Вы яшчэ не зрабілі ніводнай мапы? Тады мы ідзем да вас! Гэта ня клюб юных географаў – усё нашмат страшней і весялей.
1. Аб’ектыўных і нэўтральных мапаў не бывае
З таго моманту, як у дзяцінстве нам у рукі патрапіла першая мапа, мы былі цалкам упэўненыя ў яе непахіснай слушнасьці. Але ў той самы час мы стваралі ўласныя мапы – плян двара са схаванымі “скарбамі” ці цэлы сусьвет з уяўнымі матэрыкамі, акіянамі і каралеўствамі. У чым тут адрозьненьне? І ў першым, і ў другім выпадку мы маем справу з мапамі, якія выкарыстоўваюцца ў адпаведнасьці са сваімі, няхай і рознымі, прызначэньнямі. Можа, пытаньне ў тым, што афіцыйныя мапы зьяўляюцца адзіна слушнымі і, адпаведна, сапраўднымі? Але на самой справе любая мапа – суб’ектыўная. На афіцыйных мапах мы бачым сьвет так, як хоча нам яго паказаць хтосьці, хто сядзіць вышэй. Паглядзіце на сярэднявечную мапу сьвету – у цэнтры яе знаходзіцца Іерусалім (=царква). Адчыніце першую старонку maps.google.com – і вы найперш убачыце ЗША.
Контркартографы сьцьвярджаюць, што мапы знаходзяцца ўнутры пэўных палітычных адносінаў, і таму проста ня могуць быць нэўтральнымі. І калі гэта так, то чаму б не пачаць ствараць свае ўласныя мапы? Тым больш, што для гэтага табе...
2. Не абавязкова быць спэцыялістам/ткай
Больш за тое, няважна, ці была ў цябе ў школе 10-ка па геаграфіі. З разьвіцьцём кампутарных тэхналёгій адзінае, што табе патрэбна – гэта жаданьне. Ну і бабло на GPS абсталяваньне, калі захочаш:)
Самы просты і лёгкі спосаб – усім вядомыя GoogleMaps. Для тых, хто хоча ствараць сапраўды свабодныя мапы на падставе свабодных дадзеных, але маральна не гатовы да адмысловых праграмаў кшталту Mapnik, ёсьць нішто такі варыянт: сайт, дзе ў якасьці базы для новай мапы варта выбраць OpenStreetMap. А тут можна прачытаць, што ня так з Google і якія перавагі мае OpenStreetMap.
Хаця і маляваньне ад рукі, і стварэньне 3D мадэляў з пап'е-машэ etc яшчэ ніхто не адмяняў. Выбар сродкаў залежыць выключна ад мэтаў!
Контркартраграфія ляжыць на скрыжаваньні геаграфіі, мастацтва і актывізму – то бок занятак знойдзецца для ўсіх. Да таго ж, контрмапы могуць палягаць ня столькі на геаграфічным падмурку, колькі ставіць сваёй мэтай візуалізацыю сацыяльных адносінаў. Напрыклад, працы парыскага калектыву Bureau d’Etudes, які імкнецца стварыць аўтаномныя веды: пра ўладныя структуры, СМІ, царкву і сувязі паміж імі, сыстэмы сачэньня і кантролю, а таксама рухі супраціву па ўсім сьвеце.
мапа Media Skills ад Bureau d’Etudes
…І, канешне, не абавязкова быць спэцыялістамі, каб ствараць мапы для сваіх патрэбаў – субкультурных, экалягічных, раённых, кулінарных і г.д.
YellowArrow

Мапа гісторыі андэграўнда Вашынгтона, складаецца з флэш-мапы, а таксама відэа падскасту і pdf-мапы.
OpenGreenMap: “Think global, map local/social”

Фрагмэнт зялёнай мапы Балтымору – частка вялізнага праекту.
“Харэ размаўляць, трэба дзейнічаць!”

Нямецкая антыфашыстоўская мапа – заклік да дзеяньняў. На ёй пазначаныя нацысцкія крамы, бары, кампаніі, жыльлёвыя праекты etc.
Сёньня ўсё больш распаўсюджаным становіцца так званае грамадзкае ці супольнае картаграфаваньне (check-check: community mapping, collaborative mapping). Гэта зьвязана з тым, што
3. На падставе мапаў лягчэй стварыць калектыўны праект
Па-першае, мапа мае пэўную сыстэму знакаў – легенду, якую могуць выкарыстоўваць розныя людзі, а таксама дадаваць у яе новыя элементы. У тэкставай форме адрозьненьні паміж рознымі кантрыбутарамі будуць непараўнальна больш відавочнымі. Па-другое, мапы заўсёды ня скончаныя і ўяўляюць сабой хутчэй працэс, здольны да пастаянных мадыфікацыяў, а не канчатковы вынік. Іх можна чытаць у якім заўгодна парадку, знаходзіць новыя сувязі і адносіны, нават не перагортваючы для гэтага старонку. Па-трэцяе, мапа абсалютна не іерархічная, асобныя элемэнты яе могуць быць зьвязаныя паміж сабой, а могуць і ня быць.
Контрмапы робяць бачнымі маргіналізаваныя групы, і, галоўнае, пры іхнім асабістым удзеле.
Напрыклад, сёньня вельмі папулярным зьяўляецца картаграфаваньне абарыгенамі іх тэрыторыяў. А сяляне з Малайзіі замапавалі больш за 1,5 га, што, між іншым, дапамагло ім вырашыць некаторыя зямельныя канфлікты. І ўсё таму, на мапах сувязі паміж аб’ектамі і зьвявамі становяцца больш заўважнымі.
Адзін з самых вядомых прыкладаў супольнага картаграфаваньня – праект Canal*ACCESIBLE


што паказвае Барсэлёну з пункту гледжаньня людзей, якія маюць цяжкасьці ў перасоўваньні. 40 інвалідаў-калясачнікаў рабілі фатаздымкі перашкодаў на сваіх шляху, а таксама пазначалі гэтыя месцы на мапе. Дарэчы, у 2006 годзе гэты праект атрымаў узнагароду Ars Electronica's Digital Communities.
KontraKontrolA

Польскі калектыўны мапавы праект, на які наносяцца камэры сачэньня. “Мы сыходзім з таго, што кожны жыхар мае права ведаць, калі і дзе за ім назіраюць людзі, якія лічаць сябе ўпаўнаважанымі да кантролю іншых”. Ужо існуюць мапы Варшавы, Вроцлава, Гожува Велькапольскага, Ольштына і Кракава. Да таго ж, на сайце можна знайсьці спасылкі на артыкулы і відэа, прысьвечаныя праблеме выкарыстаньня сыстэмаў сачэньня.
GarbageScout

Нехта выкінуў карысную рэч? Вы гэта ўбачылі, але вам самім яно ня трэба? Тады хутчэй закіньце на Flickr фотку з тэгам ‘garbagescout’, суправадзіцеся апісаньнем і ўказаньнямі, як гэтую каштоўнасьць знайсьці, і яна аўтаматычна зьявіцца на мапе праекту.
4. Адчуць сябе прадаўжальнікамі справы сытуацыяністаў і летрыстаў, якія ў 50-60-х дасьледавалі горад з мэтай выяўленьня ягоных рэвалюцыйных магчымасьцяў, пісалі пра гэта ў часопіс “Патлач” і, канешне, займаліся псыхагеаграфіяй. Яны шпацыравалі па горадзе, кіруючыся пахамі, гукамі і яшчэ фіг ведае чым, а на падставе гэтага стваралі мапы (“mental mapping”). Сядай на электрычку да Жодзіна, захапі з сабой мапу Парыжу… і адшукай сябе!
Ці, калі скаватаньні па маі 68-ага ня грэюць душу, можна зьвярнуцца да постмадэрністаў, якія, дарэчы, і зрабілі кардынальнае пераасэнсаваньне картаграфіі і прасторы. Яны шмат пісалі пра тое, што ў эпоху позьняга капіталізму і сецявога грамадзтва прастора ня можа быць замапаваная пры дапамозе традыцыйных геаграфічных сродкаў. І таму, казалі яны, неаобходна стварыць картаграфію, якая б стала ня толькі інструмэнтам, але і зброяй. Зрэшты, самі яны мала верылі ў верагоднасьць гэтага. Адказам на іхні скептыцызм сталі шматлікія працы сучасных контракартографаў.
5. Яны задаюць нязручныя пытаньні
Дзе разьмяшчаюцца атрутныя выкіды? Чаму і адкуль ідуць плыні міграцыі? Якія хваробы ёсьць у тваім раёне?
“Зямля не памірае, яе забіваюць, і ў тых, хто гэта робіць, ёсьць імёны і адрэсы” – кажуць аўтары мапы “War on Terror”, на якой адлюстроўваецца месцазнаходжаньне вытворцаў зброі, кампаніяў, якія фінансуюць вайну, дзяржаўных устаноў і зьвязаных зь імі мэдыя.

1-ае выданьне мапы (з 3-х)
Зь іншага боку - картаграфаваньне вельмі асабістых рэчаў і адчуваньняў – то бок усяго таго, што звычайна лічацца неістотным, недарэчным ці складаным для мэйнстрымавай картаграфіі, і таму застаецца незамапаваным.

адна з мапаў Чыкага, што ўваходзіць мультыгарадзкі праект “Notes for a Peoples Atlas”
І, нарэшце, мапы ня толькі апісваюць тэрыторыю, але і ствараюць яе. Няхай гэта і гучыць даволі ўтапічна. Да таго ж, зьмены ў сьвядомасьці – штуршок да зьменаў у рэальнасьці.
***
Вось толькі некалькі спасылак, зь якіх можна пачаць падарожжа ў бурлівы акіян контркартаграфіі:
http://www.an-atlas.com - Атлас радкальнай геаграфіі
http://makingmaps.net - Making Maps: DIY Cartography (“рэсурсы і ідэі для стварэньня мапаў)
http://www.countercartographies.org - 3Cs: Counter-Cartographies Collective
40 ключавых артыкулаў, які мусіць прачытаць кожны контр-картограф
Пагартайце за кубачкам кавы часопіс радыкальнай геаграфіі
Check-check: Дэлёз & Гватары, “Капіталізм і шызаналіз”, частка першая, “Рызома”
***
Наступным разам чытаце: агляд бясплатных і альтэрнатыўных мапаў гарадоў у розных частках сьвету.
Каментары
Аўтар: Мыш (госьць)
Дата: суб, 10/31/2009 - 19:04
Заўжды думала, што ненавіжу мапы, а пачытаўшы гэты артыкул зразумела, што мне, напэўна, трапляліся "ня тыя" мапы :) Таму веееельмі чакаю працягу тэмы! Дзяк!
Аўтар: nonono (госьць)
Дата: пан, 11/02/2009 - 14:21
можа, Вам трапляліся краплёныя карты?
Аўтар: Tobi (госьць)
Дата: пят, 11/06/2009 - 04:52
Ну нифига себе вы матерьяльчик забабахали!
Аўтар: Мыш (госьць)
Дата: суб, 11/21/2009 - 20:53
А вось яшчэ адну цікавую мапу для Бельгіі, ззробленую by locals нарыла: http://www.use-it.be/