Чаму ўсе гавораць пра Паўла Пражко?

  • 25.07.2018
  • Аўтар: Rudenka
  • 10328

Раптам усе сталі казаць пра беларускага драматурга Паўла Пражко, запісваць відэа са сваімі меркаваннямі пра яго, публічна чытаць яго п'есы і ўдзельнічаць у марафоне «Жизнь удалась». Усё гэта адбываецца ў рамках краўдфандынгавай кампаніі «Павел Пряжко. Пьесы и тексты». Расказваем, навошта ўсё-ткі казаць пра Пражко і што такога ён зрабіў для беларускай драматургіі, каб мы ўсе сабралі грошы на яго кнігу.

 

Павел Пражко – гэта

З простага і блізкага нам: Павел – саракатрохгадовы ўраджэнец Менска. Уладальнік дзвюх няскончаных адукацый – юрыста і літработніка. Піша п'есы з 2004 года і з таго ж года ўдзельнічае ў чытках, конкурсах і тэатральных фестывалях. Спектаклі па яго п'есах мінімум двойчы намінаваліся на «Залатую Маску» (расійскі тэатральны «Оскар». – 34mag) і ставіліся ў знакамітых расійскіх тэатрах – «Театр.doc» і «Театр post». На менскай сцэне ў апошні раз быў пастаўлены ў рамках «ТЭАРТ-2013» (п'еса «Сумны хакеіст»), на сцэне Магілёўскага драматычнага тэатра ставілася «Хозяин кофейни».

 

 

 

10 прычын, чаму Павел Пражко круты


 Прычына 1. Прызнанне «там» 

Можна асабліва не прыглядацца і ўсё роўна заўважыць, што беларусы(-кі) амаль не знаёмыя з п'есамі Пражко, калі не чыталі іх у інтэрнэце і не ставілі самі ў ліцэйскіх тэатрах. Тыповая і абсурдная сітуацыя: у Расіі ставяцца яго п'есы, у Маскве ледзь не ствараецца «Тэатр Пражко», а ў Беларусі ўсё адмяняецца з-за «нізкага мастацкага ўзроўню» матэрыялу.


 Прычына 2. Фрыстайл 

Прыхільнікі класічных формаў адчуюць сябе няёмка: у п’есе «Хозяин кофейни» плынь думак пазбаўлена граматычнага афармлення, у творы «Жизнь удалась» апісваюцца будні гоп-кампаніі, а «Я свободен» – гэта 535 фотаздымкаў з подпісамі. І ўсё ж п'есы распавядаюць пра паўсядзённае жыццё, пра якое наогул не прынята было гаварыць.


 Прычына 3. Фіксатар штодзённасці 

Працы Пражко з вялікай акадэмічнай сцэны яшчэ не гучалі: сам аўтар не імкнецца да рэвалюцыі ў традыцыйным тэатры. Але незалежныя беларускія праекты гатовыя, могуць і павінны ставіцца. Інакш як распавядаць пра паўсядзённае жыццё, дзе чалавек не можа скончыць без кахання.

Пра бліжэйшую будучыню тэкстаў Пражко вядома адно: НАДТ ім. Янкі Купалы плануе ў новым тэатральным сезоне ставіць п'есу «Урожай» у рэжысуры Дзмітрыя Цішко.


 Прычына 4. Няма аглядкі на традыцыйны тэатр 

Унікальнасць творчасці Паўла Пражко – у разнастайнасці формаў, у смеласці перастаць рабіць традыцыйны тэатр і пачаць рабіць свой. Таму ў монаспектаклі яго героем можа быць ён сам і прамаўляць: «Меня зовут павел пряжко. Я лежал и думал. Во первых я сразу подумал вот я хочу чем-то поделится и уже вот сейчас получается написал а надеюсь актер произнесет этот текст написал: вот я хочу чем-то поделится» (арфаграфія і пунктуацыя захаваныя. – 34mag).


 Прычына 5. Шурпатая мова 

Гэта стварэнне п'есы анлайн: сеў, падумаў, напісаў, пакуль думаў. Працяг гісторыі з творчасцю «тут і цяпер». Тэкст важны, калі ён не проста напісаны пра сучаснасць, але і сам «быў» у гэтай сучаснасці: «есть ошибка или нет, это не смертельно. Хуже мне кажется, когда начинаешь исправлять. Это уже типа думаешь надо чтобы всё было красиво. чтобы всё было правильно. И это красиво и правильно затмевает весь смысл» (арфаграфія і пунктуацыя захаваныя. – 34mag).


 Прычына 6. Няма штучнасці 

Мова ў п'есах Пражко адлюстроўвае жыццё сумленней за ўсе магчымыя фатаграфіі і рэмаркі. Калі гэта героі і гераіні, якія належаць да гопнікаў, то яны і кажуць без усёй «духоўнасці» і карысці камунікацыі. Яны могуць не валодаць вялікім культурным бэкграўндам і ўсё роўна перадаваць пачуццё, сітуацыю, якія зразумелыя ўсім нам. Чытаць такія п'есы важна, каб зразумець, што самапаўторы, паўзы і мат не горш за дзеепрыслоўі і ўзнёслыя выклічнікі могуць распавядаць пра эмоцыі.


 Прычына 7. Новыя формы 

Можа падацца, што на адных словах уся слава Пражко як драматурга і заканчваецца. Але сумесна з перформерам і мастаком Філіпам Грыгар’янам ён стварае і ставіць п'есу «Третья смена» у Тэатры ім. Ёзэфа Бойса. І гэта абсалютна іншая гісторыя – пра невербальны, відовішчны і пластычны тэатр. І ўсё тая ж новая драма Пражко. Але, зноў жа, у Расіі.


 Прычына 8. П'есы не пра персанажаў, а пра людзей 

Мы не маем нічога супраць п'ес, дзе існуе сістэма персанажаў. А Пражко мае: «Персанажы – гэта персанажы, людзі – гэта людзі. Я пішу пра людзей». Гаворка яго герояў не рэдагуецца, таму што нельга адразу пафіксіць тое, што сказаў(-ла) у рэальнасці. Шчырае заўсёды атрымліваецца карава або брудна – без падбору слоў і ўсякіх там «і з'ехалі яны ў захад сонца». У сумленных п'есах Пражко калі камусьці балюча, то гэты чалавек скажа «бл*ць», а калі вельмі добра, то – «а*уена» (без зорачак). Калі гаворка яго герояў не адпавядае рэальнасці, то гэта, на думку аўтара, нерэальная п'еса. Пара хадзіць у тэатр, каб глядзець на жыццё такіх, як мы самі.


 Прычына 9. Дапамога калегам 

Пакуль у нас не становяцца папулярнымі пастаноўкі па п'есах Пражко, у тэатрах звяртаюцца да яго «паслядоўнікаў». Сёння Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Корпорейшн» ставіць «С училища» па п'есе Андрэя Іванова. Таксама дзёрзкая, «брудная» і вельмі сапраўдная пастаноўка пра гопніцу з ПТВ. У Беларусі яе наўрад ці пакажуць у Горкаўскім ці хаця б на камернай сцэне Купалаўскага тэатра.


 Прычына 10. Яго кнігу хочуць выдаць іншыя людзі 

Мы напісалі гэты тэкст, ведаючы пра краўдфандынгавую кампанію па выданні кнігі Паўла Пражко. Над праектам працавала каманда куратарак будучай «Школы Тэарту – 2018», мастак Сяргей Шабохін і выпускнікі(-цы) ECLAB. Цяпер яны чакаюць, калі і ты акунешся ў тэатральнае жыццё Беларусі.

Калі цябе чапляюць тэмы сучаснай літаратуры, калі ты прызнаеш, што беларускі тэатр ужо гадоў дваццаць не круціцца вакол «Паўлінкі» – проста ахвяруй парай кубкаў кавы дзеля выдання кнігі самага вострага беларускага драматурга.

 

 Падтрымаць 

 

 

Вікторыя Белякова

тэатразнаўца, кіраўніца конкурсу-фестывалю сучаснай беларускай драматургіі WriteBox:


– Тэксты Пражко – пра нас з вамі, пра жыццё чалавека новага свету ў дэталях, якія настолькі відавочныя, што не заўважаем іх. Гэтыя падрабязнасці і ёсць наша рэальнасць, якая вызначае звычкі, манеры і фокус гледжання чалавека XXI стагоддзя. Павел Пражко фіксуе тое, што сціраецца штодзённасцю, са спакоем даследчыка прапануе нам новы погляд на саміх сябе ў знаёмых прапанаваных абставінах. Кніга-зборнік – гэта безумоўны выклік таму самаму свету п'ес Пражко, свету гулу метро і аўтадарог, імклівасці гаджэтаў і хуткасці камунікацый сучаснага чалавека. Узяць кнігу ў рукі – значыць знайсці ў сабе сілы паглядзець на тое, якія мы збоку.

 

 

Што пачытаць, каб пачаць разбірацца ў Пражко і новай драме

 Выпускі літаратурна-філасофскага часопіса «Топос», публікацыі серыі «Новая драма» Паўла Руднева. У адной з іх, дарэчы, ёсць артыкул пра п'есу Пражко «Запертая дверь».

 П'есы Паўла Пражко ў тэатральнай бібліятэцы Сяргея Яфімава.

 Артыкул Тані Арцімовіч для зборніка «Постсавецкая драматургія. Галоўны акцэнт пасля цэнзуры» і замацаваць гэтую справу яе лекцыяй «Павел Пражко. Тэкст як маментальная фатаграфія» на «Еўрапейскім кафэ».

 Рэцэнзіі тэатральнага крытыка Ганны Банасюкевіч і артыкулы тэатразнаўцы Крысціны Мацвіенка.

КАМЕНТАРЫ (4)

Наста
Наста | 30.07.2018 18:41

Не згаджуся з тым, што Пражко быў у апошні раз пастаўлены ў 2013-ым годзе.
У гэтым годзе Цімафей Ткачоў паставіў у РТБД спектакль "Калхознікі" па ягонай п'есе "Тры дні ў пекле". Праўда, гэта быў ягоны дыпломны спектакль, але дакладна было некалькі паказаў (я сама была на двух, бо атрымалася вельмі добра).

0 0
Аля
Аля | 26.07.2018 14:28

Не прошло и 10 лет, ага.

1 1
Анжей
Анжей | 26.07.2018 12:35

Николай Пинигин анонсировал, что в следующем году в Купаловском хотят поставить "Урожай" Пряжко (режиссер Дмитрий Тишко).

2 0 +2
Аля
Аля | 26.07.2018 14:29

Коммент выше это сюда)

0 0