Тусіць на вуліцы яшчэ холадна, сядзець у цёплай хаце – дастала. Мы падрыхтавалі агляд самых нечаканых музеяў Менска, каб вы заўсёды маглі закасіць пад адукаванага і культурна падкаванага чалавека сталіцы.
Дзе, як не ў Беларусі, з’явіцца музею гісторыі і культуры габрэяў? Яшчэ з 18 стагоддзя яны складалі ледзь не палову насельніцтва Усходняй Беларусі. А ў 20-30-х ідзіш быў дзяржаўнай мовай Беларусі разам з беларускай, рускай і польскай. І калі атрымлівалі нейкую даведку, то штамп стаяў адразу на чатырох мовах.
Сёння ад былога бляску – толькі кампус габрэйскай суполкі на Харужай, 28, а ў ім – музей.
Але нават калі вы ўсім сэрцам жадаеце даведацца як мага болей пра культуру і гісторыю габрэяў , яшчэ не факт, што вы здолееце прабрацца ў іх музей. Непрыкметны будынак на вуліцы В.Харужай, акружаны агароджай з камерамі назірання. Пры ўваходзе трэба націснуць на кнопачку, сказаць ахове кодавую фразу: “У музей, да Інны Паўлаўны”, прайсці праз металашукальнік і праслухаць кароткае павучанне аб тым, як знайсці сам музей.
Пасля таго, як ахова вас адпусціць, праходзіце праз унутраны двор габрэйскай суполкі, знаходзіце яшчэ адзін будынак, і ўжо там, пад лесвіцай – святая святых – музей гісторыі і культуры габрэяў Беларусі.
І яго нязменны дырэктар – Інна Паўлаўна Герасімава.
Першая зала музея (у якую вы, калі пашанцуе, зазірнеце адным вокам) можа падацца крыху непрызентабельнай. Але гэта – працоўнае месца. І менавіта тут схаваныя унікальныя дакументы, якіх не пабачыш больш нідзе. Музей гісторыі і культуры габрэяў – адзіны ў Беларусі, і таму ўсе арыгінальныя дакументы і рэчы захоўваюцца тут, іх нікому не патрэбна аддаваць. Таму калі бачыце тут дакумент, то самы што ні на ёсць сапраўдны, а не якую-небудзь копію.
Музей быў створаны яшчэ ў 2002 годзе. Тады ж, калі ў менскіх габрэяў з’явіўся кампус для свёй суполкі. Немалая частка з 10.000 экспанатаў была сабрана самой Іннай Паўлаўнай – гісторык па адукацыі, яна шмат кантактавала з рознымі людзьмі, а яны ўвесь час прагнулі аддаць ёй што-небудзь са сваіх непатрэбных, але гістарычна каштоўных рэчаў. Музей быў створаны за 2 месяцы і абсалютна без фінансавых выдаткаў – толькі на персанальных кантактах і энтузіязме.
Амаль што пра кожны экспанат Інна Паўлаўна мае што расказаць. Напрыклад, найбольш вядомы жыхар музея – скрутак Торы з мястэчка Дукора. Больш за 200 гадоў ён выкарыстоўваўся габрэйскай суполкай, пакуль не прыйшла вайна. Пасля расстрэлу дукорскіх габрэяў скрутак трапіў да аднаго з сялян. А той, як чалавек дамавіты, выкарыстаў паперку з карысцю – заслаў адзінай у сваім родзе гістарычнай каштоўнасцю гарышча. Яго дзеці распавялі гісторыю працаўнікам музею, скрутак не адзін тыдзень выкалупвалі з-пад саломы, але цяпер ён стаіць пад шклом, і глядзяць на яго шматлікія экскурсіі.
А яшчэ – сапраўдныя рэчы з менскага гета. Паліто, якое маці шыла ў гета сваёй дачцы са старой коўдры, дзеннік Лялі Брут (ён быў выдадзены некалькі год таму, кожны з вас мог бачыць яго ў кнігарнях, а ў музеі – самы арыгінальны арыгінал).
.jpg)
Ці драўляныя надмагільныя помнікі. Такія характэрны толькі для Беларусі. Звычайна ў свеце выкарыстоўваліся каменныя, але беларускія разбяры так крута выразалі надпісы, што мясцовыя габрэі не грэбавалі і драўлянымі помнікамі.
Свежыя навіны – на мінулым тыдні Інна Паўлаўна знайшла першага беларускага твіпла. У 1939-1965 гадах жыхар вёскі Цімкавічы кожны дзень запісваў свае дзеянні, кшталту: “9 сакавіка. Выгналі ў поле кароў” ці “1 верасня. Касілі траву”. Дакумент яшчэ на паспеў дабрацца да музею, але гэта адбудзецца ў самым хуткім часе.
Пакуль што ў музей ходзяць і экскурсіі, і індывідуальныя індывіды. Але Інна Паўлаўна разумее, што агароджа з камерамі і металашукальнікі пужаюць наведвальнікаў. Таму ў планах – зрабіць музей дзяржаўным, выбіць пад яго памяшканне дзе-небудзь у горадзе і фінансаванне. Тады будзе дзе развярнуцца.
А пакуль што ў музеі праводзяцца семінары для настаўнікаў, выдаюцца кнігі ўспамінаў і збіраюцца экспанаты – з верай у светлую будучыню і памяшканне, як мінімум такое ж, як у музея Вялікай Айчыннай. Ну а вы, калі надумаеце паглядзець на скрутак Торы, рэчы габрэяў 19 стагоддзя ці арыгіналы цікавых дакументаў, можаце заходзіць у музей у аўторак, сераду ці чацвер з 12.00 да 17.00.
Каментары
Аўтар: Мыш (госьць)
Дата: сер, 03/10/2010 - 13:04
Пачакаю дзённік першага твіпла і абавязкова рвану ў музей.
Аўтар: Tobias (госьць)
Дата: аўт, 05/18/2010 - 20:02
Hi there, I dont know if I am writing in a proper board but I have got a problem with activation, link i receive in email is not working... http://34mag.net/?98999b80b5a3e5eb25f673157ce,
Аўтар: nonono
Дата: сер, 03/10/2010 - 15:11
Классно было бы размещать его твиты из прошлого - "в реальном времени" в твиттере, только с опозданием в 60 лет. Например 9 сакавика появляется твит из прошлого: "9 сакавика 1939. Касили траву".
опять же, музею промо.
Аўтар: Anonymous (госьць)
Дата: сер, 03/10/2010 - 22:56
цікава, будзем ведаць пра гэты музэй.. але два пытаньні!
1) непрЫзентабельнай - гэта ад слова "прыз"?
2) кампус - гэта што? :)
Аўтар: Wolla (госьць)
Дата: чцв, 03/11/2010 - 00:17
кампус - гэта будынак, у якім змешчаны ўсе пакоі суполкі. Так яго называюць самі габрэі, і так напісана на памятнай дошцы ўнутры.
Аўтар: nonono
Дата: чцв, 03/11/2010 - 17:10
Так, ад слова bingo!
Аўтар: Ида Грезь (госьць)
Дата: чцв, 05/13/2010 - 13:28
как жеж умиляют листки А4 с надписью "Музей" и часами работы! еще можно написать на них "ВЭЛКАМ"