны плюс імпрэзаў такога кшталту – выпадковых людзей не бывае, збіраюцца толькі свае. З левых наведнікаў бадай што грыбнікі, але ж нават яны не скардзяцца.

 

Sun technique promo

Стыль – 8-bit, downtempo, dub, dub wise, roots, IDM

Падрабязнасці – вконтакте

З кім размаўляем? Дзіма «Next space», 21 год, тэхнік-электронік па першай адукацыі, цяпер вучыцца на псіхолага, арганізатар і дзіджэй. Максім, 27 гадоў, вакаліст у постпанк-гурце, працуе менеджарам, па адукацыі сталяр-цясляр, арганізатар. Яўген, 22 гады, атрымлівае вышэйшую адукацыю, арганізатар і, калі трэба, «запаўняе дзіркі ў лайн-апе».

 

Піянеры і прапагандысты культуры «8 біт» у Беларусі. «Яна вабіла не толькі рытмамі, не толькі гучаннем, але і даступнасцю – кажа Яўген. – Усё геніяльнае проста – такі лозунг. Усё, што табе трэба, – мець 10 пальцаў і гейм-бой, які можна цягаць з сабой і пісаць на ім музыку. Вядома, не кожны твор можна будзе слухаць, але ж паспрабаваць можа кожны».

Два гады таму хлопцы загарэліся ідэяй і кінулі заклік па Беларусі – высветлілася, што ў нас існуюць аматары, якія ажно з 1980-х гадоў пішуць музыку стылю «8 біт». І панеслася – сярод іншага, хлопцы рабілі тру-вечарыны Smart japanese: з гейм-боямі, олдскульнымі прыстаўкамі ды DDR (такая гульня з фільму Wasabi). Менавіта ў іх на вечарынах граў CJClip з паказальным для ўсёй беларускай сцэны лёсам: тут быў мала каму патрэбны, таму з’ехаў у Кіеў, дзе, гавораць, шчасце свае знайшоў.

«Праблема ў тым, што ніхто не абмяркоўвае напаўненне музычнага сэта, а толькі формы дзяўчыны за пультам».

Увогуле, «сантэхнікі» мэтанакіравана адыходзяць ад вечарын у стылі «музыка і піва» ды спрабуюць, як кажа Яўген, «працаваць з тонкімі матэрыямі чалавечай душы ды камунікацыямі, то бок закладаць у канцэпцыю вечарыны нейкія сацыяльныя, палітычныя або культурныя пытанні». Напрыклад, яны звярнулі ўвагу на няправільны вектар развіцця жаночага дзіджэінгу. Праблема ў тым, што ніхто не абмяркоўвае напаўненне музычнага сэта, а толькі формы дзяўчыны за пультам. І каб распачаць дыскусію, гендэрна свядомыя хлопцы зрабілі серыю вечарын «Пазітыўная Дыскрымінацыя» з лайн-апам выключна з дзіджэяў-дзяўчат. Музыкай ніхто расчараваны не быў.

Вытрымліваючы імідж, даводзіцца замарачвацца з афармленнем залы і чыл-аўта, каб сапраўды прапаноўваюць альтэрнатыву алкагольнаму баўленню часу.

Паводле «сантэхнікаў», арганізацыя кожнай імпрэзы – гэта авантура. «У падсвядомасці жыве ўспрыманне хэдлайнера як чалавека з-за мяжы», – гаворыць Яўген. Аднак зноў жа, можна паклікаць піцерскага сябра за пляшку гарэлкі ў якасці ганарару або, рызыкуючы сваімі залатымі яйцамі, паспрабаваць сабраць інертную публіку на дарагога замежнага госця.

 

Фота by Max Nikolaychik і palasatka

ГЛЯДЗІ ТАКСАМА:
Share

КАМЕНТАРЫ
СПАЧАТКУ СТАРЫЯ СПАЧАТКУ НОВЫЯ

ava

Хведар Дастаеўскі

22-11-2011, 16:41

Лёша «Delos» - прывітанне ад супарту :p . Я i не ведаў, што эўтаназія гэта ты =))

Адказаць

Я

22-11-2011, 19:01

на руинах левых людей не бывает как и на всех мероприятиях, подтверждаю
утренние разборки быдланов с травматами и пьяные малолетки в электричках - все свои ога :)
одни из руин этого лета)

Адказаць

клаббер

01-12-2011, 02:17

неполный сюжет. нет культового grave board clan'a фрики ещё те. и ещё пару промо кот. достойны освещения.

Адказаць

КАМЕНТАВАЦЬ