Minsk Music Sessions: бэкстэйдж

Minsk Music Sessions – відэапраект пра горад і музыку – на працягу ўсяго лета разам з беларускімі музыкантамі агучваў унікальныя лакацыі Менска. За дзесяць выпускаў мы забраліся на дах офіса velcom, на дах LSTR у Шабанах, у цэх «Мотавела», у ангар «ЦЭХа» і «Хулігана», заглянулі ў каларытны дворык у Асмалоўцы, у сюррэалістычны дворык з жывёламі ў Зялёным лузе, пад чыгуначныя масты ля ўніверсітэцкага кампуса і ля Трактарнага завода, зацанілі графіці на старэйшай «хол-оф-фэйм» на Харкаўскай і згулялі ў рэгбі на стадыёне ў Сцяпянцы. Як ствараліся гэтыя сцэны, чытай-глядзі інсайты арганізатараў шоу.

 

Статыстыка лета паказала, што першы сезон Minsk Music Sessions меў даволі вялікі поспех. На ўсіх платформах – на 34mag, у сацыяльных сетках, на afisha.tut.by і Citydog.by – нас паглядзелі больш за 180 тыс. разоў. У выпускі траплялі музыкі, якія падабаліся нам самім, а таму ў выбарцы – і мэтры, і пачаткоўцы. «РСП», Dirty Owl, Akute, Awlnight, Shuma, Murovei, Ілля Чарапко-Самахвалаў і CherryVata – першы сезон быў добрай раскачкай, а між тым у нас ужо шмат ідэяў і дамоўленасцяў з музыкантамі наконт наступнага сезона. Прыемна, што пляцоўкі і музыкі ідуць нам насустрач. Вопыт калабарацый – гэта, безумоўна, нешта новае для ўсіх, і мы самі вучымся, але толькі так магчыма зрабіць праекты маштабнымі і сапраўды крутымі.

Мы апыталі стваральнікаў праекту, што для іх значыць Minsk Music Sessions і як далей ён будзе развівацца.

 

 

Кася Сырамалот aka palasatka

(аўтарка ідэі, дызайнерка і аператарка праекту)

– Я вельмі люблю і часта гляджу live-відэапраекты з музыкамі па ўсім свеце. І, вядома, хацелася нешта падобнае зрабіць у Беларусі. Штуршком стаў Tallin Music Week, на які я трапіла ў гэтым годзе – і зразумела, што калі ёсць ідэя, вера ў яе і ёсць якія-ніякія кантакты і рэсурсы, то ўсё можна арганізаваць. Мне падаецца, Менску катастрафічна не стае амбітнасці: мы не ўмеем заяўляць пра сябе і прызвычаіліся нават калі рабіць нешта крутое, то пра гэта сціпленька маўчаць. Добрым музыкам не стае слухачоў, прома і пляцовак, а гораду не стае драйву і жыцця. Чаму б не аб’яднаць дзве магутныя сілы разам?

Хацелася атрымаць своеасаблівы злепак рэальнасці. Музыка існуе не толькі на сцэне – яна з намі паўсюль. І таму было цікава паспрабаваць упісаць музыкаў у горад Менск і даць ім голас на вуліцах, паглядзець, як яны будуць гучаць не толькі ў сценах клубаў.

Дамовіцца са здымачнай камандай з 4-5 чалавек, з музычнымі гуртамі, з пляцоўкамі, а таксама маліцца на надвор’е – калі ты не маеш саліднага вопыту вялікай прадакшн-студыі за плячыма, напачатку дастаткова цяжка, але тым і цікава. На шчасце, аказалася, што такі талент дамаўляцца і арганізаваць усіх прыехаць у адно месца ёсць у нашай Караліны, за што ёй шчырыя рэспекты.

 

Караліна Палякова

(прадзюсарка, аператарка)

– Я сабе ўяўляла ўсё куды прасцей: прыводзіш музыкаў на месца, бярэш камеру і здымаеш. Але ў гэтай справе завязана нашмат больш складаных працэсаў. Трэба было сінхранізаваць музыкаў, аператараў, гукавікоў – а ўсе людзі творчыя – задача амаль неверагодная. Плюс надвор’е, дадатковая апаратура, святло.

Да таго ж мая задача была – акуратна і прыгожа звязаць музыканта і асяроддзе. Напрыклад, з Dirty Owl мы дагэтуль не былі знаёмыя, і ён хацеў запісацца на заводзе. Я падумала: «Лёгка!» – і дамовілася з прамысловым гігантам «Мотавела» (дзякуй, канешне, за гэта Мішу Малікіну). Звязаць адных з іншымі вельмі проста, калі не баяцца, што яны адмовяць ці табе давядзецца плаціць цэлую кучу бабак. Мы ніколі не выдаткоўвалі грошы на арэнду пляцоўкі, гэта была прынцыповая пазіцыя.

Не заўсёды ўсё ішло згодна з планам. Напрыклад, калі здымалі Воўку Плюмбума, я наўпрост бачыла кадр на стадыёне «Трактар», засынала, уяўляла ўжо, як мы ўсё гэта зладжана здымем. А на наступны дзень мы пад'язджаем да стадыёна, а ён увесь чырвоны ад крапавых берэтаў (на стадыёне футбольны матч, так выйшла). Падумалі, што дамовіцца з гэтымі хлопцамі дакладна не атрымаецца, і паехалі пад мост на Радыяльнай вуліцы.

Вельмі складна атрымалася са здымкамі калектыву Shuma. Яны былі гатовыя стаяць пад зусім не летнім ветрам дзеля таго, каб усё атрымалася. Верагодна, гэта некалькі адбілася на іх галасах у выніку, але, значыць, Менск так вырашыў.
У Менску важна шпацыраваць, ён можа здавацца абрыдлым, шэрым, велічэзным, шырокім, але, калі ты па ім шпацыруеш, ён паказвае цэлую кучу вельмі фотагенічных месцаў.

Для нас MMS – вялізны эксперымент. Я, напрыклад, зразумела, што ніколі нельга выключаць камеру, калі ты здымаеш музыку. Праз тое, што я фатографка, я здымаю момант і адразу ад яго адыходжу. У сітуацыі з відэа трэба стаяць з націснутай кнопкай, як бы табе ні хацелася падхапіць яшчэ некалькі момантаў, таму што гэты дубль трэба зняць цалкам.

Мяне больш за ўсё прэ вынік і фідбэк. Неабавязкова ў нас вылізаны прадакшн, гук мы запісваем, як ён ёсць. Нам важна паказаць, як гучыць канкрэтны чалавек у пэўным месцы, таму, калі ты бачыш і чуеш, як гэта адбывалася, – я атрымліваю самае вялікае задавальненне.

Спачатку нам падавалася, што беларускіх музыкаў мала, але гэта не так. Электронных музыкаў, напрыклад, у нас як айцішнікаў.

 

 

Наташа Зінкевіч

(рэжысёрка, аператарка)

– Праз невялікія ўкладанні і энтузіязм можна атрымаць вельмі круты вынік. Важна не тое, якімі ты сродкамі здымаеш, а важна, што ты здымаеш. Для мяне стала адкрыццём, што ўсе музыкі, з якімі мы працавалі, аказаліся неверагодна прыязнымі, адкрытымі, нацэленымі на круты вынік, з жаданнем паўдзельнічаць у такім праекце.

Справа жыве, і людзі хочуць паглядзець каго-небудзь яшчэ. У гэтых відосах важна не толькі тое, што мы імкнемся атрымаць якасны прадукт, але і што гэты прадукт знаходзіцца непасрэдна ў камунікацыі з тымі жыццёвымі рэаліямі, якія ёсць у горадзе, з асяроддзем, у якім мы здымаем музыкаў. На тое яно і 34, што часам можна здымаць на тэлефон, а часам і кранам з незлічонай здымачнай камандай. Самае галоўнае, што мы крута папрацавалі, пасябравалі і атрымалі класны вынік. Класна прабавілі час.

Антон Кашлікаў

(куратар праекту Minsk Music Sessions)

– Больш за ўсё ад Minsk Music Sessions мне хацелася разнастайнасці – у артыстах, стылях, лакацыях, у здымках і мантажы. І ў гэтым плане першы сезон безумоўна прынёс мне задавальненне. І, здаецца, не толькі мне, а яшчэ пэўнай колькасці добрых людзей.

Minsk Music Sessions – па-мойму, першы ў Беларусі праект такога кшталту, і ён абавязкова будзе працягнуты. У другім сезоне мы плануем звярнуць большую ўвагу на электронную сцэну, і, калі ўсё будзе ісці як мае быць, напрыканцы зладзім грандыёзную паці ў якой-небудзь цікавай лакацыі.

Асобны рэспект хочацца выказаць партнёрам першага сезона – velcom, а таксама нашым сябрам па інфармацыйнай зброі – CityDog.by і afisha.tut.by.

 

 

Асобны дзякуй:
Мішу Малікіну, Віцы Луд, Tracy HipHop, Ketchup, Murovei, KorneJ, Sheeborshee, Astah, Вячаславу Мазаю, бару «Хуліган», рэгбійнай камандзе «Гражданочка», калегам з velcom, CityDog, afisha.tut.by і LSTR, а таксама ўсім музыкам, якія ўдзельнічалі ў праекце. Рэспект і біг апс!

 

 

 

 

Усе выпускі

Першы сезон

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 


КАМЕНТАРЫ (7)

віктар сямашка
віктар сямашка | 3.09.2016 13:05

http://streetmusic.grodno.net/map.html?lang=by

0 0
Carolina Poliakova | 6.09.2016 23:24

Как прикольно!))

0 0
Назіральнік
Назіральнік | 30.08.2016 21:21

А ці ведаеце вы рабяты, што 2 гады таму ў Варшаве здымалі Warsaw music sessions у падобных лакацыях ? Супадзенне, не думаю.

4 10 -6
Эдзісан
Эдзісан | 31.08.2016 00:22

Ідэі даўно вядома што не ўнікальныя, але беларус паўсюль бачыць змову.

7 1 +6
| 30.08.2016 22:41

У кожным вялікім горадзе знойдзецца пяток прыстойных live-відэапраектаў. Магу назваць шмат прыкладаў. У нас, нажаль, такіх цікавых з беларускімі музыкамі мы не бачылі.

7 0 +7
Anton Kashlikov | 30.08.2016 22:03

Падзеліцеся спасылачкай?

7 0 +7
Кирилл
Кирилл | 30.08.2016 16:43

Дзякуй за такi круты праект!

11 1 +10