Раён-камуна Новы Сьвет

“Гэта добрае месца, каб застацца ў Таліне!”

Калі потым у мяне пыталіся, што гэта за рабяты такія, у якіх мы ўпісваліся ў Таліне ў лістападзе 2008 году, даць пэўны адказ было цяжка.

Мастакі? Музыкі? Літаратары? Панкі? Гіпі? Анал-грайндары? Рэйвэры? Тусоўшчыкі? Анархісты? Апаліты? Эколягі? Грамадскія дзеячы? Жыхары талінскага раёну Новы Сьвет не падлягаюць ніякім клясыфікацыям. Што іх хвалюе па-сапраўднаму, дык гэта іхны раён. Менавіта з гэтай нагоды яны сабраліся разам: каб зрабіць Новы сьвет (так, суполка і назвалася ў гонар раёну) жывым асяродкам, які б вылучаўся сярод іншых частак гораду.

Адзін з жыхароў - раварыст без галавы

“Добрых вам оргій у Таліне!”
– пракрычаў на разьвітаньне дальнабойшчык, калі мы з заплечнікамі ўжо стаялі на асфальце недалёка ад латыска-эстонскай мяжы. У Дашыных руках цяпер быў падарунак – бутэлька з танным падробным абсэнтам, які першапачаткова прызначаўся для адной з каханак нашага кіроўцы, мяркуючы па ягоных аповедах і відэа на мабільным – вялікага аматара калектыўнага садамаза.

Але мы так і не прыдумалі, навошта  ўвогуле сунемся ў Талін – каб два дні турыстамі гуляць па Старым горадзе? Да таго ж, упіска гэтым разам абяцала быць самай звычайнай – нейкі інтэлігенцік Маркус на фоне Эйфэлевай вежы, адзінае што – вялікая кватэра недалёка ад цэнтру (так паведаміў профіль на couchsurfing.org). Але калі а 11-ай вечара мы нарэшце дабраліся да патрэбнай нам вуліцы Койду, дом 82, то на хвілінку падалося, што мы ў нейкім кіно про швэдзкую ці фінскую (а мо і нарвэжскую) камуну гіпі. Утульны трохпавярховы драўляны будынак, вокны першага паверху залітыя жоўта-памаранчавым сьвятлом, на фоне якога шматлікія сылюэты танчаць, граюць на гітары, п’юць, ядуць....

WiFi без электрычнасьці
“А, гэта вы? Праходзьце! – крыху расьсеяна сказаў Маркус, адчыніўшы нам дзьверы. – Вітаем у Новым сьвеце!” Відавочна, у той вечар мы былі далёка не адзінымі гасьцямі: хлопец з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, дзяўчына са Швэйцарыі і іхны сабака, якія пешкі ідуць да нейкіх хворых дзяцей з самага паўночнага пункту Эўропы ў Нарвэгіі да самага паўднёвага ў Грэцыі*; дзяўчына-мастачка з Парыжу, якую задзёўб снабізм яе роднага гораду; шматлікая польска-фінская дыяспара і бразілец, які з нагоды знаёмства выціснуў зубную пасту мне на галаву. Да таго ж – прыстойная колькасьць мясцовых. Адзін зь іх, загадкавы малады чалавек у цёмна-зялёным швэдары, чымсьці няўлоўна падобны на эльфа, усьміхнуўся нам і з клясычным акцэнтам прамовіў: “Гэта добрае месца, каб застацца ў Таліне!”

Хутка Эрка, другі сталы жыхар гэтага дзіўнага дому, праводзіў нас на другі паверх і растапіў печку. Гэта ня надта дапамагло, але нам было ўжо пофіг – кажуць, карысна спаць у прахалодзе. Амаль навобмацк мы зрабілі невялікае дасьледаваньне другога паверху. Пакоі на ім выглядалі зусім закінутымі, акрамя пакою Маркуса і суседняга зь ім нашага. Электрычнасьці, як вы, пэўна, ўжо здагадаліся, не было, затое ў паўцемры адшукаліся арыгінальныя дэталі інтэр'еру – расчлянёнка лялек барбі. А, і яшчэ паўсюль лавіў wifi.

Перад сном, завітаўшы ў прыбіральню, я заўважыла на сьцяне паперу – афіцыйную заяву ў расейскую амбасаду ад імя Эркі і яшчэ некалькіх чалавек з просьбай не адмаўляць ім у выдачы расейскай візы. “А, проста ў нашых анкетах былі фоткі, дзе мы нібыта ванітуем. Мы хацелі пажартаваць, а яны там у амбасадзе дужа пакрыўдзіліся і сказалі, што гэта абраза ўсёй РФ”, – патлумачыў Эрка і, пазяхнуўшы, пайшоў спаць.

Ешце, госьці дарагія
Ім – у другой палове другога дзясятку. Пра сваю адукацыю, няхай гэта нават не адна вышэйшая, яны кажуць проста: “Ну, яна ў нас ёсьць”. І яны не сядзяць склаўшы рукі. Зьмяншэньне трафіку і павелічэньне пешых зонаў, высаджваньне дрэваў, правядзеньне блышыных і іншых вулічных кірмашоў, лекцыяў па гісторыі, архітэктуры і эканоміцы, open-air выстава, прысьвечаная раёну, догляд за мясцовымі дзецьмі, веламайстэрня, кніжная крама – вось далёка ня поўны сьпіс плянаў і праектаў Новага Сьвету, якія ўжо дзейнічаюць ці знаходзяцца ў працэсе актыўнай падрыхтоўкі.

Куды падзеліся ўсе дзеці?

Адзін з праектаў, які нам давялося пабачыць на ўласныя вочы – калектыўная кухня, абвесткі пра якую мы бачылі па ўсім раёне. У той вечар рабяты гатавалі паэльлю. Але яны пачакалі, пакуль мы вернемся, каб пакласьці нам гарачага рысу з гароднінай (бо памяталі, што мы не ямо мяса і рыбы), і толькі потым дадалі для ўсіх морапрадукты. Прыкладна ў той самы момант у дзьверы ўляцеў натоўп узмыленых потных целаў – гэта астатняя частка Новага Сьвету скончыла гуляць у футбол. Паўхвіліны – і пра паэльлю засталіся толькі ўспаміны. 

Дарэчы, на калектыўнай кухні няма фіксаваных коштаў (акрамя як на напоі): ахвяруй столькі, колькі дазваляюць бюджэт і сьвядомасьць. Збольшага калектыўнай зьяўляецца і лядоўня, там можна браць усё, акрамя таго, што падпісана. І, натуральна, ніхто не пакрыўдзіцца, калі ты туды таксама што-небудзь пакладзеш.

Да таго ж, рабяты выпускаюць сваю газэту і штогод ладзяць фэстываль напрыканцы верасьню, дзе суседзі маюць магчымасьць сустрэцца адно з адным, даведацца пра гісторыю свайго раёна і абмеркаваць ягоную будучыню, наведаць розныя мерапрыемствы, паесьці яблыкі і проста добра пабавіць час.

За раён!
Як твае суседзі адрэагуюць, скажам, на прапанову прыйсьці на лекцыю пра гісторыю раёну ці паесьці ў калектыўнай кухні? Ты ніколі не даведаешся, пакуль не паспрабуеш. Факт: на сьвяце, якое ў траўні зладзілі рабяты з аднаго з польскіх сквотаў для мясцовых дзяцей, быў поўны аншляг. І раённыя бабці, і цёткі, і самі малыя былі ў захапленьні ад гіганцкіх бурбалак, пачастункаў, тэатральных пастановак і музычнага шоў.

У народу з Новага Сьвету намеры таксама сур'ёзныя: “Мы хочам быць прыкладам для іншых раёнаў Таліну!” Для гэтага яны ўжо прыцягнулі на сваю тэрыторыю спэцыялістаў па архітэктуры, гарадзкім планаваньні і транспарце, дызайнэраў, навукоўцаў, журналістаў і г.д. Больш за тое, яны ўжо шукаюць кантакты ў колах раённых энтузіястаў зь іншых гарадоў, краін і кантынэнтаў. Пацаны і дзяўчонкі з Серабранкі, Жукоўкі, Уручча, Дзевятоўкі, Фолюша... а вам слабо?

Так выглядаў дом а 7-ай раніцы, калі мы казалі яму "да пабачэньня".  Хлопчык-эльф заснуў на кухні і ня выключыў сьвятло.

PS. У Новым Сьвце мы былі 9 месяцаў таму, калі рабяты толькі нядаўна набылі будынак. Падобна на тое, што цяпер рэмонт нарэшце скончыўся – там ужо дзейнічае нават хостэл.

Новы Сьвет на Google maps 

Сайт Новага Сьвету

--------
* Першапачаткова іхні маршрут пралягаў і праз Беларусь, але нейкі наш добры суайчыньнік ласкава папярэдзіў іх, маўляў, варта вам увайсьці ў сінявокую, як вас адразу заб'юць ці ў лепшым выпадку пасадзяць у турму.

Каментары

Аўтар: Pheo (госьць)
Дата: пан, 08/17/2009 - 17:55

Мы тоже как-то вписывались в каком-то французском сквоте... Бррр, дом с привидениями, блин!

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

  • Адрэсы вэб-старонак і e-mail адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.
  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

Таксама чытайце