Адкрытая лятучка. Vol. II

  • 18.10.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 5469

У траўні 2015-га мы замуцілі праект «Медыя», у межах якога зладзілі чатыры адкрытыя сустрэчы з рэдактарамі самых маладых і актыўных менскіх СМІ. За паўтара года беларускі медыйны ландшафт паспеў крыху змяніцца, наш сайт – абнуліцца, а ЕГУ – выпусціць у свет некалькі дзясяткаў маладых бакалаўраў. Press Club Belarus пры ментарскай падтрымцы 34mag аднаўляе фармат лятучак і запрашае наведацца на першую з іх – з удзелам рэдактарскага складу TUT.by – ужо ў гэты чацвер.

 

«Адкрытая лятучка» – гэта магчымасць даведацца з першых вуснаў пра ўнутраную кухню асноўных гульцоў беларускага медыйнага поля. Мэта праекту – звесці ў афлайне рэдактараў і чытачоў СМІ, а таксама маладых прафесіяналаў, якія мараць пракласці (марна) сваю сцежку ў журналістыцы. Падчас сустрэч мы пагаворым пра паўсядзённую працу ў рэдакцыях, размеркаванне абавязкаў, манетызацыю і пошук супрацоўнікаў. У лепшых традыцыях – слухачы атрымаюць магчымасць задаць свае пытанні і прапанаваць тэмы для асвятлення. Заадно высветліцца, як тэмы дзеляцца на катэгорыі «адразу так» і «адразу не».

Press Сlub Belarus з бласлаўлення 34mag запускае другі сезон лятучак – цяпер івэнты будуць адбывацца кожны месяц на пляцоўцы клуба ў цэнтры Менска (адрас глядзі ў афішы). Мы таксама вырашылі пашырыць кола спікераў і першымі запрасілі рэдактарскі корпус буйнейшага анлайн-партала TUT.by. Сустрэча з галоўнай рэдактаркай Марынай Золатавай і яе паплечніцамі Аленай Шалаевай ды Ульянай Бабаед пройдзе ў гэты чацвер, 20 кастрычніка, а 18:30.

Далей – болей. Сачы за нашай афішай.

Падзея ў Facebook