Непрамоўленыя гісторыі

  • 17.06.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 6549

Сёння а 19:00 у прасторы «ЦЭХ» адкрываецца выставачна-дыскусійны праект «ECLAB_Інтэракцыя», прысвечаны беларускім эпохам і сучаснасці, якія часцяком замоўчваюцца і не прагаворваюцца. Арганізатары сканцэнтраваліся на менскіх нефармальных супольнасцях 1980–90-х, Халакосце і сучасных жаночых тапонімах горада. Акрамя экспазіцыйнай часткі, цягам 10 дзён цябе чакае шчыльная дыскусійная праграма на гэтыя – і не толькі – тэмы.

 

Выстава арганізаваная Еўрапейскім каледжам Liberal Arts у Беларусі (ECLAB) і з’яўляецца, па сутнасці, публічным працягам адукацыйнай дзейнасці ўстановы. Цягам навучальнага года студэнты прапампоўваліся па адным з шасці напрамкаў: «Сучаснае мастацтва і тэатр», «Інтэрнэт і грамадства», «Масавая культура і медыя», «Гендарныя даследаванні», «Публічная гісторыя» і «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка» – а пасля абіралі тэмы, вартыя дыскусій у публічнай прасторы. Так атрымалася, што ўсе абраныя тэмы аб’ядноўвае непрамоўленасць і нябачнасць у медыя, асабліва ў дзяржаўных.

Экспазіцыя складаецца з чатырох частак. Першая – фотаархіў плюс паўсядзённыя рэчы, якія належалі менскім нефармалам познесавецкай эпохі. Тут можна знайсці сапраўдныя хіпанскія фенечкі, калекцыю вінілу, касет і легендарных часопісаў кшталту «Контркультура» і «Рок-лабараторыя», самвыдатаўскія літаратурныя шэдэўры і нататкі аўтаспыншчыцы. Таксама на мапе пазначаны нефармальныя месцы Менска: «Панікоўка», «Масоны», «Лесвіца».

 

 

 

Другая секцыя прысвечана афіцыёзным артэфактам эпохі. З выставачных сцен глядзяць бадзёрыя твары з вокладак «Огонька» і «Работніцы і сялянкі», побач за шклом схаваўся маленькі бюст Леніна, а над ім вісіць ідэалагічны статут савецкіх педагогаў. Трэцяя частка – самая даўняя і сур’ёзная. Тэма – Халакост. Стоп-кадры з фільмаў на гэтую тэматыку, мапа менскіх месцаў, звязаных з Халакостам, ствараюць атмасферу гэтай часткі галерэі. Чацвёртая частка прысвечана жаночаму Менску – месцам у горадзе, дзе працуюць мастачкі ў сваіх майстэрнях. Таксама тут арганізатары прэзентуюць кнігу «Фемінісцкая (арт) крытыка» – плён працы выкладчыкаў каледжа, якую ты зможаш пагартаць наўпрост на пастаменце.

 

 

Экспазіцыйную частку падтрымлівае не менш насычаная дыскусійная праграма. Цягам дзесяці дзён на пляцоўцы «ЦЭХа» пройдуць лекцыі, прэзентацыі, чыткі п’ес, тэатральныя пастаноўкі, кінапрагляды, адбудуцца дзве экскурсіі: роварная па былых нефармальных месцах горада і экскурсія па «жаночым Менску» – майстэрням сучасных мастачак. Падрабязную праграму мерапрыемстваў шукай тут. Алёна Талапіла, адміністратарка праекту, асабліва раіць зазірнуць на прэзентацыю кнігі нямецка-амерыканскай даследчыцы Анікі Вальке «Піянеры і партызаны: вусная гісторыя нацысцкага генацыду ў Беларусі», дыскусію са знакамітым французскім філосафам Мішэлем Ельчанінавым і на паказ дакументальнага спектакля «Шэрая вясёлка», падрыхтаванага студэнтамі ECLAB.

 

«З аднаго боку, “ECLAB_Інтэракцыя” – гэта справаздача студэнтаў, рэалізацыя іх ведаў на практыцы ў публічнай прасторы, з другога – выклік для наступных наведнікаў каледжа, – кажа каардынатарка выставы Аксана Жгіроўская. – Яе ўнікальнасць у тым, што выстава рабілася студэнтамі нароўні з выкладчыкамі. І ў гэтай сітуацыі важна знаходзіцца ў гарызантальных адносінах, давяраць і быць адказнымі адно перад адным. Мне падаецца, гэта самае важнае ў праекце».

 

 

Выстава працягнецца з 17 па 26 чэрвеня ў прасторы «ЦЭХ». Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны. На закрыццё выпускнікі рыхтуюць грандыёзную вечарынку на вуліцы вакол «Хулігана».

 

Праграма выставы